КРАЯЗНАЎЧЫ РУХ У СЛОНІМСКІМ ПАВЕЦЕ Ў 1921-1939 ГГ. ГЛАВА 2 УМОВЫ РАЗВІЦЦЯ КРАЯЗНАЎЧАГА РУХУ

2.1 Слонімскі павет у 1921-1939 гг.

 Пачатак станаўлення краязнаўчага руху ў Слонімскім павеце адбываўся пасля заключэння 18 сакавіка 1921 года ў Рызе мірнага дагавора паміж Савецкай Расіяй і Другой Рэччу Паспалітай, паводле якога каля 113 тысяч км² тэрыторыі Беларусі з насельніцтвам звыш 4 млн чалавек перайшлі ва ўладанне польскай дзяржавы. Анексіраваная тэрыторыя Беларусі была падзелена на ваяводствы, паветы і гміны. У склад адноўленага 4 лютага 1921 г. згодна гістарычнай традыцыі Навагрудскага ваяводства ўвайшоў Слонімскі павет, які адпавядаў тэрыторыі даваеннага Слонімскага ўезда.
Слонімскі павет у міжваенны час
У часы Расійскай імперыі Слонімскі ўезд займаў плошчу ў 7138 км², дзе ў 1912 г. пражывала 291 тысяча чалавек (41 чал/км²), з якіх каля 23 тысяч жылі ў горадзе Слоніме. Паводле дадзеных перапіса 1897 г. 10% жыхароў павета былі каталікамі, 74% праваслаўнымі, а 15% - габрэямі. Павет вылучаўся сваімі памешчыцкімі маёнткамі (36 з больш 1000 дзесяцін), вакол якіх канцэнтраваліся 40% ворыўнай зямлі [103, s. 30]. Напярэдадні першай сусветнай вайны ў Слоніме існавалі шэраг прадпрыемстваў, на якіх працавалі каля 4 тысяч чалавек: 4 лесапільныя заводы, 2 паравыя млыны, 2 суконныя фабрыкі, 2 фабрыкі фіранак, 7 гарбарань, 2 фабрыкі цвікоў, фабрыка сельскагаспадарчых машын, фабрыка запалак, пергамента, мыла, 2 фабрыкі дражджэй, 2 цагляныя заводы. У горадзе з 1896 г. дзейнічаў вадаправод, які належаў заможнаму прадпрымальніку Хершу Коніцу, а ў 1897 г. узнікла пажарная ахова. Дзейнічалі жаночая гімназія, рэальная школа, бібліятэка, асветніцкае таварыства [96, s. 14]. Пасля заканчэння савецка-польскай вайны вёскі павета былі спустошаны, а ў Слоніме засталося ўсяго каля 500 гарадскіх пабудоў, у той жа час было разбурана 59 мураваных і 798 драўляных будынкаў, пашкоджаны ўсе масты, вуліцы і дарогі [67, с. 94]. Праязджаючых праз горад падарожных уражвала карціна ўздымаючыхся ў неба комінаў, якія былі падобныя на надмагіллі перапоўненых за гады вайны могілак.
Прэзідэнт Другой Рэчы Паспалітай Ігнацы Масціцкі
на адкрыцці школы ў Слоніме
Ваенныя знішчэнні, спыненне гандлю з традыцыйнымі цэнтрамі на ўсходзе, дзе паўстала Савецкая Беларусь выклікалі скарачэнне колькасці насельніцтва павета да 116151 чалавека (24,8 чал/км²), у выніку чаго Слонім, у якім на 1921 г. пражывалі 9643 чалавека захаваў толькі лакальнае значэнне. 23770 жыхары краю былі каталікамі, 76791 праваслаўнымі, 15318 старазаконнікамі і 272 іншых веравызнанняў [110, s. 25]. Большасць насельніцтва павета жылі за кошт сельскай гаспадаркі (96746 чалавек) і промыслаў (7798) [110, s. 132]. 3566 чалавек займаліся гандлем [110, s. 133]. 1790 чалавек з’яўляліся служачымі, сярод якіх 516 працавалі ў сферы адукацыі [110, s. 132]. 51% насельніцтва павета не ўмелі чытаць (60181 чалавек), сярэдні ўзровень адукацыі мелі толькі 236 чалавек (198 мужчын і 38 жанчын), вышэйшы – 119 (101 мужчына і 18 жанчын) [110, s. 41].
Зімовы міжваенны Слонім
У 1921 г. Слонімскі павет складаў пятую частку Навагрудскага ваяводства і займаў плошчу ў 4689,9 км², саступаючы толькі Лідскаму (5723,8 км²). Павет дзяліўся на 18 гмін і на яго тэрыторыі размяшчаліся 1002 населеныя пункты, прычым 166 з іх былі незаселенымі. [110, s. 2]. Пасля адміністрацыйнай рэформы 1928 г. са складу павета былі выключаны 4 гміны, якія адышлі да Баранавіцкага (Дабрамыская і Моўчадская) і Навагрудскага (Дварэцкая і Здзітаўская), а Слонімскі да 1939 г. уключаў наступныя гміны: Быценьская, Дзераўноўская, Дзявяткавіцкая, Дзярэчынская, Жыровіцкая, Казлоўшчынская, Кастровіцкая, Курылавіцкая, Міжэвіцкая, Раготнаўская, Старасельская, Чамяроўская, Шылавіцкая і Слонім (як гміна).
Першыя пасляваенныя гады (1921-1924 гг.) былі часам аднаўлення эканомікі і інфраструктуры края. У гэты перыяд былі адбудаваныя большасць знішчаных дамоў, працоўных майстэрань і гандлёвых пляцовак. У Слоніме было адбудавана 63 мураваныя і 547 драўляныя будынкі [67, с. 95] Паступова павет вяртаўся да нармальнага жыцця. Былі адноўленыя 5 лесапільных заводаў, 8 млыноў, фабрыка абутку [117, s. 49].
З тэрыторыі Савецкай Расіі накіроўваецца хваля рэпатрыянтаў, якія вярталіся на свае родныя мясціны і садзейнічалі матэрыяльнаму аднаўленню зруйнаванай за гады вайны тэрыторыі Слонімскага павета. Слонімскім землякам вялікую дапамогу аказвалі амерыканскія габрэі, дзякуючы чаму паступова стаў развівацца гандаль і рамёствы.
На пачатку 1922 г. у Слонім прыбыў 79 полк пяхоты Слонімскіх стральцоў, які падчас вайны называўся Беластоцкім, і 80 полк пяхоты Навагрудскіх стральцоў. Яны рамяшчаліся ў горадзе да лета 1939 г. З’яўленне гэтых палкоў, з аднаго боку, садзейнічала ажыўленню грамадскага жыцця, але ў той жа час, з другога, прывяло да “рэнесансу польскасці” [117, s. 49]. Своеасаблівая сітуацыя ў павеце, якая выдзяляла яго на агульным фоне Заходняй Беларусі і Другой Рэчы Паспалітай у цэлым, прывяла да таго, што ваенныя з першых дзён зарэкамендавалі сябе як актыўная частка грамадства. У той жа момант першапачаткова ў большасці сваёй жаўнеры нічога агульнага са Слонімам і паветам не мелі, адасобіўшыся ад гараджан пражываннем ў спецыфічным “гета” побач з казармамі, пабудаванымі яшчэ ў 1901 г. Два палкі жаўнераў са сваімі сем’ямі, якія з’яўляліся асноўнай часткай каталікоў павета, змянілі рэлігійную сітуацыю ў горадзе: у 1931 г. у Слоніме з 16282 чалавек 23% з’яўляліся каталікамі, 11% праваслаўнымі, 2% мусульманамі і 64% габрэямі [98, s. 25]У адным з казарменных будынкаў захавалася заля, у якой жаўнеры ставілі аматарскія тэатральныя спектаклі, арганізоўвалі балі і прадстаўленні, апелюючы да традыцый часоў Агінскага. Гэта садзейнічала збліжэнню ваенных з мясцовым гарадскім насельніцтвам. 15 ліпеня 1923 г. 79 палку Слонімскіх стральцоў жыхары горада падчас урачыстага мерапрыемства ўручылі штандар. Ганаровае грамадзянства Слоніма было нададзена палкоўніку Мар’яну Туркоўскаму [117, s. 49], камандзіру палка, сябру слонімскага аддзела ПКТ. У 1918-1920 гг. ён кіраваў батальёнам Беластоцкага палка стральцоў, традыцыі якога пераняў 79 пяхотны полк. У Слоніме дзейнічалі арганізацыі жаўнераў: Саюз падафіцэраў рэзерву і Саюз вайсковых сем’яў.
Жаўнеры 79-га палка пяхоты Слонімскіх стральцоў
каля Гарнізоннай царквы ў Слоніме
Пасля заканчэння вайны распачалася арганізацыя польскай адміністрацыі, якая завяршылася ў 1923 г. У кароткі тэрмін шляхам выбараў з ліку мясцовых жыхароў былі створаны вясковыя і гарадскія рады. Дэлегаты гмінных і гарадскіх радаў утваралі павятовы сеймік, кіраўніком якога з’яўляўся стараста, які адначасова спалучаў дзяржаўную уладу з самакіраўніцтвам.
Акрамя тэрытарыяльнага ўзнікалі прафесіянальныя самакіраванні для гандлю, рамёстваў і промыслаў, арганізацыі тыпу прафесійных саюзаў, культурна-асветніцкіх, спартыўных і інш аб’яднанняў. Дадзеныя мерапрыемтсвы садзейнічалі арганізацыі прац па матэрыяльнаму аднаўленню тэрыторыі Другой Рэчы Паспалітай.
Асаблівасцю Слоніма была наяўнасць у ім моцнай татарскай абшчыны. Нездарма першым бурмістрам горада стаў татарын па паходжанні палкоўнік польскай арміі Байрашэўскі, афіцэр царскай арміі, стваральнік у 1919 г. у Гродна палка татарскіх коннікаў, на дачцэ якога ў 1931 г. ажаніўся вядомы слонімскі археолаг І.І.Стаброўскі. У 1867 г. у горадзе пражывала 362 мусульманіна, у 1878 г. – 492, у 1938 г. – 413, што з’яўлялася чацвёртым паказчыкам ва ўсёй Другой Рэчы Паспалітай, дзе налічвалася 6006 мусульман (766 чалавек у Навагрудку, 483 у Мураўшчызне-Іўі, 460 у Докшыцах) [6, с. 54]. Да сённяшняга часу ў 5 км ад горада захаваўся мусульманскі мізар (могілкі), якому больш двухсот гадоў, дзе пахаваны не толькі мясцовыя мусульмане, але і жаўнеры-мусульмане часоў першай сусветнай вайны з Уфімскай, Казанскай і Самарскай губерняў. З адстаўных мусульманскіх салдат у Слоніме быў створаны атрад стралкоў пад камандаваннем маёра Давіда Яновіч-Чаінскага.
У Слоніме дзейнічала Мусульманскае культурнае таварыства, татарская абшчына заснавала бібліятэку і дзіцячы ансабль. Сваёй дзейнасцю вылучаўся настаўнік Давід Мількамановіч. Муадзім Слонімскай мячэці Сулейман Шчэнсновіч вучыў дзяцей рэлігіі [6, с. 54].
