Першая пісьмовая згадка пра Слонім.
Частка 2.Бітва на сломінскіх палях 1205 года
Пачатак жыцця чалавека аказвае рашаючы ўплыў на яго далейшы лёс. Тое ж самае і ў гісторыі нашага горада. Калі ён бярэ свой пачатак? У 1250 годзе Слонім ужо быў развітым цэнтрам Чорнай Русі, за які вялі вайну Галіцка-Валынскае і Вялікае княства Літоўскае. Аднак яшчэ на пачатку 13 стагоддзя на тэрыторыі Слонімшчыны адбылася бітва, якая, магчыма, падкажа нам, ці існаваў Слонім ужо ў тыя далёкія часы. Аб гэтым і пойдзе наш аповед.
Слонім. Від з Ружанскіх могілак. Пачатак ХХ ст.
Галіцка-Валынскае княства і яго стваральнік
Пасля пачатку феадальнай раздробленасці на землях былой Кіеўскай Русі ў 12 стагоддзі ўзнікае вялікая колькасць княстваў, якія перажывалі ўсплёск эканамічнага развіцця. Але ідэя адзінай вялікай дзяржавы са стольным градам Кіевам падпітвалася існаваўшымі дынастыямі, у асяродку якіх час ад часу з’яўляліся таленавітыя дзеячы. Напрыканцы 12 стагоддзя Кіеў канчаткова страціў сваё эканамічнае значэнне і заставаўся толькі сімвалам міфічнага адзінства. У гэты час на поўдні Русі з’яўляецца Галіцка-Валынскае княства, створанае энергічным князем Раманам Мсціслававічам. Ён мяняе вектар традыцыйнай палітыкі Русі з поўдня на захад. У 1205 годзе Раман арганізоўвае паход на тэрыторыю Польшчы, дзе 19 чэрвеня гіне ў бітве пад Завіхвостам, а на яго ўладанні нападаюць прыгнечаныя суседзі. Сярод іх былі і літвінскія плямёны, апісанне нападу якіх змясціў у сваёй хроніцы Мацей Стрыйкоўскі.
Паход літвінаў 1205 года
А Літва са Жмуддзю, калі ў лясах сядзелі,
Хутка аб рускім паражэнні даведаліся.
У свае доўгія трубы гудуць ўжо, весяляцца,
Бачаць, што палякі моц рускую пераламілі.
Зівібунда з Монтвілам у гетманы выбралі,
У справах якіх дзейнасць з ваенным парадкам ведалі.
Так выйшлі яны з густых лясоў, не хацелі марна ляжаць,
Вырашылі па здабычу на Русь забегчы.
А калі праз Вілію з войскам пераправіліся,
Жмудзінаў і ятвягаў да сябе далучылі.
У шырыню і ў даўжыню Навагрудскія воласці пабурылі,
Мардавалі і білі рускі народ без лютасці.
Потым Луцк і Уладзімір вакол абпалілі,
Рускія цэрквы і манастыры пабілі.
А да Мозыра проста пусцілі загоны.
Пінскія друзы бурылі княства без абароны.
Ажно галічане, бачачы гвалт княства (srogi),
Сабраўшыся, заселі літве цесныя дарогі.
Дзе маглі тыя здабычу цягнуць, лясы парубілі,
Хацелі, каб паганцы ад здрады загінулі.
А Літва прыстрашаная ў іншае месца накіравалася,
А вязняў і набыткі з вялікай здабычаю гнала.
Чулі, што Вольгавічы спешна іх наганялі,
А дзе маглі паганцаў грамілі.
Нягледзячы на невялікую колькасць геаграфічных назваў, дадзены кавалак – вельмі змястоўнае апісанне руху Літвы падчас пахода. Літвінскія плямёны пераправіліся праз Вілію, дзе да іх далучыліся жмудзь і ятвягі, якія пражывалі ў сярэднім цячэнні Нёмана. Затым накіраваліся на Навагрудскія воласці і папалілі тыя. Адтуль рушылі на сталіцу Галіцка-Валынскага княства Уладзімір, ваколіцы якога таксама спустошылі, як і суседні Луцк. Затым з вялікай здабычай рушылі ў адваротным накірунку. Іх праследавалі сабраныя галіцкія атрады, якія вымусілі рабаўнікоў змяніць маршрут руху, тым больш іх наганялі таксама войскі суседняга Чарнігаўскага княства, узначальваемыя князямі з дынастыі Вольгавічаў. Які найбольш кароткі шлях у такой сітуацыі? Зразумела, што прамы. Але здабыча замаруджвала перамяшчэнне і літвінскія атрады былі дагнаныя на тэрыторыі Слонімшчыны, дзе і адбылася бітва:
Бітва з літвінамі
А калі ў Сломінскіх палях Літва косам стала,
Хутка з галічанамі Русь на іх вырвалася,
З паганым гурмам бітву вялікую закацілі,
А літвіны да іх таксама смела скочылі.
