Іосіф Іосіфавіч Стаброўскі (1870-1968) – заснавальнік Слонімскага рэгіянальнага музея

Напрацягу студзеня я буду размяшчаць матэрыялы, прысвечаныя Іосіфу Іосіфавічу Стаброўскаму, асобаю якога зацікавіўся дзякуючы майму навуковаму кіраўніку Аляксандру Дабрыяну. Паступова гэтая цікавасць да жыцця аднаго чалавека ператварылася ў зацікаўленасць гісторыяй роднай Бацькаўшчыны - Слонімшчыны.

Першы з серыі тэкстаў знаёміць Вас з асобаю Іосіфа Стаброўскага і першымі экспанатамі сабранага ім музея. У наступных будуць змешчаны як надрукаваныя, але малавядомыя артыкулы слонімскага археолага, так і раней ніколі недрукаваныя. Арыгіналы апошніх знаходзяцца ў Слонімскім краязнаўчым музеі, з якім у мяне звязаныя самыя цёплыя ўспаміны.

Выказваю словы ўдзячнасці супрацоўнікам музея, і падзяку Ірыне Рыгораўне Шпырковай і дырэктару Рыжак Наталлі Канстанцінаўне за дапамогу, якая была мне аказаная пры працы над даследаваннем жыцця таленавітага слонімца - Іосіфа Іосіфавіча Стаброўскага.

І.І. Стаброўскі
У гэтым годзе спаўняецца 85 гадоў з моманту заснавання Слонімскага гісторыка-краязнаўчага музея, які быў створаны Іосіфам Іосіфавічам Стаброўскім і цяпер носіць яго імя. Жыццю і дзейнасці гэтага чалавека прысвечана некалькі артыкулаў С. Чыгрына і І. Шпырковай, але спецыяльнае навуковае даследаванне яго навуковай і грамадскай дзейнасці адсутнічае. Мэтай дадзенай працы з’ўляецца адлюстраванне дзейнасці Стаброўскага як грамадскага дзеяча, краязнаўцы і археолага.

Іосіф Іосіфавіч Стаброўскі нарадзіўся 2 лістапада 1870 г. Род Стаброўскіх быў вядомы не толькі ў Слоніме. Бацька Стаброўскага, Іосіф Вікенцьевіч, капітан Мурамскага пяхотнага палка, герой абароны Севастопаля, быў узнагароджаны ордэнам Святой Ганны ІІІ-й ступені з мячамі, сярэбраным медалём і бронзавым на Андрэеўскай ленце. Пры абароне Севастопаля яго кантузіла кавалкам бомбы ў грудзі, таму не мог далей працягваць службу. У 1860 годзе ён быў узяты пад апеку Камітэта аб параненых і яму прызначылі “прибавочный пенсион из инвалиднаго капитала”[4]. Памёр у 1891 годзе і пахаваны ў вёсцы Орлавічы Слонімскага раёна.
Родны дзядзька слонімскага археолага, штабс-капітан Антон Вікенцьевіч, разам з братам удзельнічаў у Крымскай вайне.
В.М. Стаброўскі
Дзед Іосіфа Іосіфавіча, Вікенцій Мацеевіч, рэгент земскі, гаспадар маёнтка “Кулікі”, пад час паўстання 1863-1864 ва ўзросце 78 гадоў некалькі месяцаў адсядзеў у Гродзенскай турме і выплаціў штраф у памеры 100 рублёў за знішчэнне знойдзенай запіскі, “что наводит предположение о зловредном ея содержании, а также в оскарблении становаго пристава неприличными словами” [5; л. 19 адв.].
Стрыечным братам Іосіфа Іосіфавіча быў Казімір Антонавіч Стаброўскі, вядомы ў свой час мастак, артыст, прафесар і педагог. У 1904 годзе ён заснаваў Школу прыгожых мастацтваў у Варшаве і на працягу шасці гадоў быў яе дырэктарам і выкладчыкам. За карціну “Цішыня вёскі” ў 1900 годзе ў Парыжы на міжнароднай выстаўцы ён атрымаў сярэбраны медаль. Яго карціна “Ля раз’езда” была набыта для музея ў Мюнхене, а карціна “Лазенкаўскі парк у Варшаве” – для музея ў Венецыі. Памёр ад інфаркту ў 1929 годзе [15; С.3].
