КРАЯЗНАЎЧЫ РУХ У СЛОНІМСКІМ ПАВЕЦЕ Ў 1921-1939 ГГ. ГЛАВА 2 УМОВЫ РАЗВІЦЦЯ КРАЯЗНАЎЧАГА РУХУ

2.1 Слонімскі павет у 1921-1939 гг.

 Пачатак станаўлення краязнаўчага руху ў Слонімскім павеце адбываўся пасля заключэння 18 сакавіка 1921 года ў Рызе мірнага дагавора паміж Савецкай Расіяй і Другой Рэччу Паспалітай, паводле якога каля 113 тысяч км² тэрыторыі Беларусі з насельніцтвам звыш 4 млн чалавек перайшлі ва ўладанне польскай дзяржавы. Анексіраваная тэрыторыя Беларусі была падзелена на ваяводствы, паветы і гміны. У склад адноўленага 4 лютага 1921 г. згодна гістарычнай традыцыі Навагрудскага ваяводства ўвайшоў Слонімскі павет, які адпавядаў тэрыторыі даваеннага Слонімскага ўезда.
Слонімскі павет у міжваенны час
У часы Расійскай імперыі Слонімскі ўезд займаў плошчу ў 7138 км², дзе ў 1912 г. пражывала 291 тысяча чалавек (41 чал/км²), з якіх каля 23 тысяч жылі ў горадзе Слоніме. Паводле дадзеных перапіса 1897 г. 10% жыхароў павета былі каталікамі, 74% праваслаўнымі, а 15% - габрэямі. Павет вылучаўся сваімі памешчыцкімі маёнткамі (36 з больш 1000 дзесяцін), вакол якіх канцэнтраваліся 40% ворыўнай зямлі [103, s. 30]. Напярэдадні першай сусветнай вайны ў Слоніме існавалі шэраг прадпрыемстваў, на якіх працавалі каля 4 тысяч чалавек: 4 лесапільныя заводы, 2 паравыя млыны, 2 суконныя фабрыкі, 2 фабрыкі фіранак, 7 гарбарань, 2 фабрыкі цвікоў, фабрыка сельскагаспадарчых машын, фабрыка запалак, пергамента, мыла, 2 фабрыкі дражджэй, 2 цагляныя заводы. У горадзе з 1896 г. дзейнічаў вадаправод, які належаў заможнаму прадпрымальніку Хершу Коніцу, а ў 1897 г. узнікла пажарная ахова. Дзейнічалі жаночая гімназія, рэальная школа, бібліятэка, асветніцкае таварыства [96, s. 14]. Пасля заканчэння савецка-польскай вайны вёскі павета былі спустошаны, а ў Слоніме засталося ўсяго каля 500 гарадскіх пабудоў, у той жа час было разбурана 59 мураваных і 798 драўляных будынкаў, пашкоджаны ўсе масты, вуліцы і дарогі [67, с. 94]. Праязджаючых праз горад падарожных уражвала карціна ўздымаючыхся ў неба комінаў, якія былі падобныя на надмагіллі перапоўненых за гады вайны могілак.
Прэзідэнт Другой Рэчы Паспалітай Ігнацы Масціцкі
на адкрыцці школы ў Слоніме
Ваенныя знішчэнні, спыненне гандлю з традыцыйнымі цэнтрамі на ўсходзе, дзе паўстала Савецкая Беларусь выклікалі скарачэнне колькасці насельніцтва павета да 116151 чалавека (24,8 чал/км²), у выніку чаго Слонім, у якім на 1921 г. пражывалі 9643 чалавека захаваў толькі лакальнае значэнне. 23770 жыхары краю былі каталікамі, 76791 праваслаўнымі, 15318 старазаконнікамі і 272 іншых веравызнанняў [110, s. 25]. Большасць насельніцтва павета жылі за кошт сельскай гаспадаркі (96746 чалавек) і промыслаў (7798) [110, s. 132]. 3566 чалавек займаліся гандлем [110, s. 133]. 1790 чалавек з’яўляліся служачымі, сярод якіх 516 працавалі ў сферы адукацыі [110, s. 132]. 51% насельніцтва павета не ўмелі чытаць (60181 чалавек), сярэдні ўзровень адукацыі мелі толькі 236 чалавек (198 мужчын і 38 жанчын), вышэйшы – 119 (101 мужчына і 18 жанчын) [110, s. 41].
Зімовы міжваенны Слонім
У 1921 г. Слонімскі павет складаў пятую частку Навагрудскага ваяводства і займаў плошчу ў 4689,9 км², саступаючы толькі Лідскаму (5723,8 км²). Павет дзяліўся на 18 гмін і на яго тэрыторыі размяшчаліся 1002 населеныя пункты, прычым 166 з іх былі незаселенымі. [110, s. 2]. Пасля адміністрацыйнай рэформы 1928 г. са складу павета былі выключаны 4 гміны, якія адышлі да Баранавіцкага (Дабрамыская і Моўчадская) і Навагрудскага (Дварэцкая і Здзітаўская), а Слонімскі да 1939 г. уключаў наступныя гміны: Быценьская, Дзераўноўская, Дзявяткавіцкая, Дзярэчынская, Жыровіцкая, Казлоўшчынская, Кастровіцкая, Курылавіцкая, Міжэвіцкая, Раготнаўская, Старасельская, Чамяроўская, Шылавіцкая і Слонім (як гміна).
