Бітва на сломінскіх палях 1205 года




Першая пісьмовая згадка пра Слонім.
Частка 2.Бітва на сломінскіх палях 1205 года
Пачатак жыцця чалавека аказвае рашаючы ўплыў на яго далейшы лёс. Тое ж самае і ў гісторыі нашага горада. Калі ён бярэ свой пачатак? У 1250 годзе Слонім ужо быў развітым цэнтрам Чорнай Русі, за які вялі вайну Галіцка-Валынскае і Вялікае княства Літоўскае. Аднак яшчэ на пачатку 13 стагоддзя на тэрыторыі Слонімшчыны адбылася бітва, якая, магчыма, падкажа нам, ці існаваў Слонім ужо ў тыя далёкія часы. Аб гэтым і пойдзе наш аповед.
Слонім. Від з Ружанскіх могілак. Пачатак ХХ ст.

Галіцка-Валынскае княства і яго стваральнік
Пасля пачатку феадальнай раздробленасці на землях былой Кіеўскай Русі ў 12 стагоддзі ўзнікае вялікая колькасць княстваў, якія перажывалі ўсплёск эканамічнага развіцця. Але ідэя адзінай вялікай дзяржавы са стольным градам Кіевам падпітвалася існаваўшымі дынастыямі, у асяродку якіх час ад часу з’яўляліся таленавітыя дзеячы. Напрыканцы 12 стагоддзя Кіеў канчаткова страціў сваё эканамічнае значэнне і заставаўся толькі сімвалам міфічнага адзінства. У гэты час на поўдні Русі з’яўляецца Галіцка-Валынскае княства, створанае энергічным князем Раманам Мсціслававічам. Ён мяняе вектар традыцыйнай палітыкі Русі з поўдня на захад. У 1205 годзе Раман арганізоўвае паход на тэрыторыю Польшчы, дзе 19 чэрвеня гіне ў бітве пад Завіхвостам, а на яго ўладанні нападаюць прыгнечаныя суседзі. Сярод іх былі і літвінскія плямёны, апісанне нападу якіх змясціў у сваёй хроніцы Мацей Стрыйкоўскі.
Паход літвінаў 1205 года
А Літва са Жмуддзю, калі ў лясах сядзелі,
Хутка аб рускім паражэнні даведаліся.
У свае доўгія трубы гудуць ўжо, весяляцца,
Бачаць, што палякі моц рускую пераламілі.
Зівібунда з Монтвілам у гетманы выбралі,
У справах якіх дзейнасць з ваенным  парадкам ведалі.
Так выйшлі яны з густых лясоў, не хацелі марна ляжаць,
Вырашылі па здабычу на Русь забегчы.
А калі праз Вілію з войскам пераправіліся,
Жмудзінаў і ятвягаў да сябе далучылі.
У шырыню і ў даўжыню Навагрудскія воласці пабурылі,
Мардавалі і білі рускі народ без лютасці.
Потым Луцк і Уладзімір вакол абпалілі,
Рускія цэрквы і манастыры пабілі.
А да Мозыра проста пусцілі загоны.
Пінскія друзы бурылі княства без абароны.
Ажно галічане, бачачы гвалт княства (srogi),
Сабраўшыся, заселі літве цесныя дарогі.
Дзе маглі тыя здабычу цягнуць, лясы парубілі,
Хацелі, каб паганцы ад здрады загінулі.
А Літва прыстрашаная ў іншае месца накіравалася,
А вязняў і набыткі з вялікай здабычаю гнала.
Чулі, што Вольгавічы спешна іх наганялі,
А дзе маглі паганцаў грамілі.
Нягледзячы на невялікую колькасць геаграфічных назваў, дадзены кавалак – вельмі змястоўнае апісанне руху Літвы падчас пахода. Літвінскія плямёны пераправіліся праз Вілію, дзе да іх далучыліся жмудзь і ятвягі, якія пражывалі ў сярэднім цячэнні Нёмана. Затым накіраваліся на Навагрудскія воласці і папалілі тыя. Адтуль рушылі на сталіцу Галіцка-Валынскага княства Уладзімір, ваколіцы якога таксама спустошылі, як і суседні Луцк. Затым з вялікай здабычай рушылі ў адваротным накірунку. Іх праследавалі сабраныя галіцкія атрады, якія вымусілі рабаўнікоў змяніць маршрут руху, тым больш іх наганялі таксама войскі суседняга Чарнігаўскага княства, узначальваемыя князямі з дынастыі Вольгавічаў. Які найбольш кароткі шлях у такой сітуацыі? Зразумела, што прамы. Але здабыча замаруджвала перамяшчэнне і літвінскія атрады былі дагнаныя на тэрыторыі Слонімшчыны, дзе і адбылася бітва:
Бітва з літвінамі
А калі ў Сломінскіх палях Літва косам стала,
Хутка з галічанамі Русь на іх вырвалася,
З паганым гурмам бітву вялікую закацілі,
А літвіны да іх таксама смела скочылі.
