Першая спроба ўсталявання Савецкай улады ў Слоніме. 1919 год


“Берагчы людзей, бачна, зможам тады, калі сацыялізм пабудуем”
Астороўскі М.А., “Як закалялася сталь”

Савецкая ментальнасць беларуса не хоча змірыцца з новымі веяннямі часу, часу эканамічнага крызіса і разбурэннем веры ў сацыяльную кампаненту дзяржавы. Выжыванне ў новых умовах стаіць не толькі перад дзяржаваю, але і перад простым чалавекам. Перад гісторыкамі ж стаіць праблема знайсці той элемент, які замаруджвае ход наперад. Але гэта ўскладняецца нашай абыякавасцю да мінулага, на якое мы глядзім толькі як на “чорнае” або “белае”, што патрабуе па-новаму паглядзець на старыя праблемы.
Адна з іх – гэта ўсталяванне Савецкай улады ў Заходняй Беларусі. Слонім – адзіны горад Гродзенскай вобласці, дзе такіх спробаў было чатыры, першая з якіх зацягнулася на паўтары месяцы, а апошняя – на 47 гадоў. Але факт застаецца фактам, як з боку прыхільнікаў тых часоў, так і іх праціўнікаў, зараз мы жывем у новай гістарычнай сітуацыі. А праблемы застаюцца тыя ж.

Шлях да першага ўзняцця чырвонага сцяга над Слонімам пачаўся са з’яўлення першай гарадской падпольнай камуністычнай ячэйкі ў лістападзе 1918 года, якая існавала дзякуючы энтузіязму і надзеі на светлае будучае. Яна складалася з 5 чалавек: рабочы-сталяр Юлі Ізнайдзін-Герман, які быў адным са стваральнікаў партызанскага атрада, а пасля выгнання немцаў – членам павятовай надзвычайнай камісіі, кравец-падпольшчык Ю. Карліцкі, які ў 1920 годзе загінуў на фронце ў баях супраць войск Дзянікіна, Я. Куніца, К. Куніца-Альберцінскі і Кунда.
Ю. Ізнайдзін-Герман
Пашырэнню яе дзейнасці садзейнічаў той факт, што 13 лістапада 1918 года савецкі ўрад у сувязі з Германскай рэвалюцыяй і Камп’енскім пагадненнем ануліраваў Брэсцкі мір. Нямецкае камандаванне, баючыся канчатковага развала арміі, 16 лістапада выдала загад аб эвакуацыі з тэрыторыі былой Расійскай імперыі. Услед за імі ішла савецкая Заходняя армія, якая вымушала немцаў эвакуіравацца ў больш сціслы тэрмін, каб не даць магчымасць вывезці нарабаваную маёмасць.
6 снежня 1918 года ў адным з закінутых дамоў на ўскраіне Слоніма, у памяшканні былой казармы, быў праведзены сход рабочых, якія спачувалі бальшавікам. На з’ездзе былі прыняты ў партыю 35 чалавек. Партыйны камітэт устанавіў сувязь з ячэйкамі Ружан, Дзятлава, а затым звязаўся з Мінскам, заняўся скліканнем з’езда Саветаў, які пачаў сваю працу 9 снежня і праходзіў па адрасе вуліца В.Крайняга, № 18. На з’ездзе прысутнічала 36 дэлегатаў: 27 чалавек былі выбраны ад сельскай мясцовасці, чатыры дэлегаты – ад горада і пяць чалавек прадстаўлялі ініцыятыўную групу па скліканню з’езда.

Слонім, вул. В.Крайняга, № 18.
Адкрыццё з’езда адбывалася легальна, што Я.Куніца тлумачыў наступным чынам: “Партыйнай арганізацыі ўдалося падмануць нямецкія ўлады – атрымаць дазвол на скліканне нарады прадстаўнікоў горада і вёскі нібы для рашэння зямельных і іншых гаспадарчых спраў”. У гэты дзень адбыліся толькі ўрачыстыя мерапрыемствы, а сам з’езд пачаў працу на наступны дзень – 10 снежня.
З’езд паставіў задачы, якія было немагчыма вырашыць ва ўмовах нямецкай акупацыі - аб арганізацыі ўлады на месцах, раздзеле і выкарыстанні памешчыцкіх зямель. Быў выбраны выканаўчы камітэт у складзе дзевяці чалавек, з якіх шэсць былі бальшавікамі.
