ДЗЁННІК КАНДЫДАТА Ў КАНДЫДАТЫ. Дзень 1

У гэтым невялічкім бложыку я буду выкладваць запісы, якія раблю падчас удзелу ў выбарчай кампаніі 2019 года. Я пакідаю іх не столькі Вам, мае нешматлікія сённяшнія чытачы, колькі тым, хто прыйдзе пасля нас, таму надаю ўвагу тут не столькі халоднай выкладцы падзей, колькі таму, што мяне па-сапраўднаму турбуе і клапоціць. Сёння я пачынаю з першага запісу, які паўстаў 7 дзён таму, і ў далейшым гэтая розніца ў тыдзень захаваецца.

11.09.19
Калі праз 20 гадоў сын спытае, ці зрабіў я ўсё, што толькі мог, каб ён жыў у лепшым заўтра, жыў у сваёй, а не чужой краіне, ці будзе ўпэўненасць у маім адказе? Ці не буду я апускаць вочы долу і апеляваць да нязломнасці сістэмы, непераможнасці бюракратыі, ды абыякавасці астатніх? Увогуле прыдумляць стос падстаў, каб толькі апраўдаць сваю бядзейнасць, пакору перад абставінамі, якія мацней за ўсё. Тым больш мацней за мяне, простага чалавека, які ўвесь час аддае зараблянню грошай, бо хіба можа быць што істотней для сям’і? Так жывуць (ці выжываюць) усе навокал, пакорліва прымаюць гэта як дадзенасць, бо ёсць у нас, беларусаў, чароўная формула: “А мо так і трэба”. І выходзіць жа, што яшчэ і не дрэнна жывем, тым больш у параўнанні з кім іншым. А параўноўваць – гэта адна з галоўных нашых нацыяльных рысаў.
Але мне абрыдла пакорліва згаджацца з тым, што дзеецца, таму што тое, перад чым ты гатовы скарацца кожны дзень, не зменіцца НІ-КОЛІ! Я хачу, каб людзі хоць трохі ачунялі, думкамі вызваліліся ад той багны, якая паглынула іх пад цяжарам беспрасветнага сёння, ды страпянуліся ў разуменні таго, што больш так быць не можа, што гэта шлях у нікуды.
Таму я вырашыў паспрабаваць свае сілы на выбарах у парламент, бо гэта шанец дагрукацца да людзей, паглядзець ім у вочы, убачыць іх крыўду і прыкласці ўсе намаганні дзеля таго, каб урэшце, сцяг праўды простага чалавека пабачылі і там, у высокіх гмахах-сотах. А дзе ж гэта можна зрабіць лепш, чым не на Бацькаўшчыне, за якую баліць сэрца?
Сёння я падаў дакументы на рэгістрацыю ініцыятыўнай групы ў складзе 11 чалавек у Слонімскую выбарчую камісію, размешчаную ў будынку райвыканкама, які мясцовыя называюць “белым домам”. Працэдура заняла лічаныя хвіліны, з якіх большая частка пайшла на пошук патрэбнага кабінета.
Да апошняга турбуе пытанне: ці правільна я раблю. Пад грукат гэты думак я накіроўваюся прыгожымі вулачкамі роднага горада ў бацькоўскую вёску. Навокал яшчэ не адчуваецца пачатак восені, зеляніна паўсюль, а сонца не шкадуе цяпла і святла, якое адлюстроўваецца ад люстэрка Шчары. Рака ўсміхаецца мне. У галаве зрабілася лягчэй ад цяжкіх думак, бо адказ стаў відавочным.

No comments:

Post a Comment