СЛОНІМ У ГАДЫ ПЕРШАЙ СУСВЕТНАЙ ВАЙНЫ


“Усё павінна быць утоплена ў агні і крыві, неабходна забіваць мужчын і жанчын, дзяцей і старых… Калі  я прыму пад увагу гуманныя меркаванні, вайна працягнецца некалькі гадоў”.
Вільгельм ІІ, з паслання аўстрыйскаму імператару

ХХ стагоддзе, якое пачыналася з вераю ў надыходзячае светлае будучае пад знакам тэхналагічных дасягненняў Захада, з надзеяю аб хуткіх перамогах сацыяльна-дэмакратычных ідэй, перарасло ў самы крывавы ў гісторыі чалавецтва перыяд яго існавання. 1 жніўня спаўнілася 98 гадоў з дня пачатку канфлікта, якому чалавецтва дало назву “Першая сусветная вайна”.
Так сталася, што ў нашай гісторыі гэтай вайне амаль не знайшлося месца. На яе ценем клаліся Лютаўская і Кастрычніцкая рэвалюцыі, грамадзянская, і, перш за ўсё, Вялікая Айчынная вайна як частка Другой сусветнай. Але манавіта Першая сусветная стварыла тыя супярэчнасці, якія сталіся перадумовамі вайны 1939-1945 гг.
Ведаючы пра абарончыя баі на тэрыторыі Беларусі летам 1941 года, пра акупацыйны нямецкім рэжым, яго ахвяры, пра гераічную аперацыю па вызваленню Беларусі “Баграціён”, звычайна большасць жыхароў нашай краіны ў эфімерных паняццях прадстаўляе развіццё падзей пад час Першай сусветнай вайны, пра падзел Беларусі фронтам па самым яе сэрцы, пра акупацыю Слоніма даўжынёю ў 40 месяцаў. Дадзены артыкул ставіць на мэце паказаць, як падзеі Першай сусветнай вайны сказаліся на Слоніме і яго жыхарах.
Слонім напярэдадні Першай сусветнай вайны
1 жніўня 1914 года (19 ліпеня па старому стылю) з канцылярыі імператара з аб’яўлення кайзерам вайны Расіі пачалася Першая сусветная вайна. 2 жніўня ў Слонімскім павеце было ўведзена ваеннае становішча: забараняліся сходы, выступленні, няўрадавыя мерапрыемствы. Пачалася мабілізацыя.
У сувязі з паражэннем рускіх войск ў Польшчы летам 1915 года вайна дакацілася да тэрыторыі Беларусі. Пачалася прымусовая эвакуацыя насельніцтва ўглыб Расіі. Для жыхароў Слонімшчыны месцамі пражывання былі вызначаны сяло Гуляй-Поле Екацярынаслаўскай губерні, гарады Чугуеў і Славянск Харкаўскай губерні. І.Р. Шпыркова зазначае, што ў Слоніме за кошт казны былі эвакуіраваны толькі дзяржслужачыя і афіцэрскія сем’і 117-га Яраслаўскага і 118-га Шуйскага пяхотных палкоў. Сяляне і гараджане ад’язджалі, спадзяючыся толькі на ўласныя сілы. Слонімскі павет напалову апусцеў. Напрыклад, у пасёлку “Альбярцін” засталося толькі 10 сем’яў.
Разбураны мост у Слоніме
Куніца Я.З., уражэнец Слоніма, удзельнік працоўнага руху, успамінаў: “Адступленне царскай арміі на Заходнім фронце на працягу лета 1915 года суправаджалася бязлітасным спусташэннем усіх тых раёнаў, па якіх армія адступала. Вёскі зжыгаліся, і разам з імі знішчаўся толькі што зняты ўраджай, а сяляне сілком выганяліся з наседжаных месцаў. Тысячы людзей скапіліся на дарогах і цэлымі тыднямі рухаліся на ўсход. Многія, галоўным чынам старыя, дзеці, жанчыны, гінулі ад халеры, чорнай воспы, тыфа. Целы загінуўшых валяліся па дарогах, распаўсюджваючы вакол дзікі смурод. Адступаючая армія змяшалася з гэтай велічэзнай масай грамадзянскіх людзей і падвод, а насцігаючыя нямецкія аэрапланы лёталі над галавамі людзей, няспынна скідывалі бомбы, пакідаючы пасля сябе груды разадраных цел”. Сведка тых падзей вайсковы доктар Л. Вайталоўскі пісаў: “Непахаваныя дзіцячыя трупікі трапляюцца на кожным кроку”.
Разам з людзьмі на ўсход адпраўлялася абсталяванне заводаў і фабрык. Тое, што не маглі вывезці, знішчалі адступаючыя рускія войскі. Толькі ў Альбярціне засталіся некранутымі прамысловыя прадпрыемствы. Але яны былі канфіскаваны немцамі, а абсталяванне было накіравана ў Германію.
Рускія войскі былі не ў стане супрацьстаяць германскай арміі. Цяжкі стан Заходняга фронта апісаў заснавальнік Слонімскага рэгіянальнага музея, сам удзельнік вайны - палкоўнік царскай арміі І.І. Стаброўскі, які камандаваў артылерыйскім дывізіёнам. Так, апавядаючы пра рознага кшталту глупствы кіраўніцтва, ён адзначае, напрыклад, распараджэнне збіраць стрэльбавыя гільзы і здаваць іх у склады па кошце 80 руб за пуд. Следствам гэтага распараджэння стала апантанная страляніна ў  акопах для фабрыкацыі гільз. Ці, напрыклад, пра тое, што ў тылах нейкі дасціпны вынаходнік прыдумаў спосаб выдатна чысціць самагонку, прапускаючы яе праз… супрацьгазавую маску. Справа дайшла да такіх памераў, што прыйшлося пагражаць растрэлам кожнаму, у каго маска апынецца сапсаванай дадзенай аперацыяй. Але і гэта не дапамагло: аднекуль даставалі маскі і па выкарыстанні, выкідвалі, так, што вялікае мноства іх валялася па лясах і дарогах. Аб якой рэальнай супрацьвазе можа ісці размова, калі на кожных 100 рускіх салдат, якія загінулі на поле боя, прыходзілася 300, што здаліся ў палон.