У сувязі з набліжэннем войск Чырвонай Арміі да ўсходніх абласцей Беларусі партыйная арганізацыя і выканкамам заняліся стварэннем Ваенна-Рэвалюцыйнага камітэта, які павінен быў арганізаваць ахову павета ад адступаючай нямецкай арміі. З гэтай мэтай у Слонім на нелегальную работу былі накіраваны ўраджэнцы горада: па заданню Я.М. Свярдлова І. Волах, які ў 1917 годзе вярнуўся з дзесяцігадовай ссылкі, член Усерасійскага Цэнтральнага Выканаўчага Камітэта, і Д. Штэйн, рабочы-кравец, актыўны ўдзельнік рэвалюцый 1905 і 1917 гадоў. Старшынёй ВРК быў абраны І. Волах.
ВРК заняўся нарыхтоўкай зброі, для чаго сродкі былі дастаўлены з Мінска, прыступіў да стварэння баявога атрада. За вельмі кароткі тэрмін тры пункты па захаванню зброі былі запоўнены вінтоўкамі, гранатамі, тэлефоннымі апаратамі. У дзесяцідзённы тэрмін быў арганізаваны баявы атрад, у які, па словах Я. Куніцы, увайшло больш 100 поўнасцю ўзброеных чалавек.
У сувязі з набліжэннем Чырвонай Арміі да Багданавіч баявы атрад быў пераведзены ў поўную баявую гатоўнасць. Нямецкія войскі, што знаходзіліся ў Слоніме, на пачатку 1919 года паспешна пачалі рыхтавацца да адступлення. У ноч з 13 на 14 студзеня яны пачалі пакідаць Слонім.
Перад баявым атрадам, узначальваемым ВРК, паўстала задача не дапусціць узрыву немцамі чыгуначных мастоў праз Шчару. Я.Куніца стаў сведкам яе выканання: “Было вядома, што немцы ўзарвуць масты пасля таго, як пройдзе апошні эшалон. Атрад трымаў сувязь з таварышамі, якія знаходзіліся на чыгуначнай станцыі. Як толькі са станцыі было атрымана паведамленне, што адтуль рушыў апошні эшалон, увесь атрад ушчыльную падышоў да чыгуначнага палатна і адкрыў ураганны агонь па рухаючамуся насустрач паравозу з саставам. Немцы не чакалі гэтага і былі засцігнуты знянацку. Яны ў паніцы пачалі адстрэльвацца з кулямётаў. Цяпер ім некалі было займацца ўзрывам мастоў, бо абстаноўка патрабавала хутчэй праскочыць праз ураганны агонь, які вёў атрад. Чыгуначныя масты засталіся цэлымі”.
Ранкам 14 студзеня ў Слонім увайшлі першыя чырвонаармейскія часці Гродзенскага палка. Над горадам узвіўся савецкі сцяг. У гонар вызвалення горада ад нямецкіх акупантаў днём адбылася вялікая дэманстрацыя.
Маніфестацыя, 14.01.1919 г.
З дапамогай войск Чырвонай Арміі ў горадзе і павеце з’явіліся органы савецкай улады:  надзвычайная камісія, якую ўзначаліў Д.Штэйн і міліцыя на чале з Ткачовым, які прыбыў з Мінска. Старшынёю Ваенна-Рэвалюцыйнага камітэта стаў Куніца-Альберцінскі, а сакратаром павятовага камітэта партыі – Я.Куніца. Для пацвярджэння легітымнасці новай улады ў горадзе ў сярэдзіне лютага 1919 года быў скліканы Другі павятовы з’езд Саветаў, у якім, па звестках Я.Куніцы, прынялі ўдзел больш 150 дэлегатаў з усяго павета.
Куніца Я.З.
Задачаю савецкіх органаў улады ў павеце было забеспячэнне харчаваннем войск Чырвонай Арміі, што цяжарам лягло на вёску. Але пасля сарака месяцаў нямецкай акупацыі зрабіць гэта было немагчыма. Не выратоўвалі сітуацыю і некалькі абозаў, якія былі дастаўлены для арміі з Ружан і Дзятлава. Дадзеная сітуацыя вяла да пашырэння эпідэмій. Перад уладай стаяла праблема голаду, але яе вырашэнне адкладвалася. Галоўным прыярытэтам лічылася “сусветная рэвалюцыя”.
У такіх абставінах да Слоніма падыходзілі польскія войскі, значную дапамогу якім аказвалі краіны Антанты. Гісторык М.С. Сташкевіч зазначае, што ў першай палове 1919 года Польшча толькі ад ЗША атрымала на 60 млн дол зброі і на 51,6 млн дол харчавання. Гэта дало магчымасць давесці колькасць польскай арміі да 545 тысяч чалавек, што і прадвырашыла яе поспехі ў 1919 годзе. Ужо да лютага 1919 года палякі толькі ў Беларусі мелі каля 80 тысяч чалавек, што было больш, чым дастаткова для захопу яе Заходняй часткі, адкуль найбольш баяздольныя савецкія падраздзяленні былі перакінуты на іншыя накірункі, дзе становішча Саветаў было найбольш цяжкім.
