Храм канонікаў-латэран ў Слоніме

Трыццаць гадоў вуліца Першамайская на паўночным захадзе ўпіралася ў пустэчу. Зараз на гэтым месцы размяшчаецца Спаса-Прыабражэнскі сабор. Але менавіта на гэтым месцы больш трох з паловай стагоддзяў таму пачалося будаўніцтва храма ордэна канонікаў-латэран, рэшткі якога былі ўзарваныя ў 1963 г. у сувязі з рэалізацыяй генеральнага плана перабудовы горада.
Пасля абарончых баёў за Слонім (лета, 1941 г.)


У 1650 г. у Слоніме быў закладзены касцёл “Божага Цела” ордэна канонікаў-латэран, а праз тры гады пачалі будаваць кляштар. Італьянскі архітэктар выбраў правобразам касцёла рымскі храм Іль Джэзы. Ён меў форму лацінскага крыжа і ўнутры нагадваў бернардынскі. Храм размяшчаўся на ўзвышшы ў месцы злучэння трох вуліц і вылучаўся масіўным выцягнутым прэсбітэрыюмам, што дапаўнялася барочнымі элементамі і абразамі таленавітага жывапісца Францішка Смуглевіча.
Сродкі на яго будаўніцтва выдзеліў падканцлер ВКЛ Казімір Леў Сапега. Сын Льва Сапегі, які праславіўся заключэннем выгаднай для Княства дамовы з Маскоўскай дзяржавай пад час Смаленскай вайны (1632-1634) і спансіраваннем каталіцкіх ардэноў, сярод якіх былі картэзіане і канонікі-латэране. Памылкова фундатарства пабудовы храма прыпісваюць іншаму сыну Льва Сапегі, маршалку ВКЛ Яну Станіславу, які памёр у 1635 годзе.
Устаўныя канонікі-латэране – адна з найбольш старажытных форм арганізацыі манаскага жыцця рымска-каталіцкай царквы. Яны не маюць сваіх заснавальнікаў, як іншыя ордэны, а іх з’яўленне звязана з Латэранскім Сінодам (1059 г.), пад час якога была зроблена адна з першых спроб барацьбы каталіцкай царквы з тымі працэсамі, якія сталі ў далейшым прычынамі Рэфармацыі. Прадстаўнікі кліра, якія прынялі яго пастановы ў накірунку вяртання царквы на шлях жыцця Апосталаў і сталі практычна іх ажыццяўляць, атрымалі назву “Рэгулярныя канонікі” (або устаўныя). Яны вялі аскетычны вобраз жыцця, што выклікала ў міран пачуццё павагі і з'яўлялася штуршком да ўзнікнення вялікай колькасці падначаленых ім храмаў. Самыя важныя з іх – базіліка св. Іаана Латэрана, Зальцбург і Гурк у Аўстрыіі, Сарагоса і Памплона ў Іспаніі, Памп’е і Камінжы ў Францыі. У 17 ст. з’явіліся яны і на Беларусі, а на 1772 год у Віленскай дыяцэзіі дзейнічала 5 кляштараў канонікаў-латэран.
Ордэн ніколі не быў пад цэнтральным кіраўніцтвам, асобныя капітулы існавалі як асобныя аўтаномныя адзінкі. З цягам часу было заведзена, што кожны рэгулярны канонік належаў да таго дома, дзе ён даваў свае абеты, але яго можна было перавесці ў другі дом у інтарэсах агульнай карысці ордэна ці па любой іншай сур’ёзнай прычыне. У той жа час ён працягваў адносіцца да свайго манастыра. Канонікі-латэране насілі белую адзежу, “каб не змешвацца з міранамі”.
Пры кляштары ў Слоніме дзейнічаў шпіталь, якому кароль Рэчы Паспалітай Ян Казімір надаў права атрымання маставога збору.
Вялікую ўвагу ордэн надаваў адукацыі. Так, у 18 ст. у горадзе пры манастыры канонікаў-латэран дзейнічала школа, дзе па праграме езуітаў навучаўся 71 вучань. А пасля закрыцця езуіцкай рэзідэнцыі, яе плошчы таксама патрапілі да ордэна.
Касцёл "Божага цела" (малюнак ХІХ ст.)

У 1843 г. касцёл “Божага Цела” быў скасаваны і перададзены праваслаўнай царкве. У 1846 тут пачаў працу Спаса-Прыабражэнскі сабор, назва якога была перанесена ад згарэлай драўлянай царквы 16 ст., якая месцілася побач.  Дах паменшылі і дабудавалі 4 вежкі, але храм захаваў свой барочны характар. На месцы разабранага кляштара паўстаў гарадскі парк. А канонікі-латэране пакінулі горад.
Спаса-Прыабражэнскі сабор(20-я гг. ХХ ст.)

У 1941 г. падчас чэрвеньскіх баёў храм быў пашкоджаны: абваліўся купал, была разбурана званіца. Складзены археолагам І.І. Стаброўскім план па адбудове сабора не атрымаў падтрымкі ў колах грамадскасці, а спробы аднавіць у ім працу ў перыяд нямецкай акупацыі не былі рэалізаваны. Канчаткова яго рэшткі былі ўзарваны ў 1963 г. Больш трыццаці гадоў гэтае месца пуставала, пакуль у 1994 г. не пачаліся працы па пабудове праваслаўнага храма. 20 мая 2002 года, пад час свята Жыровіцкага абраза Божай Маці, яшчэ недабудаваны храм наведаў Патрыярх Маскоўскі і ўсяе Русі Алексій. Будаўніцтва сабора было завершана ў 2005 годзе.