Слонімскія татары
У 1924 г. падчас паездкі па “Крэсах Усходніх” Слонімскі павет і горад наведаў прэзідэнт Рэчы Паспалітай Станіслаў Вайцэхоўскі. Гэтая падзея сімвалічна засведчыла аднаўленне пасляваеннага жыцця краю. У параўнанні з даваенным часам значна змянілася інфраструктура горада, была пашырана вадаправодная сетка, якая на пачатку 30-х гадоў налічвала каля 8 км, перабудавана энергетычная сістэма, пабудаваны 2 шпіталі (дзяржаўны і камунальны), некалькі амбулаторый. Развіццю сельскай гаспадаркі садзейнічалі Сельскагаспадарчая ізба, Арганізацыя сельскагаспадарчых гурткоў, Гурток вясковых гаспадынь і сельскагаспадарчыя школы ў Грыбаве і Жыровіцах, але ў асноўным сяляне карысталіся традыцыйнымі спосабамі апрацоўкі зямлі і перадаваемымі з пакалення ў пакаленне прыладамі працы. Слонімскі павет быў сельскагаспадарчым рэгіёнам з нізкарэнтабельнай гаспадаркай. Сярэднія надзелы сялян складалі 5-6 га з балотамі і непрыгоднымі нарэзамі (імхі, пясчаныя пусткі) і ўраджайнасцю 4-6 ц/га [67, с. 100].
У 1924-1928 гг. назіраецца рост эканомікі павета, але эканамічны крызіс прывёў да рэзкага яе спаду. У параўнанні з 1924 на 1933 г. значна змянілася гаспадарчая карціна павета, патэнцыял якога зменьшыўся на 11% [117, s. 49]. Былі ліквідаваны многія прамысловыя прадпрыемствы, сярод якіх цагельня, зменьшылася дзейнасць шэрагу рамесных майстэрань і гандлёвых пляцовак, у 1931 г. у Слоніме былі зарэгістраваны 619 беспрацоўных [67, с. 95]. Завяршаецца фарміраванне дрэванарыхтоўчай спецыялізацыі павета, што адпавядала агульнай сітуацыі ў Заходняй Беларусі, якая пераўтваралася ў сыравінны прыдатак Другой Рэчы Паспалітай. У 1933 г. у горадзе існавалі 6 вялікіх лесапільных заводаў, 25 малых і 7 буйных фірмаў па эксплуатацыі лясоў. Слонімскі лес экспарціравалі ў Францыю, Англію і Германію. Дробныя сялянскія гаспадаркі чэрпалі дадатковы заробак за кошт транспартыроўкі леса.
Слонімскі рынак на месцы сённяшняй плошчы Леніна
У 1931 г. у Слонімскім павеце плошчаю 3068 км² пражывалі 126510 чалавек (41,2 чал/км²) [98, s. 2]. Паводле веравызнання 23817 чалавек з’яўляліся каталікамі, 877 грэка-каталікамі, 88847 праваслаўнымі, 12344 іудзеямі, а 308 чалавек “іншыя нехрысціяне” [98, s. 23]. Большасць насельніцтва сваёй роднай мовай лічыла беларускую мову (62434), на другім месцы па распаўсюджанасці знаходзілася польская (52313), прычым больш паловы сланімчан падавалі яе за сваю родную (8452), у той жа час гэтая частка насельніцтва “штодзённа часцей ужывае беларускую мову, аднак іх моваю культуры, якою карыстаюцца ў асноўным падчас малітвы, абслугоўвання, у школе з’яўляецца толькі польская” [112, s. ХХІ]. Па другому перапісу жыхароў Рэчы Паспалітай у Слонімскім павеце была вялікая група людзей, якія карысталіся “жыдоўскай” (9193, з іх 5927 у Слоніме) і “габрэйскай” мовамі (865, з іх 756 у горадзе) [112, s. 25]. Асноўная частка жыхароў павета займалася сельскай гаспадаркай (96390), гандлем толькі 3946. У павеце налічвалася 2153 служачых, з іх 519 паліцэйскія, 807 спецыяліста сферы адукацыі, 468 медыцынскія супрацоўнікі [112, s. 175].
Падчас эканамічнага крызіса ў Слоніме адбыліся буйныя забастоўкі рабочых сталярных майстэрняў (1929 г.), будаўнікоў электрастанцыі (1931 г.) і забастоўка на лесараспрацоўках (1934 г.).
Пасля сусветнага крызіса, які прывёў да рэгрэсу эканомікі павета, у 1933 г. пачынаецца паступовы рост. Былі створаны 12 малых гарбарань, 1 фабрыка мыла, 1 па вытворчасці свечак, 2 па вытворчасці алея, 3 кафлярні, 4 па вытворчасці бетона, 2 цагельні, 3 па вытворчасці ліманаду, 1 трыкатажная фабрыка, 2 паравыя млыны і 1 прадзільня воўны, картонна-папяровая фабрыка ў Альберціне [117, s. 50]. Аднак на прамысловых прадпрыемствах Слоніма ў 1933-1934 гг. было занята ўсяго каля 450 працоўных, а ў 1938 г. – каля 900 [67, с. 99].
Слонім. Вуліца Г. Сенкевіча (сённяшняя Першамайская)
У гэты час у Слоніме дзейнічала вялікая кольскасць арганізацый: Саюз габрэйскіх купцоў, Саюз дробных купцоў, Таварыства ўзаемадапамогі ўласнікаў нерухомасці, Таварыства габрэйскіх рамеснікаў, Таварыства хрысціянскіх рамеснікаў і цэхі сталяроў, мяснікоў, муляроў, фрызёраў, пекараў, маляроў, аб’яднаны цэх шаўцоў, рымароў і гарбароў. Існавалі Саюз супрацоўнікаў гандлю і бюро, Саюз польскага настаўніцтва, прафесійны саюз гарадскіх рабочых, прафесійны саюз дзяржаўных служачых, прафесійны саюз супрацоўнікаў лясной прамысловасці і некваліфікаваных рабочых, прафесійны саюз настаўнікаў габрэйскіх сярэдніх школ.
Аднак наяўнасць рознага кшталту аб’яднанняў не давала магчымасці рэалізацыі дэкларуемых правоў для развіцця беларускай культуры, мовы і асветы. Гэта выклікала незадаволенасць сярод вясковага насельніцтва Слонімскага павета, што вылілася ў хуткі рост палітычнай актыўнасці сялянства і стварэнні беларускіх палітычных арганізацый і партый. Актывізацыі дадзенага руху садзейнічала дзейнасць створанай ў лістападзе 1922 г. у польскім Сейме Беларускай нацыянальнай фракцыі.
У 1922 г. у Слоніме была арганізавана камуністычная група, якая ў 1926 г. налічвала некалькі соцен членаў і пачала сваю дзейнасць Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя. У 1924-1925 гг. на тэрыторыі павета дзейнічала некалькі ўзброеных партызанскіх груп пад кіраўніцтвам Сяргея Радкевіча, якія 3 лістапада 1924 г. спынілі цягнік каля станцыі Лясная і раззброілі ехаўшых на ім афіцэраў і паліцыю.
У 1925 г. у Слонімскім павеце пачала дзейнічаць Беларуская сялянска-работніцкая грамада (БСРГ), якая ставіла на мэце стварэнне ўмоў для дэмакратычнага развіцця свабоднай беларускай нацыі, разумеючы пад гэтым барацьбу за незалежнасць, культуру, школы, роўнасць і дабрабыт народа. У 1927 г. арганізацыя на тэрыторыі Заходняй Беларусі налічвала 18 павятовых камітэтаў і каля 120 тысяч сяброў, з якіх 15 тысяч знаходзіліся ў Слонімскім павеце і былі аб’яднаны ў 167 гурткоў [67, с. 96]. У ліпені 1926 г. павятовы каміэт БСРГ правёў у Слоніме дэманстрацыю і мітынг, на якім прысутнічала каля 600 чалавек. Арганізацыя была афіцыйна забаронена 21 сакавіка 1927 г.
Актывізавала сваю дзейнасць Таварыства беларускай школы (ТБШ). У 1926-1927 гг. Слонімскаму павятоваму школьнаму інспектарату было пададзена 1106 заяў з просьбай адкрыць 65 беларускіх школ. У выніку былі адчынены тры беларускамоўныя школы. У 1928 г. гурткі ТБШ налічваліся ў 54 вёсках павета. Былі створаны грамадскія бібліятэкі ў Вострава, Вялікай Кракотцы, Чамярах. Аднак у лютым 1928 г. у Слонімскім павеце пачаліся арышты актывістаў ТБШ, што прывяло на пачатку 30-х гг. да спынення яе дзейнасці ў павеце. Афіцыйна арганізацыя была забаронена ў 1936 г.
Міжваенны Слонім
На тэрыторыі павета актывізавала сваю працу Камуністычная партыя Заходняй Беларусі, два ўдзельнікі якой (Ігнат Дварчанін і Павел Крынчык) сталі дэпутатамі Сейма і ў лютым 1929 г. увайшлі ў Беларускі пасольскі клуб “Змаганне”, аднак у верасні 1930 г. фракцыя была забаронена. У 1933-1935 гг. Камуністычнае падполле ў павеце было разгромлена, а 150 яго актывістаў былі арыштаваныя [67, с. 97].
У 1933 г. у горадзе існавалі 4 дзяржаўныя пачатковыя школы, 2 настаўніцкія семінарыі, 1 гімназія сумеснага навучання, 3 дзіцячых сады, 10 габрэйскіх школ, 1 габрэйская гімназія, 1 талмудычная навучальная ўстанова “Jeszywa” і 1 мусульманская школа, 3 бібліятэкі (каля 700 чытачоў). Такая сітуацыя была да 1939 г. [117, s. 50]. Пасля школьнай рэформы 1935 г. была ліквідавана настаўніцкая семінарыя. У адпаведнасці з новай сістэмай ўзніклі адна гімназія і ліцэй агульнага навучання імя Т.Касцюшкі. Жаночая настаўніцкая семінарыя сясцёр-непакалянак таксама была ператворана ў жаночую гімназію. У Слонімскім павеце да 1939 г. дзейнічалі 127 пачатковыя школы, у якіх вучыліся каля 12 тысяч дзяцей і працавалі 185 настаўнікаў. Аднак не ўсе мелі магчымасць скончыць 7 класаў, большасць вучняў завяршалі навучанне пасля 4 гадоў. Сярэднія школы былі платныя і таму былі даступныя не ўсім. Існавалі таксама спецыялізаваныя школы, як, напрыклад, сельскагаспадарчая школа ў Грыбаве, або сярэдняя сельскагаспадарча-лясная школа ў Жыровіцах, якая рыхтавала кадры для працы ў лясніцтве і сельскагаспадарчым надзоры. Для моладзі, якая рыхтавалася для рамесных прафесій існавала прафесійная школа пры асноўнай школе №2 на Замосці, без заканчэння якой вучань не мог атрымаць пасведчанне чалядніка. У сярэдзіне 30-х гадоў узнікла прафесійная школа для дзяўчын.