У раёне Слоніма пачаліся сутычкі з наступаючымі палякамі, якія 13 лютага авалодалі Зэльвай. У Слонімскім гісторыка-краязнаўчым музеі захоўваецца план гэтых баёў, складзены генерал-лейтэнантам інжынерных войск Я. Леашэняю 2 верасня 1968 года. На падставе яго можна сказаць, што авалоданне палякамі Слонімам з’яўлялася перадумовай захопу Баранавіч, важнейшага чыгуначнага вузла ў Заходняй Беларусі, і дазваляла не дапусціць канцэнтрацыі савецкіх войск па лініі Ліда-Баранавічы-Лунінец. На Слонім наступала Літоўска-Беларуская дывізія генерала Вацлава Івашкевіча-Рудашанскага. З поўначы і поўдня яе падтрымліваў атрад Дамброўскага. У Слоніме супрацьстаяць ім мог толькі чацвёрты Варшаўскі чырвонаармейскі полк. У такіх абставінах слонімскія бальшавікі стварылі атрад з 25 чалавек пад кіраўніцтвам Кунды.
Баі за Слонім. 19.02-1.03.1919 г.
28 лютага падраздзяленні генерала Івашкевіча атакавалі савецкія часткі па рацэ Шчара і ў ноч з 1 на 2 сакавіка 1919 года акружылі Слонім. Бальшавік Я.Куніца ўспамінаў: “Рашылі прарвацца праз кальцо акружэння ў напрамку да Баранавіч. Атрад рушыў да шасэйнага маста – адзінага месца, дзе была яшчэ надзея на пераправу. Да гэтага часу ўздоўж шасэ ў паўвярсты ад лесу размясціўся чацвёрты Варшаўскі полк. На ўзлеску стаяў атрад варожай артылерыі. Загарадзіўшы дарогу, коннікі чакалі, калі полк рушыць на прарыў, маючы мэту знішчыць яго… З правага фланга Варшаўскі полк і атрад комуністаў сталі абыходзіць пяхотныя часці. Камандаванне  Варшаўскага палка, разгубіўшыся, адмовілася даць распараджэнне чырвонаармейцам ісці ўперад на прарыў. Тады ў бой пайшоў атрад камуністаў… па зусім адкрытым месцы па лёдзе Шчары рушылі кідком да ўзлеску. З крыкам “ура”, прабегшы паўвярсты, прабраўся да ўзлеску. Кавалерысты не чакалі такога контрудара, адступілі ўглыб сасновага бору. Начальнік павятовай міліцыі т. Ткачоў, будучы параненым, не выйшаў са строю, а, наадварот, сваёй стойкасцю натхняў наступаючых. Атрад камуністаў вырваўся на шасэ Слонім-Баранавічы. Пайшоў уперад і чацвёрты Варшаўскі полк, пакінуўшы за сабою ззаду заслону для адходу выйшаўшых з акружэння людзей. Камандзір атрада камуністаў т. Кунда за мужнасць і гераізм у барацьбе з белапалякамі быў затым узнагароджан ордэнам баявога Чырвонага Сцягу”.
Так закончылася першая спроба ўсталявання савецкай улады ў Слоніме. А наперадзе былі галодныя вясна і лета 1919 года і спробы наладзіць новае жыццё ва ўмовах новай, ужо польскай, улады.

Слонім – значны цэнтр воднага турызму

Багаццем нашай Бацькаўшчыны з’яўляецца рака Шчара, да якой прытулілася Слонімшчына. Павольны бег водаў, чароўныя берагі і маляўнічасць прыроды абапал яе цалкам адпавядаюць складу нашага ўнутранага зместу. Жыхары краю - невялікія жвавенькія раўчукі, што спяшаць насустрач Рацэ-Жыццю.
Шчара ўражвае сваім спакоем і ўзрушвае цеплынёю зеляніны, у якіх тонуць яе берагі летам. У 1932 г. з нашаю ракою пазнаёміўся краязнавец Валяр’ян Харкевіч. Займаючыся вяслярствам, ён звярнуў увагу на магчымасці Шчары для развіцця гэтага віда спорта ў артыкуле “Слонім – значны цэнтр воднага турызму” (Ziemia, 1934, №1-2), які можа даць магчымасць сённяшнім жыхарам Слонімшчыны ўявіць карціну выкарыстання ракі ў якасці месца для адпачынку амаль 80 гадоў таму. Тэкст не пазбаўлены стэрэатыпнага “крэсовага” погляду на наш край, але галоўнае ў ім – атмасфера і факты. Цікавага прачытання!


