ВЫЙШАЎ ЧАЦВЁРТЫ НУМАР БЮЛЕТЭНЯ "СЛОНІМСКІ КРАЙ"

Пабачыў свет чарговы нумар краязнаўчага бюлетэня “Слонімскі край” (спампаваць - тут).
У ім больш дзесятка тэкстаў на разнастайныя тэмы з гісторыі Слонімшчыны, вялікая колькасць выяў.
Сярод іх артыкул Сяргея Ярша “Слонім на старонках нямецкай газеты 1916-1918”, прысвечаны матэрыялам пра наш горад з газеты “Deutsche Kriegszeitung von Baranowitschi" часоў першай сусветнай. Адна са старонак бюлетэня цалкам адведзена пад выявы, якія характарызуюць наш горад у час вайны. Яшчэ адзін тэкст Сяргея Ярша пра “мора Герадота” каля Слоніма на шведскай карце XVII стагоддзя, які працягвае тэму нашай картаграфічнай спадчыны, распачатай у мінулым нумары.
Цікавы матэрыял Сяргея Чыгрына пра кінатэатры “Мадэрн” і “Мір”, апошні з якіх закрылі ў сакавіку 2016 года, амаль праз 57 гадоў пасля яго адкрыцця (на кастрычніцкія святы ў 1959 годзе).
Адзін з артыкулаў прысвечаны князям Слонімскага княства, якія правілі ім у ХІІІ-XIV стагоддзях, калі ішоў працэс гартавання Вялікага княства Літоўскага.
У нумары змешчана апошняя частка ўспамінаў Васіля Супруна пра даследаванні Жыровіцкай святыні, якія друкаваліся і ў двух папярэдніх нумарах.
Бюлетэнь працягвае знаёміць з выданнямі па гісторыі Слоніма. На гэты раз даецца аналіз кнігі Івана Ануфрыевіча Раманоўскага “Прошлое  из жизни города Слонима” (1898).

Таксама ў нумары змешчаны ўспаміны першага рэдактара слонімскай раённай газеты “Вольная праца” Іосіфа Чарняўскага, лісты і паштоўкі слонімскага паэта Анатоля Іверса да літаратуразнаўцы Уладзіміра Калесніка і інфармацыя пра знойдзеныя рукапісы паэта Язэпа Вількоўшчыка.
Рэдактар чацвёртага нумару бюлетэня "Слонімскі край" - Сяргей Ёрш. Аўтары: Сяргей Ёрш, Сяргей Чыгрын і Васіль Герасімчык.