БУДАЎНІЦТВА АГІНСКАГА КАНАЛА



Беларусь – гэта Вялікая Мара, якая пачынаецца не з нейкай незразумелай абстрактнай ідэі, а з роднай хаты.

З’яўленне ідэі

У 1767 годзе малады каморнік па прозвішчу Вальтэр вымяраў Тэлеханы і ваколічныя вёскі, уладанні Міхаіла Казіміра Агінскага. Падчас выканання гэтай працы ў яго ўзнікла ідэя, што паміж рэкамі Ясельдаю і Шчараю, праз балоты, можа быць пракладзены водны шлях. З гэтаю думкаю Вальтэр звярнуўся да варшаўскага камісара Тадэвуша Нарбута (1740-?), бацькі Аляксандры Нарбутоўны, якая ў 1788 годзе стала акадэмікам Берлінскай акадэміі, на той час ён кіраваў пінскімі ўладаннямі Агінскага і быў падстолем лідскага павету. Т.Нарбут і падначалены яму пісарчук Мацей Бутрымовіч, будучы дзядуля вядомага мастака Напалеона Орды, зрабілі праект магчымага воднага шляха і даслалі яго ў Варшаву да Агінскага, які даў згоду на ажыццяўленне гэтай ідэі. Так быў пакладзены пачатак каналу, аднаго з фактараў змены выгляду Палесся, частка якога на той час уваходзіла ў склад Слонімскага павета.
Агінскі водны шлях

Фундатар, які захапляўся ідэямі і сабою

Працоўная сіла і грошы паступалі з уладанняў Міхаіла Казіміра Агінскага (1728-1800), чалавека свайго часу, веку Асветы і салонаў, раскошы і Французскай рэвалюцыі. Яго жыццё было быццам увасабленнем гэтага перыяду, з яго веліччу і падзеннем. Рана страціў бацьку, выхоўваўся разам з шасцю сёстрамі, што адклала адбітак на яго ўвагу да знешняга выгляду. А хуткі кар’ерны рост пад наглядам магутных апекуноў Чартарыйскіх прывабліваў да яго лісліўцаў, якія спакушалі лічыць сябе важным чалавекам цэлай эпохі. Шмат падарожнічаў па Еўропе, дзе праславіўся сваёю гульнёю на скрыпцы. Гэта згуляла не апошнюю ролю ў заключэнні ў 1761 годзе шлюбу з дачкою яго апекуна, князя-канцлера Чартарыйскага, Аляксандрай, аўдавелай на той час трэцяй жонкай падканцлера Міхаіла Антона Сапегі, ад якой Агінскі атрымаў Слонімскую эканомію і стаў яе старастаю.

Галоўнае – прыгажосць?

Праект воднага шляху, які павінен быў злучыць Шчару з Ясельдай, а праз іх – Нёман з Прыпяццю і тым самым адкрываў бы дарогу ад мора да мора, зацікавіў Агінскага не з пункту гледжання эканамічнага, а з эстэтычнага боку. Карыстаючыся такой магчымасцю, ён вырашыў фінансаваць таксама будаўніцтва некалькіх сваіх рэзідэнцый, сярод іх – у Тэлеханах, дзе над каналам  павінна была з’явіцца вялікая арка, каб пад ёю праплывалі караблі з шчогламі. А над яго берагамі мусілі раскінуцца чатыры сады, якія б сімвалічна адлюстроўвалі зямлю, ваду, паветра і агонь.
З мэтаю рэалізацыі праекта была створана спецыяльная дырэкцыя. Яна распачала працу з пазначэння лініі будучага канала на мясцовасці, асушэння гэтай тэрыторыі і  пракладвання двух трактаў (Пінск-Слонім і Пінск-Валынь).
У пачатку 1768 года М.К. Агінскі стаў вялікім гетманам ВКЛ, што паўплывала на з’яўленне ў тым жа годзе канстытуцыі, у якой замест працоўнай першапачатковай назвы канала (тэлеханскі) з’явіліся “вялікі пінскі канал” і “Агінскі порт”. Згодна з ёю, са складу пінскай эканоміі, якой Агінскі кіраваў з 1746 года, яму на вечнае карыстанне перадаваліся мястэчка Лагішын і вёска Мышкаўцы, што дазваляла будучаму каналу праходзіць па спадчынных уладаннях гетмана. А пасля завяршэння будаўніцтва канала, падчас сплаву можна было браць мыта ў памеры 8 злотых “з вясла альбо спіцы”, аднак, з умоваю падтрымання камунікацый у належным стане, прыдатным для суднаходства.
У Слоніме ў гэты час ажыццяўляліся працы па асушэнню багністых глебаў паабапал Шчары і выпростванню яе рукава ў межах горада. Пазней гэты кавалак ракі атрымаў назву Малы Агінскі канал, першапачатковая мэта якога яскрава падкрэслівалася ў наяўнасці на ім “плаваючага тэатра”, спраектаванага гетманам для летніх пастаноў, у якім у 1771 годзе былі паказаны некалькі опер і камедый.

