СЛОНІМСКІ ПАВЕТ (З ГІСТОРЫІ М. БАЛІНСКАГА)

У 1846 годзе ў Варшаве пабачыў свет трэці том кнігі пад назваю “Starożytna Polska pod względem historycznym, jeograficznym i statystycznym opisana”, падрыхтаваны ураджэнцам Полацкага павета Міхалам Балінскім (1794-1864). Адметнасць гэтага выдання ў тым, што яно было прысвечана гарадам і мястэчкам Беларусі, апісаным у кантэксце прыналежнасці тых да польскай прасторы.
Нягледзячы на тое, што для Балінскага гэтая тэрыторыя “Польшча”, а мясцовая “славянская” мова не больш як “мяшанка польскіх і рускіх словаў”, яго чатырохтомны твор, напісаны ў супрацы з Тыматэўшам Ліпінскім, уяўляе цікавасць як для навукоўцаў, так і проста зацікаўленых гісторыяй. Менавіта адсюль растуць ногі шматлікіх “фактаў”, якія доўгі час нават не аспрэчваліся, прыкладу, далетапісная гісторыя Слоніма, якая Балінскім пачыналася 1040 (1044) годам. Ён нават прывёў у якасці аўтарытэту твор Длугаша, у якога пад гэтым годам, насамрэч, ніякіх згадак пра Слонім няма. У той жа час спасылкі на прывілеі часоў магдэбургскага Слоніма Балінскі падае слушна.
Дадзеныя Балінскага сёння могуць успрымацца у гістарыяграфічным зрэзе як прыклад уяўленняў пра Слонімшчыну сярэдзіны ХІХ стагоддзя, якое адклала свой адбітак на даследчыкаў нават у ХХ ст.
 Каб больш не марнаваць часу, змяшчаю перакладзены мною кавалак з твора М. Балінскага, прысвечнага Слонімскаму павету і гораду Слоніму.

Міхал Балінскі
(1794-1864)

Па абодвух берагах суднаходнай Шчары, выцякаючай з Калдычаўскага возера ў навагрудскім павеце, расцягнуўся слонімскі павет, багаты лясамі і зараснікамі, якія займаюць не меньш паловы ўсёй яго паверхні. Аднак няма тут і недахопу ў добрых палях і лугах, гэты ж павет належыць да ліку аднаго з самых урадлівых ва ўсім краі. У часы Ягайлы ён з’яўляўся вотчынаю Вітаўта і іншых літоўскіх князёў. Жыгімонт Аўгуст, выпраўляючы Літоўскі статут, наданы яго бацькам, пасля чаго былі ўсталяваныя земскія і гродскія суды, загадаў дакладна вызначыць шляхецкія гаспадаркі, якія павінны былі падпарадкоўвацца судовым уладам і размежаваць паветы на ваяводствы.
У выніку ён выдаў у Петрыкаве асобны прывілей для слонімскага павета, датаваны 30 траўнем 1565 года, дзе ў агульных рысах апісваліся яго межы. З прывілея відаць, што павет пачынаўся на поўначы – ад вусця ракі Зэльвянкі да Нёмана, і ішоў па яе цячэнню ўверх, а потым ракою Ражанкаю, далей – дарогаю, што вяла да Бярозы, скуль даходзіў праз раку Ясельду да Спораўскага возера. Адтуль – да пачатку ракі Палонкі, і далей – рэчышчам ракі Моўчадзі аж да яе ўпадзення ў Нёман, па цячэнню якога даходзіў да першага пункту, гэта значыць да ўпадзення Зэльвянкі ў Нёман. Тутэйшыя жыхары размаўляюць славянскай моваю, якая з’яўляецца мяшанкаю польскай і рускай. Сталіца павета – горад Слонім.
Слонімскі павет на карце 1820 года
Ён збудаваны на левым беразе Шчары, значны і даволі гандлёвы. Невядомы яго пачаткі, якія сягаюць цёмных вякоў. Длугаш, таксама як і рускія і літоўскія летапісцы, адзначаў, што ўжо ў 1040 ці 1044 годзе рускі князь Яраўслаў Мудры, сын Уладзіміра, сустрэўся на слонімскіх палях з літвінамі і перамог іх так пераканаўча, што потым, наехаўшы ўласна на Літву да Нёмана, прымусіў яе на нейкі час да падпарадкавання.