Канферэнцыйная заля Слоніскага староства
(фотаздымак Браўна)
Распачалі сваю дзейнасць: Саюз польскіх харцэраў “Sokół”. Сярод габрэйскай моладзі дзейнічалі скаўцкая арганізацыя “Haszomer-Hacair”, маладзёжны легіён “Hechalne-Pionier”, таварыства “Makabi”, а таксама рознага кшталту сіянісцкія арганізацыі, такія як “Frajhajt”, “Poalej Syjon”, “Bejtar” і іншыя. 
У Слоніме знаходзіліся сядзібы:
- павятовага староства,
- гарадскі суд і сядзіба судовага следчага і віцэпракурора,
- павятовая камендатура дзяржаўнай паліцыі,
-аддзяленне і скарбавая каса, установа дзяржаўных акцызаў і манаполій,
- павятовая камендатура дапаўненняў, вайсковы раённы суд і камендатура гарнізону,
- школьная інспекцыя, кіраўніцтва лясніцтва, земскае упраўленне, установы дарог і водных шляхоў,
- паштова-телеграфная установа,
- аддзел агульнага страхавання прадпрыемстваў,
- аддзел грамадскага страхавання (каса хворых).
Гарадскою маёмасцю кіраваў магістрат, які выбіраўся праз гарадскую раду і складаўся з 24 чалавек. У валоданні горада быў лес плошчаю 2694 га і 400 га размешчаных на перыферыі Слоніма зямельных плошчаў, перададзеныя каралём Рэчы Паспалітай Жыгімонтам Аўгустам. Гораду належалі электрастанцыя, бойня, вадаправод, амбулаторыя, шпіталь на 30 ложак і ўласны парк, знаходзіліся 3 паштова-тэлекамунікацыйныя аддзяленні, якія злучалі Слонім з усім светам [117, s. 53].
Камунікацыі павета дапаўняліся аўтобуснымі лініямі да Ружан, Дзярэчына, Баранавіч, Навагрудка і Ваўкавыска. Праз горад праходзіла чыгунка, якая мела непасрэднае злучэнне з Варшавай.
Асаблівасцю Слонімскага павета, на якую звярталі ўвагу краязнаўцы, з’яўлялася наяўнасць некалькіх комплексаў кляштарных пабудоў, у сувязі з чым цэнтр павета атрымаў назву “горад кляштараў” [99, s. 205]. У Слоніме размяшчаліся кляштары бернардзінцаў, сясцёр непакалянак (былы бернардзінак), бенедзіктынак і канонікаў латэран, на тэрыторыі павета таксама знаходзіліся кляштары базыльянаў (Жыровіцы і Быцень) і дамініканцаў (Пескі). Масіўныя кляштарныя комплексы, сярод якіх вылучаўся Жыровіцкі праваслаўны, дапаўняліся непаўторнымі абрысамі сінагогі і касцёла св. Андрэя, а найбольшую цікавасць для наведвальнікаў краю і яго жыхароў уяўляла Сынкавіцкая царква.
Ва ўсходняй частцы гістарычнага ядра Слоніма размешчаны кляштар бернардзінцаў, заснаваны як апорны пункт сістэмы гарадскіх абарончых умацаванняў на сродкі каралеўскага сакратара Андрэя Радвана ў 1630 г. У 1639-1645 гг. быў пабудаваны мураваны будынак, які ў 1864 г. быў пераабсталяваны пад Троіцкую царкву. Касцел тыпу аднанефавай бяскупальнай базілікі з выцягнутым прэсбітэрыюмам, сакрысціямі і паўкруглай алтарнай часткай. Корпус кляштара быў пабудаваны ў 1749 г.
Кляштар бернардзінцаў у Слоніме
У 1650 г. у Слоніме быў закладзены касцёл “Божага Цела” ордэна канонікаў-латэран, а праз тры гады пачалі будаваць кляштар. Сродкі на яго будаўніцтва выдзеліў падканцлер ВКЛ Казімір Леў Сапега, сын Льва Сапегі, які праславіўся заключэннем выгаднай для Княства дамовы з Маскоўскай дзяржавай пад час Смаленскай вайны (1632-1634) і фундацыяй каталіцкіх ардэноў, сярод якіх былі картэзіане і канонікі-латэране. У 1843 годзе касцёл “Божага Цела” быў скасаваны і перададзены праваслаўнай царкве. У 1846 годзе тут пачаў працу Спаса-Прыабражэнскі сабор, назва якога была перанесена ад згарэлай драўлянай царквы 16 ст., якая месцілася недалёка. Дах паменшылі і дабудавалі 4 вежкі, але храм захаваў свой барочны характар. На месцы разабранага кляштара паўстаў гарадскі парк, а канонікі-латэране пакінулі горад. У 1941 г. падчас чэрвеньскіх баёў храм быў пашкоджаны: абваліўся купал, была разбурана званіца. Канчаткова яго рэшткі былі ўзарваны ў 1963 г.
Кляштар бернардзінак быў пабудаваны ў 1664-1670 гг. у традыцыях кляштарных комплексаў эпохі Асветніцтва, абнесены магутнай цаглянай сцяной з барочнай брамай-званіцай. На яго тэрыторыі знаходзіўся касцёл Бязгрэшнага зачацця св. Марыі тыпу аднанефавай бяскупальнай базілікі, інтэр’ер і алтар якога выдзяляліся сваімі дэкаратыўнымі скульптурамі, жывапісам і прыкладным мастацтвам, аформленых суцэльным комплекам скульптарам І. Гедэлем у 1759-1765 гг.. Да касцёла ў 1764 г. быў прыбудаваны двухпавярховы корпус галерэйнай планіроўкі з размяшчэннем ячэек-келляў па ўнутранаму перыметру будынка [37, c. 65].
Кляштар бенедзіктынак на паўднёва-ўсходняй ускраіне горада з’явіўся ў Слоніме ў 1669 г., але ў 1801 г. драўляныя пабудовы былі заменены на мураваныя ў стылі класіцызм. Ансамбль кляштара складаўся з незахавалага Крыжаўзвіжанскага касцёла і корпуса, у якім у 20-30-я гг. ХХ ст. размяшчалася настаўніцкая семінарыя [37, c. 85], у якой вучыўся у 1925-1926 гг. паэт Валянцін Таўлай.
Недалёка ад Слоніма размяшчаецца Жыровіцкі манастыр, адзін з цэнтраў праваслаўя на Беларусі. У 1613 г. уладальнік Жыровіч смаленскі кашталян Ян Мялешка пабудаваў мураваны касцёл, запрасіў базыльян, для якіх адкрыў кляштар. З 1839 г. кляштар знаходзіцца ў распараджэнні праваслаўнай царквы.
Жыровіцкі манастыр сёння
У мястэчку Быцень на сродкі падскарбія ВКЛ Мікалая Трызны ў 1640 г. быў закладзены кляштар бызыльянаў, які ў 1839 г. быў перададзены праваслаўнай царкве.
У в. Пяскі ля Чорнага возера пры фундацыі Казіміра Сапегі ў 1685 г. быў закладзены кляштар дамініканаў.
Калі накласці на карту архітэктурных аб’ектаў павета сетку камунікацый як шашэйных, так і водных, прадстаўленых каналам Агінскага і ракой Шчарай і ўлічыць раўнінны рэльеф і лясныя багацці краю стане зразумелым павелічэнне цікавасці краязнаўцаў да гісторыі мясцовасці і разуменне імі турыстычных перспектыў дадзенай тэрыторыі.
Такім чынам, Слонімскі павет з’яўляўся дастаткова развітым у эканамічным плане рэгіёнам Заходняй Беларусі, аснову гаспадаркі якога складала дрэванарыхтоўчая прамысловасць і сельская гаспадарка. Наяўнасць вялікіх гандлёвых фірмаў і буйных зямельных уладанняў садзейнічала выдаткаванню сродкаў іх уладальнікамі на патрэбы вывучэння гісторыі роднага края. Наяўнасць сеткі навучальных устаноў, разгалінаванай адміністрацыі і дыслакацыя ў Слоніме двух палкоў жаўнераў стварала глебу для развіцця краязнаўства. Багатая спадчына, вялікая колькасць помнікаў культуры, шматканфесійнасць і поліэтнічная сітуацыя ў павеце з’яўляліся умовамі праяўлення зацікаўленасці краязнаўцаў да даследаванняў павета.

2.2 Краязнаўчы рух у Заходняй Беларусі


Краязнаўчы рух на тэрыторыі Заходняй Беларусі развіваўся ў рамках агульнапольскага, але меў сваю спецыфіку ў сувязі з нацыянальным складам насельніцтва, гістарычнымі і культурнымі асаблівасцямі, традыцыямі вывучэння гісторыі роднай зямлі, а таксама з наяўнасцю беларускіх арганізацый і палітычных партый.
Пасля ўтварэння ІІ Рэчы Паспалітай у поліэтнічнай дзяржаве пачынае ажыццяўляцца палітыка рэпаланізацыі з мэтаю фарміравання агульнай грамадзянскай супольнасці і абгрунтавання правоў на тэрыторыю былой Рэчы Паспалітай да 1772 г. У такой сітуацыі менавіта краязнаўства разглядалася ўладамі дзяржавы як рэальны сродак выхавання нацыянальнай самасвядомасці яе грамадзян.
У сувязі з гэтым, з першых месяцаў існавання ІІ Рэчы Паспалітай, былі зроблены крокі па развіццю ўсіх арганізацый, як грамадскіх, так і дзяржаўных, перад якімі стаяла задача пашырэння асноўных звестак па гісторыі і культуры польскіх зямель, прапаганда і тлумачэнне грамадзянскіх правоў і абавязкаў, пры гэтым асаблівая роля надавалася ўстановам, якія працавалі на далучаных тэрыторыях і павінны былі акцэнтаваць асаблівую ўвагу на агульнасці гісторыі.
Краязнаўчы рух на тэрыторыі ІІ Рэчы Паспалітай бярэ свой пачатак з часоў Расійскай імперыі, з дзейнасці Оскара Кольберга (1814-1890), этнографа, кампазітара, заснавальніка польскай фалькларыстыкі. Прадаўжальнікам яго справы быў Ян Карловіч (1836-1903), лінгвіст, этнограф, фалькларыст, музыказнавец, ураджэнец в. Субартоніс на Віленшчыне, які ў 1871-1882 гг. жыў і працаваў на Беларусі ў маёнтках Подзітва (Лідскі ўезд) і Вішнеў (Ашмянскі ўезд), аўтар фундаментальных лінгвістычных прац "Słownik języka polskiego" (т. 1-8, 1900-1927, у суаўт. з А. Крыньскім і В. Нядзьведзкім), "Słownik gwar polskich" (т. 1-6, 1900-1911, закончыў Ян Лось), "Słownik wyrazów obcego a mniej jasnego pochodzenia" (А-К, 1894-1897). Ян Карловіч прычыніўся да збора і запіса беларускіх фальклорна-этнаграфічных матэрыялаў, для чаго распрацаваў і выдаў ў 1871 г. дапаможнік для збіральнікаў народных твораў. У 1889 і 1891 гг. запісаў у Ваўкавыскім уездзе больш за 500 мелодый беларускіх народных песень, з якіх амаль 300 былі апублікаваны ў працы Федароўскага "Люд беларускі", т. 5-6, 1958 - 1960). Выдаў працу "Найноўшыя даследаванні паданняў i ix зборы" (1883), а ў кнізе "Народныя паданні і казкі, сабраныя ў Літве" (т. 1-2, 1887 - 1888) змясціў у перакладзе на польскую мову больш за 80 беларускіх легенд, паданняў i казак, якія зanicaў у Свянцянскім, Лідскім i Наваградскім уездах. Заснавальнік (1887) і рэдактар (1888-99) часопіса "Wisla", некалькі дзесяткаў тамоў якога сталі “багатым зборам навуковых перадумоў – этнаграфічных, фальклёрных, краязнаўчых”. Вакол часопіса Я. Карловіч арганізаваў групу маладых людзей, якія сваімі працамі падрыхтавалі грунт для перахода ад збора матэрыялаў да іх апрацоўкі і аналіза.