Уплыў вайны

Тэмпы будаўніцтва канала замарудзіліся пасля ўдзелу Агінскага ў вайне з Расіяй, у часе якой ён у верасні 1771 года спачатку перамог ворага пад Бездзежам, недалёка ад Драгічына, але ўжо праз некалькі тыдняў быў сам пераможаны Суворавым у бітве пад Сталовічамі побач з Баранавічамі. Для выратавання ўласнага жыцця Агінскаму прыйшлося эміграваць за мяжу, а пасля першага падзелу Рэчы Паспалітай у 1772 годзе ён страціў вялікую колькасць сваіх маёнткаў ва Усходняй Беларусі, адкуль на працы па пракладванню канала штогод прыходзіла па сто парабкаў.
Клопат па далейшай пракладцы воднага шляха часова ўзяла на сябе дзяржава. “Для карысці краю” і ў сувязі з чакаемым завяршэннем яго будаўніцтва Скарбавая камісія Вялікага княства вырашыла сканцэтраваць увагу на рамантаванні дарог, мастоў і ачышчэнні рэк для павелічэння магчымасцяў сплаву, перш за ўсё – рэчышча Нёмана. Гэтае заданне даручылі Францішку Нарвойшу (1742-1819), вядомаму ў свой час матэматыку і езуіту, пад кіраўніцтвам якога на працягу трох гадоў (1775-1778) ачышчалі Нёман ад розных перашкодаў і вялікіх камянёў, пасля чаго суднаходства на ім было палегчана і адначасова павялічылася значэнне будучага канала.

Лёсавызначальнае рашэнне

Пакуль Агінскі знаходзіўся за мяжой, яго маёнткі былі разрабаваныя рускімі войскамі, а каналу не ўдзялялася належнай фінансавай падтрымкі. Недахоп грошаў прымусіў гетмана ў 1774 годзе прыняць рашэнне, якое паўплывала не толькі на яго асабісты лёс, але стала важным чыннікам для развіцця будучага канала, і перш за ўсё, аднаго з яго партоў – Слоніма. У гэты год Агінскі вымушаны быў прадаць свой падваршаўскі маёнтак Небораў, на які ўскладаў столькі спадзяванняў і марыў пераўтварыць яго ў галоўную рэзідэнцыю. Месцам свайго сталага жыхарства ў 1775 годзе, пасля амністыі, гетман абраў Слонім, які пераўтвараецца ў магутны эканамічны і, перш за ўсё, культурны асяродак – “Палескія Афіны”.
Выгляд Малога Агінскага канала
Так і не стаўшы каралём Рэчы Паспалітай, Агінскі зрабіўся сапраўдным гаспадаром на Слонімшчыне, асабліва пасля таго, як дамогся пазбаўлення горадам у 1776 годзе магдэбурскага права на самакіраванне. Вялікая ўлада і рэсурсы сканцэнтраваліся ў яго руках (працоўную сілу для праектаў гетмана вымушаны былі дастаўляць нават іншыя памешчыкі края). Будаўніцтва новага канала тады праводзілася ў асноўным жыхарамі Слонімскага павета пад наглядам сястры гетмана, Ганарыты, якая, па дадзеных мастацтвазнаўцы Анджэя Ціханавецкага, у 1737 годзе стала дамініканскай манашкай у Львове, але пасля закрыцця манастыра пасялілася ва ўладаннях брата. Яна вельмі жорстка ставілася да працаўнікоў з ліку слонімскіх сялян і за сваю працу атрымала маёнтак пад Целяханамі, названы ў яе гонар – Ганарацін, дзе ў 1784 годзе за грошы гетмана быў збудаваны невялікі палац, якім яна так і не паспела нацешыцца, памёршы ў сярэдзіне сакавіка наступнага года.