Пасля літоўскі ўладар Эрдзівіл, сын Мантвіла, адчуўшы сваю моц, здзейсніў ў 1103 годзе напад на русінаў аж да Слоніма, дзе таксама праз сто гадоў літвіны, смела ажыцявіўшы напад на Русь, панеслі паражэнне ад рускіх князёў. Так, напэўна, у ХІІІ стагоддзі Слонім быў гродам ці драўляным замкам, які падначалены Батыя Кайдан, напаўшы з татарамі ў 1241 годзе, зраўняў з зямлёю. Безумоўна, так як і Гродна, яго павінен быў адбудоўваць у тым самым годзе іншы Эрдзівіл, сын Рынгольта, правіўшы тады Літвою і, пасля адыходу манголаў, заняўшы гэтую частку славянскай зямлі. Пасля засмучэнняў Літвы часоў Міндоўга, Леў, сын галіцкага князя Данілы, здабыў Слонім у 1253 годзе; аднак гэты горад у выніку перамір’я, заключанага ў 1258 годзе, паміж Данілам і каралём Міндоўгам быў прызнаны літоўскай уласнасцю. Уладар Літвы Гілігін пасадзіў тут каля 1276 года літвінскіх паганцаў з Прусаў, верагодней усяго, з правінцыі Шалавіі, скуль тыя ратаваліся ад крывавых ператварэнняў крыжакоў (да гэтага часу, верагодна, могуць належыць тры паселішчы ў слонімскім павеце ў ваколіцах мястэчка Дзятлава і называныя Нарцэвічы, Пагіры і Засецце, жыхары якіх да гэтага часу размаўляюць літоўскай моваю, хоць нідзе наўкола няма іншай мовы, акрамя славянскай).
З часам горад так моцна разросся, што каля 1290 года старэйшы сын вялікага князя Гедыміна Мантвід, атрымаўшы ад бацькі ў валоданне Крычаў і Слонім, ў апошнім заклаў сталіцу свайго княства. Апекаванне правячай дынастыі Ягелонаў, а таксама доўгія гады спакою, яшчэ больш павялічылі Слонім і прывялі да надання яму Жыгімонтам І ў 1532 годзе гарадскога магдэбургскага права. Пры апошняй уніі Літвы з Каронаю, з увядзеннем сталага судаводства ў вялікім княстве, Слонім стаў судовым горадам, дзе быў усталяваны гарадскі і земскі суд. Але ў сувязі з тым, што горад быў аддалены ад вялікага шляху і не мог атрымоўваць карысці ад гандлю, Жыгімонт Аўгуст, на прапанову літоўскага падскарбніка і навагрудскага ваяводы Івана Гарнастая, таксама па сумяшчальніцтву слонімскага старасты, устанавіў у Вільні прывілеем, датаваным 13 траўнем 1558 года, двухтыднёвыя кірмашы: адзін на Пяцідзесятніцу, другі – на Нараджэнне Хрыстова. Пацвердзіўшы прывілей ў 1590 годзе, Жыгімонт ІІІ перанёс кірмашы на Узнясенне і на Дзень святога Мікалая. Каралеўскія рэвізоры, мераючы ў 1558 годзе пляцы ў Слоніме, вызначылі колькасць чыншу, які павінны былі аплочваць мяшчане і, са шчодрасці Жыгімонта Аўгуста, надзялілі горад зямлёю. Прывілеем, падпісаным 4 студзеня 1591 года, Жыгімонт ІІІ пры аднаўленні магдэбургскага права і сістэмы магістрата, надаў Слоніму ў якасці гербу залатога льва з падвойным крыжам, накшталт гербу Ліс, на блакітным полі.
Сейм 1631 года, прызначаючы гэты горад у якасці прадсеймавага месца для так званых генеральных сеймікаў, называных таксама generałami (conventus generales), моцна садзейнічаў росту горада. З таго часу збіраліся ў Слоніме сенатары і паслы з ваяводстваў: віленскага, трокскага, смаленскага, полацкага, навагрудскага, віцебскага, брэсцкага, мсціслаўскага, чарнігаўскага і інфлянцкага на працу, для паразумення агульных жаданняў і адносінаў ваяводстваў і паветаў, з мэтаю складання на іх падставе для паслоў агульнай інструкцыі, і, такім чынам, палягчэння сеймавай дзейнасці. Звычай гэтых з’ездаў працягваўся толькі да 1685 года. Да таго ж належыць дадаць: тут штогод адбываўся вопіс рыцарства таго ж павету і сеймікі для выбару паслоў на сейм і дэпутатаў на трыбунал.
Леў Сапега, канцлер ВКЛ, будучы слонімскім старастаю, уладкаваў у 1605 годзе ткацкі цэх, што пацвердзілі Жыгімонт ІІІ у 1609 і Ян ІІІ у 1679 годзе. Уладыслаў ІV з мэтаю добраўпарадкавання горада надаў мяшчанам прывілей 1641 года на брукаванне вуліц і рынку, на ўтрыманне чаго прызначыў возны падатак і, акрамя таго, усталяваў аплочванне гандлёвага збору. У 1644 годзе Казімір Леон Сапега, надзвычайны літоўскі маршалак і гарадскі стараста, усталяваў іншыя цэхі, да якіх былі абавязаныя належыць і татарскія рамеснікі. Пасля знішчэння горада падчас войнаў часоў Яна Казіміра і страты арыгінальных прывілеяў кароль Міхал ў 1669 годзе пацвердзіў ўсе правы і наданні сваіх папярэднікаў.