Маці Іосіфа Іосіфавіча Стаброўскага Людвіка паходзіла з роду князёў Масальскіх. Яе бацька Адольф Масальскі прымаў актыўны ўдзел у паўстанні 1863 года, за што быў сасланы на Нерчынскія руднікі.
Родны дзядзька Іосіфа Іосіфавіча Стаброўскага, Карл Масальскі, падчас паўстання 1863 года быў камандзірам паўстанцкага атрада, які дзейнічаў на Гродзеншчыне. Сельскі стараста вёскі Азярніца Слонімскага павета выдаў яго царскім карнікам, і па прысуду гродзенскага губернатара Скварцова Карл Масальскі быў растраляны. Іосіф Іосіфавіч Стаброўскі знайшоў апошняга сведку тых падзей 84-хгадовага Аляксандра Шыманскага, які паведаміў аб тым, што паўстанца пакаралі 5 жніўня 1863 года, прывязаўшы яго да другога тэлеграфнага слупа на ўсход ад моста праз канал Агінскага  [1; л. 38 ]. 13студзеня 1937 г., у сувязі са святкаваннем пачатку паўстання 1863-1864гг, Іосіф Іосіфавіч накіраваў ліст на імя палкоўніка Вацлава Глацкага, дырэктара Дзяржаўных дарог у Вільні з просьбаю аб дазволе ўстанаўлення на месцы пакарання Караля Масальскага драўлянага крыжа з надпісам [1; л. 38].
Сям'я Стаброўскіх
У 1888 г. І.І.Стаброўскі за заслугі бацькі, быў залічаны курсантам Аляксандраўскага артылерыйскага вучылішча, дзе пасябраваў з будучым рускім пісьменнікам Аляксандрам Купрыным.
Сваю армейскую кар’еру Іосіф Іосіфавіч пачаў у 1889 г. Вядома, што ў 1891 - 1895 годах служыў у 81-м пяхотным Апшэронскім палку і з’яўляўся палкавым інструктарам па сапёрнай справе. Па даручэнню шэфа Апшэронскага палка вялікага князя Георгія Міхайлавіча рабіў фатаграфічныя здымкі месц Дагестана для гісторыі палка, дзе Апшэронскі полк вёў баі з Шамілем. За гэтую працу атрымаў ад князя ў падарунак гісторыю палка з уласнаручным подпісам. У 1895 г. Стаброўскага перавялі у артылерыю. Ен з’яўляўся справаводам, а пасля загадчыкам гаспадаркі батарэі і палка. Загадваў афіцэрскім сходам і бібліятэкай. З’яўляўся сябрам, а затым старшынёй брыгаднага суда і сябрам суда таварыства афіцэраў. Стаброўскі быў таленавітым вынаходнікам. З яго наватарскіх распрацовак у свой час знайшлі прымяненне шрампель удасканаленага ўзору (зацверджана ў 1907 годзе Галоўным артылерыйскім упраўленнем) і тэлефон-пыёмнік удасканаленай канструкцыі (польскі патэнт №18728) [14; С. 4].
У 1910 годзе прымаў удзел у двух палявых паездках з мэтаю рэкагнасцыроўкі ўчасткаў рэк Віслы і Варты [13; С. 6]. Першую сусветную вайну І.І.Стаброўскі сустрэў у чыне палкоўніка артылерыі, камандзірам 55-га артылерыйскага дывізіёна.
