Храм канонікаў-латэран ў Слоніме

Трыццаць гадоў вуліца Першамайская на паўночным захадзе ўпіралася ў пустэчу. Зараз на гэтым месцы размяшчаецца Спаса-Прыабражэнскі сабор. Але менавіта на гэтым месцы больш трох з паловай стагоддзяў таму пачалося будаўніцтва храма ордэна канонікаў-латэран, рэшткі якога былі ўзарваныя ў 1963 г. у сувязі з рэалізацыяй генеральнага плана перабудовы горада.
Пасля абарончых баёў за Слонім (лета, 1941 г.)


У 1650 г. у Слоніме быў закладзены касцёл “Божага Цела” ордэна канонікаў-латэран, а праз тры гады пачалі будаваць кляштар. Італьянскі архітэктар выбраў правобразам касцёла рымскі храм Іль Джэзы. Ён меў форму лацінскага крыжа і ўнутры нагадваў бернардынскі. Храм размяшчаўся на ўзвышшы ў месцы злучэння трох вуліц і вылучаўся масіўным выцягнутым прэсбітэрыюмам, што дапаўнялася барочнымі элементамі і абразамі таленавітага жывапісца Францішка Смуглевіча.
Сродкі на яго будаўніцтва выдзеліў падканцлер ВКЛ Казімір Леў Сапега. Сын Льва Сапегі, які праславіўся заключэннем выгаднай для Княства дамовы з Маскоўскай дзяржавай пад час Смаленскай вайны (1632-1634) і спансіраваннем каталіцкіх ардэноў, сярод якіх былі картэзіане і канонікі-латэране. Памылкова фундатарства пабудовы храма прыпісваюць іншаму сыну Льва Сапегі, маршалку ВКЛ Яну Станіславу, які памёр у 1635 годзе.
Устаўныя канонікі-латэране – адна з найбольш старажытных форм арганізацыі манаскага жыцця рымска-каталіцкай царквы. Яны не маюць сваіх заснавальнікаў, як іншыя ордэны, а іх з’яўленне звязана з Латэранскім Сінодам (1059 г.), пад час якога была зроблена адна з першых спроб барацьбы каталіцкай царквы з тымі працэсамі, якія сталі ў далейшым прычынамі Рэфармацыі. Прадстаўнікі кліра, якія прынялі яго пастановы ў накірунку вяртання царквы на шлях жыцця Апосталаў і сталі практычна іх ажыццяўляць, атрымалі назву “Рэгулярныя канонікі” (або устаўныя). Яны вялі аскетычны вобраз жыцця, што выклікала ў міран пачуццё павагі і з'яўлялася штуршком да ўзнікнення вялікай колькасці падначаленых ім храмаў. Самыя важныя з іх – базіліка св. Іаана Латэрана, Зальцбург і Гурк у Аўстрыіі, Сарагоса і Памплона ў Іспаніі, Памп’е і Камінжы ў Францыі. У 17 ст. з’явіліся яны і на Беларусі, а на 1772 год у Віленскай дыяцэзіі дзейнічала 5 кляштараў канонікаў-латэран.
Ордэн ніколі не быў пад цэнтральным кіраўніцтвам, асобныя капітулы існавалі як асобныя аўтаномныя адзінкі. З цягам часу было заведзена, што кожны рэгулярны канонік належаў да таго дома, дзе ён даваў свае абеты, але яго можна было перавесці ў другі дом у інтарэсах агульнай карысці ордэна ці па любой іншай сур’ёзнай прычыне. У той жа час ён працягваў адносіцца да свайго манастыра. Канонікі-латэране насілі белую адзежу, “каб не змешвацца з міранамі”.
Пры кляштары ў Слоніме дзейнічаў шпіталь, якому кароль Рэчы Паспалітай Ян Казімір надаў права атрымання маставога збору.
Вялікую ўвагу ордэн надаваў адукацыі. Так, у 18 ст. у горадзе пры манастыры канонікаў-латэран дзейнічала школа, дзе па праграме езуітаў навучаўся 71 вучань. А пасля закрыцця езуіцкай рэзідэнцыі, яе плошчы таксама патрапілі да ордэна.
Касцёл "Божага цела" (малюнак ХІХ ст.)

У 1843 г. касцёл “Божага Цела” быў скасаваны і перададзены праваслаўнай царкве. У 1846 тут пачаў працу Спаса-Прыабражэнскі сабор, назва якога была перанесена ад згарэлай драўлянай царквы 16 ст., якая месцілася побач.  Дах паменшылі і дабудавалі 4 вежкі, але храм захаваў свой барочны характар. На месцы разабранага кляштара паўстаў гарадскі парк. А канонікі-латэране пакінулі горад.
Спаса-Прыабражэнскі сабор(20-я гг. ХХ ст.)

У 1941 г. падчас чэрвеньскіх баёў храм быў пашкоджаны: абваліўся купал, была разбурана званіца. Складзены археолагам І.І. Стаброўскім план па адбудове сабора не атрымаў падтрымкі ў колах грамадскасці, а спробы аднавіць у ім працу ў перыяд нямецкай акупацыі не былі рэалізаваны. Канчаткова яго рэшткі былі ўзарваны ў 1963 г. Больш трыццаці гадоў гэтае месца пуставала, пакуль у 1994 г. не пачаліся працы па пабудове праваслаўнага храма. 20 мая 2002 года, пад час свята Жыровіцкага абраза Божай Маці, яшчэ недабудаваны храм наведаў Патрыярх Маскоўскі і ўсяе Русі Алексій. Будаўніцтва сабора было завершана ў 2005 годзе.

А памяць пра ордэн канонікаў-латэран на зямлі нашай Бацькаўшчыны занеслі векавыя пяскі гісторыі.