Першыя пасляваенныя гады (1921-1924 гг.) былі часам аднаўлення эканомікі і інфраструктуры края. У гэты перыяд былі адбудаваныя большасць знішчаных дамоў, працоўных майстэрань і гандлёвых пляцовак. У Слоніме было адбудавана 63 мураваныя і 547 драўляныя будынкі [67, с. 95] Паступова павет вяртаўся да нармальнага жыцця. Былі адноўленыя 5 лесапільных заводаў, 8 млыноў, фабрыка абутку [117, s. 49].
З тэрыторыі Савецкай Расіі накіроўваецца хваля рэпатрыянтаў, якія вярталіся на свае родныя мясціны і садзейнічалі матэрыяльнаму аднаўленню зруйнаванай за гады вайны тэрыторыі Слонімскага павета. Слонімскім землякам вялікую дапамогу аказвалі амерыканскія габрэі, дзякуючы чаму паступова стаў развівацца гандаль і рамёствы.
На пачатку 1922 г. у Слонім прыбыў 79 полк пяхоты Слонімскіх стральцоў, які падчас вайны называўся Беластоцкім, і 80 полк пяхоты Навагрудскіх стральцоў. Яны рамяшчаліся ў горадзе да лета 1939 г. З’яўленне гэтых палкоў, з аднаго боку, садзейнічала ажыўленню грамадскага жыцця, але ў той жа час, з другога, прывяло да “рэнесансу польскасці” [117, s. 49]. Своеасаблівая сітуацыя ў павеце, якая выдзяляла яго на агульным фоне Заходняй Беларусі і Другой Рэчы Паспалітай у цэлым, прывяла да таго, што ваенныя з першых дзён зарэкамендавалі сябе як актыўная частка грамадства. У той жа момант першапачаткова ў большасці сваёй жаўнеры нічога агульнага са Слонімам і паветам не мелі, адасобіўшыся ад гараджан пражываннем ў спецыфічным “гета” побач з казармамі, пабудаванымі яшчэ ў 1901 г. Два палкі жаўнераў са сваімі сем’ямі, якія з’яўляліся асноўнай часткай каталікоў павета, змянілі рэлігійную сітуацыю ў горадзе: у 1931 г. у Слоніме з 16282 чалавек 23% з’яўляліся каталікамі, 11% праваслаўнымі, 2% мусульманамі і 64% габрэямі [98, s. 25]У адным з казарменных будынкаў захавалася заля, у якой жаўнеры ставілі аматарскія тэатральныя спектаклі, арганізоўвалі балі і прадстаўленні, апелюючы да традыцый часоў Агінскага. Гэта садзейнічала збліжэнню ваенных з мясцовым гарадскім насельніцтвам. 15 ліпеня 1923 г. 79 палку Слонімскіх стральцоў жыхары горада падчас урачыстага мерапрыемства ўручылі штандар. Ганаровае грамадзянства Слоніма было нададзена палкоўніку Мар’яну Туркоўскаму [117, s. 49], камандзіру палка, сябру слонімскага аддзела ПКТ. У 1918-1920 гг. ён кіраваў батальёнам Беластоцкага палка стральцоў, традыцыі якога пераняў 79 пяхотны полк. У Слоніме дзейнічалі арганізацыі жаўнераў: Саюз падафіцэраў рэзерву і Саюз вайсковых сем’яў.
Жаўнеры 79-га палка пяхоты Слонімскіх стральцоў
каля Гарнізоннай царквы ў Слоніме
Пасля заканчэння вайны распачалася арганізацыя польскай адміністрацыі, якая завяршылася ў 1923 г. У кароткі тэрмін шляхам выбараў з ліку мясцовых жыхароў былі створаны вясковыя і гарадскія рады. Дэлегаты гмінных і гарадскіх радаў утваралі павятовы сеймік, кіраўніком якога з’яўляўся стараста, які адначасова спалучаў дзяржаўную уладу з самакіраўніцтвам.
Акрамя тэрытарыяльнага ўзнікалі прафесіянальныя самакіраванні для гандлю, рамёстваў і промыслаў, арганізацыі тыпу прафесійных саюзаў, культурна-асветніцкіх, спартыўных і інш аб’яднанняў. Дадзеныя мерапрыемтсвы садзейнічалі арганізацыі прац па матэрыяльнаму аднаўленню тэрыторыі Другой Рэчы Паспалітай.
Асаблівасцю Слоніма была наяўнасць у ім моцнай татарскай абшчыны. Нездарма першым бурмістрам горада стаў татарын па паходжанні палкоўнік польскай арміі Байрашэўскі, афіцэр царскай арміі, стваральнік у 1919 г. у Гродна палка татарскіх коннікаў, на дачцэ якога ў 1931 г. ажаніўся вядомы слонімскі археолаг І.І.Стаброўскі. У 1867 г. у горадзе пражывала 362 мусульманіна, у 1878 г. – 492, у 1938 г. – 413, што з’яўлялася чацвёртым паказчыкам ва ўсёй Другой Рэчы Паспалітай, дзе налічвалася 6006 мусульман (766 чалавек у Навагрудку, 483 у Мураўшчызне-Іўі, 460 у Докшыцах) [6, с. 54]. Да сённяшняга часу ў 5 км ад горада захаваўся мусульманскі мізар (могілкі), якому больш двухсот гадоў, дзе пахаваны не толькі мясцовыя мусульмане, але і жаўнеры-мусульмане часоў першай сусветнай вайны з Уфімскай, Казанскай і Самарскай губерняў. З адстаўных мусульманскіх салдат у Слоніме быў створаны атрад стралкоў пад камандаваннем маёра Давіда Яновіч-Чаінскага.
