Запісы на палях “Псіхааналіза” Фрэйда або “Вясковыя сшыткі” спадара Г.

Абыякавасць

Абыякавасць і адсутнасць жаданняў перапаўняюць мяне. Акрамя гэтай крушні камянёў я не маю нічога.
Я не маю сябе, я не ёсць я. А тое, чым з’яўляюся, ёсць размыты вобраз, што праступае ў калыханні бруднай вады. Гэта скажонае пад уплывам іншых людзей адлюстраванне маёй асобы. Як апаламу семю вярнуцца ў сваё лонне-шалахавінне і далей у каласок, дзе побач з іншымі, такімі ж зярняткамі зноў утварыць Адзінства свайго “Я”?
Разбітае на кавалкі люстэрка маёй асобы патрабуе новага Ўз’яднання. Але Я, як кавалак, толькі кавалак сябе самога, няздольны на ініцыятыву ў яго Адраджэнні, свайго Адраджэння. Таму што той кавалак, якім Я зараз ёсць, не жадае.

Ці Я страціў сябе, рассыпаўшы жменю мяне ў сухую зямлю з надзеяй даць жыццё новым Зярнятам? Ці я быў Адзінствам, Суцэльным?
Я не ведаю. І не ведаю ні ад свайго Няведання, але ад нежадання ведаць. Калі б мне хапіла моцы падысці да Калодзежа, які ёсць Я, і ўзірнуцца ў яго, і ўбачыць яго воды або бяздонне, то штосьці б тады набыў, страчанае ў мінулым ці будучым. Але я зараз сяджу на Зямлі Абыякавай без усялякага жадання набыць сваю Цэласць і надаць сабе імпульс руху. Які рух у Бязрушшы? Рух ёсць дзеянне, унутрана падрыхтаванае і знешне выражанае. Гэта падразумявае перажыванне гэтага дзеяння, каб затым рэалізаваць яго. Але гэтыя дзеянні (унутранае і знешняе) не супадаюць.
Рух адбываецца адносна чагосьці, нейкай сістэмы адліку. Для мяне ж няма такой сістэмы. Я не магу яе разглядзець. А калі паспрабаваць растлумачыць, то для мяне ёсць толькі кропка 0, якая ёсць Бясконцасць. І таму любыя дзеянні тут бессэнсоўныя: яны асістэмныя і становяцца нічым, іх вынік нічога не значыць без сістэмы адліку.
Я ёсць нуль у Нуллі, бясконцасць у Бясконцасці. Ці мяне няма? Я існую, але я не ёсць Я. Маё Я страчана ў хаосе агрызкаў чалавечых існасцяў, бясконцасці адшчэпаў, якія адкінуты кожным з нас у нежаданні прызнаць Сябе, сваю Асобу не тым кавалачкам грамадства, чорнага ад бруду сваёй хлусні і няпраўды, а Суцэльнасцю, блакітам неба без гарызонта, люстэркам вады ў бясхвалле, бязветра.


Бегства (26.12.09)


Мы жывем у свеце, які знаходзіцца ўнутры нас. І з цягам часу рэальнасць адступае перад ім. Мы ходзім па тоненькай нітцы, якая звязвае наш унутраны свет з рэальным. Адзін недакладны рух - і гэтая сувязь можа парвацца.

