КРАЯЗНАЎЧЫ РУХ У СЛОНІМСКІМ ПАВЕЦЕ Ў 1921-1939 ГГ. ГЛАВА 3. АСНОЎНЫЯ НАКІРУНКІ КРАЯЗНАЎЧАЙ ДЗЕЙНАСЦІ НА ТЭРЫТОРЫІ СЛОНІМСКАГА ПАВЕТА Ў 1921-1939 ГГ.

3.1 Дзейнасць краязнаўчых таварыстваў


Станаўленне краязнаўчага руху на тэрыторыі Слонімскага павета праходзіла ва ўмовах яго інстытуцыяналізацыі ў форме таварыстваў, аб’яднанняў людзей, якім не быў абыякавы родны край і якія мелі магчымасці і вольны час, каб прысвяціць яго даследаванням сваёй Бацькаўшчыны.
Адным з першых такіх аб’яднанняў быў “Саюз турыстычнай прапаганды Навагрудскай зямлі”, створаны па ініцыятыве афіцыйных улад у 1921 г. [9], але шырокай падтрымкі сярод грамадскасці не атрымаў.
Гандлёвыя шэрагі ў горадзе Слонім
З’яўленне першага таварыства, якое спецыялізавалася на краязнаўчых даследаваннях у Слонімскім павеце звязана з асобаю І.І. Стаброўскага. Пасля вяртання на Радзіму ў красавіку 1921 г. Стаброўскі заняўся аднаўленнем радавога маёнтка Орлавічы, бавіў час за пчалярствам і садаўніцтвам. Паступова вакол яго складваецца невялікі гурток моладзі, што цікавілася гісторыяй Слонімскага павета. Праз тры гады пасля вяртання на радзіму Стаброўскі І.І. пры дапамозе гэтага гуртка арганізаваў Слонімскае этнаграфічна-археалагічнае таварыства (далей – СЭАТ). Дзякуючы палажэнню ў грамадстве і апантанасці справай, яны заручыліся падтрымкай мясцовых улад. 5 кастрычніка 1923 г. было атрымана пісьмо слонімскага старасты за № 5314 “у справе арганізацыі Таварыства”, дзе ішла гаворка пра абавязак аб’яднання дакладваць у староства аб прынятых на ім рашэннях, што фактычна з’яўлялася афіцыйным дазволам на адкрыццё [10, л. 2]. За месяц да яго адкрыцця, прадстаўнікі слонімскай інтэлігенцыі атрымалі запрашэнні на ўстаноўчае паседжанне.
Запрашэнне на адкрыццё Слонімскага
         этнаграфічна-археалагічнага таварыства
На першым арганізацыйным паседжанні, якое адбылося 6 студзеня 1924 г. у будынку Слонімскага земляробчага таварыства па вул. Студэнцкай №9 было прынята рашэнне аб выбары кіраўніка, скарбніка і сакратара праўлення СЭАТ. Кіраўніком абралі Стаброўскага І.І., а скарбнікам стаў Ігнат Каркозаў, чалавек, які не згадваецца сярод ганаровых заснавальнікаў. На гэтым жа паседжанні быў прыняты праект устава, падпісаны ў трох экзэмплярах і пазней прадстаўлены слонімскаму староству для “легалізацыі”. У аб’яднанне ўваходзілі 15 чалавек.
СЭАТ у 1924 г. правяла “Этнаграфічнае даследаванне беларускага насельніцтва ў Слонімскім павеце і прылеглых паветах” [10, л. 4], якое ставіла на мэце вылучэнне асаблівасцяў беларускага народа як непаўторнай еднасці, нятоеснай польскаму народу. Важным крокам таварыства была праведзеная восенню 1924 г. у Слоніме выстава сабраных Стаброўскім І.І. на працягу паўстагоддзя старажытных дакументаў і кніг [46]. Пасля заснавання СЭАТ яго ўдзельнікі ажыцявілі археалагічнае вывучэнне тэрыторыі вакол маёнтка “Орлавічы”.
Нажаль, па даследаваных дакументах нельга адказаць на пытанне, калі дакладна таварыства спыніла сваю дзейнасць. Хутчэй за ўсё, гэта адбылося ў 1928 г., калі ў Слоніме з’явіўся аддзел ПКТ. Дзейнасць СЭАТ садзейнічала пашырэнню краязнаўчага руху, папулярызацыі вывучэння спадчыны роднага края і падрыхтавала ўмовы для з’яўлення ў павеце рэгіянальнага музея. Менавіта за час існавання таварыства Стаброўскі І.І. сабраў вялікую колькасць гістарычных каштоўнасцей, стварыў свае археалагічную, нумізматычную і мінералагічную калекцыі. У гэтай працы яму дапамагалі сябры СЭАТ.
Летам 1928 г. у Слоніме пачаў працу рэгіянальны аддзел ПКТ, прадстаўнікі якога зрабілі значны ўклад у вывучэнне гісторыі і культуры Слонімшчыны. Яно належала да разгалінаванага грамадскага аб'яднання, якое узнікла ў Варшаве 1 чэрвеня 1906 г. і на 1928 г. аб’ядноўвала 49 аддзелаў.
Галоўнымі мэтамі таварыства з'яўляліся [131, § 3]:
1)        абуджэнне захаплення да вывучэння Польшчы;
2)        накапленне і апрацоўка навуковых матэрыялаў, якія датычаць краязнаўства польскіх зямель і суседняга краю, гістарычна і геаграфічна з імі звязаных;
3)        садзейнічанне вывучэнню Польшчы, падтрымка развіцця польскага турызма ва ўсіх яго формах як у краі, так і замяжой;
4)        удзел у ахове прыроды і помнікаў польскіх зямель.
Штогадова адбываліся з'езды дэлегатаў ПТК. Так, на з'ездзе 1937 г. прымалі ўдзел тры дэлегата са Слонімскага павета: Станіслаў Галацкі (Дзярэчын), Антон Жабінскі (Жыровічы), Рамуальд Жураўскі (Казлоўшчына) [121, s. 9].
Мясцовыя аддзелы ПКТ выступалі аўтаномнымі арганізацыямі на аснове агульнага рэгламента, створанага Галоўнаю Радаю, і апіраліся на яго Статут [129, §6]. Органамі ўлады аддзела з'яўляліся:
А) Агульны сход як орган заканадаўчы і кантралюючы,
B) урад і яго прэзідыум як орган выканаўчы,
C) рэвізійная камісія.
Урад аддзела складаўся з 3-15 асоб (прэзідэнта, віцэпрэзідэнта і членаў, выбраных на Агульным сходзе) і абіраўся на тры гады, пры гэтым кожны год на адну трэць змяняўся. Сябры аддзела дзяліліся на звычайных, пажыццёвых і заступцаў.
На пачатку 1929 г. Слонімскі аддзел ПТК меў бюджэт у 430 злотых і налічваў 57 удзельнікаў [106]. Яго кіраўніком быў натарыюс Мечыслаў Емільянавіч Пятроўскі, а сакратаром - Віктар Клімкевіч. За першыя паўгады дзейнасці сябры аддзела правялі 8 паседжанняў, прачыталі 5 лекцый для 1000 слухачоў і арганізавалі 3 экскурсіі для 75 удзельнікаў, распачалі працу па арганізацыі Гурткоў Краязнаўчай Моладзі (ГКМ) [107, s. 100].
Пасведчанне аб адкрыцці 20 верасня 1929 года
ў Слоніме рэгіянальнага музея
Вынікам першага года існавання аб’яднання ў Слоніме стала дапамога археолагу І.І. Стаброўскаму ў адкрыцці рэгіянальнага музея 20 верасня 1929 г. Арганізацыйныя структуры ПКТ і яго сувязі прывялі да актывізацыі працы ў дадзеным накірунку і паспрыялі ўдзелу ў святочных мерапрыемствах прэзідэнта Другой Рэчы Паспалітай І. Масціцкага. Музей зрабіўся важным асяродкам дзейнасці слонімскага аддзела ПКТ, таму ў верасні 1933 г. была створана музейная секцыя, якая ставіла на мэце за кошт сродкаў таварыства вырашэнне яго праблем
Слонімскі аддзел выдзяляў сродкі на выданне кніг турыстычнага характару: “Zyrowice – łask krynice” В. Харкевіча, “Zarys dziejów miasta Słonima” Г. Голдберга, “Wycieczki Słonimskie” С. Лорэнца. Прадстаўнікі аддзела займаліся даследаваннямі роднага края і ўдзельнічалі ў зборы матэрыяла для спадарожніка “Przewodnik po Polsce”, распрацоўвалі турыстычныя маршруты. З мэтаю даследавання гісторыі павета і арганізацыі экскурсій сябры таварыства супрацоўнічалі з духавенствам. Напрыклад, у чэрвені 1933 г. ад ксяндза Ежы Пачобут-Адляніцкага кіраўніцтва аб’яднання атрымала на часовае карыстанне і вывучэнне дакументы па гісторыі Дзярэчына [10, л. 25]. Вялікай папулярнасцю сярод жыхароў павета карысталася падрыхтаваная аддзелам і слонімскім духавенствам экскурсія да Чэстаховы [10, л. 31].
Слонімская сінагога
Адным з накірункаў дзейнасці арганізацыі з’яўлялася ахова прыроды. Так, 11 студзеня 1934 г. кіраўніцтва слонімскага аддзела ПКТ накіравала ліст сябру таварыства інжынеру Аляксандру Мяноўскаму з просьбаю правесці даследаванне месца жыхарства баброў р. Шчары на тэрыторыі маёнтка Прусаўшчына Жыровіцкай гміны [10, л. 29].
Вялікую ўвагу таварыства надавала прапагандзе гісторыі роднага края, асабліва апелюючы да найбольш значных падзей і асоб з гісторыі рэгіёна. Так, у лістападзе 1932 г. у г. Слоніме быў створаны “Камітэт святкавання 400-годдзя надання Слоніму Магдэбургскага права, 300-годдзя смерці Льва Сапегі і 150-годдзя адкрыцця канала Агінскага”, у які ад слонімскага аддзела ПТК былі накіраваны яго кіраўнік маёр Зелінскі і сакратар Клімкевіч [10, л. 17]. Камітэт займаўся падрыхтоўкай святочных мерапрыемстваў і лічыў неабходным падкрэсліць багацце Слонімскага павета пры дапамозе рэгіянальнага музея. У сувязі з гэтым кіраўніцтва слонімскага аддзела ПКТ накіравала 17 лістапада 1932 г. да Фонда Народнай культуры пры прэзідыуме рады міністраў у Варшаве ліст "з просьбаю аб выдзяленні дапамогі ў памеры 150 злотых", дзе адзначалася неабходнасць "закупак шкляных вітрын", "папаўнення шчуплага інвентара музея", "і нават расшырэння яго памяшканняў" [10, л. 18].
Адным з важнейшых накірункаў працы ПТК з моманту яго заснавання лічылася далучэнне да краязнаўчага руху адукаванай моладзі ("пашырэнне сярод грамадства, асабліва сярод моладзі, звестак па польскаму краязнаўству"). Вучні і вучаніцы ва ўзросце да 18 гадоў, супраць прыняцця якіх не пратэставалі бацькі (апекуны), мелі магчымасць стаць сябрамі гуртка [129, §6]. Дадзены рух набыў шырокі размах: у 1936 г. 33 аддзела ПКТ апекавалі 109 гурткоў краязнаўчай школьнай моладзі [119, c. 14].