 За бездакорную службу і мужнасць, узнагароджаны баявымі ордэнамі Святой Ганны ІІ-ой ступені з мячамі і ІІІ-й ступені, Святога Станіслава ІІ-й і ІІІ-й ступені. У красавіку 1918г. звольнены з вайсковай службы, але праз некаторы час зноў быў прызваны, цяпер ужо ў Чырвоную Армію. Служыў у Заволжскай вайсковай акрузе ва упраўленні вайскова-вучэбных устаноў старшым справаводам. 11 красавіка 1921г. канчаткова звольнены ў запас ва ўзросце 50-і гадоў і хутчэй усяго пад час савецка-польскай вайны вярнуўся ў родныя мясціны на Слонімшчыну.
Яшчэ знаходзячыся на вайсковай службе І.І.Стаброўскі скончыў Маскоўскі археалагічны інстытут і Вышэйшыя Археалагічныя курсы пры Самарскім універсітэце, стаў членам-карэспандэнтам Маскоўскага археалагічнага таварыства і сябрам Яраслаўскага археалагічнага таварыства [14; С. 3-4]. Таму вярнуўшыся на Радзіму, І.І.Стаброўскі актыўна ўключыўся ў грамадзянскае жыццё роднага края. Ён становіцца сябрам Слонімскага аддзялення Польскага краязнаўчага таварыства (далей – САПКТ), якое налічвала 57 чалавек на чале са старшынёй Пятроўскім [16; с. 80]. Па ініцыятыве І.І. Стаброўскага ў Слоніме было створана этнаграфічна-археалагічнае таварыства, першае паседжанне якога адбылося 6 студзеня 1924 года. На пачатку сваёй дзейнасці яно налічвала 15 чалавек, сярод якіх быў і стараста слонімскага павета Карказовіч [1; л. 2].
Усё сваё свядомае жыццё Іосіф Іосіфавіч збіраў рэшткі гісторыі роднага краю, вынікам чаго сталі археалагічная і нумізматычная калекцыі, вялікая колькасць дакументаў, некалькі старадрукаў, мноства рэдкіх кніг, асобныя каштоўныя гістарычныя рэчы. Па ініцыятыве І.І. Стаброўскага на основе гэтых калекцый пры падтрымцы САПКТ быў створаны краязнаўчы музей.
Урачыстае адкрыццё музея адбылося 20 верасня 1929 года ў прысутнасці прэзідэнта Польскай рэспублікі Ігнація Масціцкага. Першапачаткова музей знаходзіўся ў будынку староства [21; с. 339]. Напярэдадні адкрыцця па ўсяму гораду былі расклеяны афішы са зваротам САПКТ ад 3 мая 1929 года аб зберажэнні помнікаў гісторыі: “Хочам засцерагчы ад знішчэння гістарычных помнікаў, музейных помнікаў нашай культуры, даць магчымасць належнага іх захавання і паказаць грамадству, а асабліва малодшаму пакаленню культурныя здабыткі… Асабліва горача просім уладальнікаў якіх-небудзь гістарычных помнікаў аб ласкавай перадачы іх у рэгіянальны музей, ці на захаванне музейных помнікаў, якія маюцца ў вас на руках: археалагічныя помнікі, нумізматычныя калекцыі ці асобныя манеты, газеты, дакументы, рукапісы і аўтографы, ...фатаграфіі з часоў вайны, посуд, прадметы народнай творчасці, прадметы бытавога ўжытку дамашняга вырабу (якія гінуць з-за развіцця фабрык), этнаграфічныя зборнікі, прадметы рэлігійнага культу” [1; л. 10]. На афішы стаялі падпісы сакратара САПКТ Клімкевіча, скарбніка Глебскага і старшыні праўлення М.Пятроўскага.
У выніку гэтага фонд музея  стаў папаўняцца і за кошт ахвяраванняў простага насельніцтва, якое несла ў дар рэгіянальнаму музею асобныя гістрычныя рэчы. Напрыклад, 4 ліпеня 1930 года слонімскі павятовы стараста накіраваў да САПКТ ліст з паведамленнем аб знойдзенай дазорным Карпам Прудніковым каля вёскі Багданаўшчына адзнакі польскага дзесятніка і перадачы яе музею [1; л. 11].
