Жаночая семінарыя імя М. Дароўскай у Слоніме (1919-1936)


Прыватная настаўніцкая жаночая семінарыя імя Маткі Марцэліны Дароўскай у Слоніме пачала сваю дзейнасць у 1919/1920 годзе і спыніла існаванне пасля 1935/1936 навучальнага года ў сувязі з ліквідацыяй у Другой Рэчы Паспалітай вучэбных устаноў кляштарнага тыпу.
Марцэліна Дароўская
Семінарыя знаходзілася ў кляштары ордэна сясцёр Бязгрэшнага зачацця. Лёс семінарыі быў цесна звязаны з гэтым будынкам. Першапачаткова ў ім размяшчаліся бернардынкі, для якіх за сродкі вількамірскай падкаморыны Катарыны Камароўскай у 1645 годзе быў выкуплены вялікі драўляны дом, перароблены на кляштар. У хуткім часе побач быў пабудаваны касцёл Бязгрэшнага зачацця Найсвяцейшай Паны Марыі. Але ў 1670 годзе пажар знішчыў драўляныя касцёл і кляштар, замест якіх у 1696 годзе ў Слоніме былі пабудаваны каменныя, дзе знайшлі сабе месца 20 законніц. Кляштар бернардзінак знаходзіўся ў Слоніме да падзей паўстання 1863-1864 гг., пасля якога па загаду расійскага ўрада ён быў зачынены, як і многія іншыя, але пры ім працягвалі жыць бернардынкі. У пачатку ХХ ст. у горадзе жылі толькі некалькі сясцёр ордэна бернардынак, што паставіла пад пагрозу само існаванне гэтай ячэйкі каталіцызму. Таму кляштарны ксёндз Рычард Клам у лютым 1906 года звярнуўся да Маткі Марцэліны Дароўскай з просьбай накіраваць у Слонім некалькі законніц, што і было зроблена ў студзені 1907 года, калі ў горад прыбылі дзве першыя непакалянкі – сястра Ваўжына Шашкевіч, якая пазней стала старэйшай сястрой згуртавання, і сястра Людвіка Дабраньска (у манастве – Тэрэзія), да якіх далучылася сястра Марыя Касцюшка (у манастве – Фадзея), пазней старэйшая сястра Слонімскага кляштара.
Скарыстаўшыся загадам імператара Мікалая ІІ ад 1905 года, сёстры звярнуліся з просьбай да Віленскага губернатара аб дазволе на “будаўніцтва” [2, л.2] кляштару ў Слоніме, які і атрымалі. Адным з першых пачынанняў непакалянак стала арганізацыя школы, у якой некалькі дзяўчынак навучаліся агародніцтву, пранню, гатаванню і сыраварэнню, крою і шыццю. Нягледзячы на адсутнасць дазволу з боку афіцыйных улад, патаемна адбываліся лекцыі па рэлігіі, польскай мове і гісторыіі. Але ў 1914 годзе гэтая дзейнасць была спынена.
У час вайны кляштар прытуліў у сваіх сценах вялікую колькасць бежанцаў, якіх рускія войскі прымушалі пакідаць свае родныя мясціны і адпраўляцца ў глыб Расіі. У кляштары хаваліся каля 40 дзяцей, якія пазней, у 1918 годзе, былі перавезены ў Альбертын і Жыровіцы. У кляштары пад час вайны знаходзіўся шпіталь, у якім разам з персаналам працавалі сёстры-непакалянкі.
Падчас акупацыі Слоніма немцамі, якія хацелі паказаць сябе ў пэўнай ступені больш талерантнымі, чым рускія, ксёндз Клам, як слонімскі бурмістр, дабіўся ад іх дазволу на адкрыццё першай “польскай школы” [2, ,л.2]. Яна пачала працу з мая 1916 года на падставе праграмы сярэдняй школы імя Сташыца ў Варшаве. У першай палове дня яе наведвалі 65 хлопчыкаў, а ў другой - 82 дзяўчынкі. Дырэктарам школы быў ксёндз Клам, але ўжо ў лістападзе 1917 года ён перадаў жаночую школу пад апякунства сясцёр-непакалянак, пакінуўшы сабе толькі кіраўніцтва мужчынскай школай. Дзве гэтыя школы знаходзіліся ў кляштарным будынку.
У сакавіку 1918 года памёр ксёндз Клам. Яго замяніў ксёндз Станіслаў Смялоўскі, які ўвёў у школе праграму гімназіі. Працу ў дадзеным накірунку спыніла вайна з бальшавікамі. Але ў пасляваенны час, дзякуючы ініцыятывам сясцёр-непакалянак, у горадзе меліся кадры і магчымасці для адкрыцця пры кляштары Бязгрэшнага зачацця жаночай семінарыі.
Жаночая семінарыя ў Слоніме пачала сваю дзейнасць у кастрычніку 1919 года, на месяц пазней запланаванага, у сувязі з рамонтам кляштару і дэзынфекцыяй былых памяшканняў шпіталя. Навучанне пачалося на трох курсах семінарыі, а ў 1922/1923 навучальным годзе з’явіліся яшчэ два. Такім чынам, тэрмін навучання ў семінарыі складаў пяць гадоў. Пры семінарыі дзейнічала агульная пяцікласная школа, якая пазней стала дзяржаўнай. Навучанне адбывалася па праграмах Міністэрства Рэлігійных Веравызнанняў.
