ПЯТЫ НУМАР "СЛОНІМСКАГА КРАЯ"

Спампаваць № 5 "СК" - тут
Выйшаў 5-ы нумар краязнаўчага бюлетэня "Слонімскі край", выданнем якога займаюцца Васіль Герасімчык (рэдактар нумару), Сяргей Ёрш і Сяргей Чыгрын. Новы нумар распачынаецца артыкулам пра Мілавідскую бітву, якая адбылася 3 чэрвеня 1863 года і з'яўляецца вышэйшай кропкай уздыму нацыянальна-вызваленчага паўстання 1863-1864 гадоў у Беларусі і Літве.
Адзін з тэкстаў нумару прысвечаны гісторыі Слонімскай сінагогі, пабудаванай у 1642 годзе. Матэрыял багата ілюстраваны. Напрыканцы траўня з'явілася навіна пра жаданне слонімскіх уладаў пры дапамозе Ізраіля ператварыць сінагогу ў музей яўрэйскай культуры. Гэта чарговая рэінкарнацыя ідэі пачатку 2000-х гадоў, якая да сённяшняга часу працягвае заставацца ідэяй. У нумары таксама друкуецца пераклад урыўка з кнігі польскага гісторыка ХІХ стагоддзя М. Балінскага пра Жыровічы.
Цікавым матэрыялам з'яўляецца публікацыя рукапіса стваральніка краязнаўчага музея Язэпа Стаброўскага пра паходжанне назвы Слоніма. 
У працяг артыкула з мінулага нумара "Слонімскага края" з'явіўся тэкст, напісаны Сяргеем Ёршам, пра знойдзены ў Слонімскім раённым гісторыка-краязнаўчым музеі пад час прагляду архіву паэта Гальяша Леўчыка (1880-1944) рукапіс слонімскага паэта Язэпа Вількоўшчыка (1898-1984).
Яшчэ адзін артыкул прысвечаны публікацыям пра слонімскіх паэтаў (Сяргей Хмара і Анатоль Іверс) на старонках газеты "Літаратура і мастацтва" ў 1939-1940 гадах.
Завяршаецца нумар тэкстам пра Слонімскія пажары 1848, 1875 і 1881 гадоў.