У Слоніме дзейнічала Мусульманскае культурнае таварыства, татарская абшчына заснавала бібліятэку і дзіцячы ансабль. Сваёй дзейнасцю вылучаўся настаўнік Давід Мількамановіч. Муадзім Слонімскай мячэці Сулейман Шчэнсновіч вучыў дзяцей рэлігіі [6, с. 54].
Слонімскія татары
У 1924 г. падчас паездкі па “Крэсах Усходніх” Слонімскі павет і горад наведаў прэзідэнт Рэчы Паспалітай Станіслаў Вайцэхоўскі. Гэтая падзея сімвалічна засведчыла аднаўленне пасляваеннага жыцця краю. У параўнанні з даваенным часам значна змянілася інфраструктура горада, была пашырана вадаправодная сетка, якая на пачатку 30-х гадоў налічвала каля 8 км, перабудавана энергетычная сістэма, пабудаваны 2 шпіталі (дзяржаўны і камунальны), некалькі амбулаторый. Развіццю сельскай гаспадаркі садзейнічалі Сельскагаспадарчая ізба, Арганізацыя сельскагаспадарчых гурткоў, Гурток вясковых гаспадынь і сельскагаспадарчыя школы ў Грыбаве і Жыровіцах, але ў асноўным сяляне карысталіся традыцыйнымі спосабамі апрацоўкі зямлі і перадаваемымі з пакалення ў пакаленне прыладамі працы. Слонімскі павет быў сельскагаспадарчым рэгіёнам з нізкарэнтабельнай гаспадаркай. Сярэднія надзелы сялян складалі 5-6 га з балотамі і непрыгоднымі нарэзамі (імхі, пясчаныя пусткі) і ўраджайнасцю 4-6 ц/га [67, с. 100].
У 1924-1928 гг. назіраецца рост эканомікі павета, але эканамічны крызіс прывёў да рэзкага яе спаду. У параўнанні з 1924 на 1933 г. значна змянілася гаспадарчая карціна павета, патэнцыял якога зменьшыўся на 11% [117, s. 49]. Былі ліквідаваны многія прамысловыя прадпрыемствы, сярод якіх цагельня, зменьшылася дзейнасць шэрагу рамесных майстэрань і гандлёвых пляцовак, у 1931 г. у Слоніме былі зарэгістраваны 619 беспрацоўных [67, с. 95]. Завяршаецца фарміраванне дрэванарыхтоўчай спецыялізацыі павета, што адпавядала агульнай сітуацыі ў Заходняй Беларусі, якая пераўтваралася ў сыравінны прыдатак Другой Рэчы Паспалітай. У 1933 г. у горадзе існавалі 6 вялікіх лесапільных заводаў, 25 малых і 7 буйных фірмаў па эксплуатацыі лясоў. Слонімскі лес экспарціравалі ў Францыю, Англію і Германію. Дробныя сялянскія гаспадаркі чэрпалі дадатковы заробак за кошт транспартыроўкі леса.
Слонімскі рынак на месцы сённяшняй плошчы Леніна
У 1931 г. у Слонімскім павеце плошчаю 3068 км² пражывалі 126510 чалавек (41,2 чал/км²) [98, s. 2]. Паводле веравызнання 23817 чалавек з’яўляліся каталікамі, 877 грэка-каталікамі, 88847 праваслаўнымі, 12344 іудзеямі, а 308 чалавек “іншыя нехрысціяне” [98, s. 23]. Большасць насельніцтва сваёй роднай мовай лічыла беларускую мову (62434), на другім месцы па распаўсюджанасці знаходзілася польская (52313), прычым больш паловы сланімчан падавалі яе за сваю родную (8452), у той жа час гэтая частка насельніцтва “штодзённа часцей ужывае беларускую мову, аднак іх моваю культуры, якою карыстаюцца ў асноўным падчас малітвы, абслугоўвання, у школе з’яўляецца толькі польская” [112, s. ХХІ]. Па другому перапісу жыхароў Рэчы Паспалітай у Слонімскім павеце была вялікая група людзей, якія карысталіся “жыдоўскай” (9193, з іх 5927 у Слоніме) і “габрэйскай” мовамі (865, з іх 756 у горадзе) [112, s. 25]. Асноўная частка жыхароў павета займалася сельскай гаспадаркай (96390), гандлем толькі 3946. У павеце налічвалася 2153 служачых, з іх 519 паліцэйскія, 807 спецыяліста сферы адукацыі, 468 медыцынскія супрацоўнікі [112, s. 175].
Падчас эканамічнага крызіса ў Слоніме адбыліся буйныя забастоўкі рабочых сталярных майстэрняў (1929 г.), будаўнікоў электрастанцыі (1931 г.) і забастоўка на лесараспрацоўках (1934 г.).
Пасля сусветнага крызіса, які прывёў да рэгрэсу эканомікі павета, у 1933 г. пачынаецца паступовы рост. Былі створаны 12 малых гарбарань, 1 фабрыка мыла, 1 па вытворчасці свечак, 2 па вытворчасці алея, 3 кафлярні, 4 па вытворчасці бетона, 2 цагельні, 3 па вытворчасці ліманаду, 1 трыкатажная фабрыка, 2 паравыя млыны і 1 прадзільня воўны, картонна-папяровая фабрыка ў Альберціне [117, s. 50]. Аднак на прамысловых прадпрыемствах Слоніма ў 1933-1934 гг. было занята ўсяго каля 450 працоўных, а ў 1938 г. – каля 900 [67, с. 99].