План горада Слоніма 1823 года
Слонім мае некалькі касцёлаў і рэлігійных устаноў: фара пад назваю святога Андрэя, першапачаткова драўляная, пабудаваная ў 1493 годзе, а пасля ўзведзеная з каменю; таксама старажытная праваслаўная царква невядомага часу, якая ў 1544 годзе атрымала прывілей ад Жыгімонта Аўгуста. Да самых старых манаскіх ордэнаў на гэтай зямлі належаць бернардынцы, бо іх кляштар з касцёлам і шпіталем ужо ў 1630 годзе заклалі з каменя за кошт каралеўскага сакратара Андрэя Радвана. Бернардынкі тут мелі мураваны касцёл і кляштар 1645 года, а крыху пазней і бенедыктынкі. Шпіталю латэранскіх канонікаў ў 1653 годзе Ян Казімір надаў права гарадскога маставога збору, а іх касцёл уфундаваў маршалак вялікага княства Ян Станіслаў Сапега. Таварыства францішканак было ўведзена каля 1660 года праз вількамірскую падкаморыху Канстанцыю з Юдыцкіх Камароўскую, дамінікане – у 1680 годзе праз лідскіх войскіх Крыштафа і Дароту Пакрашынскіх. Самай позняй фундацыяй з’яўляюцца езуіты, таму што толькі ў 1717 годзе Аўгуст ІІ надаў ім цэлую гарадскую вуліцу, якая ідзе ад Апанасаўскай да Татарскай. Тут знаходзяцца таксама татарская драўляная мячэць і жыдоўская школа, умураваная яшчэ ў 1642 годзе.
Ужо тады Слонім быў у Літве адным з важнейшым гарадоў другога шэрагу як за кошт свайго насельніцтва, так і гандлю: калі гетман вялікага княства Міхал Агінскі, атрымаўшы слонімскае староства і пасяліўшыся тут напачатку панавання Станіслава Аўгуста, доўгім побытам свайго заможнага двару і карыснымі праектамі, узняў гэты горад яшчэ вышэй і праславіў яго. У самым цэнтры ён пабудаваў шырокі палац, і, выкупіўшы некалькі прыватных пляцаў, запоўніў яго рознымі вялікімі пабудовамі, сярод якіх былі: дом оперы, дом балетнікаў, аўстэрыя і рамесніцкія будынкі, усе акружаныя шырокімі і прыгожымі садамі. Але на гэтым гетман не спыніўся і каля 1777 года заклаў у сваім двары друкарню, дзе загадаў друкаваць уласныя вершы і рознага кшталту невялікія творы; а што больш, выкапаўшы за ўласны кошт канал з Ясельды да Шчары праз Слонім і злучыўшы тым спосабам Нёман з Дняпром, ажывіў горад гандлем і промысламі настолькі моцна, што кожны год некалькі соцен суднаў са збожжам і гружаных таварамі, акрамя таго і незлічоных плытоў дрэва, праплывалі пад яго мурамі і павялічвалі мясцовы гандаль. Слонім часоў Агінскага стаў вядомым на ўвесь край як асяродак густу і рознага кшталту забаваў. Станіслаў Аўгуст, едучы ў 1784 годзе на гродзенскі сейм, прыбыў сюды 13 верасня і быў шчодра прыняты. Горад з ваколічнымі вёскамі ўтварае каралеўскую эканомію, якая плоціць  штоквартальна 20000 польскіх злотых.

КАРТА З МІНУЎШЧЫНЫ СЛОНІМА

У 1937 ў Слоніме выдавалася газета “Слонімскі тыднёвік” (Tygodnik Słonimski). Яна друкавалася польскай моваю і ўсебакова праводзіла ў жыццё думку пра тое, што лепшыя часы Слонім перажыў менавіта пад уладай Польшчы. Гэта ідэя знаходзіла адлюстраванне ў тэкстах гістарычнага характару. Для прыкладу, прыводжу газетны артыкул "Karta z przeszłości Słonima", які, нягледзячы на невялічкі памер, паказвае пэўны ўзровень успрымання гістарычнага мінулага Слонішчыны з яго памылкамі, недакладнасцямі і палітызаванасцю.