Слонімскае Замосце пасля вераснёўскіх баёў 1915 г.
7 верасня 1915 года (26 жніўня па старым стылі) чатырохдзённыя баі развярнуліся ў Слоніме. Шчара, праз якую адступаючымі рускімі войскамі былі ўзарваны ўсе масты, падзяліла дзве варожыя арміі. Пад час баёў у горадзе ўспыхнуў пажар, у выніку якога было амаль цалкам знішчана Замосце (правабярэжная частка горада). 15 верасня немцы занялі горад і сталі яго гаспадарамі. Так пачалася акупацыя, якая доўжылася амаль 40 месяцаў.
Немцы распрацавалі шырокую сістэму падаткаў і штрафаў. Падатак браўся з плакатаў, забаўных відовішчаў, бальніц, бойняў, рынкаў, за рэзанне скаціны і г.д. Акрамя гэтага, усё насельніцтва ва ўзросце ад 15 да 60 гадоў павінна было плаціць падушны падатак. На пачатку нямецкія часткі вялі сябе даволі дысцыплінавана. Але калі фронт усталяваўся на лініі Браслаў – Паставы – Смаргонь – Баранавічы – Пінск у Слоніме размясціліся ваенныя штабы, палявыя суды, лазарэты, для якіх патрэбны былі прадукты харчавання. Пачаліся рэквізіцыі.
Палац Пуслоўскага ў Альберціне быў заняты пад рэзідэнцыю камандуючага Усходнім фронтам германскай арміі генерала Войерша. У Альберціне размясцілася і 118-я сельскагаспадарчая калонна Усходняга фронта нямецкіх войск, якая займалася нарыхтоўкай прадуктаў і вырубкай лясоў. У сувязі з тым, што вёскі вакол Слоніма апусцелі, нямецкія акупацыйныя ўлады выселілі на працягу 24 гадзін з горада 500 бяднейшых сем’яў у сельскую мясцовасць..
Немцы ў Слоніме. 1915 г.
У Слоніме, як і ў шэрагу іншых прыфрантавых гарадоў, нямецкай разведкай былі адкрыты спецыяльныя кароткачасовыя курсы (школы) для навучання шпіёнаў. Сярод “навучэнцаў” гэтых устаноў былі інжэнеры, фатографы, урачы, фокуснікі, прадаўцы, артысты. Меліся нават спецыяльныя атрады са старых, калек, якія дзейнічалі пад відам жабракоў. І.І. Стаброўскі ў сваёй ненадрукаванай працы “Война 1914”, якая захоўваецца ў Слонімскім гісторыка-краязнаўчым музеі, адзначаў, што ў Слонімскую школу вербаваліся і маладыя, прыгожыя дзяўчыны. Там яны праходзілі пад пэўнымі нумарамі, якія звычайна адзначаліся на падкладцы адзежы. Менавіта па гэтых нумарах руская разведка вызначала шпіёнаў.
У горадзе быў створаны грамадзянскі камітэт на чале з ксяндзом Клямом. Але ўжо ў сярэдзіне 1916 года Слонімам стаў кіраваць ваенны бурмістр.  І толькі ў сярэдзіне 1918 года была арганізавана гарадская ўправа з 10 мясцовых выбарных дэпутатаў.
Паводле перапісу 1916 года ў горадзе засталіся: рускіх – 12 чалавек, палякаў – 200, татар – 100, габрэяў – 11680. Яны зведалі ўсе наступствы акупацыі: прымусовыя мабілізацыі на лесанарыхтоўкі і іншыя працы. Частка слонімскай моладзі была адпраўлена ў Германію. Нязгодныя з новым парадкам гінулі за кратамі канцлагера, які дзейнічаў у Альберціне ў будынку былой шаўковай фабрыкі.
Патрэбы фронта прывялі да таго, што ў 1917 годзе немцы зманціравалі ў горадзе электрастанцыю, якая ажывіла працу некалькіх майстэрняў і млына.
Нямецкія салдаты, што размяшчаліся ў Слоніме наладзілі выпуск палявых паштовак з відамі горада, якія яны накіроўвалі дадому. На работах мясцовых фатографаў Б. Вайнштайна і Г. Браўна, а таксама знятых самімі нямецкімі салдатамі можна пабачыць слонімскія вулачкі як даваенных часоў (сённяшнія Першамайская, Пушкіна, Кірава, Ружанская, Камуністычная, Я. Купалы, Хлюпіна), так і вынікі вераснёўскіх баёў 1915 года, ці пажар 22 мая 1918 (другі за гады вайны) і яго наступствы. Гэтыя паштоўкі ў свой час можна было набыць у слонімскай кнігарні Рыппа. Зараз яны захоўваюцца ў Слонімскім раённым краязнаўчым музеі.
У выніку Лістападаўскай рэвалюцыі 1918 года Германія капітулявала перад краінамі Антанты. Але толькі ў ноч з 13 на 14 студзеня 1919 года нямецкія войскі пакінулі Слонім, у які ўвайшлі часткі 17-й стралковай дывізіі Чырвонай Арміі. Дарэчы, Слонімскі павет быў адзіным у Гродзенскай губерні, які заняла армія рэвалюцыйнай Расіі. Далей на захад ужо гаспадарылі войскі Польшчы.
Так для Слоніма скончылася Першая сусветная вайна, у выніку якой яго насельніцтва скарацілася з 22 тысяч жыхароў да 9 тысяч, а горад нагадваў вялікую разбураную вёску.

