Міхаіл Маркс
нарадзіўся ў 1859 годзе ў Слоніме. У ранняй маладосці ён эміграваў у Англію,
дзе пасяліўся ў Лідсе. Слабое веданне англійскай мовы кампенсавалася
кемлівасцю, дзякуючы чаму ён знайшоў працу ў кампаніі “Барран”, якая наймала на
працу яўрэйскіх эмігрантаў.
У 1884 годзе Міхаіл
пазнаёміўся з Айзекам Дзьюхерстам, з якім заключыў дамову на продаж тавараў са
складоў у ваколіцах Лідса. Хутка за выручаныя грошы ён змог арандаваць краму на
адкрытым гарадскім рынку. Але гэта не задавольвала яго і Міхаіл стаў актыўна
пашыраць сваю справу: арандаваў месца на новым крытым рынку ў Лідсе. Сваю краму
ён назваў "Пенсавы кірмаш Маркса", пры ўваходзе над
якім красавалася шыльда: “Не пытай кошт, любы тавар каштуе адзін пенс". У
той час нельга было купіць усё ў адной краме. Кожная крама гандлявала
вызначаным таварам і мела сваё кола кліентаў. Міхаіл Маркс вырашыў змяніць
заведзены парадак і праз
год ён ужо адчыніў такія шапікі па ўсім Ланкашыры і Ёркшыры. У 1893 годзе Міхаіл
пераехаў у Манчэстар, дзе праз год адчыніў яшчэ адну краму, у якой жыў сам.
Маркс рызыкаваў,
укладваючы усе сродкі ў новыя шапікі. Дадзеныя крокі не падтрымліваў стары
кампаньён Дзьюхерст. Але Дзьюхерст перадаў прапанову Міхала свайму касіру Тому
Спэнсеру, які ўклаў у справу Маркса 300 фунтаў. Гэта стала пачаткам новага
партнёрства: Маркс стаў займацца гандлем, а Спэнсер сачыў за цэнтральным офісам
і складамі. Дзякуючы дзелавым сувязям Тома, кампанія змагла
панізіць кошты на тавары, працуючы напрамую з вытворцамі. Больш стагоддзя
M&S захоўвае прынцып працы сваіх стваральнікаў: “Тавар павінен быць танным,
яго павінна быць шмат і розных выглядаў”.
Паступова M&S перайшлі
ад шапікаў да крытых крамаў. У 1903 годзе прадпрыемства стала кампаніяй з
абмежаванай адказнасцю. Галоўны офіс знаходзіўся ў Манчэстары, а аддзяленні – у
Бірмінгеме, Ліверпулі, Брыстолі і шэрагу іншых гарадоў. У адным толькі Лондане
іх мелася цэлых сем.
Праз год Том Спэнсер адышоў на
адпачынак. На гэты момант яго 300 фунтаў ператварыліся ў
15000. Памёр
ён у 1905 годзе. Міхал Маркс перажыў яго на два гады і памёр 31 снежня 1907
года.
Сёння M&S з’яўляюцца адной з вядучых сетак магазінаў Англіі, з больш за 600 крамамі ў Вялікабрытаніі і яшчэ
больш за 200 у 40 іншых краінах. Галоўная адметнасць і крыніца поспеху M&S
- выдатна падрыхтаваны гандлёвы персанал. Пры прыёме на працу на першае месца
ставяцца ветлівасць, аператыўнасць, творчы падыход нават да самай простай
справы. Ад гандлёвых мэнэджараў шмат патрабуюць, але пры гэтым і ўмовы працы
для іх ствараюцца выдатныя! У кампаніі ёсць асабісты штат лекараў (у тым ліку і
дантыстаў), цырульнікаў і нават манікюрнікаў. Іх паслугамі можа скарыстацца
кожны супрацоўнік. А на абед кожны прадстаўнік гандлёвага персанала штодня
атрымлівае 40 фунтаў. Да таго ж у якасці касавых апаратаў у M&S усталяваны
персанальныя кампутары на базе найноўшых працэсараў. Кожны з іх трымае ў сваёй
памяці поўны прэйскурант, так што пакупнік можа аплаціць ёгурт, напрыклад, у
аддзеле мэблі. "Галоўнае, каб кліенту было зручна", - лічаць у
M&S.
Інтэрнэт
дапамагае кампаніі M&S павышаць эфектыўнасць усяго ланцужка паставак ад
вытворцы да пакупніка, што дазваляе эканоміць мільёны даляраў. Інтэрнэт
практычна імгненна даносіць усе навінкі да самай шырокай аўдыторыі. Пакупнікам
патрэбныя ўсё новыя і новыя мадэлі, таму на сайце кампаніі калекцыі адной
толькі адзежы абнаўляюцца ўжо не 4, а 6 раз у год. "Жалезная ледзі"
Маргарэт Тэтчэр, якая закупляла
адзенне ў M&S неяк сказала, што "Маркс і Спенсер
перамаглі Маркса і Энгельса".
Галоўнымі
прынцыпамі кампаніі, заснаванай нашым земляком з’яўляюцца наступныя:
"Ставячы на першае месца людзей, вы ніколі не зробіце памылкі нават у
пытаннях стварэння грошай" і "Калі не зразумела, як трэба паступіць,
то заўсёды прытрымлівайся правіла - лепш даць падначаленым больш, чым яны
зарабілі, чым недадаць імі заробленага".
Сёння
супермаркеты M&S нічым не падобныя на "Пенсавыя кірмашы Маркса".
Іх вылучаюць велізарныя гандлёвыя залы, тысячы пакупнікоў, мільённыя прыбыткі.
У такіх гандлёвых комплексах першая крама Міхаіла Маркса цяпер была б не
большая аддзела шнуркоў і гузікаў! Аднак у аснове працы і сённяшніх гандлёвых
"гігантаў", і ўчарашніх "пенсавых ліліпутаў" ляжыць
галоўнае правіла - шопінг кожнага кліента павінен быць прыемным і камфортным.