Аўтарам “катэхізіса польскага краязнаўца” з’яўляўся Філіп Сулімерскі (1843-1885), які пачаў выданне капітальнай працы «Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich» (14 вып.), скончанага Б. Хлебоўскім і В. Валеўскім у 1879—1902 гг.
Папулярызацыі ідэй краязнаўства садзейнічалі штотыднёвік “Naokoło świata” (рэдактар Антон Арлоўскі), часопіс “Przyroda” (рэдактар Вацлаў Язерскі), выданне “Pamiętnik fizjograficzny”.
Паступовае развіццё краязнаўства на пачатку ХХ ст. прывяло да першых спроб яго інстытуцыяналізацыі. У 1904 г. Эміль Шонфельд выступіў з ініцыятывай стварэння таварыства з мэтаю арганізацыі і пашырэння краязнаўства на тэрыторыі Каралеўства Польскага і задачаю аховы помнікаў [133, s. 4]. Э. Шонфельд разам з адвакатам Паткем апрацаваў праект устава аб’яднання, але гэтая ідэя не была ажыццяўлена.
Толькі падзеі палітычнай завірухі 1905-1907 гг. стварылі спрыяльныя ўмовы для з’яўлення ПКТ. У 1905 г. справу па стварэнню аб’яднання краязнаўцаў пачаў сакратар прыроднай камісіі Таварыства садаводаў Казімір Кульвец. Камісія напісала праект арганізацыі і звярнулася да Аляксандра Яноўскага з просьбаю апрацаваць яе устаў, прыняты камісіяй пасля шэрагу дыскусій на двух арганізацыйных сходах, апошняе з якіх лічаць за заснаванне ПКТ - 1 чэрвеня 1906 г. 1 студзеня 1910 г. таварыства пачало выданне часопіса “Ziemia”. З моманту свайго заснавання аб’яднанне распачало краязнаўчую працу, арганізоўвала экскурсіі і занялася стварэннем музеяў. 21 сакавіка 1908 г. пачала працу музейная камісія, якая ўдзельнічала ў стварэнню першага музея ПКТ пры польскай Мацежы школьнай у Варшаве [122, s. 50]. ПКТ актывізавала сваю дзейнасць пасля вайны і ў 1921 г. налічвала 23 аддзелы і 16 правінцыяльных музеяў, а на пачатку 1938 г. яго колькасць дасягнула 7668 сяброў (разам з карэспандэнтамі 8968), аб’яднаных у 78 аддзелаў [121, s. 19]. 2 лютага 1935 г. арганізацыя змяніла назву на “Польскае турыстычна-краязнаўчае таварыства” [127], падкрэсліўшы сваю накіраванасць у першую чаргу на садзейнічанне “развіццю польскай турыстыкі ва ўсіх яе формах у краі і замежжы” [127, s. 4].
Важным крокам на шляху развіцця краязнаўства на ў ІІ Рэчы Паспалітай стала правядзенне 12-13 ліпеня 1929 г. у Познані Першага агульнапольскага краязнаўчага кангрэса, які зрабіўся аглядам развіцця краязнаўчага руху ва ўсіх яго арганізацыйных формах.
ПКТ займалася арганізацыяй экскурсій, стварэннем выстаў, выданнем манаграфій і турыстычных падарожнікаў, заснаваннем бібліятэк, якія ў 1938 г. дзейнічалі пры 44 аддзелах і налічвалі 19685 тамоў кніг [121, s. 14].
Прыцягненне ўвагі моладзі да краязнаўчай справы з’яўлялася мэтаю працы Арганізацыі краязнаўчых гурткоў.
Развіццю турызма садзейнічала дзейнасць Саюза польскіх весляроў.
Папулярнай становіцца фотасправа. Дзейнічае вялікая колькасць таленавітых фотамастакоў, сярод якіх вылучаўся ўраджэнец маёнтка Асташына ў Навагрудскім павеце Ян Булгак (1876-1950). Ён з краязнаўчай скурпулёзнасцю занатоўваў на сваіх фотаздымках краявіды ІІ Рэчы Паспалітай.
Вялася вялікая праца па картаграфіраванню тэрыторыі дзяржавы, чым займаўся Вайсковы геаграфічны інстытут, які выдаў серыю карт маштабам 1:100000, але ў пашане ў турыстаў былі карты маштабам 1:300000, выдадзеныя варшаўскай фірмай “Samopomoc Inwalidzka” [112, s. XLIХ].
Урад прыняў шэраг мер па ахове помнікаў і іх выкарыстанню з мэтаю паланізацыі. Апякунскую дзейнасць над помнікамі гісторыі і культуры ажыццяўляла створанае 5 снежня 1918 г. Міністэрства веравызнання і народнай асветы, пры якім існаваў Дэпартамент мастацтва з аддзелам помнікаў і музеяў. Кіраўніцтва аховай помнікаў ажыццяўлялася паводле дэкрэта Рэгіянальнай рады аб апецы над помнікамі мастацтва і культуры. У 1919 г. былі выдадзены два распараджэнні Міністэрства рэлігійных спраў і народнай асветы аб утварэнні рэстаўрацыйных акруг і камісій, правядзенні суцэльнай інвентарызацыі помнікаў на падставе спецыяльнай інструкцыі, распрацаванай у адпаведнасці з заходнееўрапейскімі аналагамі [44, c. 87]. У 1929 г. было створана Цэнтральнае бюро інвентарызацыі помнікаў, якому штогод выдаткоўвалася з дзяржаўнага бюджэта па 100 тысяч злотых.
У 1926 г. з ініцыятывы пры Музеі прамысловасці і земляробства ў Варшаве быў створаны Інстытут гаспадарчага даследавання Усходніх зямель. За тры гады існавання ён здолеў аб’яднаць вакол сябе некалькі дзесяткаў вучоных, выдаў 30 розных навуковых выданняў, аднак з-за недахопу фінансавання Інстытут спыніў свае існаванне ў 1929 г. Восенню 1936 г. было закладзена Таварыства развіцця Усходніх зямель, якое праз даследаванне гаспадарчых патрэб Заходняй Беларусі і пашырэнне турызму, імкнулася да ўніфікацыі края з астатняй Польшчай. Для вырашэння тэарэтычных праблем дзейнасці таварыства пры ім была створана Камісія навуковага даследавання Усходніх зямель [75].
Краязнаўчыя даследаванні вяліся на базе шматлікіх арганізацый і інстытутаў. У сувязі з патрэбаю практычнага выкарыстання іх напрацовак у 1927 г. быў створаны Саюз Польскіх турыстычных таварыстваў, які ў 1933 г. налічваў 45 тысяч сяброў [112, s. XLVI]. Да яе належлі ПКТ, Татрскае польскае таварыства, Польскі аўтамабільны клуб, Польскі Touring Klub, Beskidenverein, Габрэйскае краязнаўчае таварыства, Падольскае турыстычна-краязнаўчае таварыства. Мэтаю таварыства з’яўлялася садзейнічанне развіццю турызма ў польскім краі і замежжам, а таксама краязнаўства з пасярэдніцтвам структур аб’яднання.
Даследаванням рэгіянальнай гістарычнай спадчыны спрыяла дзейнасць Саюза турыстычнай прапаганды, створанага па ініцыятыве Міністэрства камунікацыі ў 1934 г.
Краязнаўствам займаліся і беларускія нацыянальныя арганізацыі (музей Луцкевіча ў Вільні, Беларускі інстытут гаспадаркі і культуры), аднак на тэрыторыі Слонімскага павета спецыяльную краязнаўчую работу яны не праводзілі.
Развіццю краязнаўства садзейнічала сістэма дарог, за якімі наглядалі Міністэрства камунікацыі і Міністэрства ўнутраных спраў, выдаўшыя 15 студзеня 1933 г. правілы дарожнага руху. У 1935 г. на тэрыторыі ўсіх ваяводств дзейнічаў аўтобусны рух, сетка якога дапаўнялася наяўнасцю водных шляхоў і чыгункі. З 1932 г. Польскі Touring Klub пачаў выданне выкананай картографам Здзіславам Яварскім “Mapę stanu dróg w Polsce” у маштабе 1:1000000 [112, s. L]. У кожным горадзе і мястэчку дзейнічалі гатэлі з поўным абслугоўваннем падарожнага і кухняй, якая на тэрыторыі Заходняй Беларусі выдзялялася калдунамі і вяндлінкай.

Такім чынам, урад ІІ Рэчы Паспалітай быў зацікаўлены ў развіцці краязнаўчага руху як рэальнага сродка выхавання нацыянальнай самасвядомасці яе грамадзян і абгрунтавання правоў на тэрыторыю былой Рэчы Паспалітай да 1772 г. Пачатак польскага краязнаўства быў закладзены яшчэ ў ХІХ ст. у часы Расійскай імперыі дзейнасцю Оскара Кольберга і Яна Карловіча, аднак атрымаў арганізацыйнае афармленне толькі ў 1906 г. у выглядзе ПКТ, якое стала сімвалам краязнаўчага руху ІІ Рэчы Паспалітай. На прыканцы 30-х гг. ХХ ст. краязнаўчы рух стаў абслугоўваць патрэбы турызма, што знайшло адлюстраванне ў стварэнні ў 1927 г. Саюза польскіх турыстычных таварыстваў і дзейнасці Саюза турыстычнай прапаганды.

КРАЯЗНАЎЧЫ РУХ У СЛОНІМСКІМ ПАВЕЦЕ Ў 1921-1939 ГГ. ГЛАВА 1. КРЫНІЦЫ І ГІСТАРЫЯГРАФІЯ

Спробы абагульняльнага адлюстравання развіцця айчыннага краязнаўства бяруць свой пачатак з кнігі Г.А. Каханоўскага. Нягледзячы на пэўныя дасягненні, да сённяшняга часу няма канцэптуальных прац па айчыннаму краязнаўству, як няма і спецыяльных работ, прысвечаных краязнаўчаму руху ў Слонімскім павеце ў міжваенны час. Аднак некаторыя факты развіцця яго асноўных накірункаў былі асветлены ў працах шэрагу айчынных даследчыкаў, сярод якіх вылучаюцца Аляксееў Л.В, Ёрш С., Несцярчук Л.М., Супрун В.Р., Цітовіч І.У., Чыгрын С.М.