Свята-Троіцкі сабор з былым кляштарам бернардынцаў
(Фота захоўваецца ў Слонімскім раённым гісторыка-краязнаўчым музеі)

Слонім, адзін са старажытнейшых гарадоў на ўсходзе Рэчы Паспалітай – быў у сваёй далёкай мінуўшчыне тэрыторыяй несупынных бітваў рускіх і літоўскіх князёў.
Толькі Гедымін, які перадаў свайму сыну Манвіду княжэнне ў Карачаве і Слоніме звязаў лёс горада з лёсам Вялікага княства Літоўскага. Першыя кароткія гістарычныя звесткі пра Слонім паходзяць з 1040 г. (Хроніка Длугаша).
Падобна іншым гарадам памежжа, Слонім быў напачатку крэпасцю, вакол якой з цягам часу паўстала паселішча.
Становішча старых могілак і археалагічныя раскопкі сведчаць пра тое, што крэпасць знаходзілася на правым забалочаным беразе ракі Шчары (сённяшняе Замосце). На выбар месца, напэўна, паўплывалі ўмовы лёгкай абароны града, які знаходзіўся ў сумежку рэк, а таксама быў абкружаны балотамі.
Аб ролі Слоніма ў тыя часы сведчыць той факт, што менавіта тут адбываліся з’езды, якія папярэднічалі векапомнай Люблінскай уніі. З моманту аб’яднання Літвы і Польшчы і ў сувязі з прыняццем хрышчэння ў Слонім пранікаюць звычаі і культурныя норавы вышэйшага народу.
Галоўную ролю ў гэтым кірунку адыгрывала духавенства, што наведвала тутэйшыя мясціны ў місійных мэтах. Пабудаваны ў Жыровічах паблізу горада кляштар з цудадзейным абразом Божай Маці, прыцягваў на Слонімшчыну чародкі пілігрымаў, сярод якіх знаходзім не толькі магнатаў, але і польскіх каралёў. Новая эра эканамічнага развіцця Слоніма звязана з наданнем гораду магдэбурскага права ў 1532 г. Гэтае права вызваляла гараджан не толькі ад цяжару ўтрымання старасты, але надавала ім ўласнае самакіраване. Польскія каралі надаюць гораду ўласную пячатку. Кароль Жыгімонт Аўгуст дараваў Слоніму асабістыя землі разам з вялікім лесам, які па сённяшні дзень з’яўляецца ўласнасцю гміны г. Слоніма. Асаблівая роля ў развіцці горада належыць слонімскаму старасту Льву Сапезе. Для ўвекавечвання яго заслуг Жыгімонт ІІІ Стары надаў Слоніму ўласны герб з ільвом, трымаючым падвойны крыж.
Сваю душу ў справу культурнага ўзвышэння гораду ўклаў гетман Агінскі. Ён заснаваў у Слоніме оперу (адна з першых у Польшчы), заклаў друкарню і пабудаваў цэлы шэраг будынкаў.
Векапомнаю справаю Агінскага з’яўляецца канал, які злучае Шчару з Ясельдаю. Гэты канал стварыў умовы для развіцця мясцовага гандлю і тым самым садзейнічаў павелічэнню дабрабыту горада.
Далейшае развіццё Слоніма было спынена нешчаслівымі падзеямі 1795 года.
Пасля другога падзелу Польшчы Слонім быў далучаны да Расійскай імперыі.

ПРАБЛЕМА ЛАКАЛІЗАЦЫІ ГІСТАРЫЧНАГА ЦЭНТРА СЛОНІМА (ГІСТАРЫЯГРАФІЧНЫ АНАЛІЗ)


Лакалізацыя гістарычнага цэнтра з’яўляецца актуальным пытаннем для разумення пэўнага горада як з’явысукупнасці розначасовых элементаў-носьбітаў інфармацыі пра чалавека, аб’яднаных агульнасцю прасторы.
Ужыванне катэгорыі часу ў якасці тоеснасці кошту ва ўмовах павелічэння ролі інфармацыі робіць лагічным заўзяты пошук людзьмі “сваіх каранёў”, а навукоўцамі – пачатку рознага кшталту з’яў. Але калі час – катэгорыя досыць умоўная (у сэнсе ўспрымання яе межаў), то прастора характэрызуецца акрэсленасцю (перш за ўсё – фізічнай). З гэтай нагоды зыходзіць аўтар у дадзеным артыкуле, прысвечаным праблеме лакалізацыі гістарычнага цэнтра Слоніма.
Пад лакалізацыяй (ад лац. localis мясцовы ад locus месца) разумеецца вызначэнне мясцовасці, у якой знаходзіцца прадмет або адбываецца падзея; абмежаванне якой-небудзь мясцовасцю; суаднясенне чаго б ні было з пэўным месцам. У якасці сіноніма лакалізацыі ўжываецца слова месцазнаходжанне.