А памяць пра ордэн канонікаў-латэран на зямлі нашай Бацькаўшчыны занеслі векавыя пяскі гісторыі.

“Шведскія курганы” на Слонімшчыне

Упершыню пра “шведскія курганы” я пачуў ад свайго дзеда падчас выпасу кароў у даджлівы восеньскі дзень колькі гадоў таму. Дзядуля расказаў, што тыя калісьці размяшчаліся ў цэнтры Васілевіч, маёй роднай вёсачкі, абрусам расцеленай пасярод раўніны, якая прыціснулася сваім ўсходнім бокам да маці Шчары, а з захаду абароненая ўзвышшамі, падарункамі апошняга ледавіка, сярод якіх вылучаецца прыгажуня Пяроўка. Напачатку я не палічыў іх вартымі ўвагі і не здолеў убачыць у іх нічога, акрамя вясковай байкі. Зараз, ведаючы кошт гэтых словаў, я звяртаюся да цябе, Шаноўны Чытач, не паўтараць маіх памылак. Добразычліва стаўцеся да аповедаў старэйшых пра мінулае роднага края! Магчыма, у іх схаваны таямнічыя старонкі гісторыі нашай Бацькаўшчыны.

Казка становіцца праўдаю
Дзядуля меў рацыю. Гэта я зразумеў, калі пазнаёміўся з вынікамі археалагічных даследаванняў Васілевіч у 1955 годзе. Згодна з імі ў цэнтры вёскі, на месцы сённяшняга магазіна “Васілёк” і таполяў, яшчэ ў сярэдзіне мінулага стагоддзя размяшчаўся могільнік, які складаўся з 31 кургана, кожны дыяметрам 7-12 м. Нажаль, толькі адзін з іх быў раскапаны, прычым ў ім археолагі знайшлі сярэбраную манету XVI ст. Такім чынам, курганы насамрэч былі. Але паўстала новае пытанне: чаму яны называліся “шведскімі”?
Спробу тлумачэння гэтаму я знайшоў у даследаванні таленавітага святара Сынкавіцкай царквы з цяжкім жыццёвым лёсам Міхайлоўскага. 10 жніўня 1892 года старажылы вёскі Ніз Кандрат Бардун, Фама Зянько і Міхаіл Праднік расказалі яму пра тое, што вельмі даўно праз Васілевічы, Парэчча і Бабынічы са Слоніма адступалі шведскія войскі, якія былі разбітыя палякамі каля вёсак Едначы і Ніз. “Тады ў людской крыві бык утапіўся”, - казалі яны.
З працы Міхайлоўскага, я даведаўся, што “шведскія курганы” былі даволі распаўсюджанымі аб’ектамі на тэрыторыі Слонімскага ўезда, які ў часы Расійскай імперыі амаль у пяць разоў пераўзыходзіў памеры сённяшняга Слонімскага раёна. Але чаму і з чым гэта звязана? На памяць з заняткаў па гісторыі прыходзіла толькі Вялікая Паўночная вайна ХVІІІ ст. паміж Швецыяй і Расіяй, Карлам ХІІ і Пятром І. Арэнай гэтай барацьбы стала Рэч Паспалітая, у склад якой уваходзіла і Беларусь. Няўжо менавіта ў падзеях той вайны трэба шукаць адказ? Як высветлілася, так і ёсць.

Траўма памяці
Як шрамы на целе чалавека, так і траўмы ў гісторыі народа бачныя нават пасля доўгага часу. Кожны раз, міжвольна кідаючы на іх позірк, з цяжкасцю ўспамінаеш падзеі, звязаныя з болем, спробамі забыцца пра іх і немагчымасцю гэтага зрабіць. Як і немагчымасцю павярнуць час назад.
У выніку Паўночнай вайны 1700-1721 гадоў амаль кожны трэці беларус загінуў. Асабліва жудаснымі атрымоўваюцца гэтыя вынікі, калі дадаць да іх страты вайны сярэдзіны XVІI ст. з Маскоўскай дзяржавай, падчас якой насельніцтва Беларусі скарацілася напалову. Ізноў тэрыторыя нашага края стала заезджым дваром замежных войскаў. Складанасць заключалася ў тым, што ваявала паміж сабою і мясцовая шляхта. Так, шведаў падтрымлівалі Сапегі, якія валодалі Дзярэчынам, Азярніцай і Ружанамі, а рускіх – Агінскія і Караль Радзівіл, які атрымаў у 1704 годзе Слонімскую эканомію. Суседзі вынішчалі ўладанні адзін аднаго пры дапамозе замежных войскаў. Быў спустошаны і Слонім.
Пасля паспяховых дзеянняў арміі караля Карла ХІІ пад Гродна, яго войскі напачатку сакавіка 1706 года размясціліся ў Жалудку, адкуль шведскія аддзелы здзяйснялі напады на слонімскія вёскі. А ў першай палове красавіка шведская армія прайшлася па Слонімшчыне, праз Дзярэчын і Азярніцу, і 14 красавіка ўвайшла ў Ружаны.