Русь з шаблямі і з лукаў, а Літва (włóczniami),
Біліся, крычалі, гучалі рознымі галасамі,
“Mus, azumusz thos Gudos” са Жмуддзю крычала Літва:
Так доўга з абодвух бакоў роўнай трымалася бітва.
Аж самі галіцкія князі бачаць гвалт
І сорам перамогі ад паганскай рукі.
Прывялі два свежыя атрады на Літву з тылу,
Ударылі ў іх аж свет пакрыўся аблокамі ад пылу.
Толькі Літва з галавы зажатая і з заду,
І ад рускіх стрэл, уласна як жыта ад граду,
Збівацца, піхацца пачала, а Русь па іх бегла,
Гонячы, секла, трупаў іх поўнае поле ляжыць.
Друзы ўплаў праз рэкі перабраліся, друзы на стаянкі
Уцяклі, друзы ў лясы, у свае звыклыя лезбішчы.
Так галічане адбілі ўсе палоны,
Хоць таксама не адзін рускі атрад быў там разбіты.
Інфармацыя, закладзеная ў дадзеным тэксце, магла быць вядомая толькі сведку, што знайшло адлюстраванне і ў творы Стрыйкоўскага. Нагнаныя на адкрытай мясцовасці літвіны развярнулі баявы парадак - дугападобную лінію ў форме касы, які наскокам конніцы разбіць не ўдалося. Завязалася доўгая бітва, перамогу ў якой галічане атрымалі ў выніку ўдара з тылу двума сваімі атрадамі.
Пасля такіх доўгіх уводзін у кантэкст падзей пачатку 13 стагоддзя пераходзім да адказу на пытанне, якое нас цікавіць: ці магчыма ахарактарызаваць дадзены кавалак тэксту як упамінанне Слоніма пад 1205 годам? На думку аўтара, так. Таму што:
1.                  Існуе гістарычная традыцыя называць часткі тэрыторый, якія належаць да кіравання пэўнай тэрытарыяльна-адміністрацыйнай адзінкі па назвах такіх аб’ектаў. Асаблівае значэнне гэта мае для ваенных дзеянняў і бітваў, якія нясуць у сабе адзнаку бліжэйшага (адносна вялікага) населенага пункта, нягледзячы на тое, што адлегласць да іх можа складаць нават некалькі дзесяткаў кіламетраў (напрыклад, бітва пад Оршай 1514 года).
2.                  Стрыйкоўскі як кампілятар, перапісваючы тэкст з першакрыніцы, перанёс яго ў сваю хроніку ў тым выглядзе, у якім ён яе ўбачыў. Адсюль і “сломінскія палі”, нягледзячы на тое, што ён, як падарожнік і гісторык, павінен быў ведаць горад Слонім і як пішацца яго назва. Значыць, гэта не выдумка Стрыйкоўскага, які мог па пазнейшаму бліжэйшаму пункту назваць гэтую мясцовасць (як паказана ў мінулым артыкуле “сломінскія палі”= слонімскія палі).
3.                  Тэкст, акрамя назвы “сломінскія палі” змяшчае назву “навагрудскія воласці”. Стрыйкоўскі не піша пра Навагрудак таму, што літвіны папалілі толькі яго воласці, а не сам горад, як напрыклад, Уладзімір і Луцк. Але спаленыя воласці былі навагрудскімі. Тое ж самае у адносінах палёў, на якіх адбылася рашальная бітва – яны былі слонімскімі. Літвіны з нарабаваным багаццем не дайшлі да Слоніма, але рухаліся па яго палях, якія таму ў першакрыніцы і называюцца “сломінскімі”. Гэта не значыць, што горада не было, а як раз наадварот, горад быў, і таму палі, якія яму належалі назвалі па яго імю.
4.                  Археалагічныя раскопкі, якія сведчаць, што ўжо ў другой палове 12 стагоддзя Слонім з’яўляўся багатым і добраўпарадкаваным горадам з шырокімі маставымі, добрымі дамамі з бярвення, высокай матэрыяльнай культурай, значнымі знешнімі сувязямі. Але з-за таго, што шматлікія войны знішчылі вялікую колькасць старажытных крыніц, якія б маглі гэта пацвердзіць, вартым увагі становяцца працы гісторыкаў, што мелі магчымасць з імі папрацаваць. Адным з такіх асоб з’яўляецца М.Стрыйкоўскі.
