“Шведскія курганы” на Слонімшчыне

Упершыню пра “шведскія курганы” я пачуў ад свайго дзеда падчас выпасу кароў у даджлівы восеньскі дзень колькі гадоў таму. Дзядуля расказаў, што тыя калісьці размяшчаліся ў цэнтры Васілевіч, маёй роднай вёсачкі, абрусам расцеленай пасярод раўніны, якая прыціснулася сваім ўсходнім бокам да маці Шчары, а з захаду абароненая ўзвышшамі, падарункамі апошняга ледавіка, сярод якіх вылучаецца прыгажуня Пяроўка. Напачатку я не палічыў іх вартымі ўвагі і не здолеў убачыць у іх нічога, акрамя вясковай байкі. Зараз, ведаючы кошт гэтых словаў, я звяртаюся да цябе, Шаноўны Чытач, не паўтараць маіх памылак. Добразычліва стаўцеся да аповедаў старэйшых пра мінулае роднага края! Магчыма, у іх схаваны таямнічыя старонкі гісторыі нашай Бацькаўшчыны.

Казка становіцца праўдаю
Дзядуля меў рацыю. Гэта я зразумеў, калі пазнаёміўся з вынікамі археалагічных даследаванняў Васілевіч у 1955 годзе. Згодна з імі ў цэнтры вёскі, на месцы сённяшняга магазіна “Васілёк” і таполяў, яшчэ ў сярэдзіне мінулага стагоддзя размяшчаўся могільнік, які складаўся з 31 кургана, кожны дыяметрам 7-12 м. Нажаль, толькі адзін з іх быў раскапаны, прычым ў ім археолагі знайшлі сярэбраную манету XVI ст. Такім чынам, курганы насамрэч былі. Але паўстала новае пытанне: чаму яны называліся “шведскімі”?
Спробу тлумачэння гэтаму я знайшоў у даследаванні таленавітага святара Сынкавіцкай царквы з цяжкім жыццёвым лёсам Міхайлоўскага. 10 жніўня 1892 года старажылы вёскі Ніз Кандрат Бардун, Фама Зянько і Міхаіл Праднік расказалі яму пра тое, што вельмі даўно праз Васілевічы, Парэчча і Бабынічы са Слоніма адступалі шведскія войскі, якія былі разбітыя палякамі каля вёсак Едначы і Ніз. “Тады ў людской крыві бык утапіўся”, - казалі яны.
З працы Міхайлоўскага, я даведаўся, што “шведскія курганы” былі даволі распаўсюджанымі аб’ектамі на тэрыторыі Слонімскага ўезда, які ў часы Расійскай імперыі амаль у пяць разоў пераўзыходзіў памеры сённяшняга Слонімскага раёна. Але чаму і з чым гэта звязана? На памяць з заняткаў па гісторыі прыходзіла толькі Вялікая Паўночная вайна ХVІІІ ст. паміж Швецыяй і Расіяй, Карлам ХІІ і Пятром І. Арэнай гэтай барацьбы стала Рэч Паспалітая, у склад якой уваходзіла і Беларусь. Няўжо менавіта ў падзеях той вайны трэба шукаць адказ? Як высветлілася, так і ёсць.

Траўма памяці
Як шрамы на целе чалавека, так і траўмы ў гісторыі народа бачныя нават пасля доўгага часу. Кожны раз, міжвольна кідаючы на іх позірк, з цяжкасцю ўспамінаеш падзеі, звязаныя з болем, спробамі забыцца пра іх і немагчымасцю гэтага зрабіць. Як і немагчымасцю павярнуць час назад.
У выніку Паўночнай вайны 1700-1721 гадоў амаль кожны трэці беларус загінуў. Асабліва жудаснымі атрымоўваюцца гэтыя вынікі, калі дадаць да іх страты вайны сярэдзіны XVІI ст. з Маскоўскай дзяржавай, падчас якой насельніцтва Беларусі скарацілася напалову. Ізноў тэрыторыя нашага края стала заезджым дваром замежных войскаў. Складанасць заключалася ў тым, што ваявала паміж сабою і мясцовая шляхта. Так, шведаў падтрымлівалі Сапегі, якія валодалі Дзярэчынам, Азярніцай і Ружанамі, а рускіх – Агінскія і Караль Радзівіл, які атрымаў у 1704 годзе Слонімскую эканомію. Суседзі вынішчалі ўладанні адзін аднаго пры дапамозе замежных войскаў. Быў спустошаны і Слонім.
Пасля паспяховых дзеянняў арміі караля Карла ХІІ пад Гродна, яго войскі напачатку сакавіка 1706 года размясціліся ў Жалудку, адкуль шведскія аддзелы здзяйснялі напады на слонімскія вёскі. А ў першай палове красавіка шведская армія прайшлася па Слонімшчыне, праз Дзярэчын і Азярніцу, і 14 красавіка ўвайшла ў Ружаны.