Нязменна кожны турыст і аматар прыроды даволі нядобразычліва глядзіць на спартсмена. Спорт, развіццё фізічнай прыгажосці даволі аднабаковым спосабам і імкненне да ўстанаўлення ўсё новых і новых, яшчэ больш ўражваючых рэкордаў, сучасны “амерыканізаваны” спорт заўсёды будзе выклікаць сур'ёзную засцярогу з боку людзей, якія сваю эфектыўнасць мераюць не часам, а глыбінёю і інтэнсіўнасцю ўражанняў і вопытам.
Прыхільнік краю - народа і прыроды - перш за ўсё спрабуе як мага бліжэй падысці да даследуемага прадмета, але глядзіць на яго не “вачыма і праз шкло мудраца”, а з адкрытым сэрцам і душой, якая прагне сумленных, шчырых ўражанняў.
І таму такі аматар мае цалкам смутныя прадстаўленні пра турыстаў-рэкардсменаў, што ўзбіраюцца на вяршыню гары з секундамерам у руцэ, ці пра весляра, які ўсё ўвагу накіроўвае на руху вёслаў, а не на прыгажосці ракі або яе чароўных берагоў.

Існуе толькі адзін від спорту, які, верагодна, не адчуе на сабе “амерыканскага” выраджэння і які патрабуе не толькі значнай фізічнай формы, але, перш за ўсё, шчырай любові да прыроды -  гэта вяслярства, такое сёння папулярнае. Вясляр – жадае таго або не - павінен узаемадзейнічаць з прыродай, павінен стаць амаль першабытным чалавекам, дэманструючы сваю культуру толькі ва ўменні пошуку багатых уражанняў.


Вяслярства развіваецца значнымі тэмпамі, і штораз захоплівае ўсё больш і больш простых грамадзян, якія ратуюцца ад удушлівай атмасферы гарадоў на воднай прасторы.
Валодаючы выдатнай сеткаю рэк і вылікай групай азёр, мы маем дасканалыя ўмовы для развіцця вяслярства, а што за тым ідзе – і да фізічнага і духоўнага абнаўлення, а з часам - і адраджэння пры ўмове непасрэднага кантакта з прыродай.
Якія формы прыме ў будучыні вяслярства і якія ўсталююцца маршруты руху на байдарках, сёння цяжка дакладна прадказаць, але мне здаецца, няма сумневаў, што Слоніму наканавана стаць вельмі значным цэнтрам гэтага руху.
Размешчаны на вялікім, на жаль недзеючым водным шляху, злучаючым два мора, з'яўлячыся цэнтральным пунктам у воднай сетцы паўночных тэрыторый Польшчы, Слонім ўжо іграе вялікую ролю, як адзін з найважнейшых этапаў вяслярскага руху.
Не будзе перабольшваннем, калі сказаць, што кожны, хто хоча ўбачыць самыя ідэальныя ўмовы для вяслярства, павінен пазнаёміцца са Слонімам і яго каналам Агінскага і ціхім, шырокім рэчышчам Шчары, хто жадае пабачыць усю прыгажосць польскай прыроды і пазнаць яе ў сінтэтычным выглядзе, няхай здзейсніць падарожжа на байдарцы ад Пінска да Аўгустоўскіх азёр.
Вяслярскі рух у самім Слоніме паспяхова развіваецца і знайшоў прымальныя арганізацыйныя формы толькі нядаўна. Вясной 1932 г. была перабудавана і прыстасавана да патрэб весляроў прыстань Марской і каланіяльнай лігі, узнік клуб весляроў пад кіраўніцтвам Аліны Міхальскай, жонкі бурмістра горада і старшыні Марской і каланіяльнай лігі інжынера Казіміра Міхальскага. Нарэшце пабудавалі дзве іншыя прыстані, а менавіта 79-га і 80-га палкоў пяхоты.


На слонімскіх прыстанях знаходзяцца каля 200 байдарак, што не складае нават і паловы той агульнай колькасці, якой валодаюць сланімчане.
Адначасова з развіццём у Слоніме вяслярства горад інтэнсіўна выкарыстоўваецца як адзін з важнейшых пунктаў веслярамі-краязнаўцамі. У 1932 годзе за перыяд з 10.VI да 17.VIII зарэгістраваліся на прыстані Лігі больш 30 экскурсій; колькі ўсяго прайшло, не зарыгістраваўшыся, цяжка падлічыць.