Русь з шаблямі і з лукаў, а Літва (włóczniami),
Біліся, крычалі, гучалі рознымі галасамі,
“Mus, azumusz thos Gudos” са Жмуддзю крычала Літва:
Так доўга з абодвух бакоў роўнай трымалася бітва.
Аж самі галіцкія князі бачаць гвалт
І сорам перамогі ад паганскай рукі.
Прывялі два свежыя атрады на Літву з тылу,
Ударылі ў іх аж свет пакрыўся аблокамі ад пылу.
Толькі Літва з галавы зажатая і з заду,
І ад рускіх стрэл, уласна як жыта ад граду,
Збівацца, піхацца пачала, а Русь па іх бегла,
Гонячы, секла, трупаў іх поўнае поле ляжыць.
Друзы ўплаў праз рэкі перабраліся, друзы на стаянкі
Уцяклі, друзы ў лясы, у свае звыклыя лезбішчы.
Так галічане адбілі ўсе палоны,
Хоць таксама не адзін рускі атрад быў там разбіты.
Інфармацыя, закладзеная ў дадзеным тэксце, магла быць вядомая толькі сведку, што знайшло адлюстраванне і ў творы Стрыйкоўскага. Нагнаныя на адкрытай мясцовасці літвіны развярнулі баявы парадак - дугападобную лінію ў форме касы, які наскокам конніцы разбіць не ўдалося. Завязалася доўгая бітва, перамогу ў якой галічане атрымалі ў выніку ўдара з тылу двума сваімі атрадамі.
Пасля такіх доўгіх уводзін у кантэкст падзей пачатку 13 стагоддзя пераходзім да адказу на пытанне, якое нас цікавіць: ці магчыма ахарактарызаваць дадзены кавалак тэксту як упамінанне Слоніма пад 1205 годам? На думку аўтара, так. Таму што:
1. Існуе гістарычная традыцыя называць часткі тэрыторый, якія належаць да кіравання пэўнай тэрытарыяльна-адміністрацыйнай адзінкі па назвах такіх аб’ектаў. Асаблівае значэнне гэта мае для ваенных дзеянняў і бітваў, якія нясуць у сабе адзнаку бліжэйшага (адносна вялікага) населенага пункта, нягледзячы на тое, што адлегласць да іх можа складаць нават некалькі дзесяткаў кіламетраў (напрыклад, бітва пад Оршай 1514 года).
2. Стрыйкоўскі як кампілятар, перапісваючы тэкст з першакрыніцы, перанёс яго ў сваю хроніку ў тым выглядзе, у якім ён яе ўбачыў. Адсюль і “сломінскія палі”, нягледзячы на тое, што ён, як падарожнік і гісторык, павінен быў ведаць горад Слонім і як пішацца яго назва. Значыць, гэта не выдумка Стрыйкоўскага, які мог па пазнейшаму бліжэйшаму пункту назваць гэтую мясцовасць (як паказана ў мінулым артыкуле “сломінскія палі”= слонімскія палі).
3. Тэкст, акрамя назвы “сломінскія палі” змяшчае назву “навагрудскія воласці”. Стрыйкоўскі не піша пра Навагрудак таму, што літвіны папалілі толькі яго воласці, а не сам горад, як напрыклад, Уладзімір і Луцк. Але спаленыя воласці былі навагрудскімі. Тое ж самае у адносінах палёў, на якіх адбылася рашальная бітва – яны былі слонімскімі. Літвіны з нарабаваным багаццем не дайшлі да Слоніма, але рухаліся па яго палях, якія таму ў першакрыніцы і называюцца “сломінскімі”. Гэта не значыць, што горада не было, а як раз наадварот, горад быў, і таму палі, якія яму належалі назвалі па яго імю.
4. Археалагічныя раскопкі, якія сведчаць, што ўжо ў другой палове 12 стагоддзя Слонім з’яўляўся багатым і добраўпарадкаваным горадам з шырокімі маставымі, добрымі дамамі з бярвення, высокай матэрыяльнай культурай, значнымі знешнімі сувязямі. Але з-за таго, што шматлікія войны знішчылі вялікую колькасць старажытных крыніц, якія б маглі гэта пацвердзіць, вартым увагі становяцца працы гісторыкаў, што мелі магчымасць з імі папрацаваць. Адным з такіх асоб з’яўляецца М.Стрыйкоўскі.
1205 год можа стаць яшчэ адной важкай датай у гісторыі нашай Бацькаўшчыны, Слонімшчыны, цэнтр якой, Слонім, як паселішча гарадскога тыпу з высокай матэрыяльнай культурай існаваў ужо у 11 стагоддзі. Але ці быў гэта той Слонім, спадчынай якога мы павінны ганарыцца сёння? Гэты адказ залежыць ад кожнага з нас, таму што нават 15 гадоў – гэта цэлае пакаленне. Няўжо мы так проста растанемся са сваім гістарычным (не міфічным) багаццем, што гісторыю горада гатовыя пачынаць з часу, на які ён ужо даўно быў Слонімам.
No comments:
Post a Comment