СЛОНІМСКІ ПАВЕТ (З ГІСТОРЫІ М. БАЛІНСКАГА)

У 1846 годзе ў Варшаве пабачыў свет трэці том кнігі пад назваю “Starożytna Polska pod względem historycznym, jeograficznym i statystycznym opisana”, падрыхтаваны ураджэнцам Полацкага павета Міхалам Балінскім (1794-1864). Адметнасць гэтага выдання ў тым, што яно было прысвечана гарадам і мястэчкам Беларусі, апісаным у кантэксце прыналежнасці тых да польскай прасторы.
Нягледзячы на тое, што для Балінскага гэтая тэрыторыя “Польшча”, а мясцовая “славянская” мова не больш як “мяшанка польскіх і рускіх словаў”, яго чатырохтомны твор, напісаны ў супрацы з Тыматэўшам Ліпінскім, уяўляе цікавасць як для навукоўцаў, так і проста зацікаўленых гісторыяй. Менавіта адсюль растуць ногі шматлікіх “фактаў”, якія доўгі час нават не аспрэчваліся, прыкладу, далетапісная гісторыя Слоніма, якая Балінскім пачыналася 1040 (1044) годам. Ён нават прывёў у якасці аўтарытэту твор Длугаша, у якога пад гэтым годам, насамрэч, ніякіх згадак пра Слонім няма. У той жа час спасылкі на прывілеі часоў магдэбургскага Слоніма Балінскі падае слушна.
Дадзеныя Балінскага сёння могуць успрымацца у гістарыяграфічным зрэзе як прыклад уяўленняў пра Слонімшчыну сярэдзіны ХІХ стагоддзя, якое адклала свой адбітак на даследчыкаў нават у ХХ ст.
 Каб больш не марнаваць часу, змяшчаю перакладзены мною кавалак з твора М. Балінскага, прысвечнага Слонімскаму павету і гораду Слоніму.

Міхал Балінскі
(1794-1864)