Выдатны ў сваёй разнастайнасці, незвычайнага зачаравання, поўны нязвыклага абаяння шлях ад Піны да Аўгустоўскага канала слушна ўлічваецца амаль усімі турыстамі. Такім чынам, Слонім пачынае, у змененым выглядзе і ў значна меншай ступені, ажыццяўляць ідэю гетмана Агінскага, які прызначаў свайму гораду ролю важнага пункту на вялікім водным шляху.
З цікавых вяслярскіх экскурсій, якія прайшлі праз Слонім, неабходна выдзеліць некалькі паездак са Львова. Сярод іх – абітурыентак гімназіі сясцёр базыльянак (5 дзяўчат і дырэктар гімназіі) і экскурсія сяброў секцыі воднага турызма Габрэйскага кола аматараў краязнаўства. Падарожжа двух сяброў нямецкага Клуба краязнаўцаў ў Катавіцах, быдгашчан - ад Бярозы Картузскай да мора, экскурсія кракаўскай Акадэмічнай спартыўнай асацыяцыі (з Кракава і да Кракава) і шэраг іншых.
Аднак найцікавешай, але і даўжэйшай, таму што ўключае ў сябе 4200 км, з’яўляецца тур двух жыхароў Познані (Х.Матысяк і Е.Сено), якія на байдарках прайшлі амаль усю Польшчу, адправіўшыся з Кракава і заканчваючы Познанню. Вось іх шлях: з Кракава - Віслаю, Санам, Вярэшыцаю, Днестрам, Серэтам, Стырам, Прыпяццю, Струменем, Пінаю, Ясельдаю, каналам Агінскага, Шчараю, Нёманам, Аўгустоўскім каналам, Бебжу, Нарваю, Віслаю (да Варшавы), адтуль Віслаю да Гдыні, зноў па Вісле да Быдгашча, Быдгарскім каналам, Нотэццю, Гоплам, Каналам і Вартаю да Познані.
Гэты маршрут паказвае вялікія магчымасці, якія мае кожны аматар нашага краю, што хацеў бы пазнаёміцца з ім, выкарыстоўваючы водныя шляхі. І адначасова тое самае падарожжа паказвае немагчымасць ажыццяўлення доўгай воднай экскурсіі на паўночна-ўсходніх тэрыторыях Польшчы, абмінуўшы Слонім.
Роля Слоніма, як вельмі важнага цэнтра ваднага турызма, як вельмі цікавага для краязнаўцаў пункта, праступае вельмі выразна.
Таму можна спадзявацца, што ўсе аматары краязнаўства і воднага турызма звярнуць вялікую ўвагу на Слонім. Тым больш, што ў 1933 г. Слонім будзе адзначаць дзве знамянальныя для яго гадавіны, якія сведчаць пра яго развіццё і значэнне: 300-годдзе з дня смерці вялікага канцлера і слонімскага старасты Льва Сапегі, а таксама 150-годдзе з дня адкрыцця канала Агінскага.
Валяр’ян Харкевіч, 1934

Горад кляштараў


Жыццё ва ўмовах паскоранага бегу часу вымушае нас забывацца пра прыгажосць роднага краю. Але калісьці маляўнічасць Слонімшчыны натхняла людзей на вялікія справы. Нездарма выпадковыя падарожныя да канца жыцця не маглі забыцца на яе краявіды. Адным з такіх мінакоў у свой час быў польскі краязнавец Вільгельм Хеннеберг, які ў часопісе “Зямля” (Ziemia, 1925, №10-12) надрукаваў артыкул пра горад Слонім.
У яго нататках не знайшлося месца “беларускаму”, усё нашае было падменена “крэсавым” і “польскім”. Таму ў запісах Хеннеберга Слонім выступае як “польскі” горад. Але ў такога кшталту запісах галоўным з’яўляюцца апісанні, эмацыйная афарбаванасць, уражанні аб помніках архітэктуры і вулачках, на якія сёння не кожны жыхар Слонімшчыны звяртае ўвагу. Паглядзець на Слонімшчыну вачыма падарожнага – святая справа ў развіцці любові да роднага краю.
Слонімская сінагога (Ч.Есьман)

Калі едзеш шырокім пясчаным трактам з Дзярэчына, былой рэзідэнцыі князёў Сапегаў, або шашою з боку нудных і брудных Баранавіч, скрыжавання некалькіх чыгуначных ліній, ці, нарэшце, з боку старажытнага жыровіцкага кляштару, месца паломніцтва польскіх рыцараў перад паходам на Маскву, заўсёды, праязджаючы праз багатую лясамі і ўзгоркамі сярэдняй ўрадлівасці мясцовасць, натрапіш на старажытны горад Слонім. Калі едзеш з любога з тых бакоў, першымі табе адкрываюцца вяршыні гарадскіх вежаў; затым, калі вы спяшаецеся з Дзярэчына, раптоўна перад вамі з’яўляецца нешта падобнае на вялікія вароты. За маляўнічымі лагоднымі пагоркамі вы ўбачыце горад, які ляжыць на плоскай вяршыні. Каб асіліць гэтыя пагоркі, трэба добра паддаць каню, або неабходны магутны паліўны рухавік.