Актыўную дапамогу музею аказвалі сябры САПКТ. Напрыклад, з нагоды святкавання ў Слоніме “трыумвіра” круглых дат - 400-годдзя надання Слоніму магдэбургскага права, 300-годдзя смерці Льва Сапегі і 150-годдзя адкрыцця Агінскага канала, - кіраўніцтва САПКТ накіравала 17.Х.1932 года да Фонда Народнай культуры пры прэзідыуме Рады міністраў у Варшаве ліст “з просьбаю аб выдзяленні дапамогі ў памеры 150 злотых”, таму што музей апынуўся ў цяжкім стане [1; л.18].
Адразу пасля стварэння музей стаў рэгіянальным цэнтрам краязнаўчай дзейнасці і быў прызнаны на агульнапольскім узроўні. Яго прадстаўнікі ўдзельнічалі ў з’ездах секцый рэгіянальных музеяў. У 1934 годзе на з’езд быў накіраваны І.І. Стаброўскі. З-за фінансавых цяжкасцяў кіраўніцтва праўлення САПКТ было вымушана звярнуцца да Саюза музеяў Польшчы з просьбаю аб прадастаўленні яму льгот на праезд па жалезнай дарозе з Варшавы да Слоніма [1; л. 30].
Калекцыі музея пастаянна папаўняліся новымі экспанатамі, што выклікала неабходнасць пашырэння памяшканняў для іх размяшчэння. У 1930 г. музей займаў 2 пакоі плошчай 55 кв. м. у памяшканні публічнай бібліятэкі і да 1939 г. 14 разоў мяняў свае месцазнаходжанне [21; с.339].
Слонімскі ідал
Да найбольш цікавых экспанатаў, якія знаходзяцца ў музеі, адносіцца каменны паганскі ідал, датуемы Х-м ст. Да другой паловы XVIII ст. належыць жывапісны партрэт Аляксандра Пацея, выкананы невядомым мастаком на метале. Бясцэнным помнікам юрыдычнай думкі XVI ст. з’яўляецца статут Вялікага княства Літоўскага, пераведзены на польскую мову і выдадзены ў 1648 годзе. Былі ў музеі аўтографы польскіх каралёў Жыгімонта Аўгуста, Жыгімонта ІІІ, Уладзіслава ІV, Яна-Казіміра, Станіслава Панятоўскага, Папы Рымскага Грыгорыя ХV, рускіх імператараў Мікалая І, Аляксандра ІІ, князёў Караля Радзівіла, Яна Сапегі, а таксама вялікага рускага паэта А.С.Пушкіна. У музеі захоўвалася дакладная копія апошняга ў яго жыцці ліста, напісанага 27 студзеня 1837 года і адрасаванага дзіцячай пісьменніцы Аляксандры Шымавай. Копія выканана ў літаграфіі “Безэ і Францэн” у 1857 годзе, відавочна, да 20-й гадавіны з дня смерці паэта. Каштоўнасцю музея быў бронзавы бюст Напалеона І, які з’яўляўся адным з двух экзэмпляраў, створаных ў Парыжы ў 1885 годзе па спецыяльнаму заказу ўлад Расійскай імперыі [10; С.6].
