ДЗЁННІК КАНДЫДАТА Ў КАНДЫДЫТЫ. Дзень 2 і 3

12.09.19
Нягледзячы на спробы пераканаць мяне ў адваротным, я не сумняюся, што зрабіў правільна, калі падаў дакументы. Бо хто ж калі не мы, калі краіна ў перманентным стане небяспекі? Сумняюся цэлы дзень толькі ў адным: ці сапраўды зарэгіструюць ініцыятыўную групу. Дзень праходзіць у насычаным працоўным рытме, у якім згубілася чаканне. Урэшце, пад вечар патэлефанавалі са слонімскага райвыканкама, і нават запрасілі на заўтра на паседжанне выбарчай камісіі, дзе адбудзецца рэгістрацыя ініцыятыўных груп. Быў прыемна здзіўлены, але ад наведвання такога паседжання устрымаўся. Заўтра ж стане сапраўды зразумелым “быць ці не быць”.

13.09.19
Зарэгістравалі! Увесь вечар правяраў старонку сайта слонімскага райвыканкама. І, урэшце, бліжэй да 18 гадзін пабачыў на ўласныя вочы маё прозвішча ў ліку чатырох прэтэндэнтаў у кандыдаты па Слонімскай выбарчай акрузе. Вось так я ўступаю на новы для сябе шлях, з вераю, што толькі самаадданай працаю можна чагосьці дасягнуць і дамагчыся. Узгадаліся словы французскага паэта Арюра Ало: “Кожная хвіліна заўсёды можа стаць апошняй. І патрэбна яе пражыць так высока, так аддана, так глыбока, як ні адну іншую. І калі б я не быў на гэта здольны, я здрадзіў бы непаўторнасці і адзінасці жыцця”. Напісаў зацемку для сацыяльных сетак, бо без гэтага сёння нікуды:
“Я маю бачанне таго, як дапамагчы маім землякам, як маёй любай Бацькаўшчыне ўступіць у "Залаты век". За апошнія некалькі месяцаў жыццё падкінула шэраг знакаў, якія пераканалі не сядзець збоку-прыпёку, узяць адказнасць. Таму я распрацаваў адпаведную праграму і падаў дакументы ў Слонімскую выбарчую камісію. Сёння прыйшоў адказ: маю ініцыятыўную групу зарэгістравалі па Слонімскай выбарчай акрузе № 58 у межах падрыхтоўкі да выбараў у Палату прадстаўнікоў.
Цяпер цягам месяца мне неабходна сабраць 1000 подпісаў жыхароў Слонімшчыны і Зэльвеншчыны, каб стаць кандыдатам у дэпутаты і ў далейшым мець магчымасць данесці свае ідэі людзям.
Я не належу ні да якіх палітычным сілаў - ні дзяржаўных, ні апазіцыйных. Я звычайны грамадзянін, які проста любіць і шануе родны край, і гатовы дзеля яго карысці і лепшай долі рабіць усё магчымае, і нават трошачкі болей.І памятайце: тое, перад чым ты гатовы скарацца кожны дзень, не зменіцца ні-ко-лі!
________________________________
У меня есть видение того, как помочь моим землякам, как моей любимой малой Родине вступить в "Золотой век". За последние несколько месяцев жизнь подкинула ряд знаков, которые убедили не сидеть сложа руки, взять ответственность. Поэтому я разработал соответствующую программу и подал документы в Слонимскую избирательную комиссию. Сегодня пришёл ответ: мою инициативную группу зарегистрировали по Слонимскому избирательному округу № 58 в рамках подготовки к выборам в Палату представителей.
Теперь на протяжении месяца мне необходимо собрать 1000 подписей жителей Слонимщины и Зельвенщины, чтобы стать кандидатом в депутаты и в дальнейшем иметь возможность донести свои идеи людям .
Я не принадлежу ни к каким политическим силам - ни государственным, ни оппозиционным. Я обычный гражданин, который просто любит и бережет родной край, и готов для его пользы и лучшей доли делать всё возможное, и даже немножко больше. И помните: то, с чем ты смиряешься каждодневно, не изменится ни-ког-да!”

ДЗЁННІК КАНДЫДАТА Ў КАНДЫДАТЫ. Дзень 1

У гэтым невялічкім бложыку я буду выкладваць запісы, якія раблю падчас удзелу ў выбарчай кампаніі 2019 года. Я пакідаю іх не столькі Вам, мае нешматлікія сённяшнія чытачы, колькі тым, хто прыйдзе пасля нас, таму надаю ўвагу тут не столькі халоднай выкладцы падзей, колькі таму, што мяне па-сапраўднаму турбуе і клапоціць. Сёння я пачынаю з першага запісу, які паўстаў 7 дзён таму, і ў далейшым гэтая розніца ў тыдзень захаваецца.

11.09.19
Калі праз 20 гадоў сын спытае, ці зрабіў я ўсё, што толькі мог, каб ён жыў у лепшым заўтра, жыў у сваёй, а не чужой краіне, ці будзе ўпэўненасць у маім адказе? Ці не буду я апускаць вочы долу і апеляваць да нязломнасці сістэмы, непераможнасці бюракратыі, ды абыякавасці астатніх? Увогуле прыдумляць стос падстаў, каб толькі апраўдаць сваю бядзейнасць, пакору перад абставінамі, якія мацней за ўсё. Тым больш мацней за мяне, простага чалавека, які ўвесь час аддае зараблянню грошай, бо хіба можа быць што істотней для сям’і? Так жывуць (ці выжываюць) усе навокал, пакорліва прымаюць гэта як дадзенасць, бо ёсць у нас, беларусаў, чароўная формула: “А мо так і трэба”. І выходзіць жа, што яшчэ і не дрэнна жывем, тым больш у параўнанні з кім іншым. А параўноўваць – гэта адна з галоўных нашых нацыяльных рысаў.
Але мне абрыдла пакорліва згаджацца з тым, што дзеецца, таму што тое, перад чым ты гатовы скарацца кожны дзень, не зменіцца НІ-КОЛІ! Я хачу, каб людзі хоць трохі ачунялі, думкамі вызваліліся ад той багны, якая паглынула іх пад цяжарам беспрасветнага сёння, ды страпянуліся ў разуменні таго, што больш так быць не можа, што гэта шлях у нікуды.
Таму я вырашыў паспрабаваць свае сілы на выбарах у парламент, бо гэта шанец дагрукацца да людзей, паглядзець ім у вочы, убачыць іх крыўду і прыкласці ўсе намаганні дзеля таго, каб урэшце, сцяг праўды простага чалавека пабачылі і там, у высокіх гмахах-сотах. А дзе ж гэта можна зрабіць лепш, чым не на Бацькаўшчыне, за якую баліць сэрца?
Сёння я падаў дакументы на рэгістрацыю ініцыятыўнай групы ў складзе 11 чалавек у Слонімскую выбарчую камісію, размешчаную ў будынку райвыканкама, які мясцовыя называюць “белым домам”. Працэдура заняла лічаныя хвіліны, з якіх большая частка пайшла на пошук патрэбнага кабінета.
Да апошняга турбуе пытанне: ці правільна я раблю. Пад грукат гэты думак я накіроўваюся прыгожымі вулачкамі роднага горада ў бацькоўскую вёску. Навокал яшчэ не адчуваецца пачатак восені, зеляніна паўсюль, а сонца не шкадуе цяпла і святла, якое адлюстроўваецца ад люстэрка Шчары. Рака ўсміхаецца мне. У галаве зрабілася лягчэй ад цяжкіх думак, бо адказ стаў відавочным.