ВЯЛІКІЯ СЛОНІМСКІЯ ПАЖАРЫ


Агонь заўжды выклікаў у чалавека страх перад яго сілаю. Аднак менавіта дзякуючы прыручэнню агня чалавек здолеў дасягнуць высокай ступені развіцця матэрыяльнай культуры, пабудаваў вялікія гарады. У той жа час пры недастаткова пільнай увазе агонь вынішчаў створанае на працягу дзесяцігоддзяў за лічаныя гадзіны. Так у 64 г. згарэў Рым, у 1666 г. адбыўся Вялікі лонданскі пажар, які знішчыў 13000 дамоў і 87 цэркваў. А пажары лета 2010 г. на тэрыторыі Цэнтральнай Расіі ўражваюць нас чалавечай бездапаможнасцю перад маштабам стыхіі.
Слонім. Пасля пажара. 1918 г.
Часам вялікіх пажараў для Слоніма стала ХІХ ст. На працягу аднаго стагоддзя жыхары горада пабачылі тры жудасныя па сваіх маштабах і наступствах пажары (1848, 1875, 1881), некантралюемыя працэсы выгарання, падчас якіх вялікія гарадскія плошчы пераўтвараліся ў пустэчу.
У выніку пажара 1848 г. Слонім амаль цалкам выгарэў. Толькі ў 1857 г. былі пераадолены яго наступствы, а ў горадзе налічвалася 746 драўляныя дамы (у 1843 было 698). Паступова заможныя слонімцы пачалі ўжываць цэглу і камень у якасці матэрыяла для сваіх пабудоў. У 1857 г. у горадзе было ўжо 67 каменныя дамы, што амаль у чатыры разы перавышала іх колькасць у 1843 г.
Горад вельмі хутка рос. Па дадзеных М. Міхайлоўскага, аўтара кнігі 1891 года «Описание города Слонима», у 1857 г. тут пражывала 9525 чалавек, а ў 1880 іх налічвалася 13457. Рост насельніцтва выклікаў паскарэнне хаатычнай забудовы горада драўлянымі дамкамі, прыціснутымі адзін да аднаго, абмежаваных вузкімі вулачкамі. У такой сітуацыі актуальнай была праблема супрацьпажарнага стану горада. Аднак гарадскія ўлады не лічылі яе важнай. Нават пажар 1875 г., падчас якога выгарэла ўся Берагавая вуліца з больш чым 100 пабудовамі не выклікаў зменаў у адносінах кіраўніцтва і жыхароў горада да сваёй бяспекі. І расплата не заставіла сябе доўга чакаць.
Самы вялікі ў гісторыі Слоніма пажар адбыўся 25 мая 1881 г. Ён пачаўся ў 4 гадзіны раніцы ў драўляным амбары паблізу хлебапякарні па Жыровіцкай вуліцы. Напачатку пажар не ўяўляў вялікай складанасці. Аднак узмацніўся вецер, дзякуючы якому агонь перакінуўся ў розныя бакі. Цесна размешчаныя дамы выгаралі за лічаныя хвіліны. У адным з іх зажыва згарэў мужчына, а яшчэ адзін будынак заваліў трох жанчын.
Горад гарэў увесь дзень. Будынкі сямі вуліц былі вынішчаны цалкам, а яшчэ чатырох часткова. Да вечара ад драўлянай забудовы слонімскага цэнтра засталося адно папялішча. Гандлёвая плошча, вуліцы Школьны двор, Гандлёвая, Спаская, Паліцэйская, Маставая, Рыбацкая і Татарская патрабавалі суцэльнага аднаўлення, толькі па некалькі дамоў засталося на Ружанскай, Жыровіцкай, Студэнцкай і Замкавай.
Усяго згарэла 576 жылых дамоў, больш паловы ўсіх драўляных дамоў горада. Страты гараджан склалі 845658 руб. Аднак новай адзнакай часу стала тое, што частка сродкаў была кампенсавана за кошт страхавых таварыстваў. Яны выплацілі гараджанам 150495 руб. Прычым страхаванне было найбольш распаўсюджана сярод габрэйскага насельніцтва горада. Адзначаючы гэтую акалічнасць, М. Міхайлоўскі пісаў: «У поце твару, зарабляючы грош медны, габрэй тым не меньш страхуе свой домік, сябе і для дзяцей капіталы на прыданае, - страхуе на дробныя сумы, жыве ўпрогаладзь і ўсё ж не адстае ад страхоўкі».