Слонім
Краязнаўству і археалогіі на Беларусі ў XVI – 30-я гг. ХХ стст. прысвечана праца Л.В. Аляксеева. Аднак у яго кнізе не знайшлося месца адлюстраванню развіцця рэгіянальных даследаванняў на тэрыторыі Заходняй Беларусі ў міжваенны час. У рабоце Аляксеева згадваецца асоба Стаброўскага І.І. і яго першы археалагічны артыкул, але датаю заснавання Слонімскага музея называецца 1924 г. [4, с. 159], што не адпавядае рэчаіснасці.
І.І. Стаброўскі
Развіццё краязнаўчага руху ў Заходняй Беларусі аналізуе І.У. Цітовіч [74], які адзначыў уплыў на яго развіццё палітыкі ўлад Другой Рэчы Паспалітай. Вызначальным фактарам станаўлення руху, на думку І.У. Цітовіча, была барацьба двух ідэалогій – рэгіаналізма (прадстаўнікі польскага грамадства) і краёвасці (прадстаўнікі інтэлігенцыі беларускага паходжання). Рэгіяналізм, на думку аўтара, быў прынесены палякамі з мэтай асіміляцыі, у адрозненне ад краёвасці, якая была сфарміравана мясцовай інтэлігенцыяй у ХІХ ст. З’яўленне польскіх краязнаўчых ўстаноў у першую чаргу было выклікана імкненнем “замяніць сепаратыстычную краёвасць лагодным польскім рэгіяналізмам” [74, с. 267]. Менавіта з пашырэннем краёвасці на землі былога ВКЛ Цітовіч І.У. звязвае распаўсюджванне ў Заходняй Беларусі філій ПКТ як асноўных прадстаўнікоў рэгіяналізму. У артыкуле “Краязнаўчы рух на тэрыторыі Лунінецкага павета (1921-1939 г) [75] Цітовіч называе рух “польскім па сваім ідэалагічным змесце”. Найбольш каштоўнай інфармацыяй у артыкуле з’яўляюцца дадзеныя пра ТРУЗ.
Ахове матэрыяльнай і духоўнай спадчыны Беларусі прысвечана кніга Несцярчука Л.М. [44], адзін з яе раздзелаў характарызуе сітуацыю ў Заходняй Беларусі ў 1921-1939 гг., у якім аўтар робіць выснову пра тое, што дзякуючы шэрагу арганізацыйных, навуковых і фінансавых мер, вялікая колькасць помнікаў гісторыі, культуры і архітэктуры былі ўратаваны ад разбурэння і знішчэння [44, с. 92].
Шэраг артыкулаў, прысвечаных гісторыі Слонімскага павета ў міжваенны час знаходзіцца ў зборніку “Слонімшчына вачыма навукоўцаў і краязнаўцаў”, выпушчанаму з нагоды 750-годдзя горада. Сярод іх – артыкулы Здановіч Н.І. [25] і Звяругі Я.Г. [23], у якіх згадваецца пра раскопкі І.І. Стаброўскага  на тэрыторыі Слоніма і Слонімскага павета ў міжваенны час. У ім маецца артыкул Караськ Н.В. [36], прысвечаны Слоніму і Слонімшчыне ў 1918-1939 гг. і напісаны на падставе матэрыялаў ДАГВ, дзе гаворыцца аб тым, што “частка моладзі ўваходзіла ў Польскае краязнаўчае таварыства, пры якім у г. Слоніме з 1930 па 1939 г. існаваў краязнаўчы музей на чале з Ёзафам Стаброўскім” [36, с. 253]. Інфармацыя, пададзеная ў артыкуле, аднак, не адпавядае рэчаіснасці. Так, музей быў заснаваны ў 1929 г.; выклікаюць пытанні і лічбы этнічна-рэлігійнай сітуацыі ў павеце, да якіх не прыведзена спасылак з крыніц. Зборнік змяшчае артыкул былой дырэктаркі слонімскага раённага музея Шпырковай І.Р. “З гісторыі краязнаўчага музея ў Слоніме” [84], аднак у ім маюцца толькі дата заснавання, музея, згадка пра пачатак калекцый, праблему адсутнасці памяшкання пад яго і невялікая азнаямляльная інфармацыя пра І.І. Стаброўскага. Такі характар носяць і іншыя артыкулы І.Р. Шпырковай: два ў кнізе “Памяць” [88, 89], шэраг артыкулаў у газеце “Слонімскі веснік” з нагоды святкавання заснавання музея [85, 87] і артыкул аб гісторыі Слонімскага музея ў “Беларускай энцыклапедыі” [86]. Але яна не закранае пачатковы перыяд дзейнасці музея, падрыхтоўчую працу І. Стаброўскага па арганізацыі музея і фарміраванне экспазіцый даваеннага перыяду. Акрамя таго І. Шпыркова падрыхтавала рукапісную даведку для супрацоўнікаў музея “Биографическая справка на Стабровского Иосифа Иосифовича, основателя Слонимского краеведческого музея” [83].
Краязнаўчы рух ў міжваенны час на тэрыторыі Слонімскага павета знайшоў сваё месца ў перыядычным друку. Даследаваннем гісторыі перыядычнага руху на Слонімшчыне займаўся краязнавец С. Ёрш, у артыкуле якога згадваюцца і пэўныя публікацыі і імёны мясцовых краязнаўцаў міжваеннага перыяду [19].
Важнейшым дзеячом краязнаўчага руху ў Слонімскім павеце з’яўляецца І.І. Стаброўскі. Без адлюстравння дзейнасці гэтага чалавека будзе незразумелым развіццё краязнаўчага руху ў павеце як суцэльнай, пэўнай з’явы. Таму вялікая ўвага ў магістэрскай дысертацыі надаецца менавіта асобе І.І. Стаброўскага. Першы артыкул, прысвечаны яму, выйшаў у 1968 г. і належыць С. Новік-Пяюну [46]. У ім распавядаецца пра праведзеную ў 1924 г. выставу старадрукаў у Слоніме. У 1969 г. з’явіўся артыкул М. Рылко [58], у якім распавядаецца пра лёс Слонімскага музея ў гады Вялікай Айчыннай вайны, калі Стаброўскі спрабаваў захаваць ад знішчэння калекцыі музея.
С.М. Чыгрын
Даследаваннем жыцця І.І. Стаброўскага займаўся слонімскі  журналіст і краязнавец С. Чыгрын. Яго першы артыкул пра Стаброўскага быў надрукаваны ў 1990 г. [79]. У наступным артыкуле, які выйшаў у 1994 г. С. Чыгрын распавёў чытачам “Газеты Слонімскай” аб жыцці Іосіфа Іосіфавіча пасля 1948 г., выкрыў адносіны НКУС да слонімца, апублікаваў пісьмо Стаброўскага да урада з просьбаю “востановіть в незаконно отнятых правах” [80]. Далей аўтар апісвае музей пад час нямецкай акупацыі, калі зала, прысвечаная ўсталяванню савецкай улады, змянілася экспазіцыяй “незалежнай Бацькаўшчыны” з партрэтамі дзеячоў БНР і граматай аб абвяшчэнні незалежнасці БНР. Але дадзеныя артыкулы, нягледзячы на прадстаўлены багаты архіўны матэрыял, амаль не закранаюць “польскі перыяд” жыцця Стаброўскага, падрыхтоўку, стварэнне і пачатак дзейнасці Слонімскага рэгіянальнага музея, створанага пры падтрымцы ПКТ.
С.М. Новік-Пяюн
Шэраг артыкулаў, прысвечаных жыццю і дзейнасці Стаброўскага, надрукаваў у перыядычным друку журналіст Іосіф Калюта [32-35]. Іх асновай сталі справаздача навуковай супрацоўніцы Слонімскага музея Н. Гайдук і ўспаміны паэта С. Новік-Пяюна, які быў сябрам І. Стаброўскага. І. Калюта напаўняе свае артыкулы сентыментальнасцю, адкрывае перад чытачом унутраны свет музея, раскрывае глыбінныя пачуцці наведвальніка: “Бо музей ёсць не што іншае, як Сабор душаў нашых” [32].
Адным з важнейшых дасягененняў краязнаўчага руху ў Слонімскім павеце стаў рэгіянальны музей. Вывады аб з’яўленні, развіцці і дзейнасці слонімскага музея зроблены пры апоры на метадалагічныя падыходы, выкладзеныя Т.Ю. Юрэневай [92].
Развіццё краязнаўчага руху ў Слонімскім павеце адбывалася на фоне агульнадзяржаўных працэсаў у ІІ Рэчы Паспалітай, якія характарызаваліся пэўнымі асаблівасцямі на тэрыторыі Заходняй Беларусі, звязанымі з правядзеннем палітыкі рэпаланізацыі і пераўтварэннем тэрыторыі рэгіёна ў сыравінны прыдатак. Для характарыстыкі эканамічнай, сацыяльна-канфесіянальнай і нацыянальнай дынамікі на тэрыторыі Слонімскага павета былі выкарыстаны працы В.Р. Супруна, польскіх даследчыкаў Дыцыкоўскага А. і Сасінскага А.
В.Р. Супрун
У кнізе Супруна В.Р. “Дзеі над Шчарай” [67] з пазіцый нацыянальнай гісторыі разгледжаны падзеі міжваеннага часу, асноўным зместам якой стала палітыка паланізацыі і адказ на яе ў форме развіцця нацыянальна-вызваленчага руху. В.Р. Супрун разглядае і сацыяльна-эканамічнае развіццё павета, характарызуючы яго як пераўтварэнне ў крыніцу сыравіны для прамысловасці ІІ Рэчы Паспалітай.
Змены ў інфраструктуры Слоніма і павета акрэслены ў працах польскіх даследчыкаў Дыцыкоўскага  А. [97] і Сасінскага А. [117]. Яны напоўнены вялікай колькасцю факталагічнага матэрыялу, аднак яны горад Слонім называюць “польскім” [117, s. 106], перастаўшым такім быць пасля 1944 г. На жаль, кніга “Памяць”, прысвечаная Слонімскаму павету амаль не змяшчае матэрыялаў прысвечаных міжваеннаму перыяду гісторыі павета, акрамя інфармацыі пра нацыянальна-вызваленчы рух і дзейнасць КПЗБ і шэрагу іншы палітычных арганізацый.
Творы, якія людзі ствараюць у працэсе мэтанакіраванай творчай дзейнасці, наўмысна надзяляюцца імі рэалізаванай, рэчыўнай матэрыяльнай формай, у якой гэтыя творы могуць свабодна функцыянаваць у тым ці іншым сацыя-культурным асяроддзі. Гэтыя творы (ці захаваныя іх фрагменты) цалкам могуць фіксаваць закладзеную ў іх інфармацыю аб людзях, што стваралі гэтыя творы і таксама (у пэўнай ступені незалежна ад намеру аўтараў), аб тым гістарычным часе і месцы (хранатопе), у якім узнікненне гэтых твораў і іх далейшае функцыянаванне аказаліся магчымымі. На гэтым фундаментальным уяўленні аб крыніцах як з’явах культуры, як рэалізаваным прадукце чалавечай дзейнасці і заснавана сістэма метадаў крыніцазнаўства, яго метадалогія [28, с.30-31]. Гістарычная крыніца — матэрыяльны аб’ект, які мае сацыяльную прыроду паходжання, адлюстроўвае гістарычнае мінулае грамадства, уцягнуты ў сферу гістарычнага даследавання і служыць сродкам гістарычнага пазнання.