Слонім. Вуліца Г. Сенкевіча (сённяшняя Першамайская)
У гэты час у Слоніме дзейнічала вялікая кольскасць арганізацый: Саюз габрэйскіх купцоў, Саюз дробных купцоў, Таварыства ўзаемадапамогі ўласнікаў нерухомасці, Таварыства габрэйскіх рамеснікаў, Таварыства хрысціянскіх рамеснікаў і цэхі сталяроў, мяснікоў, муляроў, фрызёраў, пекараў, маляроў, аб’яднаны цэх шаўцоў, рымароў і гарбароў. Існавалі Саюз супрацоўнікаў гандлю і бюро, Саюз польскага настаўніцтва, прафесійны саюз гарадскіх рабочых, прафесійны саюз дзяржаўных служачых, прафесійны саюз супрацоўнікаў лясной прамысловасці і некваліфікаваных рабочых, прафесійны саюз настаўнікаў габрэйскіх сярэдніх школ.
Аднак наяўнасць рознага кшталту аб’яднанняў не давала магчымасці рэалізацыі дэкларуемых правоў для развіцця беларускай культуры, мовы і асветы. Гэта выклікала незадаволенасць сярод вясковага насельніцтва Слонімскага павета, што вылілася ў хуткі рост палітычнай актыўнасці сялянства і стварэнні беларускіх палітычных арганізацый і партый. Актывізацыі дадзенага руху садзейнічала дзейнасць створанай ў лістападзе 1922 г. у польскім Сейме Беларускай нацыянальнай фракцыі.
У 1922 г. у Слоніме была арганізавана камуністычная група, якая ў 1926 г. налічвала некалькі соцен членаў і пачала сваю дзейнасць Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя. У 1924-1925 гг. на тэрыторыі павета дзейнічала некалькі ўзброеных партызанскіх груп пад кіраўніцтвам Сяргея Радкевіча, якія 3 лістапада 1924 г. спынілі цягнік каля станцыі Лясная і раззброілі ехаўшых на ім афіцэраў і паліцыю.
У 1925 г. у Слонімскім павеце пачала дзейнічаць Беларуская сялянска-работніцкая грамада (БСРГ), якая ставіла на мэце стварэнне ўмоў для дэмакратычнага развіцця свабоднай беларускай нацыі, разумеючы пад гэтым барацьбу за незалежнасць, культуру, школы, роўнасць і дабрабыт народа. У 1927 г. арганізацыя на тэрыторыі Заходняй Беларусі налічвала 18 павятовых камітэтаў і каля 120 тысяч сяброў, з якіх 15 тысяч знаходзіліся ў Слонімскім павеце і былі аб’яднаны ў 167 гурткоў [67, с. 96]. У ліпені 1926 г. павятовы каміэт БСРГ правёў у Слоніме дэманстрацыю і мітынг, на якім прысутнічала каля 600 чалавек. Арганізацыя была афіцыйна забаронена 21 сакавіка 1927 г.
Актывізавала сваю дзейнасць Таварыства беларускай школы (ТБШ). У 1926-1927 гг. Слонімскаму павятоваму школьнаму інспектарату было пададзена 1106 заяў з просьбай адкрыць 65 беларускіх школ. У выніку былі адчынены тры беларускамоўныя школы. У 1928 г. гурткі ТБШ налічваліся ў 54 вёсках павета. Былі створаны грамадскія бібліятэкі ў Вострава, Вялікай Кракотцы, Чамярах. Аднак у лютым 1928 г. у Слонімскім павеце пачаліся арышты актывістаў ТБШ, што прывяло на пачатку 30-х гг. да спынення яе дзейнасці ў павеце. Афіцыйна арганізацыя была забаронена ў 1936 г.
Міжваенны Слонім
На тэрыторыі павета актывізавала сваю працу Камуністычная партыя Заходняй Беларусі, два ўдзельнікі якой (Ігнат Дварчанін і Павел Крынчык) сталі дэпутатамі Сейма і ў лютым 1929 г. увайшлі ў Беларускі пасольскі клуб “Змаганне”, аднак у верасні 1930 г. фракцыя была забаронена. У 1933-1935 гг. Камуністычнае падполле ў павеце было разгромлена, а 150 яго актывістаў былі арыштаваныя [67, с. 97].
У 1933 г. у горадзе існавалі 4 дзяржаўныя пачатковыя школы, 2 настаўніцкія семінарыі, 1 гімназія сумеснага навучання, 3 дзіцячых сады, 10 габрэйскіх школ, 1 габрэйская гімназія, 1 талмудычная навучальная ўстанова “Jeszywa” і 1 мусульманская школа, 3 бібліятэкі (каля 700 чытачоў). Такая сітуацыя была да 1939 г. [117, s. 50]. Пасля школьнай рэформы 1935 г. была ліквідавана настаўніцкая семінарыя. У адпаведнасці з новай сістэмай ўзніклі адна гімназія і ліцэй агульнага навучання імя Т.Касцюшкі. Жаночая настаўніцкая семінарыя сясцёр-непакалянак таксама была ператворана ў жаночую гімназію. У Слонімскім павеце да 1939 г. дзейнічалі 127 пачатковыя школы, у якіх вучыліся каля 12 тысяч дзяцей і працавалі 185 настаўнікаў. Аднак не ўсе мелі магчымасць скончыць 7 класаў, большасць вучняў завяршалі навучанне пасля 4 гадоў. Сярэднія школы былі платныя і таму былі даступныя не ўсім. Існавалі таксама спецыялізаваныя школы, як, напрыклад, сельскагаспадарчая школа ў Грыбаве, або сярэдняя сельскагаспадарча-лясная школа ў Жыровіцах, якая рыхтавала кадры для працы ў лясніцтве і сельскагаспадарчым надзоры. Для моладзі, якая рыхтавалася для рамесных прафесій існавала прафесійная школа пры асноўнай школе №2 на Замосці, без заканчэння якой вучань не мог атрымаць пасведчанне чалядніка. У сярэдзіне 30-х гадоў узнікла прафесійная школа для дзяўчын.