Гістарычны цэнтр горада разумеецца ў вузкім значэнні як пачатак, месца нараджэння, узнікнення.
Пытанне месцазнаходжання гістарычнага цэнтра Слоніма характарызуецца наяўнасцю двух поглядаў на дадзеную праблему:
Стаброўскі І.І.
1)    І.І. Стаброўскага, падтрыманага і перапрацаванага В.Р. Супруном, пра першапачатковае размяшчэнне горада ў трохкутніку, утвораным правым берагам ракі Шчары і ўпадзеннем у яе ракі Ісы – на тэрыторыі Замосця,
2)    Г.І. Пеха, дапоўненага Я.Г. Звяругаю, пра заснаванне Слоніма на падставе гарадзішча, якое паўстала на так званым Замчышчы, размешчаным паміж сучаснымі вуліцамі Опернай, Маякоўскага, Савецкай і Першамайскай (менавіта яна замацавалася ў гістарычнай навуцы і была абгрунтавана вынікамі археалагічных даследаванняў 1959 і 1968 гг.).
Першым, хто зацікавіўся пошукам месца ўзнікнення Слоніма быў І. Стаброўскі. Пасля заканчэння вайсковай службы і вяртання на Радзіму ён актыўна займаўся гістарычнымі і археалагічнымі даследаваннямі края. Нападставе шматгадовых росшукаў, зыходнай тэзай якіх з’явілася разуменне Слоніма як крэпасці, вакол якой паступова ўзнікала паселішча, І. Стаброўскі прыйшоў да высновы, што горад паўстаў на правым беразе Шчары. У 30-я гады ХХ ст. гэтая тэорыя шырока замацавалася ў асяродку мясцовай інтэлігенцыі. Так, у выданні-аднаднёўцы Слонімскага гуртка Аб’яднання вайсковай сям’і месцазнаходжаннем старажытнага горада названа Замосце, “дзе між рэкамі Шчараю і Ісаю знаходзіліся першыя паселішчы слонімцаў”[1]. “Слонімскі тыднёвік” у 1937 годзе пісаў: “Палажэнне старажытных могілак і археалагічныя раскопкі сведчаць, што ўзніклы горад размяшчаўся на правым забалочаным баку Шчары (сённяшняе Замосце)”[2]. Гэтая тэорыя была падтрымана Б. Александровічам і Г. Гольдбергам. Яна грунтавалася на наступных фактах:

-         Шматлікасць знаходак прадметаў сярэднявечнага вайсковага рыштунку, якія трапляліся на агародах жыхароў Замосця[3],
-         Наяўнасць старых габрэйскіх (згодна Гольдбергу, XV ст.) і хрысціянскіх могілак (пры колішняй Віленскай вуліцы, сённяшняй Баграціёна), апошнія з якіх былі выяўлены і знішчаны падчас правядзення чыгункі праз Слонім[4],
-         Старэйшы ў горадзе драўляны каталіцкі касцёл Святога Андрэя, на месцы сённяшняга каменнага, уфундаваны на сродкі вялікага князя Казіміра Ягелончыка ў 1490 г.,
-         Заснаванне ў 1380 г. па дазволу Вітаўта першай габрэйскай калоніі з мэтаю развіцця гандлю і рамёстваў,
-         Радыяльная планіроўка вуліц, што разыходзіліся ад плошчы Льва Сапегі[5].
Нягледзячы на гэтыя аргументы, праблема лакалізацыі гістарычнага цэнтра Слоніма не была вырашана, паколькі рэльеф яго меркаванага месцазнаходжання не захаваў слядоў былых умацаванняў. І.Стаброўскі неаднаразова звяртаўся са сваімі разважаннямі на гэты конт да Г. Пеха, які ў той час займаўся даследваннямі Ваўкавыска.
Пех Г.І.
У 1946 годзе на месцы ў даваенны час шчыльна забудаванага Замчышча пры аглядзе вырытай на яго тэрыторыі траншэі [6] на глыбіні каля двух метраў Г.Пех знайшоў некалькі фрагментаў сярэднявечнай керамікі і кавалак шклянога бранзалета жоўтага колеру[7]. У 1953 годзе ён правёў на Замчышчы шурфоўку (2х4,2 м), у выніку якой выявіў вялікую колькасць керамікі, тыповай для гарадоў Панямоння: “пытанне пра тое, дзе шукаць рэшткі Слоніма, які ўзгадваецца ў летапісах, было ў якойсці ступені вырашана”[8]. У чэрвені-ліпені 1959 г. на Замчышчы пад кіраўніцтвам Г.Пеха і ўдзеле Слонімскага краязнаўчага музея былі праведзены паўнавартасныя археалагічныя раскопкі на плошчы 64 кв.м (раскоп у працэсе працы прыйшлося звузіць да 48 кв. м., паколькі магутнасць культурнага пласта дасягала 5 м).