З радасцю запрашаюць Вас узнёслыя белыя муры высачэзных сабораў, горача вітаюць іржавыя кляштарныя дахі. Погляд засяроджваецца на прыгожым аттыку маляўнічай сінагогі ... Тут і там вялізныя дахі, набор шматлікіх пабудоў, вашу ўвагу прыцягваюць старыя палацавыя будынкі. Сетка дамоў, бліжэй да цэнтру горада заблытаная, далей рой слабейшых, якія ўтвараюць вуліцы і завулкі.
На ўездзе ў Слонім, у чатырох яго кропках, стаяць каплічкі, адна з іх вельмі багатая архітэктурна, хоць і без арнаментаў, пад сваім дахам, размешчаным на чатырох калонах, мае пасаджаную на сцябло, абароненую ад дажджу і сонца, статую святога Дамініка.
Статуя быццам не адпавядае гэтай каплічцы. Халодныя і простыя лініі постаці святога далёка адыходзяць ад набрынялых і моцна адцененых сонцам форм капліцы, вельмі падобныя на капліцу святога Гіяцынта ў Вільні. Прасцей кажучы, на дарозе, вядучай у горад, недалёка ад мастка, перакінутага праз ручай, у атачэнні бяроз, пасаджаных залатымі рукамі, капліца весела вітае мінака са сцёртымі нагамі. З дзвюх застаўшыхся каплічак, адна, пры дарозе на Жыровіцы - пашкоджана да непазнавальнасці, а ад трэццяй засталіся толькі асклепкі...
Вылавіўшы са зграі дамоў і дамешкаў важнейшыя архітэктурныя пункты, мы атрымліваем шэраг цікавых гістарычных будынкаў. Калі б мы змаглі адрадзіць два кляштары з гатычнымі касцёламі, рэшткі аднаго з якіх нават яшчэ захаваліся для вачэй мясцовых жыхароў, а пра другі маем ўяўленне на падставе закінутых за апошнія 30 гадоў скляпенняў, то атрымалі бы карціну польскага памежнага "кляштарнага гарада".
Нізкія берагі... Экспансіўная рака Шчара працякае тут уздоўж спускаючагася на левым яе беразе плато, на якім квітнее горад. Яе правы бераг, праходзячы вялізную раўніну, і па сённяшні дзень уяўляе брудную пашу, сукупнасць балот і водна-балотных ўгоддзяў, абароняючы горад ад навалы з усходу, на славу Божую і пабудаваную Рэч Паспалітую. Нацянутая цеціва Шчары ахоплівае дугу кляштараў, пасярод якіх выступае сінагога.
У баку Жыровіц самотна пазіраюць на вас рэшткі кляштара, касцёл якога ў расійскія часы быў разбураны. Пілястры, карнізы, унутранныя скляпенні і план будынка указваюць на барокавы стыль. Сёння аб ім без даследавання засыпаных фундаментаў сказаць нешта большае нельга.
Другі будынак у поўколе слонімскіх пабудоў - кляштар і касцёл бернардынаў. Гэта выдатнае відовішча: узор архітэктуры польскага барока нашых усходніх тэрыторый. І калі хто-небудзь будзе размаўляць аб польскім стылі ў архітэктуры, то гэты касцёл у першую чаргу павінен быць узяты пад ўвагу. Ён утрымлівае ўсю Польшчу ў яе лепшыя часы.