Набор першага года існавання семінарыі склаў 9 вучаніц: 1-ы курс – 6, 2-і – 2, 3-і – 1. У сувязі з савецка-польскай вайной, навучанне прыпынілася. Працу семінарыя аднавіла пасля вяртання сясцёр-непакалянак з Памор’я 3 студзеня 1921 года і абрання першай дырэктаркі – Хелены Саподзька (у манастве – Моніка). Да чэрвеня 1921 года вучаніцы заставаліся на тых самых курсах, на якіх іх сустрэла вайна. У 1922/1923 годзе семінарыю з дадатным вынікам скончылі тры першыя абітурыенткі. Семінарыя афіцыйна атрымала назву “Прыватная настаўніцкая жаночая семінарыя імя Маткі Марцэліны Дароўскай” і магчымасць дзейнічаць на правах дзяржаўнай семінарыі на наступны год.
Ужо ў 1923/1924 навучальным годзе колькасць вучаніц на пяці курсах дасягнула лічбы 103: 1-ы – 28, 2-і – 21, 3-і – 31, 4-ы – 16, 5-ы – 7. Гэтаму садзейнічала адкрыццё пры семінарыі інтэрната пад кіраўніцтвам Рэўкоўскай Ядзігі (у манастве – Натанаэла), дзе жылі 40 вучаніц. У далейшым колькасць вучаніц павялічвалася і ў 1925/1926 навучальным годзе дасягнула колькасці ў 225 семінарыстак. Больш 20-ці дзяўчын штогод скончвалі семінарыю, многія з іх з адзнакай “дадатна” па ўсіх прадметах. У сувязі з павелічэннем колькасці семінарыстак на курсах было вырашана падзяліць іх на групы.
У першы год дзейнасці семінарыі вучаніцы мелі магчымасць пазнаёміцца з прадметамі, якія выкладаліся адзінаццаццю сёстрамі-непакалянкамі, па рэлігіі, нямецкай і французскай мовах, маляванню і спевам, працоўнаму навучанню, прыродзе і геаграфіі. У 1923/1924 навучальным годзе новая дырэктарка семінарыі Ёзэфа Чарноўская стала выкладаць фізіку, хімію і касмаграфію, Марыя Касцюшка – рэлігію і методыку педагагічнай падрыхтоўкі, Рэўкоўская Ядзвіга – біялогію і спеў, Дабжаньская Аляксандра (у манастве – Ада) – геаграфію, Фалтыноўская (у манастве – Эдварда) – працоўнае навучанне, Домброўская Ёзэфа пасля заканчэння матэматычна-фізічнага факультэта ў Варшаўскім універсітэце выкладала матэматыку, Яніна Ельская – гігіену. Своеасаблівая ўвага надавалася польскай мове і польскай гісторыі, якія выкладаліся на ўсіх курсах некалькімі сёстрамі-настаўніцамі.
Паступова стаў змяняцца настаўніцкі склад семінарыі: на змену сёстрам з сярэдняй адукацыяй прыходзілі сёстры з вышэйшай адукацыяй. Гэта адбывалася не толькі за кошт замены асабовага складу настаўніц семінарыі, але і па прычыне павышэння ўзроўню адукацыі сёстрамі. Так, Саподзька Хелена пасля сярэдняй школы закончыла вышэйшыя курсы імя Бараніцкага ў Кракаве, а ў 1926 годзе атрымала дыплом паланістыкі.
Семінарысткі мелі актыўную грамадзянскую пазіцыю, а кіраўніцтва семінарыі садзейнічала іх працы на глебе даследаванняў гісторыі роднага краю. Так, па ініцыятыве Слонімскага аддзела ПТК  пры семінарыі пачаў працу краязнаўчы гурток з 12 асоб. У 1932 годзе яго сяброўкі арганізавалі 4 экскурсіі: у Варшаву на злёт (30 красавіка, 18 асоб), у Вільню (30 верасня, 22 асобы), у Жыровічы (15 кастрычніка, 50 асоб), у Грыбава (1 лістапада, 40 асоб). Сяброўкі гуртка раздавалі жыхарам горада матэрыялы краязнаўчага характару, удзельнічалі ў ахове помнікаў культуры і прыроды, збіралі і выконвалі беларускія народныя песні. Зацікаўленасцю гуртка стала вывучэнне народнага адзення, на падставе варыяцыяў якога яны зрабілі калекцыю лялек [1, л. 19]. Прадстаўніцы гуртка аказвалі вялікую дапамогу Слонімскаму музею. У пісьме ад 13 сакавіка 1933 года да Ады Дабжынскай, апякункі семінарыі,  кіраўніцтва Слонімскага аддзелу ПКТ “сардэчна дзякуе за бескарыслівую працу” членак кола — Ірыну Славенскую, Пялагію Бяднашчыкаву і Зянобію Анджэяўскую [1, л. 23].
Апошнім навучальным годам для слонімскай жаночай семінарыі стаў 1935/1936 навучальны год. Нягледзячы на спыненне сваёй дзейнасці дасягненні сясцёр-непакалянак на глебе адукацыі сталі важкім укладам у пашырэнні адукацыйнай прасторы на тэрыторыі Заходняй Беларусі.