Археалагічныя раскопкі ў Слоніме (1959)
Былі знойдзены шматлікія прадметы, характэрныя для матэрыяльнай культуры гарадоў Панямоння ХІІ-ХІІІ стст., сярод якіх вылучаліся вырабы, фрагменты зрубных пабудоў і маставых з дрэва, якія мясцовая глеба выдатна захоўвае. Сярод імпартаваных прадметаў знойдзены былі прасліцы, “больш 100 фрагментаў разнакаляровых шкляных бранзалетаў і караляў, пяць цыліндрычных навясных замкоў”[9]. Я.Звяруга адзначыў, што “пасля раскопак 1959 года сумненняў у тым, дзе размяшчаўся летапісны Слонім быць не магло. Не магло быць таксама двусэнсоўнага адказу на пытанне, дзе ў будучым працягваць археалагічныя працы”[10].
Звяруга Я.Г.
У 1969 годзе працяг даследаванняў на Замчышчы ініцыяваў Інстытут гісторыі БССР. Кіраваў раскопкамі Я. Звяруга. Былі закладзены два раскопы агульнай плошчай 168 кв.м (120 кв.м і 48 кв.м). На падставе даследванняў Я. Звяруга зрабіў выснову пра “вялізнае падабенства матэрыяльнай культуры Слоніма з іншымі чарнарускімі гарадамі і перш за ўсё з размешчаным па суседству Ваўкавыскам”[11].
Гарадзішча, лакалізаванае на Замчышчы, мела форму чатырохвугольніка. Згодна Я. Звярузе, які звярнуўся да плана горада 1825 года, гарадзішча было абмежавана з поўдня і ўсхода стромкімі схіламі, а з поўначы і захада – ровам. Мост, які злучаў Замчышча з астатняй гарадской тэрыторыяй, размяшчаўся з паўночнага боку: “нажаль, у выніку шматлікіх перабудоў больш позняга часу ўмацаванні горада на паверхні не захаваліся”[12]. Была зроблена выснова, што паселішча на Замчышчы ўзнікла ў ХІ ст. і менавіта яно з’яўляецца пачаткам Слоніма. Праводзячы аналогіі з Навагрудкам, Гродна і Ваўкавыскам, Звяруга адзначаў магчымасць існавання ў Слоніме дзвюх ліній абароны – унутранай (дзядзінец) і знешняй (вакольны горад). Адкрыты пасад даследчык лакалізаваў “паміж Замчышчам і выпрастаным рукавом р. Шчары”[13].
Слонімскае Замчышча на карце часоў Літоўскай губерні (1796-1801)
Замчышча на карце Слоніма 1828 г.
Размяшчэнне слонімскага пасада (згодна Звярузе Я.Г.)
Рэканструкцыя Услоніма
(згодна В.Супруну)
В.Супрун
Зыходзячы з тэорыі І. Стаброўскага і ўлічваючы вынікі археалагічных даследаванняў, В. Супрун прапанаваў сваё бачанне праблемы: “горад адначасова развіваўся паабапал ракі. Правабярэжжа з невысокімі пясчанымі пагоркамі было заселена больш шчыльна і, магчыма, гэта з’явілася прычынай больш значнай умацаванасці правабярэжнага гарадзішча, якое і стала затым цэнтрам будучага горада”[14]. Пры абгрунтаванні сваёй думкі В. Супрун зыходзіў з самой этымалогіі назвы горада ад слова “услон”, “услона” як пэўнага засланяючага збудавання ці збудаванняў [15] на гандлёвай магістралі, якой з’яўлялася рака Шчара. Таму, ён выказваў магчымасць узвядзення двух ўмацаваных гарадзішчаў паабапал Шчары з мэтаю калектыўнай абароны, прычым менавіта гарадзішча на правым беразе ракі выконвала ролю гарадскога цэнтра – замка , які толькі ў ХVI ст. быў перанесены на левы бераг[16]. У якасці аргументаў, у дадатак да аргументаў І.І. Стаброўскага, В. Супрун прапанаваў наступныя:
-         Назва Замкавай плошчы (сённяшняй Льва Сапегі) і Замкавай вуліцы, якая ад яе адыходзіла на захад (у далейшым частка яе была названа Мастовай, сённяшнія вуліцы Янкі Купалы і Камсамольская),
-         Існаванне ў горадзе двух замкаў – Верхняга (на месцы Замчышча), і Ніжняга (на месцы плошчы Льва Сапегі),
-         План горада 1795 г., на якім добра прыкметныя абрысы колішняга ўзвышша на месцы плошчы Льва Сапегі і радыяльная планіроўка вуліц, характэрная для старажытных гарадскіх цэнтраў.