Значную частку экспазіцый займалі археалагічныя калекцыі. У Інвентарнай кнізе Стаброўскі паведамляе аб 12-ці “планшетах с изделиями каменного века с Лабазовки, Тальковщины, Камлевич, Задворья, поместья Орловичи, Носок и озера Бездонное около Азерницы (дар Ольгерда Михаловского)”. Акрамя пералічаных планшэтаў у экспазіцыі музея меліся “топор кремневый, нешлифованный дер. Гать”, “топор кремневый, шлифованный (дер. Озгиновичи Чемерской волости)”, “лезвие кремневаго шлифованного топора (Слоним, переулок Мокрый)”, “топор кремневый, полосатый, отлично шлифованный (станция Щепки Августовской вол. Сувалкской г., дар Георгия Карчевского)”, “топор каменный типа Фатьяновскага с отверстием (урочище “Дубы”, 4 версты от Слонима, дар 79 пяхотного польского полка) ”, 9 каменных малаткоў, “молот боевой, больших размеров с отверстием (18 ½ Х 7 ½, д. Рудавка Мижевитской вол., дар Бориса Ивановича Кандера)”, “часть урны «лицевой» из раскопок (3 куска, Троитский уезд, фальварок Устроне) ”, “Жернов – нижний камень” (поместье Орловичи) [3; л. 21-23 адв]. Наконт жэрнавога каменю, знойдзенага каля вёсці Орлавічы, Стаброўскі паведамляе: “У 0,5 км ад Багданавіч ва ўрочышчы “Жукаўшчызна” летам 1927 года пад час узворвання знойдзены жэрнавы камень (даўжыня – 40,5 см, шырыня – 30, таўшчыня – 14 см) граніт грубазярністы. У сярэдзіне паглыбленне дыяметрам 5 і глыбінёй 2,5 см” [17; С.175-176]. У 1939 г. у музей трапляе знойдзеная пад час будаўніцтва падмуркаў непадалеку ад Слоніма каменная галава ідала, вышынею 46см [19 ] Акрамя таго ў музеі налічвалася некалькі сот манет, у тым ліку два скарбы. Экспазіцыі з тлумачальнымі карткамі знаходзіліся ў плоскіх, белых афарбаваных вітрынах. Экспанаты былі занесены ў інвентарную кнігу, але не зашыфраваны [21; с.339].
Атрымаўшы яшчэ пад час вайсковай службы археалагічную адукацыю з кваліфікацыяй археолаг (у тагачасным разуменні - спецыяліст па старажытнасцям - В.Г.), І.І.Стаброўскі праводзіў археалагічныя даследванні. Першая праца па археалогіі была напісана ім яшчэ ў 1899 г. і прысвечана знаходкам шкляных шароў. У ёй між іншым І.І.Стаброўскі ўзгадвае і аб знаходцы сямі рымскіх манет у Навагрудку [18]. Асноўнай мэтай археалагічных даследванняў Стаброўскага было папаўненне калекцый музея. Як ён сам адзначаў: “Я стаў археолагам, таму што люблю шукаць клады, разгадваць таямніцы старажытных курганаў. І адчуваю сябе на “сёмым небе”, калі адкопваю якую-небудзь незвычайную рэч — будучае ўпрыгожванне музея” [9; С.3]. Даследчык практычна не праводзіў самастойныя раскопкі, займаючыся выяўленнем і апісаннем разбураўшыхся помнікаў. Так, на поўдзень 1 км ад вёскі Багданавічы ва ўрочышчы Самілава пры капанні пяску было знойдзена пахаванне са спаленнем, дыяметрам 2,5 м. і глыбінею 1,5 м. Дно і сценкі ямы былі выкладзены каменнем (25 сярэдніх і 18 малых). Камяні былі неабпаленыя. На глыбіні 25 см ад паверхні ў сярэдзіне пабудовы каля вялікага камня былі знойдзены 5 фрагментаў ад пасудзіны, кускі сасновага вугля і кавалкі неабпаленых касцей. Зямля была моцна гамусіраваная, цёмная, як бы перасыпаная попелам, найбольш гамусіравана ў сярэдзіне, каля керамікі. Іншых прадметаў не знойдзена. Стаброўскі датаваў пахаванне XIII ст. На адлегласці 1,5 км ад Орлавіч былі выяўлены 50 курганаў XI-XIII ст, на адлегласці 1,5 км на могільніку в. Рахавічы - 2 вялізныя курганы [17; С. 175-176]. У 1927 г. Стаброўскі звярнуўся ў Дзяржаўны камітэт кансерватараў дагістарычных помнікаў ( далей ДККДП) ў Варшаве з паведамленнем аб будаўніцтве дома каля адзінкавага кургана каля дарогі на Ружаны і разбурэнні курганаў на вясковых могілках у вёсцы Орлавічы, дзе яны выкарыстоўваюцца для пахаванняў і разбураюцца. Стаброўскі прапанаваў перанесці могілкі на новае месца на сваёй зямлі [20; S.223].  Дзеля разгляду справы ў Орлавічы прыязджае кансерватар варшаўскай акругі Р.Якімовіч і яны разам раскапваюць тры з 50 захаваўшыхся курганоў. Па меркаванню Р.Якімовіча пахаванні з інгумацыяй належылі дрыгавічам і датуюцца XІ ст. [20; S.223]. Адначасова Стаброўскі перадаў у Дзяржаўны археалгічны музей ў Варшаве дзве срэбраныя рымскія манеты з Навагрудка і знаходкі з раскапаных разам курганоў. Па ініцыятыве Р.Якімовіча Стаброўскі быў прызначаны дэлегатам камітэта на Навагрудскае ваяводства [7; С. 229].
