Выйшаў
новы, ужо шосты,
нумар краязнаўчага бюлетэня “Слонімскі
край”.
Спампаваць - тут.
Нумар пачынаецца тэкстам пра Слонімскую царкву святой
Тройцы, якая восенню 2015 года засяродзіла на сабе цікавасць грамадскасці.
Прычынаю таго стала з’яўленне “цыбуліны” на будынку царквы. Як паказвае Сяргей
Ёрш на прыкладзе двух фотаздымкаў 1917 года, на Свята-Троіцкай царкве насамрэч
быў купал з чатырохсхільным пакатым пакрыццём.
У нумары знайшлося
месца для паведамленняў пра два новыя выданні – кніг Аляксандра Місцюкевіча “Падарожжы па
родных мясцінах. Піронім, Львоўшчына, Ісаевічы, Дзераўная” (Гродна, 2016) і
Сяргея Чыгрына “На радзіме Ігната Дварчаніна: з краязнаўчых вандровак па
Дзятлаўшчыне” (Мінск, “Кнігазбор”, 2016). А таксама рэцэнзія на першую кнігу
пра Слонім на беларускай мове – “Помнікі Слоніма” Валянціны Караткевіч і Анатоля
Кулагіна (Мінск, 1983). Міхась Варанец даслаў свае “Заўвагі да кнігі “Гісторыя
перыядычнага друку Слонімшчыны. 1916-2016”, адказ на якія пад назвай “Больш
дасканалая кніга яшчэ будзе” змясцілі С.Ёрш і С. Чыгрын.
У працяг тэмы пра слонімскія пажары, узнятай у мінулым нумары
“Слонімскага края”, з’явіўся тэкст Сяргея Ярша “Як гарэў Слонім у 1915 годзе”.
У сувязі з праведзенай у Рэспубліцы Беларусь дэнамінацыяй
актуальнай зрабілася тэма грошай, якая ўздымаецца ў артыкуле “Пра слонімскіх
фальшываманетчыкаў 1930-х гадоў”.
“Слонімскі край” працягвае рабіць новыя адкрыцці. На гэты
раз змяшчаецца невялікая зацемка пра невядомага слонімскага іканапісца другой
паловы ХІХ стагоддзя Шорахава. Маюцца таксама зацемкі пра слонімскага паэта,
педагога і краязнаўцу Івана Карповіча (1936-2002), якому 1 ліпеня спаўнілася б
80 гадоў і прафесара Іосіфа Гершэвіча Юдзелевіча (1920-1993) – заслужанага дзеяча
навукі і тэхнікі СССР, доктара хімічных навук.
У нумары завяршаюцца публікацыі перакладу з польскай мовы
ўрыўка з кнігі М.Балінскага 1846 года пра Жыровічы і рукапіса Язэпа
Стаброўскага пра паходжанне назвы Слоніма. Цікавасць уяўляе дакумент пра
сустрэчу прадстаўнікоў савецкіх партызан і польскага падполля ў 1943 годзе ў
вёсцы Багданавічы, на якой прысутнічаў Войцех Корчыц, і зацемка пра здымкі на
Слонімшчыне фільма “Паланэз Агінскага”, які выйшаў на экраны ў 1971 годзе.
Таксама маецца тэкст пра Слонімскі храм
канонікаў-латэран, закладзенага ў 1650 годзе, моцна пашкоджанага падчас
чэрвеньскіх баёў у Слоніме ў 1941 годзе, рэшткі якога былі ўзарваныя ў 1963
годзе. Сёння на яго месцы знаходзіцца Спаса-Праабражэнскі сабор. А адзін з
матэрыялаў прысвечаны праекту слонімскага дэкана, ксяндза Ігнацыя Расалоўскага
аб перайменаванні вуліц Слоніма ў 1931 годзе.
У чэрвені 1941 года за Слонім завязаліся інтэнсіўныя баі
паміж нямецкай і адступаючай савецкай арміямі, што знайшло адлюстраванне ва
ўспамінах стваральніка нямецкіх бранетанкавых войск і камандуючага 2-й танкавай
групы Хейнца Гудэрыяна. Нямецкі генерал мог двойчы загінуць на Слонімшчыне.
Заснавальнікамі і выдаўцамі краязнаўчага бюлетэня "Слонімскі край" з'яўляюцца: Васіль Герасімчык, Сяргей Ёрш (рэдактар нумару) і Сяргей Чыгрын.