ДЗЯВЯТЫ НУМАР КРАЯЗНАЎЧАГА БЮЛЕТЭНЯ "СЛОНІМСКІ КРАЙ"

Спампаваць - тут.
Выйшаў чарговы, дзявяты па ліку, нумар краязнаўчага бюлетэня “Слонімскі край”. У нумары артыкулы пра ўраджэнца Слонімшчыны, які быў генералам арміі Напалеона Яна Канопку (1777-1814), у тым ліку ваенна-гістарычная быль журналіста Міхаіла Рылко “Уцёкі генерала Канопкі". Таксама адзін з тэкстаў прысвечаны ўдзельніку вайны 1812 года, каменданту Варшавы, які пахаваны ў Слоніме – Міхаілу Лявіцкаму.
Артыкул Сяргея Ярша прысвечаны выступленню ў Слоніме ў ліпені 1933 года вядомага дзеяча сіянісцкага яўрэйскага руху Уладзіміра Жабацінскага (1880-1940), у сувязі з якім увесь горад стаяў на вушах. Другі ж яго тэкст, аздоблены вялікай колькасцю фотаздымкаў, прысвечаны краязнаўцу з вёскі Рышчыцы (цяпер – мікрараён горада) Уладзіміру Шундрыку (1929-2002). Таксама Сяргей Ёрш змясціў матэрыял пра невядомыя вершы Сяргея Хмары.
У працяг тэмы, узнятай у мінулым нумары “СК”, Сяргей Чыгрын падрыхтаваў тэкст пра праваслаўнага святара з Сурынкі Паўла Лысуху, а таксама шэраг матэрыялаў пра цікавыя знаходкі, і нават першы слонімскі значок (з’явіўся ў 1969 годзе).
У нумары маецца працяг перакладзенага з польскай мовы артыкула Вільгельма Хенеберга “Горад кляштараў”, дзякуючы якому можна ўявіць выгляд гістарычнага цэнтра Слоніма ў міжваенны час.
Рэдакцыя выказвае шчырыя спачуванні родным і блізкім вядомага слонімскага доктара і грамадскага дзеяча Івана Іванавіча Шэгі, які памёр 4 кастрычніка.