Кыніцы:
1.                     Переписка, протоколы собраний, отчёты о работе Слонимского краеведческого общества и его организаций. Обращение в связи с открытием музея 20.09.29 г. и приездом в г. Слоним президента Польши // Государственный архив Гродненской области. – Фонд 551. – Оп.1 – Д.42. – Л.1-41.
2.    Справка по истории возникновения семинарии // Государственный архив Гродненской области. – Фонд 566. – Оп.1 – Д.1. – Л.1-15.

СЛОНІМСКАЕ ЭТНАГРАФІЧНА-АРХЕАЛАГІЧНАЕ ТАВАРЫСТВА (1924-1928)


6 студзеня 1924 года ў Слоніме па вуліцы Студэнцкай № 6 адбыўся ўстаноўчы сход этнаграфічна-археалагічнага таварыства (далей – СЭАТ).

Стаброўскі І.І. (1870-1968)
Дадзеная падзея была падрыхтавана руплівай дзейнасцю Стаброўскага Іосіфа Іосіфавіча (1870-1968). Дваранін па паходжанні, палкоўнік царскай арміі, больш трыццаці гадоў на ваеннай службе, удзельнік першай сусветнай і грамадзянскай войнаў, пасля савецка-польскай вайны ў 1921 годзе вярнyўся ў сямейны маёнтак Орлавічы на Слонімшчыне і цалкам прысвяціў вольны час любімай справе – даследаванню гісторыі роднага края. Стаброўскі І.І. асабліва цікавіўся нумізматыкай, мінералогіяй і меў археалагічную падрыхтоўку - у 1917 годзе скончыў Маскоўскі археалагічны інстытут [1], а ў 1920-1921 з’яўляўся слухачом Вышэйшых Археалагічных курсаў Таварыства археалогіі, гісторыі і этнаграфіі пры Самарскім дзяржаўным універсітэце [2]. На Радзіме Стаброўскі заняўся даследаваннем гісторыі родных яму мясцін, чым здолеў зацікавіць прадстаўнікоў слонімскай інтэлігенцыі і нават свае ідэі прывіў афіцэрам размешчанага ў горадзе 79-га польскага пяхотнага палка, якія перадавалі даследчыку знойдзеныя імі прадметы гістарычнага характара [3, арк. 22].

Праз тры гады пасля вяртання на радзіму Стаброўскі пры дапамозе невялікага гуртка, які складаўся з моладзі, арганізаваў СЭАТ. Дзякуючы становішчу ў грамадстве і апантанасці справай, яны заручыліся падтрымкай мясцовых улад. 5 кастрычніка 1923 года было атрымана пісьмо слонімскага старасты за № 5314 “у справе арганізацыі Таварыства”, дзе ішла гаворка аб тым, што аб’яднанне абавязваецца дакладваць у староства аб прынятых на ім рашэннях [4, арк. 2]. За месяц да адкрыцця таварыства, прадстаўнікі слонімскай інтэлігенцыі атрымалі запрашэнні на ўстаноўчае паседжанне.