Шведы ва ўяўленнях беларусаў
Дзеянні шведскіх войскаў, кантрыбуцыі і здзейсненыя імі разбурэнні паўплывалі на фарміраванне вобраза “шведа”. Гэта дапаўнялася прапагандай каталіцкай царквы супраць пратэстантаў, якімі ў большасці сваёй і з’яўляліся шведскія жаўнеры.
Гісторык Андрэй Катлярчук адзначае тое, што нашыя продкі лічылі шведаў чараўнікамі. У кнізе “Шведы ў гісторыі і культуры беларусаў” ён прыводзіць наступны факт, які можа растлумачыць такія адносіны: з пачаткам кожнай вайны беларусы хавалі жыта ў хлебных ямах, але шведы заўсёды іх знаходзілі. Яны добра ведалі законы тэрмадынамікі: жыта выдзяляе цяпло і таму раніцай шведскія жаўнеры шукалі мясціны, дзе не было расы. Аднак сяляне бачылі ў гэтым дапамогу цёмных сіл.
Вобраз “шведа” шырока ўвайшоў у народны фальклор. Напрыклад, у вёсцы Скварцы на Койданаўшчыне захавалася паданне пра тое, што ў адным з мясцовых курганоў пахаваны шведскі жаўнер, які выразаў усю вёску. Калі яго забілі і пахавалі, забыліся пакласці рукавіцу ў магілу. І з таго часу швед-мярцвяк блукае ўначы па вёсцы і шукае сваю рукавіцу.

Кропкі на карце
Размясціўшы на карце Слонімшчыны месцы з “шведскімі курганамі”, я зразумеў, што гэта не проста кропкі. Гэта цэлыя старонкі гісторыі нашага краю, якія амаль страчаныя. Для продкаў родны край быў не толькі прастораю існавання. На ім пісалася гісторыя ў прамым сэнсе: кожны аб’ект на тапаграфічнай карце выступаў элементам калектыўна апрадмечанай памяці. З-за немагчымасці запісаць на паперы сваю гісторыю нашы продкі запісвалі яе на ландшафт. У мнемоніцы ёсць такі прыём, які называецца “Рымскі пакой”, калі для запамінання выкарыстоўваецца добра вядомае Вам памяшканне. І за кожным прадметам з апораю на яго якасці замацоўваецца патрэбная інфармацыя. Тое ж рабілі і нашыя продкі. Таму курганы, размешчаныя каля вёсак, якія наведалі ў свай час шведы атрымалі адпаведную назву.
“Шведскія курганы”, згодна з Міхайлоўскім, расцягнуліся трыма лініямі па Слонімскім уездзе: 1) ад мястэчка Дварэц, праз Горкі і Ісаевічы да Слоніма, 2) Едначы, Паўлавічы, Васілевічы, 3) праз Дзярэчын, Старую Весь, Азярніцу і Мыслава. Таксама яны знаходзяцца каля вёсак Галынка, Высокае, Салавічы і Лушнева. Іх размяшчэнне супадае з перамяшчэннямі шведскіх войскаў і аддзелаў вясною 1706 года.
Што сабою ўяўляюць дадзеныя помнікі, размешчаныя побач са слонімскімі вёскамі? На гэтае пытанне нам дапаможа адказаць археалогія.

Археалогія ў дапамогу
У 1955-1959 гадах вывучэннем Панёмання і выяўленнем помнікаў у рэгіёне займаўся Славяна-літоўскі атрад Прыбалтыйскай археалагічнай экспедыцыі пад кіраўніцтвам Ф.Д. Гурэвіч. Даследавалі яны і Пашчар’е, дзе выявілі шэраг курганных могільнікаў, якія называліся “шведскімі”.
Так, у лесе па дарозе з вёскі Горкі ў Лядзіны знайшлі курганны могільнік, размешчаны на вузкай паласе 300х50 м. Тут захаваліся 13 курганаў з неглыбокімі рвамі. Усе акруглай формы, дыяметрам 7-20 м і вышынёю да 1,5 м.
У Паўлавічах знаходзіліся 8 курганаў акруглай формы, дыяметрам 7-12 м і вышынёю да 1,2 м. Па дадзеных В.Р. Супруна, у 60-я гады мінулага стагоддзя гэтыя курганы былі разрэзаны траншэйнымі раскопкамі і фактычна знішчаны нейкім археолагам (па словах мясцовых жыхароў, В. Сядовым з Масквы).
У 2 км на захад ад вёскі Старая Весь, з паўночнага боку дарогі Галынка-Зельва, на пясчаным узвышшы знаходзіўся могільнік з 10 курганаў, размешчаных кампактна на плошчы 60х50 м. Усе яны акруглай формы, дыяметрам 7-14 м і вышынёю каля 1 м, абкладзеныя вялікімі камянямі дыяметрам 30-40 см. Па суседству з курганамі маюцца каменныя магілы, дзе побач з вялікімі, пастаўленымі на тарэц, сустракаюцца асобныя камяні ад каменных выкладак магіл. Усяго тут размешчана каля 40 каменных магіл.
У лесе ў 3 км на захад ад вёскі Салавічы ля дарогі Гарадкі-Салавічы знаходзяцца два курганы з ірвамі дыяметрам 20 м і вышынёю да 1 м. Адлегласць паміж імі роўная 40 м.
Выяўленыя экспедыцыяй пад кіраўніцтвам Гурэвіч на Слонімшчыне “шведскія” курганы, нажаль, недатаваныя. І ўсё ж з упэўненасцю можна сказаць, што яны з’явіліся значна раней за часы Паўночнай вайны. Зараз мы можам даць адказ на пытанне, чаму тыя курганы называюцца менавіта “шведскімі”? Уся справа ў значнасці падзей Паўночнай вайны і іх успрыманні нашымі продкамі. Траўма была настолькі значнай, што быццам каляровыя каменьчыкі парваных пацерак, рассыпаліся па Слонімскай зямлі курганы з назваю “шведскіх”. За кожным з іх мелася свая гісторыя, аднавіць якія сёння амаль не маецца магчымасці. Аднак калі такі шанец выпадзе табе, Шаноўны Чытач, то не пашкадуй часу і сілы, бо ад гэтага залежыць і тое, што будуць памятаць твае нашчадкі.

No comments:

Post a Comment