Па ініцыятыве Слонімскага аддзела ПТК пачалі працу тры маладзёжныя гурткі: пры жаночай і мужской настаўніцкіх семінарыях і сярэдняй сельскагаспадарча-лясной школе.
Сярод іх сваёй дзейнасцю вылучаўся гурток краязнаўчай моладзі пры прыватнай настаўніцкайжаночай семінарыі імя Маткі Марцэліны Дароўскай, якая пачала дзейнічаць у Слоніме з 1919/1920 года і спыніла існаванне пасля 1935/1936 навучальнага года ў сувязі з ліквідацыяй у II Рэчы Паспалітай вучэбных устаноў кляштарнага тыпу. Семінарыя знаходзілася ў кляштары ордэна сясцёр Бязгрэшнага зачацця. Падчас вайны кляштар прытуліў у сваіх сценах вялікую колькасць бежанцаў, якіх рускія войскі прымушалі пакідаць свае родныя мясціны і адпраўляцца ў глыб Расіі.
Цэнтр міжваеннага Слоніма
Тэрмін навучання ў семінарыі складаў пяць гадоў. Пры семінарыі дзейнічала агульная пяцікласная школа, якая пазней стала дзяржаўнай. Навучанне адбывалася па праграмах Міністэрства Рэлігійных Веравызнанняў. У першы год дзейнасці семінарыі вучаніцы мелі магчымасць пазнаёміцца з прадметамі, якія выкладаліся адзінаццаццю сёстрамі-непакалянкамі, па рэлігіі, нямецкай і французскай мовах, маляванню і спевам, працоўнаму навучанню, прыродзе і геаграфіі. У 1923/1924 навучальным годзе новая дырэктарка семінарыі Ёзэфа Чарноўская стала выкладаць фізіку, хімію і касмаграфію, Марыя Касцюшка – рэлігію і методыку педагагічнай падрыхтоўкі, Рэўкоўская Ядзвіга – біялогію і спеў, Дабжаньская Аляксандра (у манастве – Ада) – геаграфію, Фалтыноўская (у манастве – Эдварда) – працоўнае навучанне, Домброўская Ёзэфа пасля заканчэння матэматычна-фізічнага факультэта ў Варшаўскім універсітэце выкладала матэматыку, Яніна Ельская – гігіену. Вялікая ўвага пры навучанні надавалася польскай мове і польскай гісторыі, якія выкладаліся на ўсіх курсах некалькімі сёстрамі-настаўніцамі [11].
Семінарысткі мелі актыўную грамадзянскую пазіцыю, а кіраўніцтва семінарыі садзейнічала іх працы на глебе даследаванняў гісторыі роднага краю. Так, па ініцыятыве Слонімскага аддзела ПТК пры семінарыі пачаў працу краязнаўчы гурток з 12 асоб. Кіраўніцаю аб'яднання была Ф.Пілаўска, а загадчыцай касы - Н.Следзіньска. Сяброўкі арганізацыі плацілі членскія ўзносы. Усяго бюджэт складаў 163 zł, прычым 35 zł паступалі за кошт членскіх збораў. З іх 36 zł былі выкарыстаны падчас экскурсій, а 15 zł для вырабу фотаздымкаў [10, л. 20]. На кожным паседжанні аб'яднання зачытваліся даклады краязнаўчага характару, а некалькі сябровак гуртка прымалі ўдзел у паседжаннях слонімскага аддзялення ПТК. На другім паседжанні "Геаграфічнага гуртка" вучаніца 4-га курса семінарыі Людвіка Зыбайла выступіла з рэфератам, у якім мэтаю аб'янання назвала вывучэнне роднага краю "з вялікай карысцю для цэлага польскага грамадства", калі ніхто не зможа папракнуць у тым, што "чужое хваліце, свайго самі не ведаеце і не ведаеце, што маеце" [10, л. 21]. У 1932 г. яго сяброўкі арганізавалі 4 экскурсіі: у Варшаву на злёт (30 красавіка, 18 асоб), у Вільню (30 верасня, 22 асобы), у Жыровічы (15 кастрычніка, 50 асоб), у Грыбава (1 лістапада, 40 асоб). 12 чэрвеня 1934 г. ўдзельніцы аб'яднання прынялі ўдзел у экскурсіі па міцкевіцкіх месцах ў Навагрудак з начоўкай на турыстычнай базе ля возера Свіцязь [10, л. 32]. Маршруты праведзеных экскурсій наносіліся на спецыяльна падрыхтаваную кіраўніцтвам гуртка карту Рэчы Паспалітай. Сяброўкі гуртка раздавалі жыхарам горада матэрыялы краязнаўчага характару, удзельнічалі ў ахове помнікаў культуры і прыроды, збіралі і выконвалі беларускія народныя песні. Зацікаўленасцю гуртка стала вывучэнне народнага адзення, на падставе варыяцыяў якога яны зрабілі калекцыю лялек [10, л. 19]. У 1932 г. кіраўніцтва гуртка паставіла задачу яго ўдзельніцам падрыхтаваць 70 прац, з чым тыя паспяхова справіліся. Шэраг артыкулаў сябровак былі надрукаваныя ў часопісе "Orli Lot": "Garśc wiadomości o Tadeuszu Kosciuszce" і верш "Ze Słonima" М. Ярашоўны, "Nasza wycieczka do Nowogródka" Х. Багданаўны, "Kopce legendarnie, położone w gm. Kruhowickej pow. Łuninieckiego" Ф. Пілаўскай. Прадстаўніцы гуртка аказвалі вялікую дапамогу Слонімскаму музею і аддзелу ПТК, па даручэнню якога распрацавалі турыстычны шлях Слонім-Зельва-Дзярэчын-Галынка-Слонім, асаблівую ўвагу ўдзяліўшы Сынкавічам [10, л. 19], удзельнічалі ў падрыхтоўцы і стварэнні выстаў. У пісьме ад 13 сакавіка 1933 г. да Ады Дабжынскай, апякункі семінарыі, кіраўніцтва Слонімскага аддзелу ПКТ "сардэчна дзякуе за бескарыслівую працу" членак кола - Ірыну Славенскую, Пялагію Бяднашчыкаву і Зянобію Анджэяўскую [10, л. 23].
Касцёл Святога Андрэя ў горадзе Слонім
Сяброўкі гуртка краязнаўчай моладзі пры жаночай семінарыі імя М.М. Дароўскай займаліся руплівай дзейнасцю на карысць Слонімскага павета. Так, 1 лютага 1933 г. яны правялі паседжанне, на якім аднагалосна вырашылі ў сувязі з набліжэннем слонімскіх гадавін” [10, л. 24] звярнуцца да Камісіі краязнаўчых гурткоў пры Галоўнай радзе ПКТ у Кракаве і да слонімскага аддзела ПКТ з просьбаю “аб сазыве залатой краязнаўчай моладзі з тэрыторыі ўсёй Польшчы ў Слонім”, каб такім чынам маладыя людзі мелі магчымасць паказаць свае пачуцці “да старых польскіх крэсавых гарадоў, да якіх, несумненна, належыць Слонім” [10, л. 24].
Апошнім для слонімскай жаночай семінарыі стаў 1935/1936 навучальны год. Нягледзячы на спыненне сваёй дзейнасці дасягненні сясцёр-непакалянак у развіцці краязнаўчай справы сталі важкім унёскам у пашырэнне адукацыйнай прасторы на тэрыторыі Заходняй Беларусі.
Паспяховае супрацоўніцтва ПКТ з гурткамі краязнаўчай моладзі зрэдку азмрочвалася невялікімі канфліктамі. Так, 3 лютага 1933 г. слонімскі аддзел ПКТ атрымаў пісьмо [10, л. 27] з просьбаю гуртка пры дзяржаўнай сярэдняй сельскагаспадарча-лясной школе арганізаваць вечарыну для моладзі, якая цікавіцца гісторыяй роднага краю. Папярэдне з такою просьбаю да слонімскага аддзела ПКТ звярнулася кіраўніцтва гуртка пры Жыровіцкай мужчынскай семінарыі, якое і атрымала дазвол на арганізацыю вечарыны 11 лютага. У сувязі з гэтым, 16 лютага 1933 г. кіраўніцтва школы паведаміла аб тым, што яно ўтрымліваецца ад супрацоўніцтва з слонімскім аддзелам ПКТ “да часу высвятлення непаразумення” [10, л. 29].
25 лютага 1935 г. [10, л. 37] слонімскі аддзел ПКТ пачаў супрацоўніцтва з польскім бюро падарожжаў “Orbis” з мэтаю пашырэння турыстычнага руху ў павеце.
Слонімскі аддзел ПКТ спыніў сваю працу ў сувязі з вераснёўскімі падзеямі 1939 г., але гады яго дзейнасці ў павеце адзначаны як перыяд найбольшага ўздыму і развіцця краязнаўчага руху ў краі.
Гісторыя і помнікі павета цікавілі ўдзельніц слонімскага гуртка Таварыства вайсковай сям’і (далей - ТВС), якое пачало сваю дзейнасць у Рэчы Паспалітай 3 лютага 1925 г. і на 1937 г. аб’ядноўвала амаль 20 тысяч жанчын [128, s. 1]. У Слоніме дзейнічаў гурток арганізацыі пад кіраўніцтвам Марыі Трапшовай, жонкі каменданта гарадскога гарнізона, кіраўніка 79 пяхотнага палка Тадэвуша Трапшова. У склад кіраўніцтва аб’яднання ўваходзілі: віцэ-кіраўнік – Ганна Гумкоўска, сакратарка – Станіслава Харковава, а фінансамі кіравала Фаўстына Зуське. Слонімскі гурток ТВС складаўся з 6 аддзелаў: апекі над дзяцьмі, працы, грамадскі, асветніцкі, падрыхтоўкі да абароны краю і спартыўны. Вялікую ўвагу арганізацыя ўдзяляла праблемам патрыятычнага выхавання дзяцей, павагі да Другой Рэчы Паспалітай, асаблівую ролю надаючы абароне краю ад захопнікаў падчас шматлікіх войнаў. Важнейшым дасягненнем гісторыі дзяржавы лічылася перамога ў вайне 1919-1921 гг., а найбольшай павагай карыстаўся Ю. Пілсудскі, якога падтрымлівала армія і адпаведна ТВС.
Такім чынам, краязнаўчы рух у Слонімскім павеце атрымаў афармленне ў выглядзе таварыстваў, якія займаліся даследаваннямі гісторыі і прыроды краю. Першапачатковыя спробы афіцыйных улад Другой Рэчы Паспалітай у дадзеным накірунку не знайшлі шырокай падтрымкі сярод грамадства, таму не здолеў сябе праявіць “Саюз турыстычнай прапаганды Навагрудскай зямлі”, створаны ў 1921 г. З’яўленне першага значнага аб’яднання мясцовых краязнаўцаў адбылося 6 студзеня 1924 г. і звязана з асобаю І.І. Стаброўскага, заснавальніка СЭАТ, якое аб’ядноўвала 15 чалавек. Аднак усплеск даследчыцкай актыўнасці ў Слонімскім павеце адбыўся ў выніку стварэння слонімскага аддзела ПКТ у сярэдзіне 1928 г., у працы якога знайшлі сваё месца ўсе асноўныя накірункі краязнаўчага руху. На пачатку сваёй дзейнасці слонімскі аддзел ПКТ аб’ядноўваў 57 чалавек. Важным дасягненнем арганізацыі стала заснаванне ў павеце трох гурткоў краязнаўчай моладзі: пры жаночай і мужской настаўніцкіх семінарыях і сярэдняй сельскагаспадарча-лясной школе. Слонімскі аддзел ПКТ дзейнічаў да верасня 1939 г. Цікавасць да гісторыі павета праяўлялі таксама арганізацыі некраязнаўчага характару, сярод якіх выдзялялася ТВС.