Заснавальнікамі СЭАТ былі: Карказовіч (стараста Слонімскага павета), Бараноўскі, Вацлаў Броніч, Сновік Галінайціс, Вацлаў Керубовіч, Канстанцыя Ельская, Алена Курсноўская, Мечыслаў Куткоўскі, Эдмунд Мікульскі, Вацлаў Пратасовіч, Пётр Пратасовіч, Стэфанія Пальхоўская, Ян Стравінскі, Іосіф Стаброўскі, Ігнаць Валадковіч [4, арк. 2].Такім чынам, на пачатку сваёй дзейнасці СЭАТ налічвала 15 чалавек. Не ўсе з іх удзельнічалі ў навуковай працы Таварыства, але мецэнацкія функцыі многіх з заснавальнікаў (напрыклад, старасты Карказовіча) толькі садзейнічалі навуковым даследаванням. Сярод “заступнікаў” таварыства ў пратаколе паседжання згадваюцца Уладзіслаў Еман, Нарыміч Міхальскі, Канстанцыя Ельская [4, арк. 2].

На першым арганізацыйным паседжанні (6 студзеня 1924г.) было прынята рашэнне аб выбары кіраўніка, скарбніка і сакратара праўлення СЭАТ. Кіраўніком абраны Стаброўскі І.І., скарбнікам стаў Ігнаць Каркозаў, чалавек, які не згадваецца сярод ганаровых заснавальнікаў. На гэтым жа паседжанні быў прыняты праект устава, падпісаны ў трох экзэмплярах і пазней прадстаўлены слонімскаму староству для “легалізацыі”.

Так 6.01.1924 г. у Слоніме пачало сваю працу этнаграфічна-археалагічнае таварыства. Наконт рэгулярнасці яго паседжанняў не маецца дакладных звестак, але яно сапраўды працавала, пацверджаннем чаму з’яўляюцца асабістыя запісы Стаброўскага аб адным з іх: Праграма этнаграфічнага з’яднання беларускай люднасці ў Слонімскім павеце і суседніх паветах [4, арк. 4] і план магчымага выступлення Стаброўскага [4, арк. 3]. План па пунктам апісвае асноўныя накірункі жыцця і дзейнасці беларуса, закранае не толькі асаблівасці знешняга выгляду ці хатняга жыцця (радкі пад назвай “уборы”, “сядзіба”, “кухонны посуд”, “сталовы посуд”, “пасцель”, “сталы і крэслы”, “млыны і ступы”, “прадукты”), але павярхоўна адлюстроўвае і духоўнае жыццё нашага народа (“помнікі паганства”, “варажба”, “прароцтвы”, “сакрэты чараўнікоў”, “звычаі: спосаб вітання, прыняцце госця”, ”Велькі пост”, ”Вялікдзень”). Стаброўскі выдзяляе асабліва значныя “абрады”: ”Нарадзіны і хрысціны”,”Залёты і заручыны”, ”Вяселле”, “Пахаванне”. У плане змешчаны пункты, якія закранаюць гаспадарчае жыццё беларускай вёскі: “Паляванне”, “Рыбалоўства”, “Гандаль”, “Гаспадарства”,“Пакорм”, “Патравы”. Асабняком ад вышэй акрэсленых галін жыцця простага беларуса ў плане размешчана “Медыцына простага люду”. У гэтым раздзеле Стаброўскі І.І. вылучае лекі “для люду” і “для жывёлы” [4, арк. 3]. Гэты дакумент сведчыць аб шырокай, змястоўнай інфармаванасці Стаброўскага аб жыцці роднага народа і навуковых даследаваннях у вобласці этнаграфічнай спадчыны беларусаў.

Для разумення накіраванасці працы этнографа-археалагічнага Таварыства трэба засяродзіць увагу на праграме паседжання, для якога Стаброўскі склаў свой план: 1. Статыстычныя дадзеныя аб колькасці беларусінаў і пасяленняў; 2. Геаграфічны і кліматычны агляд краю; 3. Тыпы фізічнай уласнасці; 4. Харчаванне; 5. Адзенне; 7. Жыллё; 8. Камунікацыі; 10. Шлюб, гадаванне дзяцей; 11. Маральнасць; 12. Грамадскія сабранні;13. Эканамічны і сацыяльны строй;14. Рэлігійныя абрады, забабоны; 15. Святы, забавы, пахаванне; 16. Паданні, песні; 17. Хваробы і іх лячэнне і знахарства; 18. Беларусінская мова [4, арк. 4].