Сёння скрозь сцяну майго Ўнутранага “Я” прабілася сваім блакітным позіркам прыгажосць Навакольнага света, якое сваёй сонечнай усмешкай нагрэла мяне. Ціхі ветрык казытаў скуру маіх рук, пакідаючы пасля сябе чырвоныя пацалункі.
Цэлая фіерыя пачуццяў перапоўніла мяне: гэты свет варты жыцця ў ім! Але мы з-за сваёй ляноты і праблемаў бяжым ад яго, быццам слімакі хаваемя ў свае домікі, зрэдку выглядаючы, але ўсё больш і больш уціскаемся ў сябе.
Губляецца сувязь са светам, са сваім целам, а затым ужо і з самім сабою. Мы, быццам хамякі, якія бягуць па колу ў клетцы, дзе мы сядзім. Тады рух для нас усяго толькі павароты кола, якое, колькі сіл не прыкладай, не зварухнецца з месца. І мы страчваем усялякія жаданні таму, што тыя – гэта снежны ком, які коціцца з велічэзнай гары нашага Жыцця, набіраючы кожнае імгненне моц і памеры, пакуль не прыдушыць. Здаецца, лепей не мець ніякіх жаданняў.
Што тады? Без жаданняў жыццё не мае сэнсу. Можа сэнс у Бяссэнсоўі? Ці згодныя мы прыняць гэта, адмыцца ад пылу пабытовага жыцця, ачысціць страўнікі ад гнілля грошаў, зняць з вачэй акуляры чужых настаўленняў і думак?
Падаецца, што не: Мы дужа слабыя, а не невельмі моцныя. Хто мне даў права так думаць? Ніхто. Таму што я варты працы іголак свайго мозга, майго вожыка, які коле не толькі іншых, але перш за ўсё мяне.
Як выратавацца? Прыгажосцю.
Але “выратаванне” – гэта вяртанне ў рэальнасць, ад якой мя бяжым. Боль, расчараванне, страты сустрэнуць нас на гэтым шляху. “Ці трэба мне гэта?” – павінен адказаць сабе кожны, таму што шчасце і радасць без болю і смутку не маюць свайго зместу. Іх тады немагчыма зразумець, адчуць, перажыць. Калі мы баімося болю і праблемаў, тых пачуццяў, якія іх суправаджаюць, то гэта яшчэ не падстава адмовіцца ад усяго, што можа іх выклікаць. Таму што любая з’ява бясконцая ў сваім змесце: калі ёсць боль, то шмат і ўсяго іншага, у тым ліку цеплыні, святла, свеціва.
Стаць дзвярыма свеціва ў рэальны свет вельмі складана, таму што немагчыма запоўніць яго, быццам вадою акіян, дабрынёю, пяшчотай і паразуменнем.


Безасабовасць (2.01.10)

Ва ўмовах сённяшняй Безасабовасці зусім не важна, які чалавек: усё роўна ён не той, за каго сябе выдае. Усё пачынаецца з дзяцінства, калі ты, каб атрымаць тое, што хочаш, пераўтвараешся ў нешта, патрэбнае сваім бацькам, ці, наадварот, выклікаеш у іх абурэнне і вымушаеш даць табе тое, што жадаеш. З часам пазіцыі, акцэнты змяняюцца і ты гуляеш ролі, а сябе хаваеш ад астатніх у цёмную шафу свайго “Я”. Вынікам становіцца страта старой вопраткі, якую з’ела моль.
Кім бы ты не быў, ты не той, хто ты ёсць. Дзе мяжа? Чаму так адбываецца?
Я адчуваю, што ёсць праблема: яна з’ядае мяне. Я бягу ад яе вырашэння, таму што так прасцей. А ў чалавеку ад прыроды маецца тэндэнцыя да спрашчэння: пачынаючы ад пачуццяў і дзеянняў, даводзячы яе да слоў і эмоцый. Закон спрашчэння!
Мы скажаемся ў святле ультрафіялетавых хваляў, што адкідваюцца на нас іншымі, і ад нас ідуць у адваротным кірунку.
Як знайсці сябе? Нікому нельга паказаць сябе, таму што яны не зразумеюць. Грамадства вельмі кансерватыўнае: падман – эрытрацыты яго крыві.
Быць сабою – гэта выклік грамадству.

ЗаБыццё
Страчаныя, забытыя ўсімі, зламаныя пад цяжарам часу, розныя па форме і ўвасабленню, рэчы, якія называюцца людзьмі стаяць на запыленай шафе жыцця. Як мала я іх бачыў, каб зразумець, што калісьці і маё месца будзе сярод іх. Калісьці? Падаецца, што я ўжо тут.
Канапа прырасла да мяне, быццам аблокі да блакіту неба. Манітор стаў маімі вачамі, сістэмнік – маёй галавою, а мышка – маімі рукамі. Тысячы кілабайт трафіка накручваю я шпаркім крокам па Сеціве. Дзесяткі мяне распаўзліся плямаю маёй асобы па сайтах, чатах і форумах. Аддзінае, што я адчуваю – гэта вандроўкі іерогліфаў маршчынак на маім лобе як эрэкцыю рэакцыю на вобразы, якімі, быццам слязьмі, напоўніліся вочы.
Хто я? Я забыў. А ці быў я? Я ёсць, але яшчэ не нарадзіўся.

Зараз я ўсяго толькі фалас, пад голай скурай якога ходзяць рэбры (з-за холаду рук), а на спіне, быццам гузікі кашулі, тырчаць хрыбетныя косткі.
P.S. Я ўнюхваюся вачамі ў спалены трафік… і нічога не адчуваю. Гэтыя словы не пахнуць (.