Акрамя жылых дамоў агонь знішчыў шэраг грамадскіх пабудоў. Сярод іх – акцызнае ўпраўленне, упраўленне воінскага загадчыка, казначэйства, габрэйская сінагога і 8 малітоўных дамоў, татарская мячэць, быў моцна пашкоджаны адзін з каталіцкіх жаночых кляштараў. Нягледзячы на тое, што пабудовы паабапал Гандлёвай вуліцы згарэлі, гандлёвыя рады са 142 каменнымі крытымі лаўкамі, якія размяшчаліся ў цэнтры вуліцы засталіся некранутымі. У далейшым гэта стала адным з фактараў хуткага аднаўлення горада. У агні загінуў архіў гарадской управы, кнігі запісаў, ухвал і дакумнетаў габрэйскай гміны за 400 гадоў.
Разбурэнні маглі быць значна большыя, аднак дапамогу гораду аказала альбярцінская супрацьпажарная каманда. Яна дзейнічала пры суконнай фабрыцы памешчыка Пуслоўскага ў Альбярціне і мела спецыяльныя прыстасаванні для барацьбы з агнём.
Пажар 1881 года знішчыў 2/3 пабудоў цэнтра Слоніма і выклікаў кардынальную яго перабудову ў адпаведнасці з новым планам. Пачалося інтэнсіўнае будаўніцтва каменных дамоў. Калі ў 1878 г. іх налічвалася толькі 102, то ў 1891 г. ужо 324. Гэтаму садзейнічала з’яўленне ў горадзе трох цагляных заводаў Тэмпы будаўніцтва драўляных дамоў зменьшыліся. У 1878 г. у Слоніме было 1105 драўляных дамоў. Аднак нават праз дзесяць год пасля пажару гэта лічба не была дасягнута і ў Слоніме іх налічвалася ўсяго 976, прычым у асноўным яны размяшчаліся на ўскраінах горада і на правабярэжжы Шчары.
Дрэнны стан супрацьпажарнай бяспекі выклікаў неабходнасць распрацоўкі шэрагу мерапрыемстваў у дадзеным накірунку. Гарадская дума прыняла абавязковую да выканання пастанову, згодна з якой усе слонімскія рамізнікі і вознікі павінны былі дастаўляць ваду на пажар, за што атрымоўвалі з гарадскіх сродкаў па 20 капеек за бочку вады (у той час сярэдняя заработная плата наёмнага працоўнага на суконнай фабрыцы Пуслоўскага складала 20-60 капеек за дзень).
Слонімская супрацьпажарная каманда
З мэтаю далучэння шырокіх колаў грамадства да барацьбы супраць пажараў была зроблена спроба заснавання ў Слоніме Вольнага пажарнага таварыства. Аднак прыняты гарадскою думаю ўстаў не быў зацверджаны з-за боязі мясцовых прадстаўнікоў царскай улады элементаў грамадзянскай супольнасці. Выгарэлыя вуліцы былі пашыраны ў сярэднім да 12,8-15,6 м (6-12 сажняў). Сярод іх вылучаліся сваім прасторам Маставая (42,7 м або 20 сажняў) і Гандлёвая (64 м або 30 сажняў) вуліцы ,а таксама Гандлёвая плошча шырынёю ў 106,7 м (50 сажняў).
Святкаванне дзесяцігоддзя супрацьпажарнай каманды. Слонім. 1907 г.
Прынятыя меры прывялі да змяншэння наступстваў узнікаючых пажараў і садзейнічалі іх лакалізацыі ў самым пачатку. А ў 1897 г. у Слоніме была арганізавана добраахвотная пажарная служба, дзесяцігоддзе дзейнасці якой урачыста адзначылі ў 1907 г.
Слонім у агні. 1915 г.
Пажары змянялі не толькі выгляд слонімскіх вуліц, але і адлюстроўваліся ў свядомасці гараджан, якія сталі больш увагі надзяляць бяспецы і ахайна адносіцца да ўласнага жылля. Дзякуючы такім зменам у псіхалогіі жыхара Слоніма ўдалося захаваць цэнтр горада нават падчас першай сусветнай вайны, аднак дадзеная асаблівасць не датычыць Замосця, амаль суцэльна драўлянага, знішчанага ў вераснёўскім пажары 1915 г. і пажары 22 мая 1918 г.
Слонімскі пажар. 22.05.1918 г