Пасля аб’яднання Заходняй Беларусі з БССР у 1939 г усе свае калекцыі, амаль 5 тысяч экспанатаў, І.І. Стаброўскі бязвыплатна перадаў гораду Слоніму і з гэтага часу яго музей набывае статус дзяржаўнага, а за Стаброўскім захавалі пасуду загадчыка. У гэты час адбываецца значнае пашырэнне фондаў музея, і ў першую чаргу за кошт маёмасці канфіскаванай ў панскіх маентках. Толькі 15 красавіка 1940 г. з былога маёнтка Нова-Дзевяткавічы было атрымана “разных книг старинных и музеального значения больших 80, средних и малых 313, итого…- 393 шт.” [2; л.1]. Акрамя кніг у музей працягвалі паступаць і такія рэчы, як панцыры, шлемы, карціны. Галоўнай праблемай для музея, які размяшчаўся па адрасе вул. Касцюшкі, д. 2, была адсутнасць неабходнага памяшкання. Да пытання размяшчэння дадалася яшчэ адна: на падставе пастановы Баранавіцкага аблвыканкама ад 15 кастрычніка 1940 года №1219 па акту 13 лістапада 48 найбольш каштоўных экспанатаў былі перададзены ў Баранавіцкі музей мастацтва. Яшчэ 4 экспаната згодна прадпісанню Народнага камісарыята асветы 13 чэрвеня 1940 г. № 0-11м па акту № 1-14 чэрвеня перададзены ў Літаратурны музей СССР [3].
З пачаткам Вялікай Айчыннай вайны, з першых дзён гітлераўскай акупацыі Стаброўскім зацікавілася гестапа. У падвале яго дома быў выяўлены склад кніг, сярод якіх знаходзіліся працы класікаў марксізма-ленінізма. Стаброўскага нават выклікалі на допыт, а пасля некалькіх дзён ў музей завітала гестапа. Толькі вытрымка Іосіфа Іосіфавіча выратавала каштоўнасці музея. Аб гэтым мужным учынку слонімскага краязнаўца пісала газета “Советская Белоруссия” у нумары 141 за 1944 год [11; С. 3].
Летам 1944 года як толькі Чырвоная Армія вызваліла Слонім Іосіф Іосіфавіч адчыніў музей. З дня вызвалення раёна да 7 чэрвеня 1945 года Слонімскі краязнаўчы музей наведалі 6070 чалавек. Пасля вызвалення горада Стаброўскі зноў пачаў збіраць калекцыі, прыводзіць у належны стан рукапісы, кнігі, фатаграфіі і займацца абсталяваннем музейных пакояў.
