Спампаваць № 7 "СК" - тут.
Пабачыў свет сёмы, жнівеньскі нумар краязнаўчага бюлетэня
“Слонімскі край”. Ён адкрываецца двума тэкстамі, прысвечанымі Першай сусветнай
вайне. 7-11 верасня 1915 года слонімскае Замосце было амаль цалкам знішчана ў
выніку боя паміж нямецкімі і рускімі войскамі. На 40 месяцаў пачаўся перыяд
акупацыі. Таксама тэме Першай сусвенай вайны прысвечаны артыкул “Крывавым
следам”. З калекцыі Язэпа Стаброўскага”.
У Слонімскім раённым гісторыка-краязнаўчым музеі
захоўваецца цікавы фотаальбом, складзены заснавальнікам музея і
ўдзельнікам Першай сусветнай вайны
Язэпам Язэпавічам Стаброўскім (1870-1968). Даецца
характарыстыка змешчаных у ім фотаздымкаў.
“Слонімскі край” працягвае распавядаць пра слонімскія
кінатэатры, на гэты раз пра міжваенныя – “Вясёлку” і “Мадэрн”.
Адзін з тэкстаў прысвечаны даследаванню старажытнага
Слоніма ваўкавыскім археолагам Георгіем Пехам. У нумары таксама маецца ўрывак са
справаздачы пра раскопкі Слоніма ў 1959 годзе.
У рубрыцы “Рэдкія выданні” змешчаны матэрыял пра першую
кнігу, прысвечаную Жыровічам і напісаную польскім гісторыкам і публіцыстам
Валер’янам Харкевічам. Кніга з’явілася ў 1930 годзе і была накіраваная ў першую
чаргу для ўдзельнікаў рэлігійных пелігрымак.
Адзін з тэкстаў прысвечаны невялічкай слонімскай рачулцы “Вельжабцы”.
Шмат матэрыялаў пра таленавітых ураджэнцаў Слонімшчыны. Тут і ўнук паўстанца 1863-1864 гадоў Войцех Корчыц, і Віталь
Скалабан, і Хаім Лейба Шымон Скідзельскі. Два тэкста распавядаюць пра псеўданімы
вядомых слонімскіх дзеячоў – паэтаў Іверса і Леўчыка.
Заснавальнікамі і выдаўцамі краязнаўчага бюлетэня
"Слонімскі край" з'яўляюцца: Васіль Герасімчык (рэдактар нумару),
Сяргей Ёрш і Сяргей Чыгрын.