СЛОНІМСКАЕ КНЯСТВА І ЯГО КНЯЗІ


Слонімскае княства паўстае з туману вякоў у 13-14 стагоддзі, калі сярод яго князёў засвяціліся імёны Войшалка, Рамана, Васількі і Манвіда. Гэта не значыць, што іншых не было, проста пакуль мутная вада гісторыі не дазваляе нам іх убачыць.

Ля вытокаў Вялікага княства Літоўскага
У сярэдзіне 13 стагоддзя страла гісторыі накіроўвае сваё вастрыё на ўскраіну былой Кіеўскай Русі, Панёманне, дзе, быццам каралі раскінуліся гарады Чорнай Русі – Гародня, Ваўкавыск, Слонім, Здзітаў і Наваградак, якім было наканавана стаць ядром адной з магутнейшых еўрапейскіх дзяржаў. Рэгіён становіцца аб’ектам актыўнага гандлю на пачатку 1240-х гадоў, калі сюды перамяшчаюцца гандлёвыя шляхі з поўдня пасля спусташэння мангола-татарамі Паўднёвай Русі, Венгрыі і Польшчы. Кантактная зона балтаў і славян з’яўлялася сферай уплыву Галіцка-Валынскага княства, аднак у сувязі з немагчымасцю апошняга спыніць ардынскае нашэсце кіруючая эліта гарадоў рэгіёна (баярства) паўстала перад праблемаю абароны падкантрольных тэрыторый.
Правадніком гэтай ідэі выступіў самы багаты горад Панёмання – Наваградак, баярства якога для павелічэння ваеннай магутнасці края запрасіла на княскі пасаг Міндоўга, аднаго з мацнейшых уладароў Літоўскай зямлі, размешчанай у сярэднім цячэнні Віліі. Такога кшталту “прызванне” было характэрнай з’явай для Русі яшчэ з часоў Рурыка. Толькі калі ў 9-10 стагоддзі баярства запрашала нарманаў, то ў 13 стагоддзі князёў запрашаюць з ліку балцкіх ваенных правадыроў (Таўцівіла ў Полацк, Даўмонта ў Пскоў).
Ініцыятыву Наваградка падтрымалі і іншыя гарады-дзяржавы Чорнай Русі, незацікаўленыя ў перакачванні рэсурсаў са сваіх княстваў у распараджэнне Галіцка-Валынскага, князі якога Даніл (1201-1264) і Васілька (1203-1269) Раманавічы не жадалі страты перспектыўных тэрыторый і адчувалі небяспеку з боку маладога альянса, што мог пераўтварыцца ў моцную дзяржаву, акумулюючы энергію балта-славянскіх кантактаў і выкарыстоўваючы выгаднае геаграфічнае размяшчэнне. Сутыкненне выспявала і вылілася ў шэраг спусташальных ваенных паходаў, у агні якіх замацаваўся саюз Чорнай Русі з Літоўскай зямлёй і ўзнікла новая дзяржава – Вялікае княства, якое апіралася на гарады-дзяржавы, цэнтры рэгіянальных княстваў, сярод якіх было і Слонімскае.
Слонімскае княства
Барацьба з Галіцка-Валынскім княствам
Супраць ВКЛ Раманавічы арганізавалі ваенную кааліцыю, у якую ўвайшлі польскія князі, аднак тыя не прыслалі войска, падкупленыя “срэбрам і многімі дарамі” ятвягі і палова жмудзі, а таксама Лівонскі ордэн – усе суседзі, акрамя Полацкага княства. У 1249/1250 годзе адбываецца паход, пра які захаваўся наступны запіс у Іпацьеўскім летапісе: “Данилъ же и Василько, братъ его, розгадавъ со сыномъ, брата си посла на Волковыескь, а сына на Услонимъ, а самъ иде ко Здитову. И поимаша грады многы и звратишася в домы”.
Галоўнай мэтаю пахода было авалоданне Наваградкам. Але напачатку Раманавічы вырашылі нанесці ўдар па яго саюзніках –  гарадам-дзяржавам Чорнай Русі, якія знаходзіліся паміж крайнімі кропкамі маладога альянса – Гародняй і Наваградкам. Пасля нарады, войскі былі падзелены на тры часткі: Даніл павінен быў захапіць Здзітаў, у той жа час яго сын – Раман – авалодаць Слонімам, а брат Васілька – падпарадкаваць Ваўкавыск. Аднак планы былі разбітыя аб мужнасць абаронцаў і ніводзін горад не быў захоплены. Таму летапісец і пазначыў стандартны ў такіх выпадках туманны запіс, які павінен быў закамуфляваць паразу: “И поимаша грады многы и звратишася в домы”. Ваенныя дзеянні працягваліся ў 1250 годзе. Актыўны ўдзел у іх прыняў Лівонскі ордэн, які пакінуў кааліцыю Раманавічаў пасля хрышчэння па каталіцкаму абраду Міндоўга ў 1251 годзе (да гэтага Міндоўг, каб атрымаць наваградскі пасаг прыняў праваслаўе) і стаў саюзнікам маладога альянса Чорнай Русі з Літоўскай зямлёй. Саюз быў замацаваны каранацыяй Міндоўга ў 1253 годзе.
Галіцка-Валынскае княства (паводле украінскіх гісторыкаў)
Войшалк і Раман
У гэты час кіраўніком Слонімскага княства быў сын Міндоўга Войшалк (1223-1267), які таксама валадарыў у Ваўкавыску, а пасля прыняцця каталіцтва яго бацькам часова нават стаў кіраўніком Наваградка. Хутчэй за ўсё, менавіта ён кіраваў абаронай ад Раманавічаў, паспяховыя дзеянні супраць якіх дазволілі пасля пяці гадоў вайны заключыць у 1254 годзе мір, у выніку якога гаспадаром Наваградскім, Слонімскім, Ваўкавыскім і “все города” стаў сын галіцка-валынскага князя Данілы – Раман (каля 1230 – 1258). Галіцка-Валынскаму княству не ўдалося ўключыць Чорную Русь у свой склад і прыйшлося прызнаць новую дзяржаву за яе згоду на васальную залежнасць. Прычым асабіста Раман стаў васалам Міндоўга, які захаваў за сабою Літоўскую зямлю.
Войшалк
Войшалк жа адпраўляецца ў Палонінскі манастыр на Валыні, дзе прымае манаскі сан. Пасля некалькіх год жыцця ў манастыры ён адпраўляецца ў паломніцтва на Святую Гару (Афон), але “И не може доити Святое Горы и воротися в Болгарѣхъ”. Каля 1257 года разам з 10-12 манахамі Войшалк заснаваў на Нёмане манастыр, які пазней стануць называць Лаўрышаўскім.