3.2 Навукова-даследчыцкая дзейнасць


Адным з асноўных накірункаў краязнаўства з’яўляецца навукова-даследчыцкая дзейнасць, узровень якой сведчыць пра развіццё краязнаўства ў цэлым.
Навукова даследчыцкая дзейнасць – гэта асаблівы від чалавечай працы, які ўяўляе сабою сукупнасць працэсаў здабывання, распаўсюджвання і прымянення такіх ведаў, якімі грамадства раней не валодала [92, с. 351].
У сувязі са станаўленнем у Слонімскім павеце краязнаўчага руху пачынаецца ажыццяўленне навуковай і даследчыцкай працы, якое адбывалася ў першую чаргу на базе створаных таварыстваў.
Заснаванае ў павеце ў 1924 г. СЭАТ займалася этнаграфічным і археалагічным вывучэннем рэгіёна. Аб яго дзейнасці сведчыць план аднаго з мерапрыемстваў - “Этнаграфічнае даследаванне беларускага насельніцтва ў Слонімскім павеце і прылеглых паветах”, які змяшчае наступныя пункты: 1. Статыстычныя дадзеныя аб колькасці беларусаў і іх пасяленняў; 2. Геаграфічны і кліматычны агляд краю; 3. Тыпы фізічнай уласнасці; 4. Харчаванне; 5. Адзенне; 7. Жыллё; 8. Камунікацыі; 10. Шлюб, гадаванне дзяцей; 11. Маральнасць; 12. Грамадскія сходы;13. Эканамічны і сацыяльны строй;14. Рэлігійныя абрады, забабоны; 15. Святы, забавы, пахаванне; 16. Паданні, песні; 17. Хваробы і іх лячэнне і знахарства; 18. Беларусінская мова [10, л. 4]. Да сённяшняга часу захаваўся план магчымага выступлення Стаброўскага пры падвядзенні вынікаў [10, л. 4]. У ім па пунктам апісаны асноўныя накірункі жыцця і дзейнасці беларуса, закранаюцца не толькі асаблівасці знешняга выгляду ці хатняга жыцця (радкі пад назвай “уборы”, “сядзіба”, “кухонны посуд”, “сталовы посуд”, “пасцель”, “сталы і крэслы”, “млыны і ступы”, “прадукты”), але павярхоўна адлюстравана і духоўнае жыццё нашага народа (“помнікі паганства”, “варажба”, “прароцтвы”, “сакрэты чараўнікоў”, “звычаі: спосаб вітання, прыняцце госця”, ”Вялікі пост”, ”Вялікдзень”). Стаброўскі выдзяляе галоўныя “абрады”: ”Нарадзіны і хрысціны”,”Залёты і заручыны”, ”Вяселле”, “Пахаванне”. У плане змешчаны пункты, якія характарызуюць гаспадарчае жыццё беларускай вёскі: “Паляванне”, “Рыбалоўства”, “Гандаль”, “Гаспадарства”,“Пакорм”, “Патравы”. Асабняком ад вышэй акрэсленых галін жыцця простага беларуса ў плане размешчана “Медыцына простага насельніцтва”. У гэтым раздзеле Стаброўскі І.І. вылучае лекі “для насельніцтва” і “для жывёлы” [10, л. 4]. Гэты дакумент сведчыць аб шырокай, змястоўнай інфармаванасці Стаброўскага аб жыцці роднага народа і навуковых даследаваннях у вобласці этнаграфічнай спадчыны беларусаў.
Пасля заснавання СЭАТ Стаброўскі І.І. пры дапамозе ўдзельнікаў таварыства распачаў археалагічнае вывучэнне тэрыторыі вакол уласнага маёнтка “Орлавічы”. Тут ён сутыкнуўся з праблемай разбурэння курганнага могільніка на вясковых могілках. Таму 27 красавіка 1927 г. ён накіраваў у Навагрудскае ваяводскае кансерватарскае ўпраўленне пісьмо з прапановай прыняць пад ахову тэрыторыю курганнага могільніка ў Орлавічах і пераноса сучасных могілак на вылучаны Стаброўскім участак. Да пісьма быў прыкладзены сітуацыйны план (накід) у маштабе 1:8400. На заклік Стаброўскага адгукнуўся кіраўнік Польскага Цэнтральнага археалагічнага музея ў Варшаве Раман Якімовіч. У Орлавічах было выяўлена каля 50 курганаў, размешчаных на паверхні каля аднаго гектара. Тры з іх 27-28 мая 1927 года былі даследаваны. Сярод найбольш цікавых знаходак выдзяляюцца дзве пацеркі: 1) ажурная бронзавая, акруглай, моцна сплюшчанай формы і 2) з бронзы і срэбра, авальнай формы, зробленая з бронзавай бляшкі, на паверхні якой напаяны гранулкі, апраўленыя ў срэбныя кольцы [132, s. 154]. Былі знойдзены таксама тры цэлыя ляпныя гліняныя пасудзіны. У сувязі з праблемай курганнага могільніка па ініцыятыве Рамана Якімовіча Стаброўскі І.І. быў прызначаны дэлегатам камітэта на Навагрудскае ваяводства [14, с. 229]. Пры актыўным удзеле Іосіфа Стаброўскага і дзякуючы выдзеленаму ім пад новыя могілкі кавалку зямлі ў Орлавічах у 1930 г. з’явіўся археалагічны парк [132, с. 153].
Акрамя курганаў каля Орлавіч, знаходзячыся на пасадзе кіраўніка СЭАТ, Стаброўскі выявіў два курганы на могільніку в. Рахавічы. Адзін з іх у сувязі з выкарыстаннем сялянамі дадзенага месца пад могліцы амаль не захаваўся. На палях побач з Рахавічамі была сабрана вялікая колькасць крамянёвых матэрыялаў часоў неаліту [123, s. 175]. У адным кіламетры на поўдзень ад в. Багданавічы, ва ўрочышчы Самілава, каля могільніка пры дарозе на Стара-Дзевяткавічы, пры капанні пяску Стаброўскі знойшоў спаленне дыяметрам 2,5 м і глыбінёю 1,25 м, дно якога было выкладзена камянямі. У пахаванні захаваліся некалькі фрагментаў костак, кавалкі незгарэлай хвоі і пяць фрагментаў гаршка з цікавым клінападобным арнаментам [123, s. 175]. На адлегласці ў 0,5 км ад Багданавіч, ва ўрочышчы “Жукаўшчызна”, летам 1927 года падчас узворвання быў знойдзены жэрнавы камень з грубазярністага граніту даўжынёю 40,5 см, шырынёю 30 см і таўшчынёю 14 см [123, s. 176].
На падставе ўласных археалагічных даследаванняў, Стаброўскі лічыў, што першыя людзі на тэрыторыі Слонімскага павета з’явіліся каля 7-8 тысяч гадоў таму. Але “ландшафт в общем однообразный и унылый, климат хотя и умеренный, но с чрезмерным количеством пасмурных и дождливых дней (в среднем 174,4 в году) не создавал условий особо благоприятных для жизни человека и отрицательно влиял на формирование физического и духовного облика населивших эту площадь первобытных людей” [65, с. 1]. Стаянкі позняга каменнага веку сведчаць “о весьма ничтожном их историческом прошлом”. Хутчэй за ўсё яны перасяліліся на Слонімшчыну пад націскам больш магутных плямёнаў з поўначы: “Народность эту следует считать предарийской, быть может породнённой с современными эскимосами, ненцами, юкаги и другими северными племенами, которая в позднейшее время слилась с пришельцами арийскими – славянами, оттеснёнными с юга” [65, с. 2].
Падчас знаходжання Слонімскага павета ў складзе Другой Рэчы Паспалітай яго жыхары праяўлялі жывую зацікаўленасць да гісторыі сваіх родных мясцін. З мэтаю задавальнення гэтай патрэбы перыядычныя выданні, якія выдаваліся ў павеце, змяшчалі артыкулы, прысвечаныя, у першую чаргу, Слоніму і яго ваколіцам. Асноўным іх тыпам з’яўляўся “нарыс” кампіляцыйнага характару на падстве прац вядомых гісторыкаў часоў Рэчы Паспалітай і Расійскай імперыі, сярод якіх Ф.В. Пакроўскі, М. Мілкоўскі (“Описание города Слонима”, 1896) і Бацюшкаў, Баліньскі і Ліпіньскі, Галецкі, Т. Карзон, В. Канапчыньскі і інш. Выкарыстоўваліся таксама летапісы, хронікі і дакументы мясцовага паходжання. Сярод іх асаблівую цікавасць для мясцовых даследчыкаў уяўлялі “Акты слонимскаго земскаго суда”, адзін з асобнікаў якіх захоўваўся ў слонімскім музеі. Каштоўнаю крыніцаю інфармацыі з’яўляліся архітэктурныя і археалагічныя помнікі, размешчаныя на тэрыторыі ўсяго павета.
Вялікую цікавасць для мясцовых жыхароў уяўляла пытанне месцазнаходжання гістарычнага цэнтра Слоніма: “Палажэнне старажытных могілак і археалагічныя раскопкі сведчаць, што ўзнікшы горад размяшчаўся на правым забалочаным баку Шчары (сённяшняе Замосце)” [100, s. 1]. Тэорыя пра размяшчэнне горада на правым беразе Шчары, у месцы ўпадзення ў яе ракі Ісы, была прапанавана археолагам І.І. Стаброўскім [23, c. 29]. Сёння ж гістарычным цэнтрам Слоніма лічыцца “Замчышча” на левым беразе Шчары. На аснове поглядаў Стаброўскага на гісторыю ранняга горада, папулярных у 20-30-я гг. ХХ ст., гісторык і археолаг В. Супрун выдвінуў тэорыю, згодна якой “горад адначасова развіваўся паабапал ракі. Правабярэжжа з невысокімі пясчанымі пагоркамі было заселена больш шчыльна і, магчыма, гэта з’явілася прычынай больш значнай умацаванасці правабярэжнага гарадзішча, якое і стала затым цэнтрам будучага горада. На жаль, узвышша, на якім размяшчалася гэтае гарадзішча, і стары могільнік побач з ім быў зрэзаны ў час будаўніцтва чыгункі ў 80-я гады ХІХ стагоддзя” [68, c. 100].
У працах мясцовых даследчыкаў значную ўвага надавалася старажытнай гісторыі Слоніма, часу яго з’яўлення, які ў артыкулах публіцыстычнага і турыстычнага характару пачынаўся з 1040 г. С. Лорэнц у сваім падарожніку адзначае: “У сярэднявечных хроніках мы знаходзім згадванні, з якіх вынікае, што Слонім існаваў як крэпасць ужо у сярэдзіне ХІ ст. У ХІІІ ст. Слонім быў горадам і меў драўляны замак, разбураны падчас вайны ў 1241 г. і затым ізноў адноўлены” [102, s. 3]. У газеце “Tygodnik Słonimski” быў надрукаваны артыкул, прысвечаны агляду гісторыі горада, у якім падкрэслівалася, што “Слонім, адзін са старажытнейшых гарадоў на ўсходняй тэрыторыі Рэчы Паспалітай, быў у сваёй далёкай гістарычнай мінуўшчыне месцам бязупыннай барацьбы літоўскіх і рускіх князёў” [100, s. 1] і паўстаў як крэпасць, вакол якой паступова ўзнікла паселішча.