Гэты касцёл стаіць на невялікім пагорку. Ён як бы вырастае з яго. Магутныя схілы абапіраюцца на чатырохгранную вежу, якая пераходзіць ад трэцяга паверха ў васьмікутнік, утвараючы спецыфічную архітэктуру. Зрошчаны з ёю з правага боку флігель аптычна моцна падтрымлівае магутную вежу. Маленькія, круглыя адтуліны, зробленыя для стральбы, і вузкія вокны, размешчаныя на верхнім паверсе званіцы, падкрэсліваюць яе магутнасць. Вельмі нізкі, азначаны паўаркай, ўваход у вежу, з выдатнай ручной цэглы і тынкоўкі, завершаны прымітыўнымі барокавымі парталамі, якія звязваюць корпус касцёла з узгоркам, ствараючы адзіную кампазіцыю з навакольным асяроддзем. Тры вокны на кожным баку касцёла нагадваюць сваімі прапорцыямі гатычныя, з-пад якіх, амаль непасрэдна, крэсавая архітэктура прыйшла пад панаванне такой дасканала гарманіруючай з польскім нацыянальным характарам свабоды стылю барока.Гэтая святыня, як і ўсе іншыя, што захаваліся ў Слоніме, з'яўляецца нефавай. Далей серыя нефаў ідзе ва ўсходнім накірунку, шырынёю ў шэсць метраў, меншыя, чым неф, які пераходзіць у падаўжэнне прэзбітэрыюма. Дзве капліцы, прыбудаваныя за сродкі навакольных сем'яў некалькі дзесяткаў гадоў пазней, утвараюць з рэшткамі касцёла ў плане крыж. Сціплыя звонку, нягледзячы на барокка, блокі капліц, з прымітыўнымі ліхтарамі ў верхняй частцы, прыгожа выступаюць купалападобным перакрыццем з мяккім перапляценнем галькі. Унізе, справа, стаіць брамка, моцна пашкоджаная ад часу і людзей. Яна стварае, будучы ўваходам у кляштарны сад, тып маленькага барбакану. Дэкор настолькі арыгінальны, што, калі, абапіраючыся на яго, адзін студэнт распрацаваў аналагічныя, прафесарскі склад ў Варшаве палічыў кампазіцыю немагчымай. А гэтым аздабленням амаль 200 гадоў! Касцёл выразна дамінуе над кляштарам і звязаны з ім вузкім, схаваным у сценах, пераходам да вялізнай, скляпеністай рызніцы (сакрысція). Рызніца і скарбніца утвараюць блок, які звязвае касцёл з адкрытай на поўдзень падковай кляштару. Сціплы, аздоблены па швах бакавых муроў знешнімі пілястрамі касцёл з’яўляецца важным будынкам манастыра. Сукупнасць будынкаў купаецца ў багатай зеляніне, якая поіцца шматлікімі вясновымі раўчукамі, ад падножжа ўзгорка ўнутр касцёла ідзе багаты, добра прадуманы хор, ён нагадвае святога Якуба ў Вільні, але драбнейшы ў структуры. Пяць алтароў, два з якіх знаходзяцца ў нефе касцёла, а тры ў алтары, зпраектаваныя адным мастаком, утвараюць суцэльную кампазіцыю ў стылі ракако. Уваход у капліцу, сёння часткова замураваны, але пасля яго адкрыцця капліца сальецца ў адзінае цэлае з касцёлам. Паўднёвая капліца паказвае нам больш складаны ўзор барока. Інтэр'ер асвятляецца з бакоў і дадае вельмі арыгінальныя гатычныя эфекты да дэкаратыўных барокавых сцен.
Далей, ля размешчанай воссю, трохі паглыбленнай, невялікай, прамавугольнай, акружанай жылымі дамкамі плошчы, затрымалася сінагога з моцным барокавым аттыкам. У сваіх дэталях яна вельмі блізкая да кляштара бернардынаў. Яе інтэр'ер пакрыты скляпеннямі, заснаванымі на квадратным плане, і абапіраецца на чатыры слупы, якія змяшчаюць алтар. Тут жа мы знаходзім невялікія адтуліны ў мурах, якія дадаюць манументальнасці будынку.
Перавёўшы погляд на поўнач, мы ўбачым сцены кляштара непакалянак, былога бернардынак. Пашыраны з гэтага бока, выцягнуты амаль на 100 метраў блок касцёла і крыло кляштара, пабудаваныя ў адну лінію, з тоўстай бернардынскай вежай у цэнтры, не саромейцеся здымаць яго вялізныя прысадзістыя дахі і купалы. Кляштар стаіць на плоскасці. Вакол кіпіць жыццё. Па акрузе нясецца звон званоў. Гул дзіцячых галасоў рэхам разносіцца ў двары і ў садзе. Гэта гукі хору дзяўчынак, чутныя нават нягледзячы на зачыненыя вокны, з вялікай скляпеністай залі на першым паверсе, як бы хочуць сказаць пра шляхетны пульс, што б'ецца ў гэтым кляштары. Затым зноў у цішыні пякучага поўдня ў кляштарным двары, скрозь адкрытыя вокны школьнага класа, чуваць лекцыю, якая чытаецца смелым голасам.