Пасля заснавання СЭАТ Стаброўскі І.І. распачаў археалагічнае вывучэнне тэрыторыі вакол уласнага маёнтка “Орлавічы”. Тут ён сутыкнуўся з праблемай разбурэння курганнага могільніка на вясковых могілках. Таму 27 красавіка 1927 года Стаброўскі накіраваў у Навагрудскае ваяводскае кансерватарскае ўпраўленне пісьмо з прапановай прыняць пад ахову тэрыторыю курганнага могільніка ў Орлавічах і пераноса сучасных могілак на вылучаны Стаброўскім участак. Да пісьма быў прыкладзены сітуацыйны план (накід) у маштабе 1:8400. На заклік Стаброўскага адгукнуўся кіраўнік Польскага Цэнтральнага археалагічнага музея ў Варшаве Раман Якімовіч. У Орлавічах было выяўлена каля 50 курганаў, размешчаных на паверхні каля аднаго гектара. Тры з іх 27-28 мая 1927 года былі даследаваны [5, с. 154]. Пры актыўным удзеле Стаброўскага І.І., дзякуючы выдзеленаму ім пад новыя могілкі кавалку зямлі, у Орлавічах у 1930 годзе з’явіўся археалагічны парк [5, с. 153].

Акрамя курганаў каля Орлавіч, знаходзячыся на пасадзе кіраўніка СЭАТ, Стаброўскі выявіў два курганы на могільніку вёскі Рахавічы. У адным кіламетры на поўдзень ад вёскі Багданавічы, ва ўрочышчы Самілава, каля могільніка, пры капанні пяску Стаброўскі знойшоў спаленне дыяметрам 2,5 м і глыбінёю 1,5 м. На адлегласці ў 0,5 км ад Багданавіч, ва ўрочышчы “Жукаўшчызна”, летам 1927 года пад час узворвання быў знойдзены жэрнавы камень з грубазярністага граніту [6, с. 175-176]. Актыўную дапамогу ў арганізацыі археалагічных даследаванняў Стаброўскаму аказвалі сябры СЭАТ.

СЭАТ пад кіраўніцтвам Стаброўскага І.І. вяло даследаванні гісторыі роднага края, займалася зборам прадметаў гістарычнага характару, арганізавала ў 1924 годзе выставу сабраных старадрукаў, сярод якіх выдзяляўся Статут Вялікага княства Літоўскага, выдадзены ў сярэдзіне XVII ст. на польскай мове, збірала сходы, на якіх прадстаўляліся даследаванні па культуры беларускага народа. Нажаль, па даследаваных дакументах нельга адказаць на пытанне, калі дакладна таварыства спыніла сваю дзейнасць. Хутчэй за ўсё, гэта адбылося ў 1928 годзе, калі ў Слоніме з’явілася аддзяленне Польскага краязнаўчага таварыства, да якога далучыліся прадстаўнікі СЭАТ, у тым ліку і Стаброўскі І.І. Дзейнасць СЭАТ садзейнічала пашырэнню краязнаўчага руху, папулярызацыі вывучэння спадчыны роднага края і падрыхтавала ўмовы для з’яўлення на Слонімшчыне рэгіянальнага музея. Менавіта за час існавання Таварыства Стаброўскі І.І. сабраў вялікую колькасць гістарычных каштоўнасцей, стварыў свае археалагічную і нумізматычную калекцыі. У гэтай працы Стаброўскаму дапамагалі сябры СЭАТ.

Спіс літаратуры:

1.    Дыплом аб сканчэнні Стаброўскім І. І. Маскоўскага археалагічнага інстытута // Слонімскі краязнаўчы музей. – Вопіс калекцыі дакументаў Стаброўскага. - КП 7236 / Д 801.
2.    Копия удостоверения № 19 Высших Археологических Курсов Самарского университета на имя Стабровского И. И. // Слонімскі краязнаўчы музей. – Вопіс калекцыі дакументаў Стаброўскага. - КП 8313/Д 2041.
3.    Инвентарная книга учета экспонатов и материалов Слонимского областного краеведческого музея за 1940-1941 гг. // Государственный архив Гродненской области. – Фонд 2744. – Оп. 1 – Д. 6. – Л. 1-46.
4.    Переписка, протоколы собраний, отчёты о работе Слонимского краеведческого общества и его организаций. Обращение в связи с открытием музея 20.09.29 г. и приездом в г.Слоним президента Польши // Государственный архив Гродненской области. – Фонд 551. – Оп.1 – Д.42. – Л.1-41.
5.    Zabytki z okresu wpływów rzymskich, Średniowiecza i czasów nowożytnych z Białorusi w zbiórach Państwowego Muzeum Archeologicznego w Warszawie / pod redakcją Andrzeja Piotrowskiego. -Warszawa 2005, - S. 154.
6.    Stabrowski Jozef, Notatki archeologiczne z powiatu Słonimskego / Stabrowski Jozef // Wedomosci archeologiczne, t. XIII. – Warszawa, 1935. – S. 175 – 177.