Ва ўсіх публікацыях 20-30-х гг. ХХ ст. рост значэння горада звязваецца з князем Вітаўтам, пры якім у Слоніме ў разы павялічылася колькасць насельніцтва за кошт габрэяў і татар, што прывяло да развіцця гандлю. “Залатым векам” для павета гараджане лічылі часы “залатога льва” слонімскага старасты Льва Сапегі, сімвал якога стаў у 1591 г. гербам горада. Пры ім і яго сынах Слонім пераўтвараецца, згодна В. Хеннебергу, у “горад кляштараў”. Архітэктурныя помнікі павета цікавілі падарожнікаў, асабліва засяроджваючых сваю ўвагу на бернардынскім кляштары: “Гэта выдатнае відовішча: узор архітэктуры польскага барока нашых усходніх тэрыторый. І калі хто-небудзь будзе размаўляць аб польскім стылі ў архітэктуры, то гэты касцёл у першую чаргу павінен быць узяты пад ўвагу. Ён утрымлівае ўсю Польшчу ў яе лепшыя часы” [99, s. 206].
Далейшы росквіт павета звязаны з асобаю гетмана Міхаіла Казіміра Агінскага і прыпадае на другую палову ХVІІІ ст., калі ў Слоніме былі пабудаваныя новы палац, тэатр, пачала працаваць друкарня і быў пабудаваны канал паміж Ясельдаю і Шчараю, “звязаўшы тым спосабам Нёман і Днепр” [112, s. 81].
Цікавасць да гісторыі павета праяўляла габрэйскае насельніцтва. У 1934 г. на аснове матэрыялаў, надрукаваных у газеце “Slonimer Wort” была выдадзена кніга Г. Гольдберга “Zarys dziejów miasta Słonima”, на старонках якой быў адзначаны ўзровень развіцця гандлю і інфраструктуры краю на працягу гісторыі.
Даследаваннем гісторыі вёсак і мястэчак павета займалася ПКТ. Сабраныя матэрыялы ў далейшым выкарыстоўваліся для патрэб турызма (Польскае таварыства падарожжаў “Orbis”, Саюз турыстычнай прапаганды) і пашырэння цікавасці жыхароў края да сваіх родных мясцін.
Гісторыкі Другой Рэчы Паспалітай традыцыйна разглядалі тэрыторыю павета як частку “ўсходніх крэсаў”, а ў беларускай мове, згодна Мартыноўскаму, бачылі “славянскую мову, якая з’яўляецца мешанінай польскай з рускай” [105, s. 548]. Аднак ў асяродку мясцовай інтэлігенцыі меўся шэраг поглядаў на гісторыю Слонімскага павета і яго месца ў складзе дзяржавы:
Афіцыйны, згодна з якім павет – частка гістарычнай Польшчы (афіцэры 79 і 80 пяхотных палкоў, якія ўваходзілі ў ПКТ, слонімскі гурток ТВС, адміністрацыя),
 Павет - своеасаблівы рэгіён у складзе Другой Рэчы Паспалітай, заселены беларускім народам, нятоесным польскаму, з якім звязаны гістарычна (СЭАТ, большасць ўдзельнікаў слонімскага аддзела ПКТ).
Павет – гістарычны рэгіён складвання беларускай нацыі, якая ў складзе польскай дзяржавы не мае магчымасцей для ўласнага развіцця і знаходзіцца ў прыніжаным становішчы (БСРГ, ТБШ, КПЗБ).
Найбольшае ўвасабленне ў краязнаўчым руху на тэрыторыі павета знайшлі першыя два погляды, якія асабліва праявіліся ў дзейнасці слонімскага аддзела ПКТ. Прадстаўнікі афіцыйнага разумення гісторыі рэгіёна аб’ядноўваліся вакол кіраўніка таварыства маёра Зелінскага, а краязнаўцы, якія бачылі ў ім своеасаблівы рэгіён Другой Рэчы Паспалітай аб’ядноўваліся вакол асобы І.І. Стаброўскага.
Zyrowice – łask krynice
У 1930 г. была выдадзена кніга В. Харкевіча “Zyrowice – łask krynice”, прысвечаная гісторыі Жыровіц, сімвалам якіх стаў абраз Божай Маці, што з’явіўся ў 1480 г. на грушы, на месцы якой у 1613 г. быў закладзены кляштар базыльянаў. Кніга была названа па першаму радку вядомай у свій час песні, складзенай базыльянінам Скальскім, якая пачынаецца наступным чынам:
Żyrowice łask krynice na cały świat wylały,
Gdy Maryą, jak lilią, gruszce ukazały.
Жыровіцы на тэрыторыі Заходняй Беларусі параўноўвалі з Чэстаховай у Польшчы, аб чым сведчыла песня пра часы караля Яна Сабескага:
Jan Sobieski,
Król nasz Lechski,
Wotum swóe oddaje
Że to nowa,
Częstochowa,
Obrazowi przyznaje.
Вывучаючы адносіны рэлігій ў Слонімскім павеце, Стаброўскі прыйшоў да высновы, што “не религии как таковые являются виновниками озлобления и взаимной борьбы, а исполнители религиозных культов не всегда достойные быть призванными к насаждению христианской морали и исполнения культа… В своих религиозных канонах ни одна из указанных религий не повелевает ненавидеть других, а, наоборот, возносят моления “о единении церквей”, что уже явственно не делает их ответственными за ту борьбу, которая разыгралась на протяжении нескольких столетий” [66, с. 3.]
У 1935 г. у слонімскай хрысціянскай друкарні пабачыла свет кніга Браніслава Александровіча “Z przeszłości Słonima i ziemi Słonimskiej” выдавецтва “Słonim i ziema Słonimska”, якое ставіла на мэце адлюстраванне навуковай інфармацыі пра павет, пазбаўленай ад традыцыйных стэрэатыпаў. Кніга Б. Александровіча з’яўляецца своеасаблівай кульмінацыяй развіцця навукова-даследчыцкай дзейнасці мясцовых краязнаўцаў. Яна змяшчае два раздзелы (“Палітычны нарыс”, “Унутранае ўладкаванне горада і гарадское жыццё”) і дапаўненні з характарыстыкай выкарыстаных аўтарам крыніц і літаратуры. У ёй знаходзіцца вялікая колькасць цытат з прывілеяў каралёў і заканадаўчых актаў, якія былі напісаны ў Слонімскім павеце.
Александровіч пачынае адлік гісторыі Слонімскага павета з 4 тыс. да н.э. з моманту з’яўлення першых сталых пасяленцаў, на землі якіх на пачатку 1 тыс н.э. прыходзяць славянскія плямёны дрыгавічоў і завяршае падзеямі трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай у 1795 г. Хаця землі павета афіцыйна разглядаліся як тэрыторыя рассялення польскага народа, краязнавец зазначае, што да канца Х ст. ніякіх адносін паміж польскімі плямёнамі і дрыгавічамі не было, а “Слонім належыць да старажытных рускіх паселішчаў” [93, s. 6]. Горад з’яўляўся адным з важнейшых гарадоў Чорнай Русі. Аўтар аддаваў перавагу версіі з’яўлення Слоніма ў часы тураўскага князя Святаполка (1013 г.), прапанаванай Мілкоўскім, у той жа момант, нягледзячы на кантакты Святаполка з польскім каралём Баляславам, адносін з Польшчаю жыхары горада не мелі [93, s. 7]. Слонім стаў адным з першых уладанняў літоўскіх князёў, а ў часы Альгерда існавала Слонімскае ўдзельнае княтсва.
У кнізе знаходзіцца шмат паданняў. Напрыклад, пра знаходжанне у 1409 г. у горадзе князя Вітаўта, які, даведаўшыся пра напад крыжакоў на Ваўкавыск, накіраваўся разам са сваёю жонкаю ў лясную пушчу пад Здзітавам, дзе хаваўся да адыходу ворагаў [93, s. 10].
“Да XVI ст. Слонім быў толькі завязкаю горада” [93, s. 119], які стаў адным з цэнтраў ВКЛ пад уплывам Льва Сапегі. У ім з канца XVI ст. збіраліся генеральныя сеймікі [93, s. 113]. Аднак росквіт спыніўся ў выніку вынішчэння падчас вайны з маскоўцамі. І толькі ў другой палове XVIІІ ст. горад здолеў аднавіць сваё значэнне, дзякуючы руплівай дзейнасці гетмана М.К. Агінскага.
У 1937 г. у Слоніме пабачыла свет выданне-аднаднёўка гуртка ТВС. У часопісе быў надрукаваны артыкул “Słonimskie wymianki kronikarskie”, у якім арганізацыя выказала свае адносіны да павета: “Наш гарнізон знаходзіцца ў мясцовасці, якая не выклікае цікавасці ў прыезджых, хоць яго гісторыя і некаторыя помнікі годныя бліжэйшага вывучэння” [128, s. 4]. Гісторыя Слоніма ў дадзеным артыкуле пачыналася з першых упамінанняў у хроніках - ХІІ-ХІІІ стст. Першапачатковым месцам размяшчэння горада лічылася Замосце, “дзе між рэкамі Шчара і Іса знаходзіліся першыя пасяленні сланімчан”. Галоўная ўвага ў артыкуле надаецца ваенным падзеям, сярод якіх адзначаны цікавыя факты мясцовай гісторыі. Напрыклад, “у 1812 г. прамаршыравала тут у накірунку на Мінск вялікая калонна арміі Напалеона. Па сённяшні дзень тракт Слонім-Палонка-Сталовічы называецца мінскім або напалеонаўскім” [128, s. 5]. Галоўнай падзеяй у гісторыі краю, як і ўсёй Другой Рэчы Паспалітай, ТВС лічыла падзеі вайны 1919-1921 гг. Горад Слонім па два разы пераходзіў у рукі бальшавікоў і палякаў. 27 лістапада 1920 г. у цэнтры Слоніма разгарэліся баявыя дзеянні, у ходзе якіх савецкія войскі былі адкінуты на ўсход, а месца, дзе адбываўся бой атрымала назву плошча Свабоды [128, s. 5].
Патрэбы абароны і эканомікі ІІ Рэчы Паспалітай выклікалі з’яўленне вялікай колькасці карт, створаных Вайсковым геаграфічным інстытутам. У першай палове 20-х гг. ХХ ст. на тэрыторыі Заходняй Беларусі былі праведзены картаграфічныя вымярэнні, на аснове якіх у другой палове дзесяцігоддзя былі выпушчаны карты з маштабам 1:100000, якія неаднаразова выдаваліся ў 30-я гг. у сувязі з пашырэннем турызма на тэрыторыі краіны. Польскія даследчыкі ў якасці асновы выкарыстоўвалі матэрыялы нямецкіх картографаў часоў першай сусветнай вайны. У Слонімскім павеце картаграфічныя даследаванні былі праведзены ў 1922-1923 г. У выніку ў 1924 г. была выдадзена чатырохкаляровая, а ў 1926 г. трохкаляровая карта А37В41 з ваколіцамі мястэчка Быцень, вывучэнне якіх правялі паруччыкі Экерт і Салах і капітан Хелкоўскі . У 1928 г. для патрэб турыстаў была выдадзена карта “Słonim -Zdyięcioł” у маштабе 1:300000, якая з’яўлялася адным з дадаткаў спадарожніка “Przewodnik po Polsce”. У 1933 г. была надрукавана шматколерная карта “Słonim” з планам горада і заходняй часткай павета, перавыдадзеная ў 1934 г. пад назвай “Słonim Zachód”, тады ж выпусцілі двухкаляровы яе варыянт. У 1937 г. пабачыла свет карта PAS 36 SŁUP 41 “Słonim Wshód”, дзе паказаны фізіка-геаграфічныя асаблівасці ўсходняй часткі павета.