Шведы ва ўяўленнях беларусаў
Дзеянні шведскіх войскаў, кантрыбуцыі і здзейсненыя імі разбурэнні паўплывалі на фарміраванне вобраза “шведа”. Гэта дапаўнялася прапагандай каталіцкай царквы супраць пратэстантаў, якімі ў большасці сваёй і з’яўляліся шведскія жаўнеры.
Гісторык Андрэй Катлярчук адзначае тое, што нашыя продкі лічылі шведаў чараўнікамі. У кнізе “Шведы ў гісторыі і культуры беларусаў” ён прыводзіць наступны факт, які можа растлумачыць такія адносіны: з пачаткам кожнай вайны беларусы хавалі жыта ў хлебных ямах, але шведы заўсёды іх знаходзілі. Яны добра ведалі законы тэрмадынамікі: жыта выдзяляе цяпло і таму раніцай шведскія жаўнеры шукалі мясціны, дзе не было расы. Аднак сяляне бачылі ў гэтым дапамогу цёмных сіл.
Вобраз “шведа” шырока ўвайшоў у народны фальклор. Напрыклад, у вёсцы Скварцы на Койданаўшчыне захавалася паданне пра тое, што ў адным з мясцовых курганоў пахаваны шведскі жаўнер, які выразаў усю вёску. Калі яго забілі і пахавалі, забыліся пакласці рукавіцу ў магілу. І з таго часу швед-мярцвяк блукае ўначы па вёсцы і шукае сваю рукавіцу.

Кропкі на карце
Размясціўшы на карце Слонімшчыны месцы з “шведскімі курганамі”, я зразумеў, што гэта не проста кропкі. Гэта цэлыя старонкі гісторыі нашага краю, якія амаль страчаныя. Для продкаў родны край быў не толькі прастораю існавання. На ім пісалася гісторыя ў прамым сэнсе: кожны аб’ект на тапаграфічнай карце выступаў элементам калектыўна апрадмечанай памяці. З-за немагчымасці запісаць на паперы сваю гісторыю нашы продкі запісвалі яе на ландшафт. У мнемоніцы ёсць такі прыём, які называецца “Рымскі пакой”, калі для запамінання выкарыстоўваецца добра вядомае Вам памяшканне. І за кожным прадметам з апораю на яго якасці замацоўваецца патрэбная інфармацыя. Тое ж рабілі і нашыя продкі. Таму курганы, размешчаныя каля вёсак, якія наведалі ў свай час шведы атрымалі адпаведную назву.
“Шведскія курганы”, згодна з Міхайлоўскім, расцягнуліся трыма лініямі па Слонімскім уездзе: 1) ад мястэчка Дварэц, праз Горкі і Ісаевічы да Слоніма, 2) Едначы, Паўлавічы, Васілевічы, 3) праз Дзярэчын, Старую Весь, Азярніцу і Мыслава. Таксама яны знаходзяцца каля вёсак Галынка, Высокае, Салавічы і Лушнева. Іх размяшчэнне супадае з перамяшчэннямі шведскіх войскаў і аддзелаў вясною 1706 года.
Што сабою ўяўляюць дадзеныя помнікі, размешчаныя побач са слонімскімі вёскамі? На гэтае пытанне нам дапаможа адказаць археалогія.

Археалогія ў дапамогу
У 1955-1959 гадах вывучэннем Панёмання і выяўленнем помнікаў у рэгіёне займаўся Славяна-літоўскі атрад Прыбалтыйскай археалагічнай экспедыцыі пад кіраўніцтвам Ф.Д. Гурэвіч. Даследавалі яны і Пашчар’е, дзе выявілі шэраг курганных могільнікаў, якія называліся “шведскімі”.
Так, у лесе па дарозе з вёскі Горкі ў Лядзіны знайшлі курганны могільнік, размешчаны на вузкай паласе 300х50 м. Тут захаваліся 13 курганаў з неглыбокімі рвамі. Усе акруглай формы, дыяметрам 7-20 м і вышынёю да 1,5 м.
У Паўлавічах знаходзіліся 8 курганаў акруглай формы, дыяметрам 7-12 м і вышынёю да 1,2 м. Па дадзеных В.Р. Супруна, у 60-я гады мінулага стагоддзя гэтыя курганы былі разрэзаны траншэйнымі раскопкамі і фактычна знішчаны нейкім археолагам (па словах мясцовых жыхароў, В. Сядовым з Масквы).
У 2 км на захад ад вёскі Старая Весь, з паўночнага боку дарогі Галынка-Зельва, на пясчаным узвышшы знаходзіўся могільнік з 10 курганаў, размешчаных кампактна на плошчы 60х50 м. Усе яны акруглай формы, дыяметрам 7-14 м і вышынёю каля 1 м, абкладзеныя вялікімі камянямі дыяметрам 30-40 см. Па суседству з курганамі маюцца каменныя магілы, дзе побач з вялікімі, пастаўленымі на тарэц, сустракаюцца асобныя камяні ад каменных выкладак магіл. Усяго тут размешчана каля 40 каменных магіл.
У лесе ў 3 км на захад ад вёскі Салавічы ля дарогі Гарадкі-Салавічы знаходзяцца два курганы з ірвамі дыяметрам 20 м і вышынёю да 1 м. Адлегласць паміж імі роўная 40 м.
Выяўленыя экспедыцыяй пад кіраўніцтвам Гурэвіч на Слонімшчыне “шведскія” курганы, нажаль, недатаваныя. І ўсё ж з упэўненасцю можна сказаць, што яны з’явіліся значна раней за часы Паўночнай вайны. Зараз мы можам даць адказ на пытанне, чаму тыя курганы называюцца менавіта “шведскімі”? Уся справа ў значнасці падзей Паўночнай вайны і іх успрыманні нашымі продкамі. Траўма была настолькі значнай, што быццам каляровыя каменьчыкі парваных пацерак, рассыпаліся па Слонімскай зямлі курганы з назваю “шведскіх”. За кожным з іх мелася свая гісторыя, аднавіць якія сёння амаль не маецца магчымасці. Аднак калі такі шанец выпадзе табе, Шаноўны Чытач, то не пашкадуй часу і сілы, бо ад гэтага залежыць і тое, што будуць памятаць твае нашчадкі.