Вайна з Бурундаем і Раманавічамі
У 1258 годзе ў справы Галіцка-Валынскага княства ўмешваюцца мангола-татары. Каб прадухіліць аднаўленне яго манутнасці, мангольскі ваеначальнік Бурундай вырашыў ліквідаваць саюз з ВКЛ і таму ініцыяваў ваенны паход на Панёманне. У гэты час Войшалк узначаліў абарону ад татараў і войск Раманавічаў, якія прайшлі праз рэгіён і сталі рабаваць Літоўскую і Нальшанскую зямлю. Даніл разумеў: каб замацаваць поспех неабходна захапіць Войшалка і яго саюзніка Таўцівіла. Для гэтага ён авалодаў Ваўкавыскам і паланіў князя Глеба. Войшалка ў горадзе не было, таму на яго пошукі адпраўляюцца ў розныя накірункі атрады. Аднак у выніку “вялікага зману”, як адзначае Іпацьеўскі летапіс, у палон да Войшалка патрапіў сын Данілы Раман.
Што ж у гэты перыяд адбывалася ў Слоніме? Ці пацярпеў горад ад татараў і войск Раманавічаў? Летапіс аб гэтым напрамую нічога не гаворыць. Аднак гэта таксама інфармацыя! Пасля таго як Даніл згадзіўся на ўдзел у паходзе разам з мангола-татарамі, яго сын Раман страціў права на кіраванне гарадамі-дзяржавамі Панёмання. Войшалк здымае манаскі строй і становіцца начале Чорнай Русі. Раман патрапіў у палон і яго імя болей не згадваецца на старонках летапісу. Даніл вырашыў вярнуць сына, але не ведаў, у якім накірунку яго і Войшалка шукаць. Таму ён, што асабліва для нас важна, накіроўвае частку войска ваяваць па Зэльве (хутчэй за ўсё ў летапісе так называецца рака Зэльвянка), а сам збіраецца ў паход на Гародню. Які сэнс у гэтых дзеяннях з улікам таго, што захоплены Ваўкавыск? Справа ў тым, што мангола-татары разам з Раманавічамі здзейснілі своеасаблівы бліцкрыг – прайшлі праз Ваўкавыскае княства ў Літоўскую зямлю. Але па абодва бакі знаходзіліся непадкантрольныя гарады – Гародня і Слонім. Данілу так і не ўдалося іх падпарадкаваць, а мангола-татары накіраваліся ў Яцвяжскую землю, затым у Польшчу. Пасля гэтага працягваць ваенныя дзеянні ў рэгіёне не мела сэнсу. Да таго ж Раманавічам прыйшлося дорага заплаціць за выкананне волі Бурундая, які спыненнем саюза Галіцка-Валынскага княства з ВКЛ не абмежаваўся. Праз год па яго загаду Раманавічы вымушаны былі разбурыць умацаванні гарадоў сваёй дзяржавы і змірыцца са стратаю тэрыторый на поўначы.

Ядро новай дзяржавы
Да самай смерці Міндоўга восенню 1263 года Панёманне заставалася ў адносным спакоі, у той жа час дружыны маладой дзяржавы адстойвалі свае інтарэсы ў змаганні з крыжакамі, польскімі князямі і Галіцка-Валынскім княствам. Прымалі ў гэтай барацьбе ўдзел і воіны са Слонімскага княства.
Забойства Міндоўга вымусіла Войшалка, які пасля падзей 1258 года вярнуўся ў манастыр, чарговы раз зняць манаскі строй і адпомсціць за смерць бацькі. Яго падтрымалі гарады-дзяржавы Чорнай Русі і Пінск, войскі якіх у хуткім часе вярнулі кантроль над Літоўскай зямлёй. Войшалк разумеў, што магутнасць новай дзяржавы залежыць не толькі ад багацця і моцы яе вояў, але важкім элементам павінны быць добрыя адносіны з суседзямі. Таму ён аднаўляе саюз з Галіцка-Валынскім княствам – заключае дамову з Васількам і нават прымае на княжанне ў Літву сына памерлага Данілы – Шварна, які быў жанаты на яго сястры. Да 1267 года Войшалк разам са Шварнам амаль няспынна вядзе барацьбу за аднаўленне ВКЛ, а пасля надыходу спакою ў дзяржаве зноў адпраўляецца ў манастыр, адказаўшы на ўгаворы Шварна застацца: «Согрѣшилъ есмь много перед Богомъ и человѣкы. Ты княжи, а земля ть опасена». Аднак знайсці зямны спакой князю-манаху не было наканавана – Войшалка з зайздрасці ўласнаручна забіў Леў Данілавіч (каля 1228 – каля 1301), які на некаторы час авалодаў Панёманнем пасля смерці свайго брата Шварна і дзядзькі Васількі ў 1269 годзе.
Слонімскае княства зноў патрапіла ў сферу ўплыву Галіцка-Валынскага княства. Здавалася, ВКЛ як палітычнае ўтварэнне на гэты раз адышло ў нябыт, рассыпаўшыся на тэрытарыяльныя шматкі пад уладаю гарадоў-дзяржаў. Але Княства ўжо стала вобразам адзінства славян і балтаў, хрысціян і язычнікаў, сімвалам адстойвання сваіх інтарэсаў для жыхароў Панёмання, у межах якога было выхавана пакаленне, якое ўспрымала яго як родную дзяржаву, гатовае змагацца за яго са сброяй у руках. Чорная Русь чарговы раз аб’ядноўваецца, на гэты раз начале князя Трайдзеня, нялітасцівага да сваіх ворагаў, ад якіх ён атрымаў мянушку Драпежны. Трайдзень адыходзіць ад саюза з Галіцка-Валынскім княствам, якое ўжо не магло пазбавіцца залежнасці ад мангола-татар.