Міжваенная карта маршрута "Слонім-Дзятлава"
Такім чынам, на тэрыторыі Слонімскага павета мясцовыя краязнаўцы займаліся навукова-даследчыцкай дзейнасцю, якая праявілася ў працы таварыстваў, артыкулах мясцовай перыёдыкі і друку навуковай і турыстычнай літаратуры. Першапачатковая зацікаўленасць да гісторыі і прыроды краю знаходзіла рэалізацыю ў артыкулах-нарысах, якія насілі кампілятыўны характар. Аднак гэта не адпавядала запытам мясцовай інтэлігенцыі, якая пачынае самастойную краязнаўчую працу спачатку на глебе этнаграфіі і археалогіі (СЭАТ, І.І. Стаброўскі), турыстыкі (С. Лорэнц, В. Харкевіч), паступова пераходзячы да аналізу гістарычнай спадчыны Слонімскага павета (Г. Готберг і Б. Александровіч).
Удзельнікі краязнаўчага руху ў сваіх поглядах на спадчыну і становішча рэгіёна ў складзе Другой Рэчы Паспалітай падзяляліся на тры плыні: староннікі афіцыйнага погляду, згодна якому павет – частка гістарычнай Польшчы (афіцэры 79 і 80 пяхотных палкоў, якія ўваходзілі ў ПКТ, слонімскі гурток ТВС, адміністрацыя); краязнаўцаў, якія разглядалі павет як своеасаблівы рэгіён у складзе дзяржавы, заселены беларускім народам, нятоесным польскаму, з якім звязаны гістарычна (СЭАТ, большасць ўдзельнікаў слонімскага аддзела ПКТ); дзеячы беларускага нацыянальнага руху, для якіх павет - гістарычны рэгіён складвання беларускай нацыі, якая ў складзе польскай дзяржавы не мае магчымасцей для ўласнага развіцця і знаходзіцца ў прыніжаным становішчы (БСРГ, ТБШ, КПЗБ).
Вынікам развіцця навукова-даследчыцкай дзейнасці краязнаўчага руху ў Слонімскім павеце стала кніга Б. Александровіча, якая заявіла пра багатую і самастойную гісторыю рэгіёна.

3.3 Слонімскі рэгіянальны музей 1929-1939 гг.


На пэўнай ступені свайго развіцця чалавек усвядоміў, што некаторыя рычы, нават страціўшы сваю першапачатковую функцыю, варта збіраць, захоўваць, паказваць, паколькі яны маюць пэўную каштоўнасць для грамадства. Пры гэтым прадметы могуць не толькі служыць набыццю рэальнага вопыта мінулага, але і выступаць у якасці пасярэднікаў у дыялогу з аддаленымі ў часе і прасторы культурамі, падтрымліваць сувязь паміж “бачным” і “нябачным” светам, з якіх і складаецца для чалавека універсум.
У экспазіцыі Слонімскага гісторыка-краязнаўчага музея сёння.
Паступова ў культуры ўзнікла патрэба ў грамадскай інтэрпрэтацыі “размаўляючых” рэчаў і, у сувязі з гэтым, агульнадаступных формах маўлення, што прывяло да адасаблення і самавызначэння той дзейнасці, якая заключалася ў выяўленні, захаванні, вывучэнні і экспанаванні прадметаў культуры як носьбітаў культурных каштоўнасцей і сацыякультурных сэнсаў. Яе сталі ажыццяўляць у межах спецыяльных, арганізацыйна аформленых утварэнняў і называць “музейнай дзейнасцю”. Гэта прывяло да з’яўлення спецыялізавай установы – музея, які выконвае шэраг функцый у адносінах да культуры, грамадства і чалавека. У адрозненні ад сістэм адукацыі, архіваў і бібліятэк, якія садзейнічаюць пераадоленню вузасці межаў пэўнага чалавечага вопыта шляхам прадастаўлення вербальнай інфармацыі, музейны паказ апелюе перш за ўсё да зрокавага ўспрымання, якое непасрэдна пераносіць чалавека ў сітуацыю размовы з сапраўднасцю існасці.
Музей – пастаянная некамерцыйная ўстанова, прызначаная служыць грамадству і садзейнічаць яго развіццю, даступнае шырокай публіцы, якая займаецца набыццём, захаваннем, даследаваннем, папулярызацыяй і экспанаваннем матэрыяльных пасведчанняў аб чалавеку і асяродку яго пражывання ў мэтах вывучэння, адукацыі, а таксама для задавальнення культурных патрэб [92, с. 320].
У сувязі з грамадскім прызначэннем музей выконвае наступныя функцыі [92, с. 327]:
1. дакументавання – мэтанакіраванае адлюстраванне ў музейным зборы з дапамогаю музейных прадметаў разных фактараў, падзей, працэсаў і з’яў, якія адбываюцца ў грамадстве і прыродзе. Сутнасць музейнага дакументавання заключаецца ў тым, што музей выяўляе і адбірае аб’екты прыроды і створаныя чалавекам прадметы, якія могуць выступаць аўтэнтычнымі сведкамі аб’ектыўнай рэальнасці. Пасля ўключэння іх у музейны збор яны становяцца сімвалам пэўнай падзеі або з’явы;
2. адукацыі і выхавання, заснаваная на інфармацыйных і экспрэсіўных якасцях музейнага прадмета. Яна абумоўлена пазнавальнымі і культурнымі патрэбамі грамадства і ажыццяўляецца ў розных формах экспазіцыйнай дзейнасці і культурна-адукацыйнай работы музеяў.
Развіццё краязнаўчага руху на тэрыторыі ІІ Рэчы Паспалітай выклікала да жыцця з’яўлення вялікай колькасці музеяў, якія станавіліся месцамі збора помнікаў культуры і даследчыцкай дзейнасці.
У 1924 г. пасля правядзенай па ініцыятыве І.І. Стаброўскага і падтрымцы СЭАТ выставы старадрукаў у Слоніме ў асяродку мясцовых краязнаўцаў узнікла ідэя стварэння музея, але праца па яго арганізацыі зацягнулася на пяць гадоў і была здзейснена ва ўмовах дзейнасці ў павеце аддзела ПКТ.
20 верасня 1929 г. у прысутнасці прэзідэнта ІІ Рэчы Паспалітай Ігната Масціцкага ў будынку слонімскага староства адбылося ўрачыстае адкрыццё рэгіянальнага музея, аснову якога склалі сабраныя І.І. Стаброўскім археалагічная, нумізматычная і мінералагічная калекцыі.
У Слонімскім гісторыка-краязнаўчым музеі
Вызначэнне “рэгіянальны” было даволі ўмоўным і вельмі шырокім у сувязі з адсутнасцю агульнапрынятых характарыстык паняцця “рэгіён”. У той жа момант, як адзначыў краязнавец Ян Манугевіч, лічылася, што “рэгіянальны музей павінен засяродзіць і занатаваць усе асаблівасці сваёй тэрыторыі, а менавіта са сферы жывой і нежывой прыроды, палеанталогіі, этнаграфіі і прагісторыі, гістарычнай археалогіі і, нарэшце, эканамічныя з’явы” [104, s. 286]. Згодна Рэгламенту музеяў ПКТ ад 6 мая 1929 г., рэгіянальны музей - гэта ўстанова, якая “збірае калекцыі, аднаўляючыя падзеі і выгляд аблічча зямлі, жыцця, і дзейнасці чалавека на абмежаваным фізіяграфічна, гістарычна, этнаграфічна, а таксама эканамічна абшары Рэчы Паспалітай”.
Напярэдадні адкрыцця музея слонімскі аддзел ПКТ надрукаваў зварот да грамадскасці ад 3 мая 1929 г. Гэты дакумент стаў своеасаблівым маніфестам дзесяцігадовай дзейнасці таварыства і музея ў Слонімскім павеце. Складальнікі афішы звярнуліся да грамадзян з заклікам аб патрэбе захавання помнікаў гісторыі: "Хочам засцерагчы ад знішчэння гістарычных багаццяў, музейных помнікаў нашай культуры, даць магчымасць належнага іх захавання і паказаць грамадству, а асабліва малодшаму пакаленню культурныя здабыткі" [10, л. 10] і з просьбаю аб перадачы гістарычных каштоўнасцей музею: "Асабліва горача просім уладальнікаў якіх-небудзь гістарычных рэчаў аб ласкавай перадачы іх у рэгіянальны музей, ці на захаванне музейных прадметаў, якія маюцца ў вас на руках: археалагічныя помнікі, нумізматычныя калекцыі ці асобныя манеты, газеты, дакументы, рукапісы і аўтографы, фатаграфіі з часоў вайны, посуд, прадметы народнай творчасці, прадметы бытавога ўжытку дамашняга вырабу (якія гінуць з-за развіцця фабрык), этнаграфічныя зборнікі, прадметы рэлігійнага культу" [10, л. 10].
У гонар з’яўлення музея было выпушчана спецыяльнае пасведчанне аб яго адкрыцці, напісанае на цялячай скуры і аздобленае каляровым гербам Слоніма, атрыманым у 1591 г. Побач з асноўным тэкстам дакумента маюцца шматлікія подпісы ганаровых гасцей імпрэзы, сярод якіх подпіс І. Масціцкага, культурных і палітычных дзеячоў краіны, прадстаўнікоў гараджан, сяброў краязнаўчага таварыства [54, с. 1]. Сёння гэты дакумент сустракае наведвальнікаў музея.
У 1929-1930 гг. праверку стану рэгіянальных музеяў Другой Рэчы Паспалітай, колькасць якіх у гэты час значна павялічылася, ажыццявіла музейная камісія Галоўнай рады ПКТ у складзе Уладзіміра Антаневіча, Міхала Дрэўко і Людвіка Савіцкага. Пасля праверкі былі зроблены шэраг высноў:
1.        музеі ў большасці сваёй з’яўляюцца сукупнасцю прыватнаўласніцкіх калекцый, якія паўсталі ў выніку зацікаўленасці іх стваральнікаў,
2.        выпадковасць калекцыянерных збораў не дазваляе рэгіянальным музеям ў поўным аб’ёме выконваць навуковую і выхаваўчую ролі,
3.        большасць музеяў не маюць кваліфікаваных супрацоўнікаў, распрацаванага плана дзейнасці і сродкаў на ўтрыманне.
На падставе дадзеных высноваў рабілася заключэнне аб тым, што “у нашых нязмерна цяжкіх (у параўнанні з Захадам) умовах, пры недахопе сродкаў, памяшканняў, прафесійнага кіраўніцтва і каштоўных экспанатаў, стварэнне малых музеяў – гэта папросту раскідванне сродкаў”. Таму да новых музеяў пачалі прад’яўляць наступныя патрабаванні:
1) Збор павінен мець навуковую і мастацкую вартасць.