Канферэнцыйная заля Слоніскага староства
(фотаздымак Браўна)
Распачалі сваю дзейнасць: Саюз польскіх харцэраў “Sokół”. Сярод габрэйскай моладзі дзейнічалі скаўцкая арганізацыя “Haszomer-Hacair”, маладзёжны легіён “Hechalne-Pionier”, таварыства “Makabi”, а таксама рознага кшталту сіянісцкія арганізацыі, такія як “Frajhajt”, “Poalej Syjon”, “Bejtar” і іншыя. 
У Слоніме знаходзіліся сядзібы:
- павятовага староства,
- гарадскі суд і сядзіба судовага следчага і віцэпракурора,
- павятовая камендатура дзяржаўнай паліцыі,
-аддзяленне і скарбавая каса, установа дзяржаўных акцызаў і манаполій,
- павятовая камендатура дапаўненняў, вайсковы раённы суд і камендатура гарнізону,
- школьная інспекцыя, кіраўніцтва лясніцтва, земскае упраўленне, установы дарог і водных шляхоў,
- паштова-телеграфная установа,
- аддзел агульнага страхавання прадпрыемстваў,
- аддзел грамадскага страхавання (каса хворых).
Гарадскою маёмасцю кіраваў магістрат, які выбіраўся праз гарадскую раду і складаўся з 24 чалавек. У валоданні горада быў лес плошчаю 2694 га і 400 га размешчаных на перыферыі Слоніма зямельных плошчаў, перададзеныя каралём Рэчы Паспалітай Жыгімонтам Аўгустам. Гораду належалі электрастанцыя, бойня, вадаправод, амбулаторыя, шпіталь на 30 ложак і ўласны парк, знаходзіліся 3 паштова-тэлекамунікацыйныя аддзяленні, якія злучалі Слонім з усім светам [117, s. 53].
Камунікацыі павета дапаўняліся аўтобуснымі лініямі да Ружан, Дзярэчына, Баранавіч, Навагрудка і Ваўкавыска. Праз горад праходзіла чыгунка, якая мела непасрэднае злучэнне з Варшавай.
Асаблівасцю Слонімскага павета, на якую звярталі ўвагу краязнаўцы, з’яўлялася наяўнасць некалькіх комплексаў кляштарных пабудоў, у сувязі з чым цэнтр павета атрымаў назву “горад кляштараў” [99, s. 205]. У Слоніме размяшчаліся кляштары бернардзінцаў, сясцёр непакалянак (былы бернардзінак), бенедзіктынак і канонікаў латэран, на тэрыторыі павета таксама знаходзіліся кляштары базыльянаў (Жыровіцы і Быцень) і дамініканцаў (Пескі). Масіўныя кляштарныя комплексы, сярод якіх вылучаўся Жыровіцкі праваслаўны, дапаўняліся непаўторнымі абрысамі сінагогі і касцёла св. Андрэя, а найбольшую цікавасць для наведвальнікаў краю і яго жыхароў уяўляла Сынкавіцкая царква.
Ва ўсходняй частцы гістарычнага ядра Слоніма размешчаны кляштар бернардзінцаў, заснаваны як апорны пункт сістэмы гарадскіх абарончых умацаванняў на сродкі каралеўскага сакратара Андрэя Радвана ў 1630 г. У 1639-1645 гг. быў пабудаваны мураваны будынак, які ў 1864 г. быў пераабсталяваны пад Троіцкую царкву. Касцел тыпу аднанефавай бяскупальнай базілікі з выцягнутым прэсбітэрыюмам, сакрысціямі і паўкруглай алтарнай часткай. Корпус кляштара быў пабудаваны ў 1749 г.
Кляштар бернардзінцаў у Слоніме
У 1650 г. у Слоніме быў закладзены касцёл “Божага Цела” ордэна канонікаў-латэран, а праз тры гады пачалі будаваць кляштар. Сродкі на яго будаўніцтва выдзеліў падканцлер ВКЛ Казімір Леў Сапега, сын Льва Сапегі, які праславіўся заключэннем выгаднай для Княства дамовы з Маскоўскай дзяржавай пад час Смаленскай вайны (1632-1634) і фундацыяй каталіцкіх ардэноў, сярод якіх былі картэзіане і канонікі-латэране. У 1843 годзе касцёл “Божага Цела” быў скасаваны і перададзены праваслаўнай царкве. У 1846 годзе тут пачаў працу Спаса-Прыабражэнскі сабор, назва якога была перанесена ад згарэлай драўлянай царквы 16 ст., якая месцілася недалёка. Дах паменшылі і дабудавалі 4 вежкі, але храм захаваў свой барочны характар. На месцы разабранага кляштара паўстаў гарадскі парк, а канонікі-латэране пакінулі горад. У 1941 г. падчас чэрвеньскіх баёў храм быў пашкоджаны: абваліўся купал, была разбурана званіца. Канчаткова яго рэшткі былі ўзарваны ў 1963 г.