Па абодвух берагах суднаходнай Шчары, выцякаючай з Калдычаўскага возера ў навагрудскім павеце, расцягнуўся слонімскі павет, багаты лясамі і зараснікамі, якія займаюць не меньш паловы ўсёй яго паверхні. Аднак няма тут і недахопу ў добрых палях і лугах, гэты ж павет належыць да ліку аднаго з самых урадлівых ва ўсім краі. У часы Ягайлы ён з’яўляўся вотчынаю Вітаўта і іншых літоўскіх князёў. Жыгімонт Аўгуст, выпраўляючы Літоўскі статут, наданы яго бацькам, пасля чаго былі ўсталяваныя земскія і гродскія суды, загадаў дакладна вызначыць шляхецкія гаспадаркі, якія павінны былі падпарадкоўвацца судовым уладам і размежаваць паветы на ваяводствы.
У выніку ён выдаў у Петрыкаве асобны прывілей для слонімскага павета, датаваны 30 траўнем 1565 года, дзе ў агульных рысах апісваліся яго межы. З прывілея відаць, што павет пачынаўся на поўначы – ад вусця ракі Зэльвянкі да Нёмана, і ішоў па яе цячэнню ўверх, а потым ракою Ражанкаю, далей – дарогаю, што вяла да Бярозы, скуль даходзіў праз раку Ясельду да Спораўскага возера. Адтуль – да пачатку ракі Палонкі, і далей – рэчышчам ракі Моўчадзі аж да яе ўпадзення ў Нёман, па цячэнню якога даходзіў да першага пункту, гэта значыць да ўпадзення Зэльвянкі ў Нёман. Тутэйшыя жыхары размаўляюць славянскай моваю, якая з’яўляецца мяшанкаю польскай і рускай. Сталіца павета – горад Слонім.
Слонімскі павет на карце 1820 года
Ён збудаваны на левым беразе Шчары, значны і даволі гандлёвы. Невядомы яго пачаткі, якія сягаюць цёмных вякоў. Длугаш, таксама як і рускія і літоўскія летапісцы, адзначаў, што ўжо ў 1040 ці 1044 годзе рускі князь Яраўслаў Мудры, сын Уладзіміра, сустрэўся на слонімскіх палях з літвінамі і перамог іх так пераканаўча, што потым, наехаўшы ўласна на Літву да Нёмана, прымусіў яе на нейкі час да падпарадкавання.
Пасля літоўскі ўладар Эрдзівіл, сын Мантвіла, адчуўшы сваю моц, здзейсніў ў 1103 годзе напад на русінаў аж да Слоніма, дзе таксама праз сто гадоў літвіны, смела ажыцявіўшы напад на Русь, панеслі паражэнне ад рускіх князёў. Так, напэўна, у ХІІІ стагоддзі Слонім быў гродам ці драўляным замкам, які падначалены Батыя Кайдан, напаўшы з татарамі ў 1241 годзе, зраўняў з зямлёю. Безумоўна, так як і Гродна, яго павінен быў адбудоўваць у тым самым годзе іншы Эрдзівіл, сын Рынгольта, правіўшы тады Літвою і, пасля адыходу манголаў, заняўшы гэтую частку славянскай зямлі. Пасля засмучэнняў Літвы часоў Міндоўга, Леў, сын галіцкага князя Данілы, здабыў Слонім у 1253 годзе; аднак гэты горад у выніку перамір’я, заключанага ў 1258 годзе, паміж Данілам і каралём Міндоўгам быў прызнаны літоўскай уласнасцю. Уладар Літвы Гілігін пасадзіў тут каля 1276 года літвінскіх паганцаў з Прусаў, верагодней усяго, з правінцыі Шалавіі, скуль тыя ратаваліся ад крывавых ператварэнняў крыжакоў (да гэтага часу, верагодна, могуць належыць тры паселішчы ў слонімскім павеце ў ваколіцах мястэчка Дзятлава і называныя Нарцэвічы, Пагіры і Засецце, жыхары якіх да гэтага часу размаўляюць літоўскай моваю, хоць нідзе наўкола няма іншай мовы, акрамя славянскай).
З часам горад так моцна разросся, што каля 1290 года старэйшы сын вялікага князя Гедыміна Мантвід, атрымаўшы ад бацькі ў валоданне Крычаў і Слонім, ў апошнім заклаў сталіцу свайго княства. Апекаванне правячай дынастыі Ягелонаў, а таксама доўгія гады спакою, яшчэ больш павялічылі Слонім і прывялі да надання яму Жыгімонтам І ў 1532 годзе гарадскога магдэбургскага права. Пры апошняй уніі Літвы з Каронаю, з увядзеннем сталага судаводства ў вялікім княстве, Слонім стаў судовым горадам, дзе быў усталяваны гарадскі і земскі суд. Але ў сувязі з тым, што горад быў аддалены ад вялікага шляху і не мог атрымоўваць карысці ад гандлю, Жыгімонт Аўгуст, на прапанову літоўскага падскарбніка і навагрудскага ваяводы Івана Гарнастая, таксама па сумяшчальніцтву слонімскага старасты, устанавіў у Вільні прывілеем, датаваным 13 траўнем 1558 года, двухтыднёвыя кірмашы: адзін на Пяцідзесятніцу, другі – на Нараджэнне Хрыстова. Пацвердзіўшы прывілей ў 1590 годзе, Жыгімонт ІІІ перанёс кірмашы на Узнясенне і на Дзень святога Мікалая. Каралеўскія рэвізоры, мераючы ў 1558 годзе пляцы ў Слоніме, вызначылі колькасць чыншу, які павінны былі аплочваць мяшчане і, са шчодрасці Жыгімонта Аўгуста, надзялілі горад зямлёю. Прывілеем, падпісаным 4 студзеня 1591 года, Жыгімонт ІІІ пры аднаўленні магдэбургскага права і сістэмы магістрата, надаў Слоніму ў якасці гербу залатога льва з падвойным крыжам, накшталт гербу Ліс, на блакітным полі.