2) Кіраўніком (захавальнікам) калекцый павінен быць кваліфікаваны спецыяліст, знаёмы з агульнымі асновамі музеялогіі.
3) Музей павінен знаходзіцца ў будынку, які адпавядае магчымасцям належнага размяшчэння экспанатаў і іх кансервацыі.
4) Музей павінен мець забеспячэнне за кошт сталых даходаў або датацый, якія ствараюць магчымасці для камплектавання і апрацоўкі калекцый (каталогі, выдаўніцтва).
З мэтаю ацэнкі дзейнасці рэгіянальнага музея, Слонім у 1930 г. наведаў краязнавец М. Дрэўко. Ён адзначыў зборы слонімскага аддзела ПТК толькі як “пачатак рэгіянальнага музея” [97, s. 340]. Ахарактарызаваўшы экспазіцыю музея ў адпаведнасці з патрабаваннямі ПКТ, М. Дрэўко асаблівую ўвагу звярнуў на праблему “належнага захавання калекцый, іх навуковай каталагізацыі і апрацоўкі, рацыянальнага размяшчэння мэблі ў залях і, нарэшце, самае галоўнае, такога прыстасавання музея пад навуковыя патрэбы, каб ён даваў уяўленне аб рэгіёне” [97, s. 340].
Першапачаткова слонімскі музей знаходзіўся ў старостве, але ўжо ў 1930 г. быў пераведзены на першы паверх будынка грамадскай бібліятэкі, у якой займаў два пакоі агульнай плошчай каля 55 м2. Экспазіцыя дзялілася на наступныя часткі: археалагічны, гістарычны, мастацкі аддзелы, аддзел прыроды, нумізматычная і этнаграфічная калекцыі.
Спецыфіку любога музея, адрозніваючую яго ад іншых інстытутаў культуры, вызначаюць музейныя прадметы, сапраўдныя элементы нябачнага свету, што ляжыць па-за межамі пэўнага вопыта, акумуляванага ў рэальным існаванні асобнага індывіда і чалавецтва ў цэлым. Менавіта характар музейных прадметаў акрэслівае тып і профіль музея, яго функцыі і места ў грамадстве.
Слонімскі музей быў, галоўным чынам, гістарычныга профілю. Меліся ў вялікай колькасці сабраныя старыя дакументы, лісты і тэксты, у асноўным па гісторыі Слоніма, у тым ліку збор слонімскіх судовых актаў XVI-XVIII стст., шэраг старажытных кніг і гравюр, і асобны куток, прысвечаны падзеям 1863 г. Мастацкі аддзел напачатку быў невялікім і складаўся з узораў старога шкла і фарфору, слуцкага пояса, візантыйска-рымскіх рэліквій, некалькіх мініяцюр і медалёў, статуэтак (кітайская і дзве каўказскія), фрагментаў драўляных скульптур з мясцовых цэркваў. Нумізматычная калекцыя налічвала некалькі соцен узораў замежных манет і манет Рэчы Паспалітай, прадстаўленых у двух вітрынах, а таксама ўключала два вялікія скарбы шведскіх манет, адзін з якіх быў знойдзены ў Слонімскім павеце, а другі паходзіў з Палесся. Некалькі соцен экспанатаў налічваў археалагічны аддзел, аснову якога складалі крамянёвыя прылады працы і фрагменты неалітычнай керамікі. Сціпла выглядала этнаграфічная калекцыя: вышыўка некалькіх кашуль, два ручнікі і вясельны каравай. Аддзел прыроды уяўляў сабою невялікі куток з мінераламі і петраграфічнымі ўзорамі [97, s. 340].
Экспанаты былі занесены ў інвентарную кнігу і мелі тлумачэнні ў выглядзе картак, якія ляжалі побач. На саміх прадметах ніякіх надпісаў не было. Недахопам музея з’яўлялася мэбля, якая складалася амаль выключна з плоскіх шафаў, пафарбаваных у белы колер.
У экспаназіцыі слонімскага рэгіянальнага музея знаходзіліся шэраг прадметаў, якія выдзяляліся сваёю каштоўнасцю. Сярод іх - метэарыт, упаўшы каля в. Азярніца 7 снежня 1894 г., які ўзгадваецца пад першым з шасці пунктаў одпіса ў рэдакцыйны камітэт выдання “Przewodnik po Polsce”. Метэарыт не захаваўся да нашага часу. Супрацоўніца Слонімскага музея Надзея Гайдук паведаміла аб тым, што ён знік падчас адыходу нямецкіх войскаў са Слоніма і пажара 11 ліпеня 1944 г.
Да найбольш цікавых экспанатаў адносіцца каменны паганскі ідал Х-га ст., знойдзены падчас пракладвання шашы. У сувязі з перадачай ідала музею І.І. Стаброўскі 20 чэрвеня 1938 г. накіраваў ліст Рычарду Гарадзецкаму: "Слонімскі аддзел Польскага краязнаўчага таварыства выражае падзяку за перадачу ў дар слонімскаму рэгіянальнаму музею каменнай галавы невядомай разьбы, знойдзенай у ваколіцах Слоніма" [10, л. 39]. Стаброўскі прысвяціў дадзенаму экспанату шэраг артыкулаў (напрыклад, у "Ziemia Lidska" № 1 за 1939 г.). У красавіцкім нумары часопіса "Беларусь" за 1946 год І.І. Стаброўскі пісаў: "У ваколіцах Слоніма, на выгане, дзе ніколі не было ніякіх будынкаў, у 1934 г. пракладвалі новую Альбярцінскую вуліцу. У час выкапкі катлавана пад будову фундамента для жыллёвага дома на глыбіні каля паўметра была знойдзена каменная галава, якая цяпер знаходзіцца ў Слонімскім гісторыка-краязнаўчым музеі. Знойдзены аб'ект, высечаны з ракавістага вапняку, уяўляе сабою мужчынскую галаву з плоскім тварам, шырокім носам, без вусоў і завостранай бародкай. Памеры яго невялікія - 46 см у вышыню, даўжыня - 22 см, шырыня - 15 см. Шыя гэтай галавы мае выгляд кліна для ўстаноўкі ў пні дрэў ці, можа, у спецыяльна выраблены каменны пастамент. Нельга меркаваць, што галава адбіта ад якой-небудзь статуі, бо няма ніякага злому, а клін выраблены вельмі выразна. Параўнанне знойдзенай галавы з фігурамі святых у суседніх касцёлах сведчыць, што паміж імі няма ніякага падабенства. Іншыя веравызнанні, як праваслаўнае, мусульманскае і яўрэйскае, зусім забараняюць ужыванне якіх бы то ні было фігур у мэтах рэлігійных. Такім чынам гэтая галава з'яўляецца помнікам дахрысціянскай пары" [79, с. 3]. Дзякуючы выразна азначаным лініям твару, слонімскі ідал лічыцца адным з найбольш цікавых сярод нямногіх вядомых у Еўропе такога тупы ідалаў.
Да другой паловы XVIII ст. адносіўся партрэт Аляксандра Пацея, выкананы невядомым мастаком на метале. Бясцэнным помнікам юрыдычнай думкі XVI ст. з'яўляецца статут Вялікага княства Літоўскага, пераведзены на польскую мову і выдадзены ў 1648 г. Былі ў музеі аўтографы польскіх каралёў Жыгімонта Аўгуста, Жыгімонта ІІІ, Уладзіслава ІV, Яна-Казіміра, Станіслава Панятоўскага, Папы Рымскага Грыгорыя ХV, рускіх імператараў Мікалая І, Аляксандра ІІ, князёў Караля Радзівіла, Яна Сапегі, а таксама вялікага рускага паэта А.С. Пушкіна. У музеі захоўвалася дакладная копія апошняга ў яго жыцці ліста, напісанага 27 студзеня 1837 г. і адрасаванага дзіцячай пісьменніцы Аляксандры Шымавай. Копія выканана ў літаграфіі "Безэ і Францэн" у 1857 г., відавочна, да 20-й гадавіны з дня смерці паэта. Каштоўнасцю музея з'яўляўся бронзавы бюст Напалеона І, адзін з двух экзэмпляраў, што былі створаны ў Парыжы ў 1885 г. па спецыяльнаму заказу ўлад Расійскай імперыі [54, с. 3].
Большая частка экспанатаў былі набыты І.І. Стаброўскім за ўласныя сродкі. У дзейнасці музея на пачатку яго існавання былі зацікаўлены і мясцовыя ўлады. Так, 4 ліпеня 1930 г. павятовы стараста накіраваў да слонімскага аддзела ПКТ ліст (L. dz. III 4376), у якім паведамляў праўленню аб знойдзенай дазорным Карпам Прудніковым каля в. Багданаўшчына адзнакі польскага дзесятніка і перадачы яе музею [10, л. 11]. Фонд папаўняўся таксама за кошт ахвяраванняў простага насельніцтва, якое несла ў дар рэгіянальнаму музею рэчы, якія ўяўлялі цікавасць у першую чаргу для саміх людзей. У той жа момант сярод перададзеных матэрыялаў было шмат каштоўных прадметаў. Так, Феліцыя Рагоза з маёнтка Грынкі падаравала музею шахматную дошку слонімскага старасты Льва Сапегі памерам 39,5х41,5 см [10, л. 16]. Альгерд Міхалоўскі перадаў два "планшета с изделиями каменного века - озеро Бездонное ок. Озерницы" [10, л. 21]. 79 пяхотны полк перадаў музею "топор каменный типа Фатьяновскаго с отверстием", знойдзенага ў чатырох вёрстах ад Слоніма [10, л. 22]. "Молоточек каменный с отверстием" з урочышча Мяцішча падараваў Антон Міхайлавіч Валынчык, "молот боевой, больших размеров" з в. Рудаўка Міжэвіцкай гміны - Барыс Іванавіч Кандзэра, "грузило каменное с отверстием" з в. Леонавічы Казлоўшчынскакай гміны - Віткоўскі [10, л. 23], "метеор упавший 7 дек 1894 г." з маёнтка Міхалін Чамяроўскай гміны - Пржэмыслаў Міхалоўскі, "метеор-осколок" з маёнтка Ксаверава - Міркоўскі [10, л. 32]. Сафія Мацэта перадала музею медаль з надпісам "Stephano Batorio Conditori an MDLXXVIII Alexandro I Restitutori an MDCCCIII", "Возведение королем Станиславом-Августом Николая Почобута в звание маршала двора 15 апр. 1791 г." - Івана Адляніцкага-Пачобута [10, л. 39], дзве гравюры Сігізмунда Аўгуста былі падараваны музею Чапскім [10, л. 43], кніга ў пераплёце "Ziemianska Generalna Dekonomika", складзеная Якубам Казіміравічам Гаўрам у 1679 г. - доктара Чэслава Целіга [10, л. 44]. У чэрвені 1933 г. ксёндз Ежы Пачобут-Адляніцкі перадаў музею драўляную скульптуру [10, л. 25].
Калекцыя музея ўвесь час павялічвалася, але галоўнай для яго існавання з’яўлялася праблема адсутнасці ўласнага памяшкання. З 1929 па 1944 гг. музей мяняў месца свайго размяшчэння 14 разоў [80, с. 3]. Дадзенае пытанне было ўзнята В.Клімкевічам падчас з’езда дэлегатаў ПТК у Быдгашчы 22-23 мая 1937 г. [10, л. 41], але так і не была вырашана. Пры кожным новым пераездзе частка экспанатаў знікала і трапляла на чорны рынак, адкуль І.І. Стаброўскі быў вымушаны выкупляць іх. Чалавек не бедны, Стаброўскі ўсе свае сродкі аддаваў справе даследавання Слонімшчыны. Гэта прывяло да таго, што ў Іосіфа Іосіфавіча на прыканцы жыцця не засталося амаль нічога.