Кляштар бернардзінак быў пабудаваны ў 1664-1670 гг. у традыцыях кляштарных комплексаў эпохі Асветніцтва, абнесены магутнай цаглянай сцяной з барочнай брамай-званіцай. На яго тэрыторыі знаходзіўся касцёл Бязгрэшнага зачацця св. Марыі тыпу аднанефавай бяскупальнай базілікі, інтэр’ер і алтар якога выдзяляліся сваімі дэкаратыўнымі скульптурамі, жывапісам і прыкладным мастацтвам, аформленых суцэльным комплекам скульптарам І. Гедэлем у 1759-1765 гг.. Да касцёла ў 1764 г. быў прыбудаваны двухпавярховы корпус галерэйнай планіроўкі з размяшчэннем ячэек-келляў па ўнутранаму перыметру будынка [37, c. 65].
Кляштар бенедзіктынак на паўднёва-ўсходняй ускраіне горада з’явіўся ў Слоніме ў 1669 г., але ў 1801 г. драўляныя пабудовы былі заменены на мураваныя ў стылі класіцызм. Ансамбль кляштара складаўся з незахавалага Крыжаўзвіжанскага касцёла і корпуса, у якім у 20-30-я гг. ХХ ст. размяшчалася настаўніцкая семінарыя [37, c. 85], у якой вучыўся у 1925-1926 гг. паэт Валянцін Таўлай.
Недалёка ад Слоніма размяшчаецца Жыровіцкі манастыр, адзін з цэнтраў праваслаўя на Беларусі. У 1613 г. уладальнік Жыровіч смаленскі кашталян Ян Мялешка пабудаваў мураваны касцёл, запрасіў базыльян, для якіх адкрыў кляштар. З 1839 г. кляштар знаходзіцца ў распараджэнні праваслаўнай царквы.
Жыровіцкі манастыр сёння
У мястэчку Быцень на сродкі падскарбія ВКЛ Мікалая Трызны ў 1640 г. быў закладзены кляштар бызыльянаў, які ў 1839 г. быў перададзены праваслаўнай царкве.
У в. Пяскі ля Чорнага возера пры фундацыі Казіміра Сапегі ў 1685 г. быў закладзены кляштар дамініканаў.
Калі накласці на карту архітэктурных аб’ектаў павета сетку камунікацый як шашэйных, так і водных, прадстаўленых каналам Агінскага і ракой Шчарай і ўлічыць раўнінны рэльеф і лясныя багацці краю стане зразумелым павелічэнне цікавасці краязнаўцаў да гісторыі мясцовасці і разуменне імі турыстычных перспектыў дадзенай тэрыторыі.
Такім чынам, Слонімскі павет з’яўляўся дастаткова развітым у эканамічным плане рэгіёнам Заходняй Беларусі, аснову гаспадаркі якога складала дрэванарыхтоўчая прамысловасць і сельская гаспадарка. Наяўнасць вялікіх гандлёвых фірмаў і буйных зямельных уладанняў садзейнічала выдаткаванню сродкаў іх уладальнікамі на патрэбы вывучэння гісторыі роднага края. Наяўнасць сеткі навучальных устаноў, разгалінаванай адміністрацыі і дыслакацыя ў Слоніме двух палкоў жаўнераў стварала глебу для развіцця краязнаўства. Багатая спадчына, вялікая колькасць помнікаў культуры, шматканфесійнасць і поліэтнічная сітуацыя ў павеце з’яўляліся умовамі праяўлення зацікаўленасці краязнаўцаў да даследаванняў павета.

2.2 Краязнаўчы рух у Заходняй Беларусі


Краязнаўчы рух на тэрыторыі Заходняй Беларусі развіваўся ў рамках агульнапольскага, але меў сваю спецыфіку ў сувязі з нацыянальным складам насельніцтва, гістарычнымі і культурнымі асаблівасцямі, традыцыямі вывучэння гісторыі роднай зямлі, а таксама з наяўнасцю беларускіх арганізацый і палітычных партый.
Пасля ўтварэння ІІ Рэчы Паспалітай у поліэтнічнай дзяржаве пачынае ажыццяўляцца палітыка рэпаланізацыі з мэтаю фарміравання агульнай грамадзянскай супольнасці і абгрунтавання правоў на тэрыторыю былой Рэчы Паспалітай да 1772 г. У такой сітуацыі менавіта краязнаўства разглядалася ўладамі дзяржавы як рэальны сродак выхавання нацыянальнай самасвядомасці яе грамадзян.
У сувязі з гэтым, з першых месяцаў існавання ІІ Рэчы Паспалітай, былі зроблены крокі па развіццю ўсіх арганізацый, як грамадскіх, так і дзяржаўных, перад якімі стаяла задача пашырэння асноўных звестак па гісторыі і культуры польскіх зямель, прапаганда і тлумачэнне грамадзянскіх правоў і абавязкаў, пры гэтым асаблівая роля надавалася ўстановам, якія працавалі на далучаных тэрыторыях і павінны былі акцэнтаваць асаблівую ўвагу на агульнасці гісторыі.