Замосце на плане Слоніма 1795 г.
У 1980-х гг. у Слоніме праводзіліся разведкавыя раскопкі (кіраўнікі экспедыцый Н.Здановіч, А.Краўцэвіч – 1983 г., І.Ганецкая, Н.Здановіч – 1988 г.), якія маглі б адказаць на мэтазгоднасць існавання тэорыі, выдвінутай І. Стаброўскім і ўдасканаленай В. Супруном, або пацвердзіць высновы Г. Пеха і Я. Звяругі. Задачаю гэтых даследаванняў было прасачыць наяўнасць культурнага слою ў розных месцах старога горада і вызначыць яго магутнасць, храналогію, насычанасць знаходкамі, даследаваць воблік матэрыяльнай культуры[17]. Усяго было ўскрыта 154 кв.м. На іх падставе А.Краўцэвіч заўважыў, што “ўсё ж на існуючы момант мы маем больш доказаў для высновы аб знаходжанні дзядзінца на левым беразе Шчары” [18]. Аргументацыі І. Стаброўскага і В. Супруна А. Краўцэвіч супрацьпаставіў наступнае:
-         Вынікі археалагічных раскопак, згодна якім акрамя наслаенняў ХІ-ХІІІ стст. на Замчышчы, такія ж ёсць і на пасадах,
-         Правядзенне аналогіі з іншымі беларускімі гарадамі сведчаць, што замкі XIV-XVII стст. размяшчаліся на месцы дзядзінцаў,
-         Наяўнасць могільнікаў на правым беразе Шчары сведчыць не аб цэнтры горада, а, наадварот, паказвае на яго ўскраіну,
-         Першы касцёл у горадзе не абавязкова будаваўся ў цэнтры.
Нягледзячы на свае заўвагі, А.Краўцэвіч пакідаў магчымасць ранейшага засялення правабярэжжа Шчары і адзначаў, што “гэта павінны высветліць далейшыя раскопкі”[19].
На сённяшні момант найбольш навукова абгрунтаваным месцаразмяшчэннем гістарычнага цэнтра Слоніма з’яўляецца так званае Замчышча. Але нельга пакінуць па-за ўвагай тэорыю І. Стаброўскага, развітую В. Супруном.
Варта адзначыць шэраг момантаў, якія звяртаюць на сябе ўвагу:
1)                Месцаразмяшчэнне пасада “паміж Замчышчам і выпрастаным рукавом р. Шчары”[20]. І. Ганецкая, са спасылкаю на А. Краўцэвіча, адзначыла, што “шурфы пацвердзілі наяўнасць пасаду ХІІ-ХІІІ стст. Уздоўж левага берагу Шчары на адлегласці прыкладна ў 200 і 500 м уверх па плыні ракі”[21]. Аднак рабіць такія высновы на падставе шурфоўкі і некалькіх знаходак керамікі XII-XIII стст. на мацерыку без дэталёвага даследавання большай тэрыторыі заўчасна. Тым больш, згодна Гольдбергу, да часу будаўніцтва малога канала Агінскага: “Уся прастора паміж дамбаю і Шчараю была забалочанай тэрыторыяй на якой жыхары горада выкідвалі напрацягу некалькіх вякоў смецце і адыходы, хочучы такім чынам яго асушыць”[22]. Ён жа зазначае, што менавіта правядзенне канала прывяло да засялення гэтай тэрыторыі: “Адток часткі вод ад Шчары да каналу прычыніўся вельмі да дрэнажу і асушэння большай тэрыторыі, што зрабіла магчымым правядзенне і забудаванне вуліц Жабінкі, Абалоні і часткі Мастовай, што знаходзіцца паміж каналам і Шчараю”. Гэта пацвярджаюць і планы горада часоў Расійскай губерніі, на якіх паказана паступовая забудова дадзенага раёна.
2)                Даступнасць Замчышча да ракі, якая наблізілася да яго ў выніку правядзення малога канала Агінскага. На плане 1832 г. рэчышча Шчары называецца “Старая рака” і працякае побач з Замосцем. Гэта патрабуе больш дасканалага вывучэння, паколькі ставіць пад пытанне тэзу аб працяканні ракі Шчары побач з Замчышчам, адпаведным чынам пазначанай на рэканструкцыі горада Слоніма канца XVII ст., выкананай А.Д. Квітніцкай.