Пры напісанні магістэрскай дысертацыі былі выкарыстаны архіўныя матэрыялы ДАГВ. У фондзе “Навагрудскае ваяводства” маюцца дакументы аб складзе “Саюза турыстычнай прапаганды зямлі Навагрудскай” [9], дзейнасці СЭАТ [10, л. 1-4], Слонімскага аддзела ПКТ і гурткоў краязнаўчай моладзі [10, л. 17, л. 23-24, л. 27-28], рэгіянальнага музея [10, л. 10-11, л. 18, л. 25, л. 39, л. 41], аб правядзенні на базе музея навуковай дзейнасці [10, л. 26, л. 38]. У фондзе “Слонимский краеведческий музей” маецца “Інвентарная кніга” [13], складзеная І.І. Стаброўскім, дзе змяшчаецца інфармацыя аб найбольш значных экспанатах музея, выдзеленых па шэрагу катэгорый: назва, колькасць, памеры, месца паходжання, спосаб набыцця, заўвагі. Асаблівую цікавасць дадзены дакумент выклікае не толькі тым, што дае сістэмную структуру экспазіцый (падзел на раздзелы), але і ў сувязі з тым, што змяшчае інфармацыю пра рэчы, перададзеныя ў Літаратурны музей СССР і Музей мастацтва ў Баранавічах. Фонд “Слонімская дзяржаўная жаночая настаўніцкая семінарыя імя Марцэліны Дароўскай” прысвечаны дзейнасці ў Слоніме сярэняй навучальнай установы на базе ордэна бернардынак, у асяродку якой дзейнічаў гурток краязнаўчай моладзі.
Слонімскі гісторыка-краязнаўчы музей
Важнае значэнне пры напісанні дадзенай  работы мелі дакументы, што захоўваюцца ў Слонімскім гісторыка-краязнаўчым музеі, сабраныя І.І. Стаброўскім, якія дзеляцца на дзве часткі:
1.        “Вопіс калекцыі дакументаў Стаброўскага”, які ўключае ўлічаныя і ўнесеныя ў каталог музея дакументы рода Стаброўскіх і самога І. І. Стаброўскіх. Яны датуюцца 1832-1945 гг.
2.        “Асабісты архіў Стаброўскага І.І.” – частка дакументаў міжваеннага, але ў асноўным пасляваеннага часу (1945-1970), неўлічаныя і не адзначаныя ўласнымі інвентарнымі нумарамі, сярод якіх змяшчаецца шматгадовая перапіска з уладамі БССР і СССР, у якіх маюцца каштоўная інфармацыя пра стварэнне і дзейнасць музея. Тут жа знаходзіцца перапіска з Новікам-Пяюном падчас зняволення апошняга і да моманту яго рэабілітацыі ў 1958 г.; перапіска з Н. Гайдук, былой супрацоўніцай музея, якая пасля вайны займала пасаду ў ЦК КП(б) Б.
І. Стаброўскі, "Война 1914 года". Першы ліст
У музеі захоўваюцца рукапісы Стаброўскага, сярод якіх маюцца тэксты экскурсій і арганізацыі экспазіцый. С. Новік-Пяюн, знаходзячыся на пасадзе дырэктара музея, звяртаўся да Наркамата Асветы з просьбай аб дазволе данесці іх да шырокага кола музейных супрацоўнікаў рэспублікі. Дадзеныя працы, перш за ўсё, уяўляюць сабой кампіляцыйныя творы, але у той жа час раскрываюць уласныя погляды Стаброўскага па шырокаму колу пытанняў: ад з’яўлення першых людзей на тэрыторыі Слонімскага павета да тэорыі адноснасці Эйнштэйна. Адзін з яго твораў называецца “Моя энциклопедия”, у якой маецца вялікая колькасць асабістых выпісак на рускай і польскай мове з розных твораў тлумачальнага характару. Захаваліся наступныя рукапісныя працы І.І. Стаброўскага: “Православие, католичество и уния. Взаимные их отношения в Слонимщине” [66], “Каменный век (неолит) в Слонимщине и соседних районах” [65], “Хронология Слонимщины и соседних районов”, “Симметрия и красота в Природе”, “Война 1914” [64]. Сярод рукапісаў захоўваецца аўтабіяграфія Стаброўскага, якую ён склаў у 1960 г. і дзе ў канспектатыўным выглядзе адлюстраваў сваё жыццё з падрабязным пералікам дасягненняў, асабліва падрабязна спыніўшыся на гадах вайсковай службы, распісаўшы ўдзел у камісіях, камандзіроўках, прачытаных дакладах, удзеле ў арганізацыі краязнаўчага руху і г.д. [2]. Захаваліся яго паслужныя спісы [52, 53] і ўспаміны пра першую сусветную вайну [64], якія разам з аўтабіяграфіяй дазваляюць аднавіць жыццёвы лёс пад час яго вайсковай службы.
Публікацыі слонімскіх краязнаўцаў знайшлі сваё месца ў перыядычным друку, як агульнадзяржаўным (Ziemia), так і рэгіянальным (Gazeta Słonimska, Slonimer Wort, Tygodnik Słonimski).
У часопісе ПКТ “Ziemia” знайшлі месца артыкулы М. Дрэўко пра слонімскі музей [98], В. Харкевіча пра станаўленне вяслярства і пра дзейнасць Марской і каланіяльнай лігі (далей – МіКЛ) [96]. У часопісе адлюстраваны краязнаўчы рух у межах ІІ Рэчы Паспалітай, асноўныя яго накірункі і тэндэнцыі, якія праявіліся ў яго арыентацыі на мяжы 20-30-х гг. на развіццё сувязей з турызмам.
У рэгіянальным друку знайшлі месца даследаванні мясцовых краязнаўцаў, сярод якіх вылучаецца  Karta z przeszłości Słonima” [100], дзе выкладзены асноўныя падзеі гісторыі Слонімскага павета.
Навуковыя дадзеныя пра археалагічныя даследаванні Слонімскага павета выкладзены ў часопісе “Wiadomości archeologiczne” [123], а ўяўленні пра Слонімскі павет ў кнізе Б. Александровіча [93]. У якасці крыніцы і навуковай літаратуры ў магістэрскай дысертацыі выкарыстаны спадарожнікі.
Пры даследаванні дзейнасці слонімскага аддзела ПКТ выкарыстоўваліся статуты, штогоднікі і справаздачы з яго дзейнасці.
Вялікая колькасць крыніц, характарызуючых развіццё краязнаўчага руху ў Слонімскім павеце ў міжваенны час змяшчаецца ў Велькапольскай лічбавай бібліятэцы (http://www.wbc.poznan.pl/dlibra) і агульнаеўрапейскай лічбавай бібліятэцы (http://www.europeana.eu).

Такім чынам, пры напісанні магістэрскай дысертацыі аўтар імкнуўся выкарыстаць найбольш поўнае кола крыніц розных тыпаў, якія прысвечаны краязнаўчаму руху ў Слонімскім павеце ў міжваенны час. Рознае паходжанне крыніц, разнастайнасць іх тыпаў стварала магчымасць праводзіць іх карэляцыю, дазваляла крытычна аналізаваць падазеныя ў іх звесткі і суадносіць іх з фактамі, які узгадваюцца ў гістарыяграфічнай літаратуры. Гэта павінна было стаць асновай аб'ектыўнага падыхода да ацэнкі асаблівасцяў краязнаўчага руху на Слонімшчыне.

КРАЯЗНАЎЧЫ РУХ У СЛОНІМСКІМ ПАВЕЦЕ Ў 1921-1939 ГГ. УВОДЗІНЫ

Паколькі лічу, што навуковыя працы павінны пісацца студэнтамі не толькі для таго, каб зарастаць пылам на паліцах універсітэцкіх кафедр і з цягам часу проста згубіцца ў віхуры часу ды забыцця, напрацягу некалькіх пастоў планую выкласці ў сеціва маю дысертацыю на суісканне ступені магістра гістарычных навук "Краязнаўчы рух у Слонімскім павеце ў 1921-1939 гг." [УДК 94(476.6) (1921-1939 гг.)] і абароненую ў Гродзенскім дзяржаўным універсітэце імя Янкі Купалы ў 2010 годзе. Праца была напісана пад навуковым кіраўніцтвам доктара гістарычных навук, прафесара Сяльверставай С.Я. Спадзяюся, што яна будзе карысная рупліўцам нашай гісторыі.
Слонім. Від з Ружанскіх могілак
Беларускі народ ствараў сваю культуру напрацягу шматвекавой гісторыі і адлюстраваў у ёй аткрысталізаваныя маральна-эстэтычныя ідэалы. Аднак сённяшнія ўмовы жыцця і паскарэнне тэмпаў развіцця прыводзяць да страты пачуцця сувязі з культурна-гістарычнай спадчынай, па трапнай заўвазе Ліхачова, чалавек губляе “духоўную аселасць”, што вядзе да страты маральных арыенціраў, эмацыянальнай чэрствасці. У сувязі з гэтым вялікае значэнне адыгрывае краязнаўства – усебаковае вывучэнне пэўнага рэгіёна.
Чалавек жыве ў асяродку, арганізаваным не толькі яго дзейнасцю, але, у першую чаргу, створаным культураю папярэдніх пакаленняў, элементы якой ён засвойвае. Неабыякавасць, любоў да сваіх родных мясцін прыводзіць да з’ялення краязнаўчага руху – формы незалежнай грамадзянскай актыўнасці, накіраванай на ўсебаковае вывучэнне пэўнага рэгіёну ці населенага пункта. Краязнаўчы рух садзейнічае патрыятычнаму выхаванню моладзі, любові да спадчыны роднага краю, станаўленню глыбокіх сувязей чалавека з гісторыяй Бацькаўшчыны. Яго практычным значэннем з’яўляецца развіццё турызма і сацыяльна-эканамічнага развіцця пэўнага рэгіёна.
Перад правядзеннем дадзенага даследавання была выдвінута навуковая гіпотэза, згодна якой краязнаўчы рух у Слонімскім павеце ў міжваенны час праходзіў стадыю свайго інстытуцыяльнага афармлення, станаўлення асноўных накірункаў працы і шляхоў практычнага прымянення назапашаных ведаў, дзейнічаў у межах агульнапольскага руху, а яго асаблівасці былі звязаны з этна-канфесійнай і эканамічнай сітуацыяй у рэгіёне.
Геаграфічна дадзеная магістэрская дысертацыя абмежавана межамі Слонімскага павета, а храналагічна - міжваенным часам (1921-1939), на працягу якога Слонімскі павет з’яўляўся адміністрацыйна-тэрытарыяльнай адзінкай ІІ Рэчы Паспалітай.