Прусы на Слонімшчыне
Татарская конніца неаднаразова на працягу наступных дзесяцігоддзяў пустошыла Панёманне, у тым ліку і тэрыторыю Слонімскага княства, у абароне якога ўдзельнічалі і прусы. Лічыцца, што гэты балцкі саюз плямёнаў амаль цалкам быў вынішчаны рыцарамі-крыжаносцамі. Насамрэч вялікую колькасць прусаў, вымушаных пакінуць свае землі, прыняў Трайдзень у 1276 годзе і “посади часть и в Гроднѣ, а часть ихъ посади во Въслонимѣ”. У ваколіцах Гародні і Слоніма яны знайшлі другую Радзіму. Але нават за кошт гэтых падмацаванняў Трайдзеню не ўдалося спыніць наступ галіцка-валынскага князя Уладзіміра (каля 1249-1288), яго дваюраднага брата Льва Данілавіча і мангола-татар на Слонім.

Васілька Васлонімскі
Аслабленае барацьбою з крыжакамі, якія пасля захопу тэрыторыі прусаў пачынаюць актыўна ўмешвацца ў справы маладой дзяржавы, Княства не здолела абараніць Слонім. Горад быў захоплены, а начале яго стаў Васілька, названы ў Іпацьеўскім летапісе “князем Вослонимьским». Магчыма, ён паходзіў з мясцовай княскай дынастыі, якая мела даўнія сувязі з Галіцка-Валынскім княствам.
Васілька ўпамінаецца ў Іпацьеўскім летапісе пад 1281 годам як адзін з кіраўнікоў пахода на Мазовію, згаданым у хроніцы Длугаша пад 1286 годам, які праўдападобней адбыўся ў 1287 годзе. Галіцка-Валынскі князь Уладзімір вырашыў падтрымаць свайго саюзніка, мазавецкага князя Конрада ў барацьбе з яго братам Баляславам і накіраваў за Віслу войска начале чатырох ваявод, галоўным сярод якіх быў Васілька. Гэтыя войскі захапілі горад Гасціны (сённяшні Гастынін), размяшчаны ў 110 км на захад ад Варшавы. Затым “Василько князь поиде к Берестью со множествомъ полона, и посла предъ собою вѣсть к осподину своему князю Володимирови”. У наступным годзе адбыўся яшчэ адзін паход на валоданні польскага князя Баляслава, у кіраванні якога прыняў удзел Васілька. “И тако поидоша на Болеслава, и начаша воевати около Вышегорода, и поимаша чѣляди бещисленое множьство, и скота и коний”.
Становішча Васількі ў агульнай іерархіі Галіцка-Валынскага княства падкрэслівае і значнасць узначальваемага ім Слонімскага княства. З моманту ўзнікнення Слоніма, тут выхоўваліся воіны, якія праславілі сябе і сваю Бацькаўшчыну ў вялікай колькасці паходаў супраць ворагаў і ў падтрымку сваіх саюзнікаў.  
Аб далейшым лёсе слонімскага князя Васількі мы нічога не ведаем. Яго імя не сустракаецца сярод удзельнікаў пахода на Польшчу, арганізаванага кіраўніком Залатой Арды напрыканцы 1280-х гадоў. Па меры ж таго, як расла залежнасць Галіцка-Валынскага княства ад мангола-татар, павялічвалася незадаволенасць сярод яго жыхароў на перыферыі. Магчыма, яшчэ пры жыцці Васількі Слонімскае княства вярнулася ў склад ВКЛ.
Карта Вялікага княства Літоўскага
Манвід – сын Гедыміна
У часы Віценя (вялікі князь у 1295-1316) Слонімшчына чарговы раз становіцца адным з апорных цэнтраў Княства. Пра тыя часы мы мала, што ведаем. Але гэта былі гады канчатковага аслаблення Галіцка-Валынскага княства і барацьбы з крыжакамі, якія здзяйсняюць напады на Гародню, Наваградак, і, магчыма, Слонім. Княства ўсё больш і больш мацнее. На змену Віценю прыходзіць Гедымін, пасля смерці якога ў 1342 годзе Слонімскае княства ў якасці ўдзела дастаецца яго сыну Манвіду.
У беларуска-літоўскіх летапісах Манвід (каля 1300 – 1348) называецца старэйшым сынам Гедыміна, ад якога ён атрымаў Слонім і Кернаў. Бацька не выбраў яго сваім нашчадкам у якасці гаспадара ВКЛ. Вялікім князем стаў малодшы брат – Яўнут, уладу ў якога адабралі два іншыя браты – Альгерд і Кейстут. Бачна, Манвід не удзельнічаў у братэрскіх сварках, стаяў асабняком ад вялікай палітыкі, аддаючы перавагу рыцарскай годнасці, кіраванню сваімі ўладаннямі і змаганню супраць ворагаў ВКЛ. Прымаў ён удзел у барацьбе з крыжакамі і загінуў 2 лютага 1348 года ў бітве на рацэ Стрэве, недалёка ад Коўна (сённяшні Каўнас).
Што далей стала са Слонімскім княствам? Па меры цэнтралізацыі ВКЛ неабходнасць у рэгіянальных адзінках у форме княстваў адпадала. І найперш гэты лёс напаткаў тэрытарыяльнае ядро маладой дзяржавы – Гарадзенскае, Ваўкавыскае, Наваградскае і Слонімскае княствы. Князі замяняліся намеснікамі, а княствы станавіліся часткамі ваяводстваў – Слонімскае намесніцтва ў часы Вітаўта ўвайшло ў склад Трокскага ваяводства.
Так у агульных рысах развівалася Слонімскае княства, якое стаяла ля вытокаў Вялікага княства Літоўскага, а яго князі праславіліся сваёю мужнасцю ў змаганні за сваю Радзіму.