Краязнаўчы рух на тэрыторыі ІІ Рэчы Паспалітай бярэ свой пачатак з часоў Расійскай імперыі, з дзейнасці Оскара Кольберга (1814-1890), этнографа, кампазітара, заснавальніка польскай фалькларыстыкі. Прадаўжальнікам яго справы быў Ян Карловіч (1836-1903), лінгвіст, этнограф, фалькларыст, музыказнавец, ураджэнец в. Субартоніс на Віленшчыне, які ў 1871-1882 гг. жыў і працаваў на Беларусі ў маёнтках Подзітва (Лідскі ўезд) і Вішнеў (Ашмянскі ўезд), аўтар фундаментальных лінгвістычных прац "Słownik języka polskiego" (т. 1-8, 1900-1927, у суаўт. з А. Крыньскім і В. Нядзьведзкім), "Słownik gwar polskich" (т. 1-6, 1900-1911, закончыў Ян Лось), "Słownik wyrazów obcego a mniej jasnego pochodzenia" (А-К, 1894-1897). Ян Карловіч прычыніўся да збора і запіса беларускіх фальклорна-этнаграфічных матэрыялаў, для чаго распрацаваў і выдаў ў 1871 г. дапаможнік для збіральнікаў народных твораў. У 1889 і 1891 гг. запісаў у Ваўкавыскім уездзе больш за 500 мелодый беларускіх народных песень, з якіх амаль 300 былі апублікаваны ў працы Федароўскага "Люд беларускі", т. 5-6, 1958 - 1960). Выдаў працу "Найноўшыя даследаванні паданняў i ix зборы" (1883), а ў кнізе "Народныя паданні і казкі, сабраныя ў Літве" (т. 1-2, 1887 - 1888) змясціў у перакладзе на польскую мову больш за 80 беларускіх легенд, паданняў i казак, якія зanicaў у Свянцянскім, Лідскім i Наваградскім уездах. Заснавальнік (1887) і рэдактар (1888-99) часопіса "Wisla", некалькі дзесяткаў тамоў якога сталі “багатым зборам навуковых перадумоў – этнаграфічных, фальклёрных, краязнаўчых”. Вакол часопіса Я. Карловіч арганізаваў групу маладых людзей, якія сваімі працамі падрыхтавалі грунт для перахода ад збора матэрыялаў да іх апрацоўкі і аналіза.
Аўтарам “катэхізіса польскага краязнаўца” з’яўляўся Філіп Сулімерскі (1843-1885), які пачаў выданне капітальнай працы «Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich» (14 вып.), скончанага Б. Хлебоўскім і В. Валеўскім у 1879—1902 гг.
Папулярызацыі ідэй краязнаўства садзейнічалі штотыднёвік “Naokoło świata” (рэдактар Антон Арлоўскі), часопіс “Przyroda” (рэдактар Вацлаў Язерскі), выданне “Pamiętnik fizjograficzny”.
Паступовае развіццё краязнаўства на пачатку ХХ ст. прывяло да першых спроб яго інстытуцыяналізацыі. У 1904 г. Эміль Шонфельд выступіў з ініцыятывай стварэння таварыства з мэтаю арганізацыі і пашырэння краязнаўства на тэрыторыі Каралеўства Польскага і задачаю аховы помнікаў [133, s. 4]. Э. Шонфельд разам з адвакатам Паткем апрацаваў праект устава аб’яднання, але гэтая ідэя не была ажыццяўлена.
Толькі падзеі палітычнай завірухі 1905-1907 гг. стварылі спрыяльныя ўмовы для з’яўлення ПКТ. У 1905 г. справу па стварэнню аб’яднання краязнаўцаў пачаў сакратар прыроднай камісіі Таварыства садаводаў Казімір Кульвец. Камісія напісала праект арганізацыі і звярнулася да Аляксандра Яноўскага з просьбаю апрацаваць яе устаў, прыняты камісіяй пасля шэрагу дыскусій на двух арганізацыйных сходах, апошняе з якіх лічаць за заснаванне ПКТ - 1 чэрвеня 1906 г. 1 студзеня 1910 г. таварыства пачало выданне часопіса “Ziemia”. З моманту свайго заснавання аб’яднанне распачало краязнаўчую працу, арганізоўвала экскурсіі і занялася стварэннем музеяў. 21 сакавіка 1908 г. пачала працу музейная камісія, якая ўдзельнічала ў стварэнню першага музея ПКТ пры польскай Мацежы школьнай у Варшаве [122, s. 50]. ПКТ актывізавала сваю дзейнасць пасля вайны і ў 1921 г. налічвала 23 аддзелы і 16 правінцыяльных музеяў, а на пачатку 1938 г. яго колькасць дасягнула 7668 сяброў (разам з карэспандэнтамі 8968), аб’яднаных у 78 аддзелаў [121, s. 19]. 2 лютага 1935 г. арганізацыя змяніла назву на “Польскае турыстычна-краязнаўчае таварыства” [127], падкрэсліўшы сваю накіраванасць у першую чаргу на садзейнічанне “развіццю польскай турыстыкі ва ўсіх яе формах у краі і замежжы” [127, s. 4].
Важным крокам на шляху развіцця краязнаўства на ў ІІ Рэчы Паспалітай стала правядзенне 12-13 ліпеня 1929 г. у Познані Першага агульнапольскага краязнаўчага кангрэса, які зрабіўся аглядам развіцця краязнаўчага руху ва ўсіх яго арганізацыйных формах.
ПКТ займалася арганізацыяй экскурсій, стварэннем выстаў, выданнем манаграфій і турыстычных падарожнікаў, заснаваннем бібліятэк, якія ў 1938 г. дзейнічалі пры 44 аддзелах і налічвалі 19685 тамоў кніг [121, s. 14].
Прыцягненне ўвагі моладзі да краязнаўчай справы з’яўлялася мэтаю працы Арганізацыі краязнаўчых гурткоў.
Развіццю турызма садзейнічала дзейнасць Саюза польскіх весляроў.
Папулярнай становіцца фотасправа. Дзейнічае вялікая колькасць таленавітых фотамастакоў, сярод якіх вылучаўся ўраджэнец маёнтка Асташына ў Навагрудскім павеце Ян Булгак (1876-1950). Ён з краязнаўчай скурпулёзнасцю занатоўваў на сваіх фотаздымках краявіды ІІ Рэчы Паспалітай.