Сённяшняе разуменне дыфеніцый “краязнаўства”, “краязнаўчы рух” некалькі адрозніваецца ад выкарыстоўваемых у міжваенны час на тэрыторыі ІІ Рэчы Паспалітай. Сам генезіс паняцця “краязнаўства” можа быць аднесены на апошнюю чвэрць ХІХ ст. Ужываемыя ў той час тэрміны “krajopis” і "krajopisarstwo" з’яўляліся толькі тлумачэннем слоў “географ” і “геаграфія”.
Слова "край" на польскай мове першапачаткова выкарыстоўвалася для абазначэння мяжы. "Край" - гэта перш за ўсё крайні бераг, фініш, мяжа як у прымаўцы "у кута маецца край, у шыбеніцы канец". Наступным стала разуменне пад словам “край” рэгіёна, абмежаванага межамі, да якіх ён прылягае. Так, польскі лексікограф Рыгор Кнапскі (1564-1638) ў слоўніку 1621 г. пад “краем” разумеў акрэсы, край света, які “хто з высокага месца вокам вакол аббяжыць як мага лепш”. У адпаведнасці з аўтарам польскага слоўніка пачатку ХІХ ст. ("Słownik j ęzyka polskiego", Bapшава 1807-14; Львоў, 1854-60) Самуілам Багумілам Ліндэ (1771-1847), які апіраўся на погляды польскага географа з Браслаўскага павета Караля Вырвіча (1717-1793), край - гэта "частка вялікай зямлі, выдзеленай ад вялікага народа".
Згодна з тлумачэннем слова “край”, пад краязнаўствам маглі разумець: вывучэнне межаў; вывучэнне пэўнага абшару (часткі) зямлі, абмежаванай пэўнымі межамі; веды аб суцэльным краі, заселеным дадзеным народам.
Менавіта апошняе тлумачэнне слова “краязнаўства” выкарыстоўвалася ў 20-30-я гг. ХХ ст. у ІІ Рэчы Паспалітай для разумення яго сутнасці. Вялікі ўплыў на адносіны да краязнаўства зрабілі погляды Вацлава Налкоўскага (1851-1911), аўтара “Маляўнічай геаграфіі” (1902-1911), на думку якога "краязнаўства стане ведамі аб краю, магчыма, поўным наборам фактаў, якія адносяцца да дадзенага краю, ні навукай, ні мастацтвам, але інфармацыяй, ядром, з якога роўна як геаграфія, так і іншыя навукі і мастацтва, могуць чэрпаць матэрыял для сваіх даследаванняў". Краязнаўства, паводле Налкоўскага, не можа быць навукай, таму што з’яўляецца толькі сукупнасцю фактаў, прычынна не звязаных. У той жа самы час ён дапускае магчымасць навуковай апрацоўкі фактаў, сабраных пры дапамозе краязнаўства, але тады, лічыў польскі географ, гэта будзе штосьці блізкае да геаграфіі, названае па свайму становішчу “геаграфічнай энцыклапедыяй”.
У 1928 г. з лекцыяй па радыё на тэму “Ідэя і арганізацыя краязнаўства ў Польшчы” выступіў Людамір Савіцкі , які адным з першых звярнуў увагу на сувязь геаграфіі і краязнаўства яшчэ ў 1909 г. на паседжанні Польскага краязнаўчага таварыства (далей - ПКТ) у Варшаве. Ён заняў наступную пазіцыю: "для краязнаўства маецца характэрнейшая рэч, што яно не абмяжоўваецца якой-небудзь вузкай групай прыродных з’яў ці гуманітарных навук, але спрабуе звязаць адзін з адным усё, і такім чынам стварыць у свядомасці назіральніка абмежаваны вобраз, які ў рэчаіснасці складаецца з некалькіх шэрагаў прыродных, чалавечых і гістарычных з’яў. Гэта робіць краязнаўства асноўнымі ведамі сінтэтычнага характару, якія ў такога кшталта адносінах паказваюць далёка ідучае падабенства з геаграфіяй”. Л. Савіцкі зазначае, што можна доўга дэбатаваць над тэмай атаясамлівання краязнаўства з геаграфіяй, але самае важнае ў тым, што “ідэя краязнаўства, як нямая краязнаўчая практыка, не мае ўвогуле строгага навуковага характара. Не імкнецца да рэгулявання абстрактных, тэарэтычных пытанняў, а хоча толькі зблізіць шырокую грамадскасць са сваёй радзімай" і выступае ў якасці прапагандыста і папулярызатара вынікаў навукі, “становіцца яе служкаю і памочніцай” [108, s. 2].
Пытанню вызначэння сутнасці “краязнаўства” ў 20-30-я гг. ХХ ст. даследчыкі ІІ Рэчы Паспалітай надавалі вельмі важнае месца. Так, польскі гісторык картаграфіі і геаграфіі Баляслаў Альшэвіч (1893-1972) ў працы “Гісторыя польскага краязнаўства” галоўнае адрозненне краязнаўства ад геаграфіі бачыў у тым, што яго мэтаю не з’яўляецца сінтэз, а яно само ўяўляе сабою набор ведаў аб дадзеным абшары, прычым не толькі геаграфічных, але і гістарычных, эканамічных, статыстычных, прыродных і г.д. Такім чынам, згодна з Альшэвічам, краязнаўства “з’яўляецца тым усім, што служыць для пазнання пэўнага краю або групы людзей”, але гэта не навука, таму што яно “не дае доказу тэорыі, а таксама яму не хапае агульнай унутранай згуртаванасці” [108, s. 2]. У той жа час адпаведнікамі краязнаўства Б. Альшэвіч бачыў нямецкае "Heimatskunde" і рускае “Родиноведение».
Паводле прафесара Станіслава Паўлоўскага краязнаўства можа быць прынята ў трайным сэнсе: 1) метад, 2) папулярызацыйна-навуковы рух, 3) адгалінаванне іншай навукі, напрыклад, геаграфіі. Пры гэтым, у сітуацыі 20-30-х гадоў лічылася бяспрэчным, што на той момант перспектывай краязнаўства з’яўляецца навукова-асветніцкі рух. У сувязі з гэтым віцэ-працэсар ПКТ Аляксандр Паткоўскі адзначыў: “Сацыяльная значнасць гэтага руху расце і пранікае ў свядомасць устаноў усіх тыпаў, у тым ліку і дзяржаўныя арганізацыі. Краязнаўства адпавядае, такім чынам, той ролі, якой геаграфіі можа пазайздросціць амаль усе існуючыя навукі, спрабуючыя прабрацца ў шырокія межы думак і сэрцаў і натхняць творчыя сілы”. Важным унёскам С. Паўлоўскага стала тэза аб магчымасці выкарыстання краязнаўства ў педагагічных мэтах як асновы для школьнай працы, на што была зроблена стаўка ў працы ПКТ на мяжы 20-30-х гг. ХХ ст. ” [108, s. 4].
У 20-30-я гг. ХХ ст. грамадскасць ІІ Рэчы Паспалітай укладала ў паняцце “краязнаўства” вельмі шырокі змястоўны сэнс. Пад ім разумелі і рэгіёназнаўства, і харалогію (chorologjа), як “навуку аб прасторы”, погляды на якую былі закладзеныя ў сярэдзіне ХІХ ст. А. Гумбальдтам і К. Рыттэрам. Але перш за ўсё краязнаўства асацыіравалася з шырокім грамадскім рухам па вывучэнню гісторыі роднага краю, невялікіх рэгіянальных адзінак, якія ў сукупнасці складалі агульную прастору пражывання “польскага народа” і тэрыторый, гістарычна з ім звязаных.
Вывучэнне гісторыі краязнаўчага руху ў міжваенны перыяд дае магчымасць прасачыць складванне традыцый даследавання гісторыі і культуры края гісторыкамі-аматарамі. Менавіта ў міжваенны час закладываліся падмуркі сувязі краязнаўчага руху з турызмам, выхаваннем моладзі. Гэты вопыт будзе карысным для тых, хто сёння займаецца краязнаўствам і шукае шляхі практычнага выкарыстання назапашаных ведаў на карысць эканамічнаму і культурнаму развіццю роднай зямлі. Матэрыялы дыссертацыі могуць таксама знайсці прымяненне ў выкладанні адпаведных курсаў у навучальных установах, для развіцця музейнай справы, у даследаваннях па гісторыі краязнаўства ў Беларусі.

ВЫЗВАЛЕННЕ СЛОНІМА ПАД ЧАС ВЯЛІКАЙ АЙЧЫННАЙ ВАЙНЫ (10 ЛІПЕНЯ 1944 ГОДА)

Артыкул прысвечаны вызваленню г. Слоніма ад нямецка-фашысцкіх войск Савецкай Арміяй пад час правядзення аперацыі «Баграціён».

Раніцай 23 чэрвеня 1944 года пачалася аперацыя «Баграціен»: войскі Першага Прыбалтыйскага, Другога і Трэцяга Беларускіх франтоў перайшлі да знішчэння нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Праз суткі да іх далучыліся войскі Першага Беларускага фронта.
5 ліпеня пачаўся другі этап Беларускай аперацыі «Баграціен», у рамках якой войскі Першага Беларускага фронта вялі наступленне на баранавіцка-слонімскім напрамку.  Ужо 8 ліпеня быў вызвалены горад Баранавічы. Астаткі нямецкіх войскаў з-пад Баранавіч пачалі адступаць на захад праз Слонім, на абарону якога гітлераўцы накіравалі часці 4-й танкавай дывізіі, 3-й і 4-й кавалерыйскіх брыгад, 999-га будаўнічага батальена. Да іх далучаліся рэшткі адступаючых часцей. Слонім меў моцныя абарончыя рубяжы, якія былі падрыхтаваны гітлераўцамі на рэках Шчара і Іса. Таму яго вызваленне ў хуткія тэрміны ставілася пад сумненне.
Тры гады акупацыі Слонімшчыны прынеслі жудасныя вынікі: знішчана 41663 чалавекі, 2264 чалавекі вывезены ў Нямеччыну. Адной з самых страшных акцый фашыстаў стаў растрэл мірных жыхароў у ноч з 3 на 4 ліпеня на Пятралевіцкай гары паблізу Слоніма, дзе былі закопаны 10102 растраляныя жыхары горада. Фашысты спалілі ў раёне 30 весак.
Слонімшчыну вызвалялі войскі Першага Беларускага фронта пад камандаваннем генерала арміі К.К. Ракасоўскага: 28-я армія генерал-лейтэнанта А.А. Лучынскага, 65-я армія генерал-палкоўніка П.І. Батава і 48-я армія генерал-лейтэнанта П.Л. Раманскага. Яны ўзаемадзейнічалі з франтавымі часцямі ўзмацнення: 48-я армія з 1-м гвардзейскім танкавым  корпусам  генерал-лейтэнанта М.Ф. Панова, 65-я армія з 4-м Кубанскім казацкім кавалерыйскім корпусам і з 9-м Бабруйскім танкавым корпусам генера-маера Б.С. Бахарава, а 28-я армія – з 1-м Краснаградскім механізаваным корпусам генерал-лейтэнанта С.М. Крывашэіна. У яго ўваходзілі 19-я, 35-я і 37-я механізаваныя і 219-я танкавыя брыгады. Разам з 65-й арміяй наступалі 4-ы казацкі кавалерыйскі і 9-ы танкавы корпус з конна-механізаванай групы войск Першага Беларускага фронту генерал-лейтэнанта І.А. Пліева, двойчы Героя Савецкага Саюза, Героя Манголіі.