1205 год можа стаць яшчэ адной важкай датай у гісторыі нашай Бацькаўшчыны, Слонімшчыны, цэнтр якой, Слонім, як паселішча гарадскога тыпу з высокай матэрыяльнай культурай існаваў ужо у 11 стагоддзі. Але ці быў гэта той Слонім, спадчынай якога мы павінны ганарыцца сёння? Гэты адказ залежыць ад кожнага з нас, таму што нават 15 гадоў – гэта цэлае пакаленне. Няўжо мы так проста растанемся са сваім гістарычным (не міфічным) багаццем, што гісторыю горада гатовыя пачынаць з часу, на які ён ужо даўно быў Слонімам.

Першая пісьмовая згадка пра Слонім


У наступным годзе Слонім будзе адзначаць 760-годдзе з моманту першага вядомага летапіснага ўпамінання яго назвы. Аднак на самай справе гэтую гадавіну гаражане павінны былі святкаваць яшчэ ў мінулым годзе: урывак з Іпацьеўскага летапіса пра паход галіцкіх князёў на Слонім, Ваўкавыск, Здзітаў і Навагрудак, які раней адносілі да 1252 г. насамрэч датуецца 1249/1250 гг.
Як тлумачыцца такая недакладнасць? І чаму ў даваенны час гісторыю Слоніма пачыналі аж з 1040 года?
Недакладнасць і страчаныя гады
Лічыцца, што ўпершыню назва Слоніма была запісана на паперы ў Іпацьеўскім летапісе, гісторыка-літаратурным творы з апісаннем падзей па гадах, які сам складаецца з трох твораў – класічнай “Аповесці мінулых часоў”, Кіеўскага і Галіцка-Валынскага летапісаў.  Урывак “Данил же и Василько, брат его, разгадав со сыном, брата си посла на Волковыеск, а сына на Услоним, а сам иде ко Здитову: и поимаша грады многы и взвратишася в домы, дзе ідзе гаворка пра паход на Слонім і іншыя прынёманскія гарады ў сярэдзіне 13 стагоддзя адносіцца да Галіцка-Валынскага летапісу, які першапачаткова не меў падзела на гады. Пазнейшая ж разбіўка па гадах атрымалася недакладнай: даты некаторых падзей у летапісе храналагічна разыходзяцца на 2-3 і нават 5 гадоў. На дадзеную акалічнасць упершыню звярнуў увагу ўкраінскі гісторык Міхайла Грушэўскі, які і выправіў памылкі. Але тая яго праца да нядаўняга часу не была вядома беларускім навукоўцам. Аб гэтым, напрыклад, пісаў вядомы даследчык летапісаў,  ураджэнец вёскі Рабкі Дзятлаўскага раёна, Чамярыцкі Вячаслаў Антонавіч. Такім чынам, калі браць за пачатак адліку гісторыі нашага горада ўрывак з Іпацьеўскага летапіса, то выходзіць, што Слоніму ўжо ідзе 761-ы год.
1040-ы год?
У даваенны час, спасылаючыся на польскага храніста Яна Длугаша (1415-1480), гісторыю Слоніма пачыналі з 1040 года. Менавіта гэтая дата фігуруе ў працах археолага І.І. Стаброўскага і М.Мілакоўскага, аўтара кнігі “Апісанне горада Слоніма” (1891). У лютым 1937 года ў газеце “Слонімскі тыднёвік” у артыкуле “Карта з мінуўшчыны Слоніма” было напісана, што “Першыя кароткія ўпамінанні аб Слоніме адносяцца да 1040 г. (Хроніка Длугаша)”. Насамрэч, Длугаш  пад гэтым годам, акрамя падзей з польскай гісторыі і пахода кіеўскага князя Яраслава Мудрага на Канстанцінопаль нічога не згадвае, што б магло быць аднесена да гісторыі нашага края. Тым больш храніст нічога не паведамляе пра наш горад, на што звярнуў увагу яшчэ слонімскі гісторык В.Р. Супрун. Адкуль тады паўстала гэтая дата?
На гэта нам дае адказ Б.Александровіч, які ў сваёй кнізе “З мінуўшчыны Слоніма і Слонімскай зямлі” (1933) спасылаецца на польскіх гісторыкаў 19-га стагоддзя М.Баліньскага і Т.Ліпіньскага. Зазірнуўшы ў іх шматразова перавыдадзеную “Старажытную Польшчу” знаходзім наступны ўрывак пра гісторыю Слоніма: “Невядомы яго пачатак, які цягнецца з даволі далёкіх стагоддзяў. Длугаш, так як і рускія і літоўскія летапісцы адзначае, што ўжо ў 1040 годзе, а таксама ў 1044 Яраслаў Вялікі, князь рускі, сын Уладзіміра, сустрэўся на слонімскіх палях з літвінамі і так важка іх перамог, што потым, захапіўшы адпаведна Літву да Нёмана, вымусіў яе да падпарадкавання на нейкі час”. Аб гэтых паходах у Длугаша нічога няма,  але пра іх ёсць запіс у “Аповесці мінулых часоў”, дзе, аднак, не маецца ўпамінання пра “слонімскія палі”.