Да пытання аб бел-чырвона-белым сцягу

Урывак з кнігі Басава A. Н. і Куркова I. M., Флагі Беларусі ўчора і сёння/Пер. A. Н. Найдовіч.— Мн.: Полымя, 1994.— 34 с: іл.

"У справу адраджэння беларускай культуры вялікі ўклад унеслі браты Луцкевічы — Іван, археолаг і этнограф, і Антон, публіцыст і крытык.
3 імёнамі гэтых відных дзеячаў нацыянальна-вызваленчага руху звязана вельмі цікавая гіпотэза аб стварэнні беларускага нацыянальнага флага, я к ую прапанаваў у сваіх успамінах бацька цяперашняга к і р а ў н і к а арганізацыі беларускіх татараў "Аль-Кетаб" Якуб Я к у б о ў с к і . А справа вось у чым. Я. Якубоўскі пражываў да 1939 года ў Заходняй Беларусі і, як і іншыя беларусы, служыў у польскай арміі. 3 жаўнерамі праводзіліся заняткі, якія нагадвалі палітзаняткі ў Чырвонай А р м і і . Групы збіралі па рэлігійнаму прынцыпу: к а т о л і к і , праваслаўныя, мусульмане. Аднойчы сярод салдат-мусульман выступаў Аршлан Крыч ы н с к і , прававед, выпускнік Пецярбургскага універсітэта, у якім вучыліся і Л у ц к е в і ч ы . Ён расказаў, што сярод продкаў Луцкевічаў былі беларускія татары (у I. Л у ц к е в і ч а быў у асабістай калекцыі аль-кетаб — свяшчэнная кніга). Браты добра ведалі аб гэтым і падтрымлівалі цесныя кантакты з татарскай абшчынай, цікавіліся культурай, гісторыяй, звычкамі і мовай беларускіх татараў. У адным аль-кетабе яны знайшлі расказ аб Грунвальдскай бітве, у якой татары прымалі самы актыўны ўдзел. Частка з іх знаходзілася пад камандаваннем сына Хана Тахтамыша Джэлал-ат-Дзіна, якога хан Залатой Арды прыслаў на дапамогу Вітаўту, і выступаў пад зялёным сцягам
Прарока, а другая падпарадкоўвалася непасрэдна Вітаўту. Гэта частка змагалася пад бела-чырвона-белым флагам Вітаўта, на які нашываліся поўмесяц і зорка. Калі і сапраўды Вітаўт ваяваў пад бела-чырвона-белым флагам, то, відавочна, гэта быў не агульнанацыянальны, а яго асабісты сцяг, паколькі ён не ўпамінаецца ў летапісах. Інакш у перыяд з 1904 па 1918 год літоўцам не прыйшлося б марудна доўга вырашаць пытанне аб нацыянальным флагу. У Літве аб ім не ведалі. Пытанне аб флагу было вырашана толькі ў красавіку 1918 года, калі было прынята жоўта-зялёна-чырвонае палотнішча без якіх-небудзь спасылак на яго старажытнасць.

Браты Луцкевічы, пазнаёміўшыся з інфармацыяй у аль-кетабе, пачалі прапагандаваць бела-чырвона-белы флаг як гістарычны флаг беларусаў, зыходзячы з таго, што бела-чырвона-белае палотнішча было асабістым сцягам папулярнага на Беларусі вялікага князя.
На жаль, знайсці патрэбны аль-кетаб, дзе апісана Грунвальдская бітва, не ўдалося. Аднак палотнішча такіх колераў усё часцей і часцей сустракаецца ў розных рухах. У 1909—1912 гадах бела-чырвона-белымі лентамі карыстаюцца члены гурткоў дэмакратычнага беларускага студэнцтва ў Санкт-Пецярбургу (з успамінаў Я. Ф. Сушынскага), у 1916 годзе флаг з бела-чырвона-белым палотнішчам мела арганізацыя "Сувязь незалежнай Беларусі", якой кіраваў Вацлаў Ластоўскі. У час правядзення Дня беларускага значка 10—13 сакавіка 1917 года ў Мінску прадаваліся значкі з малюнкам гэтага флага.