Мемарыял ахвярам фашызма
на Петралевіцкай гары
Непасрэдна Слонім вызваляў 18-ы стралковы корпус генералмаера І.І. Іванова. Штурм праводзіўся франтальнай атакай 37-й гвардзейскай стралковай дывізіі палкоўніка В.П.Марозава і 15-й стралковай дывізіі генерал-маера К.Я. Грабеннікава, якая першай завязала вулічныя баі ў Слоніме. Гвардыі яфрэйтар 1-га батальена 118-га стралковага палка 37-й стралковай дывізіі , уражэнец Харкаўскай вобласці Мікалай Мірошнік у свае 19 гадоў пры вызваленні Слоніма паўтарыў подзвіг Аляксандра Матросава. Гвардыя радавы С. Карташоў успамінаў: «…отражая натиск немцев, наше подразделение пошло в контратаку. По нему открыл огонь пулемет противника. Комсомолец Мирошник находился от этого пулемета в 30 метрах. Он рванулся к огневой точке. Не прошло и 10 секунд – пулемет врага умолк. Своим телом герой-комсомолец закрыл амбразуру».
69-я  стралковая  дывізія  гэтага  ж  корпуса  генерал-маера І.І. Санкоўскага павінна была фарсіраваць Шчару і рухацца на Жыровічы, садзейнічаючы вызваленню горада з поўдня. Пры фарсіраванні Шчары вызначыліся камандзір аддзялення 120-га стралковага палка гэтай дывізіі старшы сяржант М.П. Грышчанка і малодшы сяржант П.А.Спірын. Смерцю храбрых загінуў камандзір  узвода 237-га стралковага палка старшы лейтэнант А.Р.Новікаў.
Уклад у вызваленне Слонімшчыны ўнеслі войскі 80-га стралковага корпуса генерал-маера І.П.Рагулі, 105-га стралковага корпуса генера-маера Д.Ф.Аляксеева, 29-га стралковага корпуса генерал-маера  А.М.Андрэева, 42-га стралковага корпуса генерал-маера К.С.Калганава і 128-га стралковага корпуса генерал-маера  П.Фаціцкага.
Мемарыял ахвярам фашызма
на Чапялёўскіх палях
Авіяцыйныя сілы склалі 6-ы знішчальны авіяцыйны корпус генерал-маера авіяцыі І.М. Дзусава і 199-я штурмавая авіядывізія палкоўніка М.С.Вінаградава.
З інжэнерных войск узмацнення была 2-я штурмавая інжэнерна-саперная брыгада генерал-маера інжэнерных войск М.І. Воранава.
Наступленне пачалося 9 ліпеня ў 17 гадзін адначасова з трох напрамкаў: 15-я стралковая дывізія генерал-маера  К.Е.Грабеннікава выйшла да в. Якімовічы, 69-я стралковая дывізія генерал-маера І.І. Санкоўскага авалодала в. Шылавічы, фарсіравала Шчару і вяла бой за населеныя пункты Вулька і Стайкі, 75-я гвардзейская стралковая дывізія генерал-маера  В.А.Гарышнага падышла да в. Пятралевічы. 75-я і 69-я дывізіі павінны былі ўдарамі з поўначы і з поўдня садзейнічаць 37-й і 15-й дывізіям у авалоданні горадам.
Сухамлін І.М.
(1923-2002)
Вызначыўся у баях за Слонім уражэнец Харкаўскай вобласці дзевятнаццацігадовы лейтэнант І.М.Сухамлін. Будучы камандзірам 17-й танкавай брыгады 1-га танкавага корпуса, ен першым разам з двума танкамі ўварваўся на ўскраіну горада. Паранены і абгарэлы афіцэр працягваў весці бой на ахопленым полымем танку, а потым тараніў варожую самаходку. За смелыя дзеянні пры фарсіраванні Шчары і вызваленні Слоніма І.М.Сухамлін быў удастоены звання Героя Савецкага Саюза. У 1969 годзе яму прысвоена званне «Ганаровы грамадзянін г.Слоніма».
Ужо 9 ліпеня савецкія войскі выгналі гітлераўцаў з Дзераўной, Ісаевіч, Загрыцькава, вялі баі каля весак Талькаўшчына, Шундры, Паўлавічы. Генерал-маер Ф. Г. Булатаў у кнізе «Будні франтавых гадоў» напісаў, што «раніцай 10 ліпеня часці дывізіі выйшлі да Шчары. Праціўнік, відавочна, так хутка не чакаў савецкіх войскаў і ў першыя хвіліны не аказаў арганізаванага супраціўлення. А калі апамятаўся, было позна. Два палкі дывізіі  ўжо замацаваліся на супрацьлеглым беразе, падняліся ў атаку. Веска Парэчча была у нашых руках... Яскравую старонку ўпісала ў вызваленне 194-я стралковая дывізія палкоўніка П.П. Апякіна. Рашучае наступленне, прарыў варожай абароны, выхад да Шчары...».
У ноч на 10 ліпеня перадавыя часці 37-й гвардзейскай і 15-й стралковай дывізій у цесным узаемадзеянні з артылерыстамі 75-й легкай і 77-й гаўбічнай брыгад 26-й артылерыйскай дывізіі і танкістамі 17-й гвардзейскай танкавай і 1-й мотастралковай брыгад 1-га гвардзейскага танкавага корпуса і 23-й, 95-й, 108-й танкавых брыгад, 8-й мотастралковай брыгады, 1455-га і 1508-га самаходных палкоў 9-га танкавага корпуса, злучэнняў конна-механізаванай групы пры падтрымцы 199-й штурмавой авіядывізіі 16-й паветранай арміі ўварваліся ва ўсходнюю частку горада. Пад націскам савецкіх войск праціўнік быў вымушаны адступіць з усходняй ускраіны Слоніма на заходнюю – за Шчару, узарваўшы за сабою масты.
Апоўначы часцямі 37-й гвардзейскай і 15-й стралковых дывізій пачалося фарсіраванне Шчары на тэрыторыі горада, усю ноч пашыралі захоплены плацдарм. Раніцай 10 ліпеня пераправіліся асноўныя сілы нашых войск і пачалася бітва за заходнюю частку горада. Праціўнік з апошніх сіл стараўся затрымаць наступленне савецкіх войск, чапляючыся за кожны дом, змагаючыся да апошняга. Да 10 гадзін вулічныя баі дасягнулі сваей кульмінацыі. Часці 37-й гвардзейскай дывізіі, што наступалі на паўночную частку горада, прарвалі абарону праціўніка і адкінулі яго за горад. Адначасова часці 15-й стралковай дывізіі рашучым наступленнем у паўдневай частцы горада зламалі супраціўленне ворага, рэшткі якога ў 11 гадзін пачалі паспешна адступаць па шашы на паўдневы захад. Да апоўдня войскі акупантаў ў Слоніме былі разбіты.
Але праціўнік не змірыўся са стратай горада. На працягу гадзіны немцы бесперапынна кантратакавалі. З напрамку Сакалова па шашы на Слонім праціўнік сіламі батальена пяхоты пры падтрымцы 6-10 танкаў пяць разоў пераходзіў у контратакі на баявыя парадкі 37-й гвардзейскай стралковай дывізіі. Адначасова адбівала контрнаступленне гітлераўцаў і 15-я стралковая дывізія. Спроба праціўніка вярнуць сабе важны апорны пункт, якім з’яўляўся Слонім, правалілася. Вызваленне горада мела вялікае значэнне для развіцця далейшага наступлення войскамі Першага Беларускага фронту.
10 ліпеня у аператыўнай зводцы Саўінформбюро паведамлялася: «Войскі Першага Беларускага фронта фарсіравалі раку Шчару на ўчастку працягласцю 60 кіламетраў і авалодалі буйным вузлом камунікацый – горадам Слонімам, а таксама  баямі занялі больш 50 іншых населеных пунктаў… Нашы войскі сення авалодалі горадам і чыгуначнай станцыяй Слонім. Праціўнік панес вялікія страты». Пад Слонімам у палон трапіў кіраўнік інжынернай службы 9-й нямецкай арміі генерал-маер Шміт.
У баях за Слонімшчыну загінулі камандзір 9-га танкавага корпуса генерал-маер танкавых войск Б.С.Бахараў (пахаваны ў Бабруйску) і камандзір 219-й танкавай брыгады 1-га Краснадарскага мехкорпуса палкоўнік М.Р. Хлюпін. У брацкай магіле на вуліцы Пушкіна ля вечнага агню размешчаны магілы начальніка штаба 96-й стралковай дывізіі 48-й арміі палкоўніка М.А. Амосава і былога дывізіеннага інжынера Ф.Д.Прохарава. Загінулі ў небе над Слонімшчынай летчыкі-штурмавікі 199-й штурмавой авіяціі Зайцаў і Муркін.
Родны горад вызвалялі слонімцы: кавалер ордэна Славы М.Д. Бута і салдат 194-й стралковай дывізіі А.М. Станавенка, камандзір аддзялення 96-й стралковай дывізіі Л.А.Іванчанка, 69-й стралковай дывізіі Б.Т.Пішчыкевіч.
Вечарам 10 ліпеня Масква, як паведамляла газета «Правда», ад імя Радзімы салютавала ў гонар атрыманай перамогі двадцаццю артылерыйскімі залпамі з 224 арудзій.
Мемарыял у гонар
воінаў-вызваліцеляў
Загадам № 0226 ад 27 ліпеня 1944 года адзінаццаці вайсковым злучэнням і часцям, прымаўшым актыўны ўдзел у вызваленні Слонімшчыны, было прысвоена ганаровае званне «Слонімскіх»: 199-я штурмавая авіяцыйная дывізія (камандаваў палкоўнік М. Вінаградаў), 19-я (палкоўнік У. Яршоў) і 35-я (палкоўнік I. Гаўрылаў) механізаваныя брыгады, 30-ы (палкоўнік А. Гераськін), 32-і (маер А. Шахмаеў) і 34-ы (падпалкоўнік I. Жылін) Кубанскія гвардзейскія казацкія кавалерыйскія палкі, 151-ы асобны танкавы полк (маер П. Бакін), 925-ы Чырванасцяжны легкі самаходны артполк (падпалкоўнік П. Ложкін), 181-ы гвардзейскі армейскі артылерыйскамінаметны полк (маер Я. Лісіцкі), 899-ы карпусны саперны батальен (маер В. Белякоў).
Слонімцы памятаюць пра подзвіг вызваліцеляў. На тэрыторыі раена размешчаны 71 помнік салдатам-вызваліцелям. У цэнтры Слоніма каля брацкай магілы ля Вечнага агню узвьшаецца бронзавы салдат з прыспушчаным сцягам у руках. У скверы на пастаменце устаноўлены танк Т-34, у двары сярэдняй школы № 4 — самалет-штурмавік Іл-2.