ВОСЬМЫ НУМАР КРАЯЗНАЎЧАГА БЮЛЕТЭНЯ "СЛОНІМСКІ КРАЙ"

Спампаваць - тут.
Новы нумар краязнаўчага бюлетэня “Слонімскі край”, ужо 8-ы па-ліку, пачынаецца матэрыяламі рубрык “Забытыя землякі” і “Слонімцы ў свеце”. Гэта артыкул пра кіраўніка Слоніма ў 1885-1902 гадах Пятра Валеўскага, пры якім горад адбудоўваўся пасля жудаснага пажара 1881 года, і ўспаміны нашага земляка Сяргея Генадзьевіча Тараканава – журналіста і паэта з Паўднёва-Сахалінску.
У рубрыцы “старыя фотаздымкі” змяшчаецца артыкул пра пахаванне польскага афіцэра Альбіна Яна Флешара ў 1916 годзе на могілках у Рышчыцах, і здымак з сямейнага архіву сланімчанкі Надзеі Іванаўны Харытончык (Струпавец), на якім занатавана сям’я яе дзеда – Лукаша Струпаўца, жыхара вёскі Якімавічы. Яшчэ адзін з тэкстаў прысвечаны беларускаму асяродку ў Якімавічах у міжваенны час.
Вялікую цікавасць уяўляе артыкул Сяргея Ярша, прысвечаны ўніяцкім рэгентам у Альбярціне – Аляксандру Туруку і Аркадзю Лысуху. Да тэкста змяшчаюцца шэраг выяваў, якія друкуюцца ўпершыню.
Актуальным на сённяшні час з’яўляецца лёс былых слонімскіх лютэранскіх могілак, на якіх яшчэ захаваліся шэраг помнікаў. Які лёс іх чакае?

Яшчэ ў восьмым нумары “Слонімскага края” друкуюцца матэрыялы пра кнігу Валяр’яна Харкевіча, прысвечаную падзеям вайны 1812 года на Слонімшчыне, пераклад артыкула 1925 года Вільгельма Хенеберга пра архітэктурную спадчыну Слонімшчыны, ліст мастака Гаўрылы Вашчанкі да літаратуразнаўцы Уладзіміра Калесніка. А таксама тэксты з нагоды 170-годдзя нараджэння ў Слонімскім павеце археолага Генрыка Татура і адкрыцця 20 верасня 1929 года ў Слоніме рэгіянальнага музея.