У некаторых зарубежных крыніцах ("Флаг-бюлетэнь", ЗША; "Флагі і гербы м і р а " Геслера, ФРГ)
датай утварэння беларускага флага лічыцца 25 сакавіка 1917 года, аб чым сведчылі дзеячы Беларускай Народнай Рэспублікі. Па ўспамінах удзельніцы Першага Беларускага кангрэса ў Мінску Зоські Верас, над будынкам быў вывешаны чыста белы флаг, што з'яўлялася дакладнай графічнай транскрыпцыяй назвы "Белая Русь". Аднак многія дэлегаты кангрэса ўсумніліся: белы флаг — гэта сімвал контррэвалюцыі і рэакцыі. Каб адмежавацца ад гэтага падабенства, Беларускі нацыянальны камітэт змясціў пасярэдзіне палотнішча сімвал рэвалюцыі — чырвоную паласу. Атрымалася бела-чырвона-белае палотнішча, якое, аб чым мы ўжо гаварылі, існавала. Значыць, лічыць дзень 25 сакавіка днём нараджэння беларускага флага неправамерна. Аднак гэты факт гаворыць аб тым, што бела-чырвона-белы флаг не быў яшчэ шырока вядомы.
Вясной 1917 года гэты флаг быў у Петраградзе над будынкам Беларускага таварыства дапамогі
пацярпеўшым ад вайны. Часопіс "Гоман" за 12 кастрычніка 1917 года паведамляе аб дзейнасці
беларускага культурна-асветніцкага таварыства ў Петраградзе, над будынкам якога развіваўся бела-чырвона-белы флаг. I літаральна ў першыя дні Першага Усебеларускага з'езда ў Мінску Беларуская Рада 12-ай дзеючай арміі на сваім пасяджэнні ад 8 снежня 1917 года пастанавіла: салдаты-беларусы павінны ўшыць у другую пятліцу шынелі зверху ленту бела-чырвона-белых колераў.

Але былі і іншыя меркаванні адносна нацыянальнай сімволікі. Сведчаннем таму з'яўляецца прапанаваны з'езду праект беларускага флага з блакітнай, белай і чырвонай гарызантальнымі палосамі. У гэтай сувязі цікавая заметка, якая была надрукавана ў газеце "Вольная Беларусь" ад 12 снежня 1917 года пад назвай "Мара", дзе аўтар паэтычна апісвае Беларусь, услаўляючы яе
блакітныя азёры, неба, вочы беларусаў, а таксама белыя дарогі, хаты, валасы старых і г. д.
Тым не менш, як сведчыць у сваіх мемуарах Я. Ф. Сушынскі, сцэна Гарадскога тэатра (цяпер тэатр імя Я. Купалы) у час правядзення Першага Усебеларускага з'езда была ўпрыгожана бела-чырвона-белымі палотнішчамі. Вось як апісваецца адкрыццё з'езда 7 снежня 1917 года ў газеце
"Вольная Беларусь" № 3 за 15 снежня 1917 года: "А ў восьмым часу аркестр ваеннай музыкі іграў
"Марсельезу". Потым выступіў беларускі хор у нацыянальным адзенні... Над іх галовамі ўзвышаліся беларускія нацыянальныя флагі... Выступіў з прамовай прадстаўнік ад бальшавікоў
якісьці латыш, які ў канцы сваёй прамовы прапанаваў зняць і знішчыць беларускі нацыянальны
штандарт, таму што гэта ёсць рэч непатрэбная.
Паднялося абурэнне. Выступіў селянін і сказаў: "Нам не патрэбны гэтакія латышскія настаўнікі". А стары генерал беларус пацалаваў беларускі нацыянальны штандарт".
18 снежня 1917 года ў тры гадзіны ночы на з'ездзе была прынята рэзалюцыя аб пераходзе
ўлады ў Беларусі да Беларускай рады з'езда, пасля чаго бальшавікі вырашылі, што пара канчаць з
падобнай дэмакратыяй, акружылі будынак салдатамі і разагналі з'езд. Прыняць рашэнне аб
дзяржаўным флагу проста не паспелі.

