СЛОНІМСКІ КРАЙ - НОВЫ КРАЯЗНАЎЧЫ БЮЛЕТЭНЬ!

Першая старонка
краязнаўчага бюлетэня
"Слонімскі край"
Вось  і  дачакаліся  мы  гэтай падзеі.  Слонімшчына,  нарэшце, мае  сваё  краязнаўчае  выданне! Сціплае,  яшчэ  ў  нечым недасканалае,  але  зробленае з  шчырай  любоўю  да  нашай слонімскай зямлі, да яе гісторыі. Яно  з’явілася,  дзякуючы намаганням  некалькіх краязнаўцаў. Хтосьці з нас жыве ў  Слоніме,  кагосьці  лёс  закінуў у  іншыя  гарады  Беларусі,  але сувязь  з  родным  горадам  з-за гэтага не губляецца.
У  2000  годзе  з’явіліся два  нумары  краязнаўчага квартальніка  “Слонімскі  край”. На  жаль,  ён  тады  спыніў  свой выхад і ўжо не аднавіўся. Нашае выданне — новае. Пакуль мы не маем магчымасці рабіць часопіс, выдаем  бюлетэнь.  Спадзяемся, што  зробім  яго  перыядычным выданнем,  цікавым  для слонімцаў,  якія  хочуць  ведаць пра мінуўшчыну свайго краю.
“Слонімскі  край”  з’явіўся  не на  пустым  месцы.  Перад  намі працавалі  такія  краязнаўцы, як  Язэп  Стаброўскі,  Гальяш Ляўковіч,  Годэль  Гольдберг, Віктар  Клімкевіч,  Сяргей Новік,  Васіль  Супрун,  Міхаіл Рылко  ды  шмат  іншых.  Іх напрацоўкі, планы, ідэі будуць намі  ўлічвацца,  развівацца. Спадзяемся,  гэтая  повязь, пераемнасць  захаваецца  і  ў будучыні.
Наша  зямля  багатая  на помнікі,  знакамітых  людзей  і гістарычныя падзеі. З небыцця вяртаюцца  шматлікія  старонкі айчыннай  гісторыі,  у  выніку чаго  высвятляецца,  што  край наш хавае яшчэ шмат таямніц.
Некаторыя  нумары  “СК” будуць  тэматычныя.  Тэма гэтага  нумару  —  “Таямніцы слонімскай гісторыі”.
Рэдакцыя  заклікае  да супрацоўніцтва  краязнаўцаў, даследчыкаў.  Чакаем  вашых матэрыялаў.  Кожны  слонімец, дзе  б  ён  не  жыў,  можа падзяліцца на старонках нашага выдання  сваімі  разважаннямі, успамінамі  пра  сваю  малую радзіму.
***
Замовы  на  атрыманне электроннай  версіі будучых нумароў  “СК” дасылайце  на  нашу  пошту: slonimskikraj@gmail.com