СА СКАРБНІЦЫ ПАМЯЦІ


Ва ўсе часы чалавек намагаўся растлумачыць з’явы, якія адбываліся вакол яго, каб не толькі ўцяміць, чаму ж менавіта так дзеецца, але і паўплываць на іх, і нават паспрабаваць прадбачыць тыя ў далейшым. Сёння мы маем для гэтага навуку, якая, у адрозненні ад “навукі” нашых продкаў, не заўсёды можа ўсё патлумачыць простай моваю і даць зразумелы адказ. Пад гэтаю “навукаю” я маю на ўвазе міфалагічныя ўяўленні нашых продкаў, у якіх ўвасаблялася багацце бязмежнай фантазіі беларускага народа, напоўненага думкамі, быццам неба зоркамі. Яна захоўвалася не толькі ў паданнях і легендах, якія тлумачылі незвычайныя, выключныя з’явы, але адносілася таксама да самых звычайных жыццёвых момантаў і замацоўвалася ў казках, прыказках, прымаўках і нават загадках. Сёння цяжка адразу зразумець такую папулярную на Слонімшчыне ў пазамінулым стагоддзі прыказку як “Біў бацька, будзе і пшаніца” ці даць адказ на загадку “Стаяць дзяды над вадою і трасуць барадою” (Чарот).
Уяўленні нашых продкаў былі напоўненыя дзівамі і цудамі як рака вадою. Калісьці тыя панавалі на тэрыторыі ўсіх славян, але ўжо напрыканцы ХІХ стагоддзя амаль паўсюль адышлі ў нябыт, за выключэннем Беларусі. Беларус ішоў па жыцці са словамі “Сьледам за дзедам!” і захоўваў свае традыцыі, якія баранілі яго ад спусташальных набегаў ворагаў і касмапалітызма. Гэтыя традыцыі ўяўлялі сабою няпісаны кодэкс звычаяў і складаліся з тысяч формулаў, што ахоплівалі не толькі сельскагаспадарчую працу, але і самыя дробныя праявы людзкіх паводзінаў і ўчынкаў. Кожная старонка, кожны сказ у гэтай умоўнай кнізе быў напісаны знакамі бяды, якія голадам, хваробамі, войнамі і пажарамі разносіліся па вёсках. Тлумачылася ўсё моваю легенды, якая атрымоўвала асаблівае гучанне зімою, калі людзі мелі шмат вольнага часу. Чалавек шукаў адказы і знаходзіў іх. Гэта было асаблівым спосабам захавання ў памяці розных падзей, якія адбываліся з вяскоўцамі. Вандравалі яны па вёсках усёй Беларусі з жабракамі і лірнікамі і злучалі паміж сабою нават самыя аддаленыя куточкі нашага краю, і станавіліся агульнай спадчынаю ўсяго беларускага народа.
Сёння мы маем магчымасць дакрануцца толькі да парэшткаў гэтай некалі неабсяжнай спадчыны. Але яшчэ ў ХІХ стагоддзі польскі даследчык Міхаіл Федароўскі (1853-1923) меў магчымасць пазнаёміцца з усім багаццем вуснай творчасці жыхароў Заходняй Беларусі. Ён вывучыў нашую мову і напрацягу 1877-1891 гадоў збіраў па беларускіх вёсках этнаграфічны матэрыял. Прайшоў Пружаншчыну, Ваўкавышчыну, Навагрудчыну, Лідчыну, ваколіцы Сакулкі і нашую Слонімшчыну. Шмат усяго цікавага ён занатаваў з паданняў нашай Бацькаўшчыны. Праца гэтая тым цікавейшая, што перадае багацце мясцовых беларускіх гаворак да часу з’яўлення літаратурнай мовы, сярод якіх і простая мова нашых продкаў. І хоць намагаўся М.Федароўскі даказаць сваімі даследаваннямі “польскую” сутнасць жыхароў края, у чым было яго падабенства з даследчыкамі з усхода, якія мелі намер паказаць “рускі” змест нашага народа, у выніку яго праца стала чарговым доказам самастойнага існавання асаблівага беларускага народа, адрознага як ад палякаў, так і ад рускіх.

М.Федароўскі (1853-1923)
Не мог М.Федароўскі зразумець многае з таго, што занатоўваў. Але паспрабуем зрабіць гэта мы, сённяшнія жыхары Слонімшчыны, каб больш зразумець саміх сябе.

“Як Русікавай мужык з таго свету паказаўся”
Яшчэ была маладая, як умёр мой першы мужык, а быў ён надта добры. Я па ём, было, усё плакала, хоць мне суседзі перасцерагалі. Аднаго разу, пашлі мы з Ляўкевічыхаю пад лес капаць картоплі і завялі гутарку аб нябожчыку. Так мне, як здумала сваю нядолю, надта трудна на сэрцу стала і давай лямантаваць. Асё ж, ад магілак ідзе нештась. Падыходзіць бліжэй. Калі гляну, асё ж, гэта мой муж, нават у той самай адзежы, што яго пахавала. Я чыста спалохалася! Асё ж, Ляўкевічыха ўпала на каленка і стала гаварыць “Анёл Панскі” за яго, так і я пачала гаварыць. Так ён пастаяў крышачку, да і завярнуўся і назад на магілкі пайшоў. Тае самае ночы прысніўся мне і кажа, каб яго ні пацягаць плачам з магілы, а лепш гаспадаркі глядзець. І кажа мне: “Твая дзеўка крадзе ў цябе тое і тое”. Я гэта прыпільнавала: асё ж, праўда!