Хутчэй за ўсё, 1040 год у гісторыі Слоніма паўстаў у выніку спробы М.Баліньскага і Т.Ліпіньскага, ці гісторыкаў, працы якіх яны выкарыстоўвалі, лакалізаваць накірунак паходаў Яраслава Мудрага, таму што паўднёвая мяжа летапіснай Літвы праходзіла па землях Слонімшчыны і, падавалася, менавіта праз іх павінен быў рухацца кіеўскі князь. Імя польскага храніста было выкарыстана таму, што у такога аўтара павінна быць “усё”. З-за немагчымасці праверыць гэтую дату па крыніцах, гісторыкамі ў даваенны час 1040-ы год лічыўся пачаткам храналогіі Слоніма. Здавалася б, усё зразумела: 1040-ы ў гісторыі горада – вынік вольнай інтэрпрэтацыі фактаў, а “слонімскія палі” – выдумка польскіх гісторыкаў. Калі ў адносінах даты на сённяшні дзень не ўзнікае сумненняў, то пра “слонімскія палі” такога сказаць нельга – месца, якое, магчыма, з’яўляецца першай геаграфічнай фіксацыяй Слонімшчыны згадваецца  ў хроніцы Мацея Стрыйкоўскага (1547 - каля 1590), першай друкаванай гісторыі дзяржавы нашых продкаў, Вялікага княства Літоўскага, Рускага і Жамойцкага. Ці так гэта?

Мацей Стрыйкоўскі
“Слонімскія палі”
У 1582 годзе пабачыла свет “Хроніка польская, літоўская, жамойцкая і ўсёй Русі”, у якой маецца шэраг згадак і пра Слонімшчыну. У пазамінулым стагоддзі яе аўтара лічылі містыфікатарам. Аднак, быццам спадчына Гамера, яго твор з вершаванымі ўстаўкамі сёння атрымоўвае другое жыццё, дзякуючы адкрыццю страчаных да 19-га стагоддзя беларуска-літоўскіх летапісаў, якія, у сваю чаргу, былі добра вядомыя Стрыйкоўскаму. Гэты твор носіць кампіляцыйны характар - аўтар рабіў выпісы з летапісаў і хронік, некаторыя з якіх да сённяшняга часу невядомыя. У ім маецца апісанне бітвы войск Галіцка-Валынскага і Чарнігаўскага княстваў супраць літоўскіх дружын у 1205 годзе на “сломінскіх палях”, у якіх пазней убачылі “слонімскія палі”. Ці правамернае такое дапушчэнне?
Каб адказаць на гэтае пытанне, трэба ведаць, што папярэднічала той бітве. У 1205 годзе галіцка-валынскі князь Раман вёў вайну на тэрыторыі Польшчы і ў адной з бітваў загінуў. Гэтым вырашылі скарыстацца суседзі, у тым ліку і літвіны, якія пераправіліся праз Вілію і дайшлі да Уладзіміра і Луцка, ваколіцы якіх папалілі. Пасля таго, як было сабрана шмат багацця, літва рушыла ў адваротным накірунку, у свой край. У гэты час на дапамогу галічанам выступілі чарнігаўскія князі, якія разлічвалі атрымаць уладанні ў Галіцка-Валынскім княстве. На пачатку 13 стагоддзя Чарнігаўскае княства дасягнула свайго росквіту і яго тэрыторыя даходзіла амаль да Нёмана і вытока Шчары, уключала такія гарады, як Клечаск (Клецк), Капыль і Случаск (Слуцк). Улічваючы геаргафічныя назвы, якія ўпамінаюцца ў апісанні можна зрабіць выснову, што бітва, якая нас цікавіць адбылася на Слонімшчыне, тым больш, што ў часы Стрыйкоўскага Слонімскі павет ахопліваў тэрыторыю ад упадзення Моўчадзі ў Нёман  на поўначы да Ясельды на поўдні. Такім чынам, мы бачым як “сломінскія палі” пераўтвараюцца ў “слонімскія”. Але, ці дае нам гэта права ахарактарызаваць дадзены кавалак тэксту як упамінанне Слоніма пад 1205 годам, няхай і ускоснае?