Станаўленне музея адбывалася ў складаных умовах сусветнага эканамічнага крызіса. Недахоп сродкаў на набыццё спецыяльных музейных шафаў прыводзіў да абмежаванняў у размяшчэнні экспанатаў. У сувязі з гэтым, у лістападзе 1932 г. кіраўніцтва ПКТ звярнулася ў Фонд народнай культуры пры Прэзідыуме рады міністраў з просьбаю аказання матэрыяльнай дапамогі ў памеры 150 злотых [10, л. 18].
У сувязі з узрастаннем ролі музея 21 верасня 1933 г. на паседжанні слонімскага аддзела ПКТ было прынята рашэнне аб арганізацыі музейнай секцыі, у якую вырашылі запрасіць сябра ПТК, пасла сейма, Эмерыка Гутэн-Чапскага, а ўдзельнікамі сястру-непакалянку Стэфанію Шэмётхаўну, І.І.Стаброўскага, Альгерда Слізня і натарыюса Мячыслава Пятроўскага. У сувязі з неабходнасцю аказання дапамогі музею кіраўніком вырашылі абраць Гутэн-Чапскага, да якога звярнуліся з просьбай узначаліць новую секцыю [10, л. 26].
На базе слонімскага музея праводзілі даследаванні гісторыі павета, выкарыстоўвалі матэрыялы пры падрыхтоўцы турыстычных зборнікаў і падарожнікаў. Музей зрабіўся цэнтрам краязнаўчага руху ў Слонімскім павеце, сімвалам багацця роднага краю. Так, напрыклад, за 1937 г. яго наведалі 700 асоб, колькасць экспанатаў складала 552, павялічыўшыся ў адрозненне з мінулым годам на 32 адзінкі [120, s. 10]. У 1938 г. колькасць экспанатаў дасягнула 570, а ў мясцовым друку з'явіліся тры артыкулы пра яго дзейнасць [121, s. 11].
Такім чынам, слонімскі рэгіянальны музей быў заснаваны 20 верасня 1929 г. пры падтрымцы слонімскага аддзела ПКТ. На пачатку сваёй дзейнасці ён з’яўляўся сукупнасцю прыватнаўласніцкіх калекцый, якія паўсталі як вынік зацікаўленасці яго заснавальніка – І.І. Стаброўскага, але паступова да фарміравання яго збораў далучыліся мясцовыя ўлады і жыхары павета. Музей уяўляў сабою некамерцыйную ўстанову, якая займалася набыццём, захаваннем, даследаваннем, папулярызацыяй і экспанаваннем матэрыяльных пасведчанняў аб чалавеку і асяродку яго пражывання ў мэтах вывучэння, адукацыі, а таксама для задавальнення культурных патрэб. Ён фактычна адлюстроўваў накірункі краязнаўчай работы і фарміраваўся пад уздзеяннем развіцця краязнаўчага руху ў Слонімскім павеце.
Слонімскі музей быў, галоўным чынам, гістарычныга профілю. Вялікая ўвага надавалася ў першую чаргу археалагічнай і нумізматычнай калекцыям і гістарычным дакументам. У той жа час мастацкі бок установы быў меньш развітым.
У цэлым слонімскі музей з’яўляўся тыповым рэгіянальным музеем ІІ Рэчы Паспалітай. Адкрыццё і дзейнасць ў Слоніме музея садзейнічалі развіццю ў жыхароў павета павагі да помнікаў гісторыі і культуры, да працы чалавека, які стварыў іх, садзейнічала ўсведамленню іх грамадскага значэння, эстэтычнай каштоўнасці, неабходнасці захаваць гістарычныя каштоўнасці для будучых пакаленняў.

3.4 Папулярызацыя навуковых ведаў


Развіццё краязнаўства садзейнічала развіццю турызма. І ў той жа час турызм спрыяў актывізацыі краязнаўчых даследаванняў на тэрыторыі Слонімскага павета.
Уяўленне пра Слонімскі павет падчас уваходжання Заходняй Беларусі ў склад ІІ Рэчы Паспалітай ў асяродку польскамоўнай інтэлігенцыі грунтавалася ў першую чаргу на працы Ф.К. Мартыноўскага “Starożytna Polska pod wzgledem historycznym, jeograficznym i statystycznym” [105] і працы Э.Малішэўскага “Przewodnik po Gubernji Grodzenskiej” з картай [103], на якой былі пазначаны межы Слонімскага павета. Пасля савецка-польскай вайны цікавасць да рэгіёна павялічваецца ў сувязі з праведзеннем у 1921 г. перапіса, паказаўшым яскравае адрозненне “крэсаў усходніх” ад карціны, якая бачылася польскім ўладам.
Імкненне ўладаў інтэграваць Заходнюю Беларусь ў адзіны дзяржаўны арганізм – ІІ Рэч Паспалітую, выклікала патрэбу ў пашырэнні ведаў пра рэгіён і ідэалагічным падмацаванні яго спрадвечнай “польскасці”, неабходнасці ўзнаўлення адзінай эканамічнай прасторы. З гэтай мэтай у 1921 г пачынае сваю дзейнасць “Саюз турыстычнай прапаганды Навагрудскай зямлі”, які складаўся з 51 арганізацыі, 8 з якіх дзейнічалі ў Слонімскім павеце і аб’ядноўвалі 13 чалавек (самакіраўніцтва павета, гміны - Ражанка, Быцень, Жыровіцы, Сенькоўшчына-Кастровічы, Дзярэчын, Казлоўшчына, гмінная рада ў Галынцы) [9].
Папулярызацыі Слонімскага павета, развіццю цікавасці да яго садзейнічаў перыядычны друк. У 1925 г. Навагрудскаму ваяводству быў цалкам прысвечаны адзін з нумароў штомесячнага часопіса ПКТ, адрасаванага краязнаўцам і турыстам. У артыкуле Ежы Рэмера, прысвечанаму архітэктуры ваяводства, знайшлі месца апісанні найбольш значных культавых пабудоў Слонімскага павета, сярод якіх аўтар асабліва вылучыў Сынкавіцкую царкву. У ліпені 1924 г. павет наведала Марта Хубіцка, звярнуўшая ўвагу на тое, што “балотны Слонім” з’яўляецца асяродкам заходнееўрапейскіх уплываў. Асабліва выдзяляўся артыкул Вільгельма Ханнеберга, які назваў Слонім “горадам кляштараў” і ахарактарызаваў яго важнае геаграфічнае размяшчэнне: “Калі едзеш шырокім пясчаным трактам з Дзярэчына, былой рэзідэнцыі князёў Сапегаў, або шашою з боку нудных і брудных Баранавіч, скрыжавання некалькіх чыгуначных ліній, ці, нарэшце, з боку старажытнага жыровіцкага кляштару, месца паломніцтва польскіх рыцараў перад паходам на Маскву, заўсёды, праязджаючы праз багатую лясамі і ўзгоркамі сярэдняй ўрадлівасці мясцовасць, натрапіш на старажытны горад Слонім” [99, s. 204].
У 1924-1926 гг. па суботах у Слоніме выходзіла газета "Echo Słonimskie” (”Слонімскае рэха”), адначасова з якою выдавалася “Gazeta Słonimska”, асвятляўшыя грамадскае і культурнае жыццё краю. У найбольш значным даваенным перыядычным выданні Слоніма, газеце “Slonimer Wort”, заснаванай ў 1926 г., якая з 1929 г. выходзіла штотыднёва на габрэйскай мове, знаходзілася месца матэрыялам з гісторыі павета. Напрыклад, у №17 (177) – 27 (187) друкаваўся нарыс Г. Гольдберга “Слонім на працягу стагоддзяў”. З № 33 за 1933 г. у газеце друкаваліся жыццярысы вядомых слонімскіх габрэяў, падрыхтаваныя Х.Луньскім. У №19 (130) – 21 (132) за 1932 г. Г. Гольдберг надрукаваў артыкул “Дзейнасць Слонімскага самакіравання, з нагоды 400-годдзя надання Слоніму магдэбургскага права”. У №40-41 газеты за 1933 г. інжынер К. Ліхтэнштэйн змясціў нарыс “Прэса яўрэйская ў Слоніме” [19, c. 27].
Nasza myśl. Miesięcznik uczniów gimnazjum
i seminarjum Państw. w Słonimie. № 1.
Пашырэнню ведаў пра край садзейнічалі школьныя часопісы. З 1929 г. выходзіў часопіс “Nasza myśl”, які выпускалі навучэнцы гімназіі імя Т. Касцюшка і настаўніцкай семінарыі. У ім меліся рубрыкі “З мінулага Слоніма”, “Хроніка гімназіі” і “Хроніка семінарыі”. У 1933 г. замест “Nasza myśl” пачаў выдавацца “Echo murów szkolnych”. Жыровіцкая сярэдняя сельскагаспадарчая школа выдавала часопіс “Zyroviak”. У Альберціне ў 1932-1937 гг. пад рэдакцыяй айца Антона Неманцэвіча выдаваўся ўніяцкі часопіс “Да злучэньня!”.
На польскай мове выдавалася газета “Tygodnik Słonimski”. У №2 за 21 лютага 1937 г. на яе першай старонцы быў надрукаваны артыкул навукова-папулярнага характару “Karta z przeszłości Słonima” [100], прысвечаны гісторыі горада з “яго далёкай мінуўшчыны” да 1798 г.
У снежні 1938 – студзені 1939 гг. у Слоніме выходзіла “Gazeta Słonimska” [19]. Яна была заснавана на ініцыятыве беларускага паэта Сяргея Новіка-Пеюна, які жыў у горадзе пад наглядам паліцыі. Таму афіцыйна газета была зарэгістравана на яго жонку Людмілу Новік. Газету выдавалі  на польскай мове з-за немагчымасці выдання на беларускай. Першы нумар выйшаў на Каляды, у нядзелю, 25 снежня 1938 г. у прыватнай дукарні Ельяна і Луняньскага, якая знаходзілася па вуліцы 3-га мая (сённяшняя Першамайская). Яшчэ два нумары з’явіліся 1 і 8 студзеня 1939 г. Ужо ў сакавіку 1939 г. С. Новік-Пяюн быў арыштаваны і газета перастала выдавацца. Але нават за гэты час у “Слонімскай газеце” былі надрукаваны шэраг артыкулаў, якія сведчылі пра багацце краю. У №1 за 1939 г. з мэтаю папулярызацыі здабыткаў музея быў змешчаны артыкул І.І. Стаброўскага “Z muzeum regionalnego P.T.K. w Słonimie” [126], прысвечаны аднаму з самых каштоўных дакументаў яго экспазіцыі, выдадзенаму каралём Жыгімонтам ІІІ 15 мая 1619 г.