Восенню 1945 года на старонках раённай газеты было апублікавана прывітальнае пісьмо, якое было адрасавана юбіляру: “Таварышшу Іосіфу Іосіфавічы Стаброўскаму. Слонімскі раённы камітэт партыі (бальшавікоў) Беларусі і выканаўчы камітэт Слонімскага раённага Савета дэпутатаў працоўных вітаюць Вас, навуковага супрацоўніка і заснавальніка краязнаўчага музея, у дзень Вашага сямідзесяццігоддзя. Жадаем Вам, Іосіф Іосіфавіч, здароўя, доўгіх гадоў жыцця і працы на карысць савецкай Радзімы!” [8; С.3]. Але доўгай “працы на карысць савецкай Радзімы” не атрымалася, а наперадзе чакалі самыя страшныя здзекі і абразы. Справа ў тым, што ў самым канцы саракавых гадоў на афармленне музейнага аддзела Вялікай Айчыннай вайны было выдаткавана 22,5 тысячы рублёў. На вялікі жаль гэтыя грошы Стаброўскі так і не выкарыстаў, бо знайшліся людзі, якія паклалі іх у свае кішэні, а вінаватым у страце грошай зрабілі Стаброўскага. У выніку ён у сваёй кароценькай аўтабіяграфіі напісаў: “З 7 снежня 1948 года вызвалены ад працы ў музеі “як неадпавядаючы па свайму ідэалагічнаму светапогляду”. Некалькі гадоў Іосіф Іосіфавіч пісаў заявы ў мясцовы раённы камітэт партыі і начальніку канцылярыі Старшыні Савета Міністраў СССР,  але ўсё гэта было марна. Дваццаць гадоў пасля выхаду на пенсію ён жыў ва ўласным невялікім доме на вуліцы Камсамольскай (былая Замкавая). Магчыма ў гэтыя часы, вольныя ад працы, Стаброўскі напісаў некалькі артыкулаў па краязнаўству, гісторыі і філасофіі, якія так і небылі надрукаваны: “Састаў і абсягі Сусвету”, “Сутнасць жыцця і яго з’яўленне на зямлі”, “Праваслаўе, каталіцызм і унія. Іх узаемаадносіны на Слонімшчыне”, “Каменны век (неаліт) на Слонімшчыне і ў суседніх рэгіёнах”, “Норавы і звычаі ў Заходняй Беларусі ў ХVI-XVII стагоддзях”, “Сіметрыя і хараство ў прыродзе”, “Крывавым следам (Успаміны з вайны 1914 года. Альбом з 300 здымкамі)”.
 Памёр Іосіф Стаброўскі на 98-м годзе жыцця 15.01.1968 г. Пахаваны, як ён і жадаў, на зямлі былога радавога маёнтка Стаброўскіх “Орлавічы”.
Слонімскі музей імя І.І. Стаброўскага
На сённяшні дзень краязнаўчы музей у Слоніме носіць імя заснавальніка. У 2002 г. у дні святкавання 750-гадовага юбілею горада на будынку музея была ўрачыста адкрыта мемарыяльная дошка, прысвечаная Іосіфу Іосіфавічу Стаброўскаму, якую выканаў з граніту і падараваў гораду і музею Леанід Богдан .
У выніку навуковай дзейнасці Стаброўскага беларуская гістарычная навука папоўнілася ведамі па гісторыі каменнага веку на Слонімшчыне, былі даследавана шэраг курганоў. Вынікі гэтай працы, як і археалагічная калекцыя Іосіфа Іосіфавіча, узбагацілі нацыянальную археалогію. Ён напісаў некалькі прац, якія ўяўляюць каштоўнасць для этналагічнай навукі. Стаброўскі быў чалавекам вялікай думкі. Яго ненадрукаваныя творы і дзённікі прадстаўляюць інтарэс для філасофіі.

СПІС ВЫКАРЫСТАНЫХ КРЫНІЦ І ЛІТАРАТУРЫ
1.                     Переписка, протоколы собраний, отчёты о работе Слонимского краеведческого общества и его организаций. Обращение в связи с открытием музея 20.09.29г. и приездом в г. Слоним президента Польши // Государственный архив Гродненской области. – Фонд 551. – Оп.1 – Д.42. – Л.1-41.
2.                     Перечни книг и экспонатов музея и расписки на их получение. Подписные листы на журналы и газеты для музея // Государственный архив Гродненской области. – Фонд 2744. – Оп.1 – Д.1. – Л.1-11.
3.                     Инвентарная книга учета экспонатов и материалов Слонимского областного краеведческого музея за 1940-1941 гг. // Государственный архив Гродненской области. – Фонд 2744. – Оп.1 – Д.6. – Л.1-46.