Вялася вялікая праца па картаграфіраванню тэрыторыі дзяржавы, чым займаўся Вайсковы геаграфічны інстытут, які выдаў серыю карт маштабам 1:100000, але ў пашане ў турыстаў былі карты маштабам 1:300000, выдадзеныя варшаўскай фірмай “Samopomoc Inwalidzka” [112, s. XLIХ].
Урад прыняў шэраг мер па ахове помнікаў і іх выкарыстанню з мэтаю паланізацыі. Апякунскую дзейнасць над помнікамі гісторыі і культуры ажыццяўляла створанае 5 снежня 1918 г. Міністэрства веравызнання і народнай асветы, пры якім існаваў Дэпартамент мастацтва з аддзелам помнікаў і музеяў. Кіраўніцтва аховай помнікаў ажыццяўлялася паводле дэкрэта Рэгіянальнай рады аб апецы над помнікамі мастацтва і культуры. У 1919 г. былі выдадзены два распараджэнні Міністэрства рэлігійных спраў і народнай асветы аб утварэнні рэстаўрацыйных акруг і камісій, правядзенні суцэльнай інвентарызацыі помнікаў на падставе спецыяльнай інструкцыі, распрацаванай у адпаведнасці з заходнееўрапейскімі аналагамі [44, c. 87]. У 1929 г. было створана Цэнтральнае бюро інвентарызацыі помнікаў, якому штогод выдаткоўвалася з дзяржаўнага бюджэта па 100 тысяч злотых.
У 1926 г. з ініцыятывы пры Музеі прамысловасці і земляробства ў Варшаве быў створаны Інстытут гаспадарчага даследавання Усходніх зямель. За тры гады існавання ён здолеў аб’яднаць вакол сябе некалькі дзесяткаў вучоных, выдаў 30 розных навуковых выданняў, аднак з-за недахопу фінансавання Інстытут спыніў свае існаванне ў 1929 г. Восенню 1936 г. было закладзена Таварыства развіцця Усходніх зямель, якое праз даследаванне гаспадарчых патрэб Заходняй Беларусі і пашырэнне турызму, імкнулася да ўніфікацыі края з астатняй Польшчай. Для вырашэння тэарэтычных праблем дзейнасці таварыства пры ім была створана Камісія навуковага даследавання Усходніх зямель [75].
Краязнаўчыя даследаванні вяліся на базе шматлікіх арганізацый і інстытутаў. У сувязі з патрэбаю практычнага выкарыстання іх напрацовак у 1927 г. быў створаны Саюз Польскіх турыстычных таварыстваў, які ў 1933 г. налічваў 45 тысяч сяброў [112, s. XLVI]. Да яе належлі ПКТ, Татрскае польскае таварыства, Польскі аўтамабільны клуб, Польскі Touring Klub, Beskidenverein, Габрэйскае краязнаўчае таварыства, Падольскае турыстычна-краязнаўчае таварыства. Мэтаю таварыства з’яўлялася садзейнічанне развіццю турызма ў польскім краі і замежжам, а таксама краязнаўства з пасярэдніцтвам структур аб’яднання.
Даследаванням рэгіянальнай гістарычнай спадчыны спрыяла дзейнасць Саюза турыстычнай прапаганды, створанага па ініцыятыве Міністэрства камунікацыі ў 1934 г.
Краязнаўствам займаліся і беларускія нацыянальныя арганізацыі (музей Луцкевіча ў Вільні, Беларускі інстытут гаспадаркі і культуры), аднак на тэрыторыі Слонімскага павета спецыяльную краязнаўчую работу яны не праводзілі.
Развіццю краязнаўства садзейнічала сістэма дарог, за якімі наглядалі Міністэрства камунікацыі і Міністэрства ўнутраных спраў, выдаўшыя 15 студзеня 1933 г. правілы дарожнага руху. У 1935 г. на тэрыторыі ўсіх ваяводств дзейнічаў аўтобусны рух, сетка якога дапаўнялася наяўнасцю водных шляхоў і чыгункі. З 1932 г. Польскі Touring Klub пачаў выданне выкананай картографам Здзіславам Яварскім “Mapę stanu dróg w Polsce” у маштабе 1:1000000 [112, s. L]. У кожным горадзе і мястэчку дзейнічалі гатэлі з поўным абслугоўваннем падарожнага і кухняй, якая на тэрыторыі Заходняй Беларусі выдзялялася калдунамі і вяндлінкай.

Такім чынам, урад ІІ Рэчы Паспалітай быў зацікаўлены ў развіцці краязнаўчага руху як рэальнага сродка выхавання нацыянальнай самасвядомасці яе грамадзян і абгрунтавання правоў на тэрыторыю былой Рэчы Паспалітай да 1772 г. Пачатак польскага краязнаўства быў закладзены яшчэ ў ХІХ ст. у часы Расійскай імперыі дзейнасцю Оскара Кольберга і Яна Карловіча, аднак атрымаў арганізацыйнае афармленне толькі ў 1906 г. у выглядзе ПКТ, якое стала сімвалам краязнаўчага руху ІІ Рэчы Паспалітай. На прыканцы 30-х гг. ХХ ст. краязнаўчы рух стаў абслугоўваць патрэбы турызма, што знайшло адлюстраванне ў стварэнні ў 1927 г. Саюза польскіх турыстычных таварыстваў і дзейнасці Саюза турыстычнай прапаганды.

No comments:

Post a Comment