У сувязі з пашырэннем турыстычнага руху ў Слонімскім павеце ўзнікла патрэба ў выданнях азнаямляльнага характару. У 1933 г. у віленскай друкарні “Lux” на сродкі слонімскага аддзялення ПКТ быў выдадзены карманны краязнаўчы праваднік Станіслава Лорэнца “Wycieczki Słonimskie”, ўпрыгожаны фотаздымкамі са збораў таварыства, зробленымі мясцовым фатографам Браунам. Кніга ўяўляла сабою спадарожнік па найбольш папулярных і вядомых мясцінах краю, сярод якіх акрамя Слоніма ўвага засяроджвалася на Альберціне, Быценю, Дзярэчыне, Мерачоўшчыне, Ружанах, Сынкавічах, Здзітаве і Жыровічах. З мэтаю пашырэння ведаў пра Слонімскі павет у 1934 г. была выдадзена кніга Годэля Гольдберга “Zarys dziejów miasta Słonima” навукова-папулярнага характару. Вялікую цікавасць для турыстаў уяўляла мястэчка Жыровічы, якім была прысвечана кніга 1930 г. Валяр’яна Харкевіча “Zyrowice – łask krynice”.
У 1935 г. пабачыў свет выдадзены Саюзам польскіх турыстычных таварыстваў, у які ўваходзіла і ПКТ, першы з чатырох тамоў “Przewodnikа po Polsce”. У зборы інфармацыі для першага тома, прысвечанага “паўночна-ўсходняй Польшчы”, прымалі ўдзел сябры слонімскага аддзела ПКТ, з дапамогай якіх былі распрацаваны турыстычныя маршруты “Зэльва-Слонім, “Слонім-Баранавічы”, “Навагрудак-Наваельня-Здзітаў-Слонім”, “Быцень-Гарадкі”, “Пружаны-Ружаны-(Слонім)”, “Брэст-Быцень”. Спадарожнік змяшчае інфармацыю прыкладнога характару пра інфраструктуру населеных пунктаў (камунікацыі, гатэлі, банкі, аптэкі, рэстарацыі і іх кошт) і пералік найбольш цікавых месцаў з кароткім апісаннем. На тэрыторыі Слонімскага павета акрамя горада вялікую ўвагу спадарожнік надае Жыровіцам, Альберціну, Быценю і Сынкавічам.
Падрыхтоўка да яго выдання пачалася ў 1932 г., у сувязі з чым у Варшаве быў створаны рэдакцыйны камітэт. 17 ліпеня 1932 г. слонімскі аддзел ПКТ атрымаў ліст з просьбаю пералічыць найбольш выдатныя экспанаты рэгіянальнага музея. У адказ на пісьмо 5 верасня 1932 г. быў адпраўлены одпіс з пералікам каштоўных музейных рэчаў. Ён складаецца з шасці пунктаў, па якім рассартыраваны матэрыялы экспазіцыі. Сярод экспанатаў названы неалітычныя зборы Слонімскага павета, старадаўнія манеты, 2 каўказскія ідалы, збор выданняў з часоў паўстання 1863 года, аўтографы каралёў Рэчы Паспалітай, 2 булы папы Грыгорыя VX [10, л. 16]. Прадстаўнікі слонімскага аддзела параілі рэдакцыйнаму камітэту засяродзіць асаблівую ўвагу на Жыровіцах. У зборы інфармацыі слонімскаму аддзелу дапамагалі гурткі краязнаўчай моладзі.
У сувязі з падрыхтоўкай спадарожніка былі праведзены даследаванні па гісторыі мястэчка Быцень з мэтаю “папулярызацыі гісторыі быценьшчыны ў агульнапольскіх маштабах і зборы скупых ведамасцей таго часу аб слонімскім павеце” [10, л. 14]. Першапачатковая спроба пашырыць веды пра мястэчка за кошт дадзеных войта Быценьскай гміны не прынеслі жадаемых вынікаў. 27 мая 1932 г. кіраўнік слонімскага аддзялення ПТК маёр Зелінскі атрымаў ад войта пісьмо: “У адказ на ліст ад 20 мая гэтага года упраўленне гміны паведамляе, што, у адпаведнасці з дадзенымі, мястэчка Быцень з’явілася ў XV ст., быў тут вядомы уніяцкі кляштар базыльянаў, знесены ў ХІХ ст. Акрамя гэтых руін і перабудаванай з кляштару праваслаўнай царквы здабыткаў у мястэчку няма” [10, л. 15]. 30 мая 1932 г. слонімскі аддзел дасылае быценьскаму войту другі ліст, у якім рэкамендуе звярнуцца за дапамогай да мясцовага духавенства, “якое звычайна ведае гісторыю ваколіц, дзе яно знаходзіцца” [10, л. 14] і людзей, апантаных гісторыяй роднага краю. Каб зацікавіць войта Быценьскай гміны, была высока адзначана праца праўлення суседняй Дзярэчынскай гміны, якое “даслала нам вельмі дакладныя і вычарпальныя дадзеныя” [10, л. 14].
Малы Агінскі канал у Слоніме
Багаццем краю з’яўляецца рака Шчара, да якой прытулілася Слонімшчына. Краязнавец Валяр’ян Харкевіч, сябар ПКТ, пасля падарожжа па павеце ў 1932 г. пісаў: “Размешчаны на вялікім, на жаль недзеючым водным шляху, злучаючым два мора, з'яўлячыся цэнтральным пунктам у воднай сетцы паўночных тэрыторый Польшчы, Слонім ўжо іграе вялікую ролю, як адзін з найважнейшых этапаў вяслярскага руху” [95, s 33]. У павеце на пачатку 30-х гадоў ХХ ст. пачынае пашырацца вяслярскі рух. Гэтаму садзейнічалі “ідэальныя ўмовы” [95, s 33] рэчышча Шчары і канала Агінскага, багацце яе прыроды і зацікаўленасць шырокіх колаў грамадства. Вясной 1932 г. была перабудавана і прыстасавана да патрэб весляроў разбураная падчас першай сусветнай вайны прыстань Марской і каланіяльнай лігі (МіКЛ), пабуданы дзве іншыя прыстані (79-га і 80-га палкоў пяхоты). На слонімскіх прыстанях знаходзіліся каля 200 байдарак, што не складала “нават і паловы той агульнай колькасці, якой валодаюць сланімчане” [95, s 33]. У горадзе ўзнік клуб весляроў пад кіраўніцтвам Аліны Міхальскай, жонкі бурмістра горада і старшыні Марской і каланіяльнай лігі, сябра слонімскага аддзялення ПКТ, інжынера Казіміра Міхальскага.
Адначасова з развіццём вяслярства Слонім выкарыстоўваўся веслярамі-краязнаўцамі як адзін з важнейшых пунктаў воднага шляху з Піны да Аўгустоўскага канала, ажыццяўляючы, у пэўнай ступені, ідэю гетмана Агінскага, які марыў бачыць горад важным пунктам на вялікім водным шляху. У сувязі з распаўсюджваннем воднага турызма па рэках Заходняй Беларусі ў 1937 г. была выдадзена кніга А. Шмуцка “Z Pińska do Augustowa kajakem”, якая мела апісанне воднага маршрута з Ясельды праз канал Агінскага побач з мястэчкам Быцень і Слонім, далей ракою Шчараю ў Нёман [116, s 47-54]. У 1932 г. за перыяд з 10 чэрвеня па 17 жніўня на прыстані МіКЛ зарэгістравалася больш 30 экскурсій, сярод якіх былі нават некалькі паездак са Львова - абітурыентак гімназіі сясцёр базыльянак (5 дзяўчат і дырэктар гімназіі) і экскурсія сяброў секцыі воднага турызма Габрэйскага кола аматараў краязнаўства; падарожжа двух сяброў нямецкага Клуба краязнаўцаў ў Катавіцах, быдгашчан - ад Бярозы Картузскай да мора, экскурсія кракаўскай Акадэмічнай спартыўнай асацыяцыі (з Кракава і да Кракава). Найбольш цікавай і найдаўжэйшай, таму што ўключала ў сябе 4200 км, з’яўляўся тур двух жыхароў Познані (Х.Матысяк і Е.Сено), якія на байдарках прайшлі амаль усю Польшчу, адправіўшыся з Кракава і заканчваючы Познанню [95, s 33].
У 1935 г. на тэрыторыі Слонімскага павета праз пасрэдніцтва аддзела ПКТ пачало дзейнасць польскае бюро падарожжаў “Orbis”, назва якога перакладалася з лацінскай мовы як “свет”. Заснаванае ў 1920 г. ва Львове аб’яднанне займалася развіццём турызма як у Другой Рэчы Паспалітай, так і за яе межамі. У 1933 г. таварыства было выкуплена дзяржаўным банкам PKO. Напярэдадні другой сусветнай вайной “Orbis” меў 136 краёвых аддзелаў, 19 замежных і 4 гатэлі. Ганаровым карэспандэнтам арганізацыі ў Слоніме з’яўляўся Віктар Клімкевіч, які пражываў па вул. Студэнцкая, 30 [10, л. 37]. Праз слонімскі аддзел “Orbis” распаўсюджваў карты, паштоўкі, выданні турыстычнага характару, дапамагаў у арганізацыі экскурсій. Аб’яднанне было зацікаўлена ў павелічэнні колькасці турыстаў на тэрыторыі павета, для чаго яму была неабходна дапамога ПКТ у атрыманні інфармацыі аб краю [10, л. 37].
Развіццю турызма садзейнічала інфраструктура Слоніма. У горадзе знаходзіліся 4 гатэлі, у якіх можна было зняць пакой ад 2 zł 50 gr да 4 zł 75 gr: “Wiktorja” (вул. Міцкевіча, 3), “Krakowski” (вул. Замкавая, 8), “Grand-Hotel” (вул. Маставая, 40) і “Słowlański” (Стадэнцкая, 3). Па вуліцы Уланскай размяшчалася рэстарацыя “Myśliwska”, а на Маставой - цукерня “Niespodzianka”. Патрэбы падарожных маглі задаволіць 3 аптэкі, банк і каса, а таксама кінатэатр “Modern” [112, s. 81].
Слонімцы прымалі ўдзел у экскурсіях па тэрыторыі Другой Рэчы Паспалітай. У маі 1934 г. у экскурсіі на Слёнск Цешынскі прыняў удзел сябар ПКТ Лейзер Паюс [10, л. 33]. 12 чэрвеня 1934 г. вучаніцы слонімскай гімназіі ўдзельнічалі ў экскурсіі па Навагрудчыне, па Міцкевічаўскіх помніках з начоўкай на возеры Свіцязь [10, л. 32]. Вялікай папулярнасцю карысталася экскурсія на цегніку “Слонім-Чанстаховы”, у якім прымалі ўдзел жыхары не толькі Слонімскага павета, але і Зельвенскай гміны Ваўкавыскага павета [10, л. 36]. У чэрвені 1934 г. у ёй узялі ўдзел 350 чалавек [10, л. 34]. На адваротным шляху была праведзена экскурсія па Варшаве. У арганізацыі гэтай экскурсіі вялікую дапамогу слонімскаму аддзелу ПКТ аказалі кіраўнік аддзела чыгункі на станцыі Ваўкавыск Мачэўскі і ўраднік гэтага аддзела Садоўскі.

Такім чынам, краязнаўчы рух разам з інфраструктурай Слоніма і архітэктурнымі і воднымі багаццямі Слонімскага павета стаў адным з фактараў развіцця турызма ў рэгіёне. У сваю чаргу, развіццё турызма ўплывала на накіраванасць навуковых даследаванняў. Іх папулярызацыя адбывалася ў форме артыкулаў у мясцовым і агульнадзяржаўным перыядычным друку, турыстычных спадарожніках, узнікненні спецыялізаваных турыстычных арганізацый (Саюз турыстычнай прапаганды Навагрудскай зямлі, Orbis) і правядзенні экскурсій.