4.                     По прошению отставного капитана Иосифа Стабровскаго о прибавке ему пенсии // Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь у г. Гродна. Фонд 1. Канцелярия Гродненского Губернатора г. Гродно. – Оп. 13 – Д. 1119.
5.                     Дело об аресте помещиков Слонимскаго у. Стабровскаго Викентия и Завиша Осипа, обвиняемых в политической неблагонадежности // Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь у г. Гродна. Фонд 1. Канцелярия Гродненского Губернатора г. Гродно. – Оп. 34Д. 649.
6.                     По ходатайству Слонимскаго Предводителя Дворянства об определении отставного Штабс Капитана Стабровскаго в действующую армию в связи с Турецкой войной // Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь у г. Гродна. Фонд 1. Канцелярия Гродненского Губернатора г. Гродно. – Оп. 15Д. 1099.
7.                     Дабрыян, А. А. Выяўленне і ахова помнікаў археалогіі Гродзеншчыны ў І-й пал. ХІХ – І-й пал. ХХст. / А. А. Дабрыян // Подготовка педагогических и научных кадров историков и развитие исторической науки в Беларуси: материалы респ. науч.-практ. конф., 30 сент. 2004г., Гродно / под ред. Е.А. Ровбы, А.Н. Нечухрина, И.П. Креня. – Гродно: ГрГУ, 2005. – С.225-231.
8.                     Калюта, И. Очная ставка с памятью / И. Калюта // Нар. газ. – 2003. – № 128 (3375). – 5 июня. – С.3.
9.                     Калюта, И. Чертовски приятно извлечь на свет божий редкую вещицу / И. Калюта // Нар. газ. – 2003. – № 127 (3374). – 31 мая – С.3.
10.                . Пракоф’ева, С. Слонімскаму краязнаўчаму музею – 75 гадоў / С. Пракоф’ева // матэрыялы Слонімскага краязнаўчага музея імя І. І. Стаброўскага. – С.6.
11.                 Рылко, М. Сэнс аднаго жыцця / М. Рылко // За перамогу Камунізму. – 1969. – №130 (3921).—1 лістапада. – С.3.
12.                Слонімшчына ўзнімалася з руін. Год 1945 // За перамогу Камунізму. –1968. – №49 (3687). – 23 красавіка. – С.2.
13.                Чыгрын, С. Генерал ад...краязнаўства / С. Чыгрын // Газета Слонімская. – 2000. – № 47 (180). – 16 ліст. – С. 6.
14.                 Чыгрын, С. Слова пра Іосіфа Стаброўскага / С. Чыгрын // Слонімскі веснік. – 1994. – № 76 (7643). – 4 кастр. – С.3-4.
15.                Чыгрын, С. Чалавек вялікай працы / С. Чыгрын // За перамогу Камунізму. – 1990. – № 104 (7164). – 1 верасня. – С.3.
Dwutygodnik krajoznawczy ilustrowany organ pol. Tow. Krajoznawczego  - r. XIV, №5 . – Warszawa, 1929. – S. 80.
16.                Stabrowski Jozef, Notatki archeologiczne z powiatu Slonimskego / Stabrowski Jozef // Wedomosci archeologiczne, t. XIII. – Warszawa, 1935. – S. 175 – 177.
17.                Стабровский И.И. "К вопросу об ископаемых стеклянных шарах" //Исторический вестник. 1899 март с.1104-1105.
18.                Stabrowski J. Odnalezienie glowy staro-slawianskiego bostwa w Slonime //Ziemia Lidzka 1939 N1 S. 24.
19.                Jakimowicz R. Sprawozdanie z dzialalnosci PMA za rok 1927. //WA. Wr. T .VIII. 1935. S. 213 – 232.
20.                Drewko M. Muzeum PTK w Slonimie. Ziemia. Dwutygodnik krajoznawczy ilustrowany. TXV. Wr. 1930. S. 339 – 340.

No comments:

Post a Comment