Можна сказаць, што менавіта снежань 1917 года пэўна і быў тым перыядам, з якога бела-чырвона-белы флаг стаў успрымацца ў масавай свядомасці як нацыянальны флаг беларусаў. Гэта і не дзіўна. Таму што дэлегатам Першага Усебеларускага з'езда, якія прыехалі сюды з усіх куткоў Беларусі, бела-чырвона-белае палотнішча было прадстаўлена як нацыянальны флаг, як дзяржаўны "штандарт". Несумненна, што раз'ехаўшыся па сваіх родных месцах, яны паведамлялі аб флагу мясцовым жыхарам. Узнавіць палотнішча было няцяжка — флаг меў просты малюнак, што таксама спрыяла яго хуткаму распаўсюджванню і шырокаму выкарыстанню ў Беларусі.
Закрыццё з'езда бальшавікамі зрабіла немагчымым выкарыстанне с і м в о л і к і з'езда, у дадзеным выпадку бела-чырвона-белага флага, пры савецкай уладзе. Аднак у кароткі перыяд з 18 па 25 лютага 1918 года, калі Саветы фактычна згубілі кантроль над сітуацыяй (19 лютага органы Савецкай улады пакінулі Мінск), існаваў урад Беларускай рады і яе сакратарыят. Над будынкам, дзе ён знаходзіўся, быў падняты вядомы нам флаг. Як піша Е. Канчэр у сваёй працы "Беларускае пытанне", выдадзенай у 1919 годзе ў Петраградзе, 25 лютага 1918 года ў будынак сакратарыята Народнай рады з'явіўся з атрадам салдат германскі камендант горада і заняў
памяшканне, прыказаўшы зняць бела-чырвоны-белы беларускі нацыянальны флаг.
Немцы не перашкаджалі стварэнню беларускай дзяржавы. Тым больш, што яны кантралявалі
сітуацыю. Пасля абвяшчэння а шостай гадзіне раніцы 25 сакавіка 1918 года Беларускай радай
незалежнасці ураду БНР пэўна не было калі абмяркоўваць заканадаўчыя акты аб сімволіцы —
існавала шмат іншых праблем. I сімволіка — герб "Пагоня" і бела-чырвона-белы флаг — існавалі
самі па сабе. Н і к і м не зацверджаныя, не меўшы стандартнага ўзору для тыражыравання, яны адвольна мяняліся, захоўваючы толькі агульную канцэпцыю. Часта з'яўляліся сцягі, створаныя на
аснове бела-чырвона-белага флага, напрыклад белае палотнішча, якое мела чырвоную паласу з
аднаго боку і "Пагоню" ў праменнях сонца — з другога. Бывае на супрацьлеглым баку змяшчаўся
толькі надпіс: "Няхай жыве вольная Беларусь".

Толькі 5 жніўня 1918 года з'яўляецца дакумент, я к ім Сакратарыят БНР зацвярджае бела-чырвона-белы флаг. А 11 жніўня 1918 года ў газеце "Вольная Беларусь" з'яўляецца яго першае
апісанне. У артыкуле В. Ластоўскага "Што трэба ведаць кожнаму Беларусу" ў раздзеле VII "Сімвалы Беларусі" ён піша: "Якія нацыянальныя колеры? Нацыянальны беларускі колер — бела-
чырвоны. 3 гэтых колераў састаўлен і беларускі флаг, які складаецца з трох уздоўж палосак —
белай, чырвонай і зноў белай". Пры зацвярджэнні гэтага флага былі прадстаўлены акрамя бела-чырвона-белага яшчэ некалькі праектаў дзяржаўнагафлага БНР. На жаль, звестак аб праектах не
захавалася. Хто ж быў іх аўтарам? Ім з'яўляецца вядомы дзеяч вызваленчага руху, палітык, член
урада БНР Клаўдзій Сцяпанавіч Д у ш э ў с к і . У сваёй аўтабіяграфіі, напісанай у 1934 годзе ў г. Каўнасе, дзе Душэўскі пражываў у той час, ён піша: "Цікава адзначыць, што беларусы выбралі сваім дзяржаўным гербам той, што і літоўцы, гэта значыць белую "Пагоню" на чырвоным полі, аднак нацыянальнага флага не было. Мне давялося зрабіць некалькі праектаў нацыянальнага флага, і адзін з іх быў прыняты: а менавіта: бела-чырвона-белы.
3 таго часу гэты флаг і лічыцца беларускім нацыянальным флагам". К. С. Душэўскі не ўказвае дату апісанай падзеі і, змясціўшы гэты ўрывак у газеце " З в я з д а " ад 25 сакавіка 1992 года,
кандыдат гістарычных навук С. Рудовіч лічыць, што гутарка ідзе аб пачатку 1917 года. Але мы не
м о ж а м згадзіцца з гэтым. Справа ў тым, што ў 1917—1918 гадах пытанне аб беларускім флагу
абмяркоўвалася толькі двойчы: у сакавіку 1917 года і летам 1918 года. Але першы раз гэта
адбывалася стыхійна, без якой-небудзь папярэдняй падрыхтоўкі, і гутарка аб некалькіх праектах не ішла. Падобнае адбылося толькі ў 1918 годзе.

3 яўленне сярод праектаў існаваўшага, але н і к ім не зацверджанага флага заканамерна, як заканамерны і наступны выбар. Што ж датычыцца сцвярджэння Душэўскага аб аўтарстве, то трэба памятаць, што аўтабіяграфія напісана на літоўскай мове, таму прызначаецца літоўцам, а не беларусам. Афіцыйна флаг быў аб'яўлен толькі ў верасні 1918 года. Становішча рэспублікі ў гэты час было вельмі цяжкае. Альба-Русся — Белая Русь — Беларусь не была прызнана. Як паведамляе ў 1918 годзе газета "Вольная Беларусь", у сувязі з гэтым сакратар Рады Я. Варонка вымушан быў паслаць ноты урадам Расіі і еўрапейскіх дзяржаў з ізлажэннем гісторыі стварэння БНР. Было не да сімвалаў. Аб іх быццам забыліся. Не было апублікавана і палажэнне аб флагу, тлумачэнне колераў. У снежні 1918 года ў Мінск зноў вярнулася савецкая ўлада, а урад БНР перабраўся ў 1919 годзе ў Вільню, дзе і працягваў функцыяніраваць да 1925 года. На фотаздымку таго часу відаць, што выкарыстоўваліся флагі БНР з в у з к і м і , відавочна, чорнымі палоскамі ўздоўж чырвонай паласы. ІІІто ж, эміграцыя, нават калі ў дадзеным выпадку і адносная (няма дзяржавы, але ў раёне Вільні пражывала вельмі шмат беларусаў),— гэта заўседы трагедыя для тых, хто любіць сваю Радзіму, і знак траура з'яўляецца такім натуральным у гэтай сітуацыі.