3)                Патрэба ў большым аб’ёме даследаванняў Замосця, перш за ўсё побач з плошчаю Льва Сапегі. Закладзеныя тры шурфы і дзве траншэі каля касцёла св. Андрэя выявілі культурны слой з “матэрыяламі XVI-XIX стст.”[23]. Аднак яны не закранулі тэрыторыю меркаванага, згодна В. Супруну, месцаразмяшчэння гістарычнага цэнтра Слоніма, адзначанага на плане горада 1795 года ўзвышшам, частка абрысаў якога пазначана на плане горада часоў Літоўскай губерніі (1796-1801). Гэтае ўзвышша было спачатку часткова забудавана ткацкай фабрыкай Навасільцава ў 1820 годзе. Тэрыторыя побач з ім была забалочана пасля будаўніцтва млыноў Кушаля Куніцы паміж сажалкай (сённяшняе Лабазоўскае возера) і ракою, якія садзейнічалі забалочванню рэчышча Шчары ў бок Ісы[24]. У выніку будаўніцтва Баранавіцка-Беластоцкай лініі чыгункі праз Слонім у 1885-1886 гг. гэтае ўзвышша было зрэзана.
Такім чынам, прынятая ў навуцы лакалізацыя гістарычнага цэнтра Слоніма на месцы так званага Замчышча пакідае пытанні, якія не могуць дазволіць канчаткова вырашыць гэтую праблему. Яна патрабуе дадатковых, у першую чаргу, археалагічных даследаванняў на плошчы Льва Сапегі і Замчышчы, на якім пакуль так і не былі выяўлены абарончыя ўмацаванні ці іх рэшткі. Таму нельга з усёй упэўненасцю гаварыць пра немэтазгоднасць тэорыі І. Стаброўскага аб размяшчэнні гістарычнага цэнтра горада на правым беразе Шчары, або адрынуць сфармуляваны на гэтай падставе погляд В. Супруна пра адначасовае развіццё Слоніма паабапал ракі. Тым больш, што згодна акадэміку Б.А. Рыбакову, прагістарычныя грады і прыселкі размяшчаліся звычайна не па аднаму, а па-некалькі, групамі і гнёздамі[25].




[1] Mitta Hoppe. Słonimskie wymianki kronikarskie // Stowarzyszenie Rodzina Wojskowa Koło Słonim: jednodniówka. – Słonim. 1937. – 3 lut. – 4-5 s, s. 4.
[2] Karta z przeszłości Słonima // Tygodnik Słonimski. – 1937. – 21 lut. – S. 1-2, s. 1.
[3] Супрун В.Р. Дзеі над Шчарай: (З гісторыі зямлі Слонім.) / В.Р. Супрун. – Слонім: Слонім. Друк., 2000. – 168 с., с. 36.
[4] Goldberg G. Zarys dziejów miasta Słonima. Słonim. 1934, s. 57.
[5] Супрун В., с. 30.
[6] Пех Г. Раскопки древнего Слонима // Древности Белоруссии. – Мн., 1966. – с. 276-279., с. 276.
[7] Зверуго Я.Г. Археологические раскопки в Слониме // Беларускія старажытнасці. – Мн., 1972. – с. 248-289, с. 248.
[8] Тамсама, с. 248.
[9] Пех Г., с. 279.
[10] Зверуго Я., с. 257.
[11] Тамсама, с. 275.
[12] Зверуго Я.Г. Верхнее Понеманье в ХІ – ХІІІ вв. / Под ред. П.Ф. Лысенко. – Мн., 1989. – 208 с., с.73.
[13] Тамсама.
[14] Супрун В.Р. Позірк у мінулае / В.Р. Супрун // Золак над Шчарай; рэд. С.А. Прасняк. – Слонім, 1994. – С. 100-115, c. 100.
[15] Супрун В. Дзеі над Шчарай, с.35.
[16] Тамсама.
[17] Ганецкая І., Здановіч Н. Раскопкі старажытнага Слоніма // Гістарычна-археалагічны зборнік. - № 10. – Мн., 1996. – с.112-128., с. 112.
[18] Краўцэвіч А.К. Гарады і замкі Беларускага Панямоння XIV-XVIII стст.: Планіроўска, культурны слой. – Мн., 1991. – 171 с., с. 98.
[19] Тамсама, с. 99.
[20] Зверуго Я.Г. Верхнее Понеманье в ХІ – ХІІІ вв., с.73.
[21] Ганецкая І., Здановіч Н. Раскопкі старажытнага Слоніма, с. 112.
[22] Goldberg G., s. 24.
[23] Краўцэвіч А., с. 47.
[24] Милаковский, Описание города Слонима, 1891, с.3.
[25] Цыт. па: Кишик Ю.Н. Градостроительная культура Гродно. – Мн., 2007. – 303 с., 20 с.