Памочнік

Вялікі ўнёсак у арганізацыю і кіраўніцтва будаўніцтвам канала зрабіў Мацей Бутрымовіч (1745-1814), які пазней успамінаў, што быў “сведкам яго пачатку на паперы і першым выканаўцаю таго ж на зямлі”. Заўважаны і падтрымліваемы Агінскім таленавіты малады чалавек звязаў сваё жыццё з Пінскам, побач з якім размяшчаліся маёнткі яго жонкі. Кар’ерны рост на грамадзянскай глебе ён пачынаў канюшым, затым быў пінскім мечнікам, далей гарадскім суддзёю, каб у рэшце ў 1785 годзе стаць пінскім падстарастаю (другім чалавекам у гэтым старостве пасля Агінскага, фактычна ж - першым). Шмат зрабіў не толькі для канала паміж Ясельдаю і Шчараю, але і для з’яўлення яго брата – Мухавецкага (Днепра-Бугскага), распачатага ў 1775-м, годзе, калі па яшчэ няскончанаму Агінскаму ўжо пачалі сплаўляць лес. Сімвалічным пацвярджэннем выхаду будаўніцтва абодвух каналаў на завяршальны этап стала падарожжа Бутрымовіча з палешукамі на дзесяці караблях з Піны, затым Бугам і далей па Вісле праз Варшаву да Гданьска вясною 1784 года і наведванне каралём Станіславам Аўгустам Палесся і Слонімшчыны ў тым жа годзе, дзе ён змог на ўласныя вочы пабачыць новы твар края і тое, як змяніліся ў сувязі з гэтым Пінск, Тэлеханы і Слонім, у які ён прыехаў 13 верасня.
Яшчэ амаль два гады адбываліся невялікія працы, аднак ужо ў гэты час па 54-кіламетровым канале з дзесяццю шлюзамі не толькі сплаўлялі лес і плавалі плыты, але і караблі, такія яе баркі альбо берліны. Слонім пераўтвараўся з горада-тэатра ў горад-порт, праз які праходзілі вялікія капіталы і значэнне якога павялічвалася адпаведна росту аб’ёмаў гандлю.
Шлюз у Тэлеханах
На сейме 1786 года Агінскі паведаміў, што перадае завершаны канал Бацькаўшчыне. Выдаткі на рэалізацыю праекта былі каласальныя – 12 мільёнаў злотых (у той жа час маёмасць гетмана ацэнавалася ў 14 мільёнаў злотых). Гэта ў сукупнасці з раскошаю жыцця гетмана, кепскім кіраваннем маёнткамі, абкраданнем яго падначаленымі і зменаю палітычнай сітуацыі вакол Рэчы Паспалітай, завершанай паглынаннем Беларусі Расіяй прывяло да продажу Агінскім сваёй маёмасці пляменніку – Міхаілу Клеафасу.
У памяць пра яго і ў гонар мясцовых сялян, многія з якіх страцілі тут не толькі здароўе, але і жыццё, застаўся нашчадкам канал, сімвал зніклай Рэчы Паспалітай, як напамін аб тым, што гісторыя захоўвае імёны адзінак, але яе творцы – гэта тысячы і тысячы самых звычайных людзей.