Слонімскі эпізод “Зніклага свету” Рамана Вішняка

Да Вялікай Айчыннай вайны асноўную частку насельніцтва Слоніма, як і пераважнай большасці іншых гарадоў Беларусі, складалі габрэі. Сёння аб іх прысутнасці ў горадзе нагадваюць разбураемая часам і людзьмі галоўная сінагога побач з цэнтральным кірмашом, некалькі будынкаў былых малітоўных дамоў, ды аднапавярховыя і двухпавярховыя домікі на цэнтральных вуліцах, на якіх яшчэ ў 30-х гадах мінулага стагоддзя прысутнічалі шыльды на польскай ды габрэйскай мовах з назвамі шматлікіх крамаў.

Сёння ў інтэрнэце можна знайсці багата фотаздымкаў, якія выстаўляюць як калекцыянеры, так і нашчадкі слонімскіх габрэяў, цудам уратаваныя ад фашыстоўскай завірухі.
Аднак сярод гэтай безлічы графічных сведкаў мінуўшчыны асабліва вылучаюцца фотаздымкі Рамана Вішняка (Roman Vishniac, 1897-1990), які ў 1930-я гады ў складзе дабрачыннай арганізацыі “Джойнт” здзейсніў чатырохгадовае падарожжа па Усходняй Еўропе з мэтаю збора сродкаў для дапамогі бедных габрэйскім абшчынам. Вынікам працы Вішняка сталі 16000 фотаздымкаў.




На яго фотаздымках самыя простыя габрэі: вучні ешыў, равіны, гандляры і рамеснікі, старыя і маладыя, жанчыны і мужчыны, адлюстравана таксама асяроддзе, у якім яны пражываюць. Дакладней, пражывалі. Гэта вельмі пранікнёныя, публіцыстычныя выявы прадстаўнікоў таго свету, які паглынула полымя Халакосту.
Большасць сваіх фотаздымкаў Вішняк рабіў схаваным пад адзежаю фатаапаратам, пакідаючы вобразы людзей, якія нават не падазравалі, што іх здымаюць. Тых, каго намагаўся “захаваць” Вішняк, адкрыта прапануючы ім сфатаграфавацца, амаль заўсёды адмаўлялі яму ў гэтым. Таму прымяненне “схаванай камеры” яшчэ больш падкрэслівае дакументальны характар твораў Вішняка.


“Я не мог выратваць мой народ, я змог выратваць толькі успаміны пра яго. Схаваны фатаапарат для здымання народа, які не хацеў, каб яго здымалі, можа вам падацца дзіўным. Ці было гэта вар’яцтвам: без канца пераходзіць межы, рызыкуючы кожны раз жыццём? Якім бы не было пытанне – адказ заўсёды адзін і той жа: пабтрэбна было гэта рабіць. Я адчуваў, што свет будзе ахоплены вар’яцкім ценем нацызму і гэта прывядзе да знішчэння народа, што не застанецца ніводнага сведкі, які б змог нагадаць пра трагедыю. Я ведаў, што павінен зрабіць так, каб знікаючы свет не быў сцёрты цалкам”, - узгадваў Раман Вішняк.

На фотаздымках Вішняка мы бачым як самых звычайных жыхароў Слоніма, так і абрысы самога горада, нямога сведкі цяжкай гісторыі людзей, якія яшчэ ня так даўно шпацыравалі яго вуліцамі, каб пазней быць растралянымі ў яго ваколіцах.