Выказвалася думка, што палосы могуць быць цёмна-чырвонымі, але аўтары лічаць, што на
чорна-белым фотаздымку ў гэтым выпадку не было б такога рэзкага кантрасту паміж колерамі.
У далейшым нацыянальны флаг выкарыстоўваўся ў Заходняй Беларусі. Ен вывешваўся ў беларускіх школах, з яўляўся на мітынгах і сходах. Есць звесткі, што яго выкарыстоўвала кампартыя Заходняй Беларусі. У многіх месцах з бела-чырвона-белымі палотнішчамі жыхары заходніх абласцей сустракалі ў 1939 годзе савецкія войскі".

Запісы на палях “Псіхааналіза” Фрэйда або “Вясковыя сшыткі” спадара Г.

Абыякавасць

Абыякавасць і адсутнасць жаданняў перапаўняюць мяне. Акрамя гэтай крушні камянёў я не маю нічога.
Я не маю сябе, я не ёсць я. А тое, чым з’яўляюся, ёсць размыты вобраз, што праступае ў калыханні бруднай вады. Гэта скажонае пад уплывам іншых людзей адлюстраванне маёй асобы. Як апаламу семю вярнуцца ў сваё лонне-шалахавінне і далей у каласок, дзе побач з іншымі, такімі ж зярняткамі зноў утварыць Адзінства свайго “Я”?
Разбітае на кавалкі люстэрка маёй асобы патрабуе новага Ўз’яднання. Але Я, як кавалак, толькі кавалак сябе самога, няздольны на ініцыятыву ў яго Адраджэнні, свайго Адраджэння. Таму што той кавалак, якім Я зараз ёсць, не жадае.

Ці Я страціў сябе, рассыпаўшы жменю мяне ў сухую зямлю з надзеяй даць жыццё новым Зярнятам? Ці я быў Адзінствам, Суцэльным?
Я не ведаю. І не ведаю ні ад свайго Няведання, але ад нежадання ведаць. Калі б мне хапіла моцы падысці да Калодзежа, які ёсць Я, і ўзірнуцца ў яго, і ўбачыць яго воды або бяздонне, то штосьці б тады набыў, страчанае ў мінулым ці будучым. Але я зараз сяджу на Зямлі Абыякавай без усялякага жадання набыць сваю Цэласць і надаць сабе імпульс руху. Які рух у Бязрушшы? Рух ёсць дзеянне, унутрана падрыхтаванае і знешне выражанае. Гэта падразумявае перажыванне гэтага дзеяння, каб затым рэалізаваць яго. Але гэтыя дзеянні (унутранае і знешняе) не супадаюць.
Рух адбываецца адносна чагосьці, нейкай сістэмы адліку. Для мяне ж няма такой сістэмы. Я не магу яе разглядзець. А калі паспрабаваць растлумачыць, то для мяне ёсць толькі кропка 0, якая ёсць Бясконцасць. І таму любыя дзеянні тут бессэнсоўныя: яны асістэмныя і становяцца нічым, іх вынік нічога не значыць без сістэмы адліку.
Я ёсць нуль у Нуллі, бясконцасць у Бясконцасці. Ці мяне няма? Я існую, але я не ёсць Я. Маё Я страчана ў хаосе агрызкаў чалавечых існасцяў, бясконцасці адшчэпаў, якія адкінуты кожным з нас у нежаданні прызнаць Сябе, сваю Асобу не тым кавалачкам грамадства, чорнага ад бруду сваёй хлусні і няпраўды, а Суцэльнасцю, блакітам неба без гарызонта, люстэркам вады ў бясхвалле, бязветра.


Бегства (26.12.09)


Мы жывем у свеце, які знаходзіцца ўнутры нас. І з цягам часу рэальнасць адступае перад ім. Мы ходзім па тоненькай нітцы, якая звязвае наш унутраны свет з рэальным. Адзін недакладны рух - і гэтая сувязь можа парвацца.

