З легенд Слонімшчыны: Поўнач – край волатаў, шведскіх курганаў і заклятых грошай


Поўнач Слонімшчыны, якая ў даўнія часы ахоплівала тэрыторыі непралазных пушчаў паміж Зяльвянкаю, Нёманам і Моўчаддзю багатая на шведскія курганы і цёмныя легенды. Тут ад навалаў з усходу і захаду ратаваліся не толькі мясцовыя жыхары цэлага краю, але на пачатку ХV стагоддзя хаваўся ад крыжакоў нават вялікі князь Вітаўт са сваёю жонкай, каб потым вярнуцца і разбіць небяспечнага ворага пад Грунвальдам.

Слонімскі павет (на карце 1769 г.)


У гэтых мясцінах знікалі рабаўнічыя атрады захопнікаў, напамінам пра якія станавіліся шматлікія рэчы, што траплялі ў рукі вяскоўцаў пад час іх барацьбы з пушчай. Яшчэ ў ХІХ стагоддзі ў Нізах ўспаміналі пра моцную бітву супраць шведаў у Паўночную вайну. Ворагі адступалі пад націскам войска Рэчы Паспалітай з-пад Слоніма, праз Васілевічы, Парэчча і Бабынічы, далей Нізамі і Едначамі, каб быць ушчэнт разбітымі ва ўрочышчы Рачкі. Казалі, што тады ў людской крыві бык утапіўся. На тым месцы засталося шмат чалавечых костак. Кандрату Бардуну пашчасціла знайсці тут доўгі меч, той ад часу зусім страціў усялякую трываласць і пры выкарыстанні, быццам шкло, лёгка драбіўся на часткі. А Фаме Зянько трапіў у рукі панцыр з дроту, які ён называў проста рубашкаю.
Яшчэ ў пазамінулым стагоддзі вяскоўцы верылі, што ў векапомныя часы гэта быў край волатаў. Яны вырывалі з карэннем сасновыя дрэвы і калі хадзілі, то апіраліся на тыя, як на палкі. Волаты былі велізарнага росту, шырыня толькі іх каленаў дасягала амаль цэлага аршына (каля двух метраў).
Калі волаты зніклі, то паўстала у гэтым краі вялікае паселішча пад назваю “Гарадок”. Размясцілася яно на трох гарах і прылеглых нізінах, што ў некалькіх кіламетрах ад сённяшніх Нізоў. Паселішча павялічвалася і побач з’явіўся перавоз, а на гары каля ракі паўстала карчма.
І вось праз нейкі час на паўднёва-ўсходнім вугле гарадзішча ў поўдзень і ноччу пачалі збірацца нячысцікі і сталі спяваць розныя брыдкія песні – бандуркі. Сваім жудасным скавытаннем яны наводзілі жах на ўсю ваколіцу. Яшчэ горш было тое, што на “страпчым перавозе” сталі адбывацца частыя самагубствы і рабаўніцтвы, а на гары ў карчме прадавалі чалавечыну. Адзін з падарожных па скуры ў ежы пазнаў чалавечае мяса. Ён распавёў пра гэта мясцовым жыхарам, а тыя звярнуліся па дапамогу да святароў. Апошнія сабраліся на месцы, якое апанавала злая сіла і наклалі на яго праклён. У выніку гэтага тут утварылася дзіра, што вяла ў бездань, з якой даносіліся д’ябальскія гукі. Мясцовыя жыхары ад страху разбегліся і перасяліліся ў іншае месца.
Пазней знаходзіўся тут адзін з маёнткаў сям’і Валовічаў, а пасля яго знішчэння ў гэтым месцы хаваліся розныя злачынцы. Доўгі час на працягу ХІХ стагоддзя тут жыў селянін Іван Зянько, які збудаваў сабе зямлянку, але паліцыя знайшла яго па слядах, пакінутых зімою на снезе. Увогуле край гэты быў паратункам не толькі ў часы небяспекі, але і сам быў небяспечным, таму што рознага кшталту разбойнікі пасяляліся ў ім. Жыхар Студзероўшчыны Тамаш Ткачук апавядаў наступны выпадак:
Ехаў адзін пан цераз пушчу, ды ноч яго захапіла. Вырашыў ён перачакаць у карчме, якая трапілася яму па дарозе. Калі стаў ён вячэраць, падыйшло дзіцё і пачало на яго глядзець воўчымі вачыма. Пан пашкадаваў сіраціну, ды даў яму кавалачак цукру. Пасля таго, як малое той з’ела, яно раптам загаварыла: “А які ты пан? Пайдзі, палядзі, колькі ў нас пад карытам такіх ляжыць!”
У пана нават смак прапаў ад здзіўлення: “Дзе?”
“От я табе пакажу”, - і выйшла з карчмы.
Пан накіраваўся за ім, дайшоў да карыта і як палянуў, то аж атарапеў: мноства ўсялякіх паноў парэзаных ляжыць! Пан спалохаўся, але выгляду не паказаў, пайшоў да свайго фурмана і каб лішняе вуха не чула, сказаў: “Сядзь на лепшага каня, дый едзь баржджэй па людзей, бо ў іншым выпадку мы тут без пары пагінем. А як запыняць цябе і будуць пытаць, то скажы, што я захварэў, і едзеш па доктара”.
Зараз жа фурман ўскочыў на каня і паехаў. Не ад’ехаўся яшчэ далёка, як выбягае яму насустрач з лесу разбойнік: “Стой-ка, куды едзеш?”
“Ой, ды па доктара. Мой пан захварэў!”
“Ну дык я яго вылячу”, - усміхнуўся разбойнік, адпусціў фурмана, ды знік у лесе. Фурман тым часам даехаў да вёскі, насклікаў людзей, і накіраваўся разам з імі назад.
Разбойнікі, як зусім сцямнела, напалі на карчму. Выбілі дзверы і хацелі ўжо зарэзаць пана. Але падыйшла да яго адна жанчына, ды стала прасіць разбойнікаў, каб з таго сарочку знялі, бо надта ўжо дарагая. Пакуль тыя сарочку сцягалі, зямля задзвінела і людзі абступілі карчму вакол. Павязалі яны разбойнікаў і павезлі іх да астрогу, а пан той паехаў сабе далей.
Поўнач Слонімшчыны была не толькі паратункам простым сялянам ці месцам сховішча для разбойнікаў, але і краем закапаных скарбаў, якія людзі хавалі падалей ад небяспекі. Адныя з іх былі схаваныя да пэўнага часу, напрыклад у вайну, на другія ж накладаліся закляцці і тыя станавіліся заклятымі грашыма. Лічылася, што тыя будуць ляжаць у зямлі столькі гадоў, на колькі іх закопваў уладальнік. А як выляжаць свой час, то выходзяць наверх і паказваюцца каму шчасліваму. Але калі гэты чалавек не мае розуму, каб гэта зразумець ці, яшчэ горш, спалохаецца, то грошы зноў ідуць у зямлю на столькі гадоў, колькі да гэтага там ляжалі. Такія скарбы ахоўваліся нячыстай сілай, і калі ноччу чалавек бачыў у лесе, полі ці на балоце агеньчыкі, то лічыў, што гэта чорт перахоўваў грошы ў іншае месца.