ТРЭЦІ НУМАР КРАЯЗНАЎЧАГА БЮЛЕТЭНЯ "СЛОНІМСКІ КРАЙ"

"Слонімскі край", № 3. Спампаваць - тут.
Выйшаў новы нумар “Слонімскага края”. Гэта ўжо трэці нумар краязнаўчага бюлетэня, прысвечанага Слонімшчыне.
У новы нумар увайшлі артыкулы, прысвечаныя пытанню аб месцы ўзнікнення старажытнага Слоніма. Так, у артыкуле Сяргея Ярша прыводзіцца пераклад з тэўтонскага дакумента “Die Littauischen Wegeberichte”, дзе маецца ўзгадка пра Слонім, якая ўскосна пацвярджае наяўнасць у горадзе замка на правым беразе ракі Шчары
Сяргей Чыгрын прысвячае артыкул “Кіраўнік патрыятычнай “Чайкі” Васілю Супруну. Ён нарадзіўся 10 сакавіка 1926 года ў вёсцы Глоўсевічы і зрабіў важкі ўнёсак у вывучэнне роднага края. Яго кнігі і сёння карыстаюцца вялікай пашанай і папулярнасцю. Праведзеныя ім археалагічныя даследаванні здзіўляюць сваім маштабам і ахопам. Апантаны любімай справай чалавек, да самай смерці самааддана працаваў на карысць роднага края. Напамінам пра Васіля Рыгоравіча Супруна слонімцам застаюцца яго кнігі, сярод якіх вылучаецца «Дзеі над Шчарай». У нумары змяшчаецца працяг успамінаў Васіля Супруна пра даследаванні Жыровіцкай святыні.
Адзін з матэрыялаў прысвечаны дзейнасці ў Слоніме ў 1924-1928 гадах этнаграфічна-археалагічнага таварыства.

Таксама ў бюлетэні змяшчаюцца артыкулы пра планы Слоніма ў фондах Гродзенскага дзяржаўнага гісторыка-археалагічнага музея, агляды кніжак Александровіча і Мялешкі, прысвечаных гісторыі Слонімшчыны і малавядомы аўтабіяграфічны твор Сяргея Хмары – “Сымонка”.