На касцёльны дзядзінец уваходзім праз браму-званіцу, багата аздобленую ў стылі барока. Яе тоўстыя сцены, закрытыя на ноч магутнымі дзвярыма, уключаюць убудаваную ў падлогу крутую лесвіцу, якая вядзе на званіцу. Прайшоўшы праз браму, уваходзім на шчуплы падворак, схаваны за зелянінай старых дрэваў. На левым баку ля ўвахода знаходзіцца касцёл з утопленай у замкнутым прамавугольніку кляштара высокай вежай. Дзядзінец утварае выдатны ўнутраны дворык. Тут назіраем паўночную сцяну касцёла з двума характэрнымі нізкімі ўваходамі, адзін непасрэдна ў храм, а другі праз вежу, з вокнамі з плоскай аркай (пануючы элемент у Слоніме), характэрным аздобленнем, уціснутым у профілі тынкоўкі, вельмі моцна пабітай ля долу, з гірляндамі і анёламі, размешчанымі ў карнізах над кожным акенцам, што надае фасаду, разам з рэдкімі, смела выступаючымі пілястрамі, просты выгляд – і гэта не раздроблены вобраз, які нават у заходнім сонцы выглядае сінтэтычна. Рухаемся далей, мінаем вежу, якая, як бачна зблізу, у кароткай перспектыве, выдзяляецца сваімі багатымі формамі. Павольна праходзім шэраг пілястраў, багацейшых з боку апсіды, якія здаюцца толькі эскізам, а апошняя з іх, на ступенях будынка кляштара, мае выступаючую падтрымку для карынфскіх завіткоў. Далей стаіць закрыты з усіх бакоў кляштар. Высокі крыты дах з чарапіцы (суцэльна дамінуючая ў Слоніме), падпёрты барокавым карнізам, абараняе сцены будынка. Няправільныя пілястры, вымураваныя на швах сцен, з'яўляюцца адзіным упрыгожваннем невялікіх акенцаў. Бель вонкавых сцен надае сукупнасці элементаў дзівоснае зачараванне.
Брама пры былым бернардынскім касцёле.
(фат. А. Вітоцкі)

Гэтае пачуццё зачараванасці павялічваецца тады, калі, увайшоўшы праз парлаторый, астановішся ва ўнутраным кляштарным дворыку ля вясёлага скляпеністага калідора. З яснай усмешкай, з выразам твару, сканцэнтраваным на ўсеабдымным пачуцці дабрыні – у белым і блакітным адзенні - спяшаецца манашка. Манаства кляштару перажыло горшыя часы расійскіх ганенняў. Прайшлі часы адмірання ордэна сясцёр бернардынак, які выстаяў у цяжкіх выпрабаваннях, і па-ранейшаму, быццам сонца, ззяе на ўсю ваколіцу. Я закахаўся ў сапраўды незвычайна багатую гістарычную спадчыну, якая жыве і ажыўляе сваёю духоўнасцю гэтыя прыгожыя муры.- У старой прасторнай залі, што месціцца побач з карнізам, вучацца па два-тры класы закладзенай ордэнам навучальнай установы. Муры кляштару завяршаюцца крыжовымі скляпеннямі і маюць таўшчыню не меншую 1,10 м. Адзін з калідораў, усходне-заходні, шырэйшы за іншыя і злучае два галоўныя асяродкі жыцця кляштару; у заходняй яго частцы размешчана вялікая, плошчай у некалькі соцень квадратных метраў, сталовая з адтулінамі (на кухні, са слядамі старой вяндлярні); другі канец вядзе да арыентаванага на ўсход барочнага касцёла. Невялікімі дзвярыма, змешчанымі ў сцяне вежы таўшчынёю ў два метры пераходзім на велізную ложу на другім паверсе вежы. Размешчаныя высокія скляпенні, адкрытыя на ўсю шырыню і вышыню сцяны спадаючымі каскадамі, прасяць іх адрэстаўраваць як узор мясцовага сталярства.
У сумна вядомых дамах, паўсталых у расійскія часы, найгоршыя для нашых крэсаў з пункту гледжання архітэктуры, мы бачым вялікую колькасць шырокіх будынкаў з высокім крытым дахам. Знаходзяцца яны на месцы прыбудовы і крыла існаваўшага да пачатку 19 стагоддзя палацу князёў Агінскіх, пабудаванага ў стылі барока. Зменены ў даўнія часы, або перароблены ў апошнія... грамадзянамі, сваімі прапорцыямі ён выдае просьбу аб дбайнай увазе. Вялікая сукенніца, сёння яшчэ размешчаная ля падножжа кляштара непакалянак, пераробленая да непазнавальнасці з бледнай цэглы, анямелай, калісьці зваленай з больш магутнага даху, крытага чарапіцаю, што падтрымліваўся вялікай колькасцю слупоў. Яшчэ некалькі двароў рэзідэнцый мясцовых родаў у атачэнні старых дрэваў. Усё гэта надае Слоніму характар выбітнага крэсавага горада, а багацце і разнастайнасць будынкаў падкрэслівае яго старую польскую культуру.