Сейм 1631 года, прызначаючы гэты горад у якасці прадсеймавага месца для так званых генеральных сеймікаў, называных таксама generałami (conventus generales), моцна садзейнічаў росту горада. З таго часу збіраліся ў Слоніме сенатары і паслы з ваяводстваў: віленскага, трокскага, смаленскага, полацкага, навагрудскага, віцебскага, брэсцкага, мсціслаўскага, чарнігаўскага і інфлянцкага на працу, для паразумення агульных жаданняў і адносінаў ваяводстваў і паветаў, з мэтаю складання на іх падставе для паслоў агульнай інструкцыі, і, такім чынам, палягчэння сеймавай дзейнасці. Звычай гэтых з’ездаў працягваўся толькі да 1685 года. Да таго ж належыць дадаць: тут штогод адбываўся вопіс рыцарства таго ж павету і сеймікі для выбару паслоў на сейм і дэпутатаў на трыбунал.
Леў Сапега, канцлер ВКЛ, будучы слонімскім старастаю, уладкаваў у 1605 годзе ткацкі цэх, што пацвердзілі Жыгімонт ІІІ у 1609 і Ян ІІІ у 1679 годзе. Уладыслаў ІV з мэтаю добраўпарадкавання горада надаў мяшчанам прывілей 1641 года на брукаванне вуліц і рынку, на ўтрыманне чаго прызначыў возны падатак і, акрамя таго, усталяваў аплочванне гандлёвага збору. У 1644 годзе Казімір Леон Сапега, надзвычайны літоўскі маршалак і гарадскі стараста, усталяваў іншыя цэхі, да якіх былі абавязаныя належыць і татарскія рамеснікі. Пасля знішчэння горада падчас войнаў часоў Яна Казіміра і страты арыгінальных прывілеяў кароль Міхал ў 1669 годзе пацвердзіў ўсе правы і наданні сваіх папярэднікаў.
План горада Слоніма 1823 года
Слонім мае некалькі касцёлаў і рэлігійных устаноў: фара пад назваю святога Андрэя, першапачаткова драўляная, пабудаваная ў 1493 годзе, а пасля ўзведзеная з каменю; таксама старажытная праваслаўная царква невядомага часу, якая ў 1544 годзе атрымала прывілей ад Жыгімонта Аўгуста. Да самых старых манаскіх ордэнаў на гэтай зямлі належаць бернардынцы, бо іх кляштар з касцёлам і шпіталем ужо ў 1630 годзе заклалі з каменя за кошт каралеўскага сакратара Андрэя Радвана. Бернардынкі тут мелі мураваны касцёл і кляштар 1645 года, а крыху пазней і бенедыктынкі. Шпіталю латэранскіх канонікаў ў 1653 годзе Ян Казімір надаў права гарадскога маставога збору, а іх касцёл уфундаваў маршалак вялікага княства Ян Станіслаў Сапега. Таварыства францішканак было ўведзена каля 1660 года праз вількамірскую падкаморыху Канстанцыю з Юдыцкіх Камароўскую, дамінікане – у 1680 годзе праз лідскіх войскіх Крыштафа і Дароту Пакрашынскіх. Самай позняй фундацыяй з’яўляюцца езуіты, таму што толькі ў 1717 годзе Аўгуст ІІ надаў ім цэлую гарадскую вуліцу, якая ідзе ад Апанасаўскай да Татарскай. Тут знаходзяцца таксама татарская драўляная мячэць і жыдоўская школа, умураваная яшчэ ў 1642 годзе.
Ужо тады Слонім быў у Літве адным з важнейшым гарадоў другога шэрагу як за кошт свайго насельніцтва, так і гандлю: калі гетман вялікага княства Міхал Агінскі, атрымаўшы слонімскае староства і пасяліўшыся тут напачатку панавання Станіслава Аўгуста, доўгім побытам свайго заможнага двару і карыснымі праектамі, узняў гэты горад яшчэ вышэй і праславіў яго. У самым цэнтры ён пабудаваў шырокі палац, і, выкупіўшы некалькі прыватных пляцаў, запоўніў яго рознымі вялікімі пабудовамі, сярод якіх былі: дом оперы, дом балетнікаў, аўстэрыя і рамесніцкія будынкі, усе акружаныя шырокімі і прыгожымі садамі. Але на гэтым гетман не спыніўся і каля 1777 года заклаў у сваім двары друкарню, дзе загадаў друкаваць уласныя вершы і рознага кшталту невялікія творы; а што больш, выкапаўшы за ўласны кошт канал з Ясельды да Шчары праз Слонім і злучыўшы тым спосабам Нёман з Дняпром, ажывіў горад гандлем і промысламі настолькі моцна, што кожны год некалькі соцен суднаў са збожжам і гружаных таварамі, акрамя таго і незлічоных плытоў дрэва, праплывалі пад яго мурамі і павялічвалі мясцовы гандаль. Слонім часоў Агінскага стаў вядомым на ўвесь край як асяродак густу і рознага кшталту забаваў. Станіслаў Аўгуст, едучы ў 1784 годзе на гродзенскі сейм, прыбыў сюды 13 верасня і быў шчодра прыняты. Горад з ваколічнымі вёскамі ўтварае каралеўскую эканомію, якая плоціць  штоквартальна 20000 польскіх злотых.

No comments:

Post a Comment