Сёння скрозь сцяну майго Ўнутранага “Я” прабілася сваім блакітным позіркам прыгажосць Навакольнага света, якое сваёй сонечнай усмешкай нагрэла мяне. Ціхі ветрык казытаў скуру маіх рук, пакідаючы пасля сябе чырвоныя пацалункі.
Цэлая фіерыя пачуццяў перапоўніла мяне: гэты свет варты жыцця ў ім! Але мы з-за сваёй ляноты і праблемаў бяжым ад яго, быццам слімакі хаваемя ў свае домікі, зрэдку выглядаючы, але ўсё больш і больш уціскаемся ў сябе.
Губляецца сувязь са светам, са сваім целам, а затым ужо і з самім сабою. Мы, быццам хамякі, якія бягуць па колу ў клетцы, дзе мы сядзім. Тады рух для нас усяго толькі павароты кола, якое, колькі сіл не прыкладай, не зварухнецца з месца. І мы страчваем усялякія жаданні таму, што тыя – гэта снежны ком, які коціцца з велічэзнай гары нашага Жыцця, набіраючы кожнае імгненне моц і памеры, пакуль не прыдушыць. Здаецца, лепей не мець ніякіх жаданняў.
Што тады? Без жаданняў жыццё не мае сэнсу. Можа сэнс у Бяссэнсоўі? Ці згодныя мы прыняць гэта, адмыцца ад пылу пабытовага жыцця, ачысціць страўнікі ад гнілля грошаў, зняць з вачэй акуляры чужых настаўленняў і думак?
Падаецца, што не: Мы дужа слабыя, а не невельмі моцныя. Хто мне даў права так думаць? Ніхто. Таму што я варты працы іголак свайго мозга, майго вожыка, які коле не толькі іншых, але перш за ўсё мяне.
Як выратавацца? Прыгажосцю.
Але “выратаванне” – гэта вяртанне ў рэальнасць, ад якой мя бяжым. Боль, расчараванне, страты сустрэнуць нас на гэтым шляху. “Ці трэба мне гэта?” – павінен адказаць сабе кожны, таму што шчасце і радасць без болю і смутку не маюць свайго зместу. Іх тады немагчыма зразумець, адчуць, перажыць. Калі мы баімося болю і праблемаў, тых пачуццяў, якія іх суправаджаюць, то гэта яшчэ не падстава адмовіцца ад усяго, што можа іх выклікаць. Таму што любая з’ява бясконцая ў сваім змесце: калі ёсць боль, то шмат і ўсяго іншага, у тым ліку цеплыні, святла, свеціва.
Стаць дзвярыма свеціва ў рэальны свет вельмі складана, таму што немагчыма запоўніць яго, быццам вадою акіян, дабрынёю, пяшчотай і паразуменнем.


Безасабовасць (2.01.10)

Ва ўмовах сённяшняй Безасабовасці зусім не важна, які чалавек: усё роўна ён не той, за каго сябе выдае. Усё пачынаецца з дзяцінства, калі ты, каб атрымаць тое, што хочаш, пераўтвараешся ў нешта, патрэбнае сваім бацькам, ці, наадварот, выклікаеш у іх абурэнне і вымушаеш даць табе тое, што жадаеш. З часам пазіцыі, акцэнты змяняюцца і ты гуляеш ролі, а сябе хаваеш ад астатніх у цёмную шафу свайго “Я”. Вынікам становіцца страта старой вопраткі, якую з’ела моль.
Кім бы ты не быў, ты не той, хто ты ёсць. Дзе мяжа? Чаму так адбываецца?
Я адчуваю, што ёсць праблема: яна з’ядае мяне. Я бягу ад яе вырашэння, таму што так прасцей. А ў чалавеку ад прыроды маецца тэндэнцыя да спрашчэння: пачынаючы ад пачуццяў і дзеянняў, даводзячы яе да слоў і эмоцый. Закон спрашчэння!
Мы скажаемся ў святле ультрафіялетавых хваляў, што адкідваюцца на нас іншымі, і ад нас ідуць у адваротным кірунку.
Як знайсці сябе? Нікому нельга паказаць сябе, таму што яны не зразумеюць. Грамадства вельмі кансерватыўнае: падман – эрытрацыты яго крыві.
Быць сабою – гэта выклік грамадству.

ЗаБыццё
Страчаныя, забытыя ўсімі, зламаныя пад цяжарам часу, розныя па форме і ўвасабленню, рэчы, якія называюцца людзьмі стаяць на запыленай шафе жыцця. Як мала я іх бачыў, каб зразумець, што калісьці і маё месца будзе сярод іх. Калісьці? Падаецца, што я ўжо тут.
Канапа прырасла да мяне, быццам аблокі да блакіту неба. Манітор стаў маімі вачамі, сістэмнік – маёй галавою, а мышка – маімі рукамі. Тысячы кілабайт трафіка накручваю я шпаркім крокам па Сеціве. Дзесяткі мяне распаўзліся плямаю маёй асобы па сайтах, чатах і форумах. Аддзінае, што я адчуваю – гэта вандроўкі іерогліфаў маршчынак на маім лобе як эрэкцыю рэакцыю на вобразы, якімі, быццам слязьмі, напоўніліся вочы.
Хто я? Я забыў. А ці быў я? Я ёсць, але яшчэ не нарадзіўся.

Зараз я ўсяго толькі фалас, пад голай скурай якога ходзяць рэбры (з-за холаду рук), а на спіне, быццам гузікі кашулі, тырчаць хрыбетныя косткі.
P.S. Я ўнюхваюся вачамі ў спалены трафік… і нічога не адчуваю. Гэтыя словы не пахнуць (.