Слонім – значны цэнтр воднага турызму

Багаццем нашай Бацькаўшчыны з’яўляецца рака Шчара, да якой прытулілася Слонімшчына. Павольны бег водаў, чароўныя берагі і маляўнічасць прыроды абапал яе цалкам адпавядаюць складу нашага ўнутранага зместу. Жыхары краю - невялікія жвавенькія раўчукі, што спяшаць насустрач Рацэ-Жыццю.
Шчара ўражвае сваім спакоем і ўзрушвае цеплынёю зеляніны, у якіх тонуць яе берагі летам. У 1932 г. з нашаю ракою пазнаёміўся краязнавец Валяр’ян Харкевіч. Займаючыся вяслярствам, ён звярнуў увагу на магчымасці Шчары для развіцця гэтага віда спорта ў артыкуле “Слонім – значны цэнтр воднага турызму” (Ziemia, 1934, №1-2), які можа даць магчымасць сённяшнім жыхарам Слонімшчыны ўявіць карціну выкарыстання ракі ў якасці месца для адпачынку амаль 80 гадоў таму. Тэкст не пазбаўлены стэрэатыпнага “крэсовага” погляду на наш край, але галоўнае ў ім – атмасфера і факты. Цікавага прачытання!


Нязменна кожны турыст і аматар прыроды даволі нядобразычліва глядзіць на спартсмена. Спорт, развіццё фізічнай прыгажосці даволі аднабаковым спосабам і імкненне да ўстанаўлення ўсё новых і новых, яшчэ больш ўражваючых рэкордаў, сучасны “амерыканізаваны” спорт заўсёды будзе выклікаць сур'ёзную засцярогу з боку людзей, якія сваю эфектыўнасць мераюць не часам, а глыбінёю і інтэнсіўнасцю ўражанняў і вопытам.
Прыхільнік краю - народа і прыроды - перш за ўсё спрабуе як мага бліжэй падысці да даследуемага прадмета, але глядзіць на яго не “вачыма і праз шкло мудраца”, а з адкрытым сэрцам і душой, якая прагне сумленных, шчырых ўражанняў.
І таму такі аматар мае цалкам смутныя прадстаўленні пра турыстаў-рэкардсменаў, што ўзбіраюцца на вяршыню гары з секундамерам у руцэ, ці пра весляра, які ўсё ўвагу накіроўвае на руху вёслаў, а не на прыгажосці ракі або яе чароўных берагоў.

Існуе толькі адзін від спорту, які, верагодна, не адчуе на сабе “амерыканскага” выраджэння і які патрабуе не толькі значнай фізічнай формы, але, перш за ўсё, шчырай любові да прыроды -  гэта вяслярства, такое сёння папулярнае. Вясляр – жадае таго або не - павінен узаемадзейнічаць з прыродай, павінен стаць амаль першабытным чалавекам, дэманструючы сваю культуру толькі ва ўменні пошуку багатых уражанняў.


Вяслярства развіваецца значнымі тэмпамі, і штораз захоплівае ўсё больш і больш простых грамадзян, якія ратуюцца ад удушлівай атмасферы гарадоў на воднай прасторы.
Валодаючы выдатнай сеткаю рэк і вылікай групай азёр, мы маем дасканалыя ўмовы для развіцця вяслярства, а што за тым ідзе – і да фізічнага і духоўнага абнаўлення, а з часам - і адраджэння пры ўмове непасрэднага кантакта з прыродай.
Якія формы прыме ў будучыні вяслярства і якія ўсталююцца маршруты руху на байдарках, сёння цяжка дакладна прадказаць, але мне здаецца, няма сумневаў, што Слоніму наканавана стаць вельмі значным цэнтрам гэтага руху.
Размешчаны на вялікім, на жаль недзеючым водным шляху, злучаючым два мора, з'яўлячыся цэнтральным пунктам у воднай сетцы паўночных тэрыторый Польшчы, Слонім ўжо іграе вялікую ролю, як адзін з найважнейшых этапаў вяслярскага руху.
Не будзе перабольшваннем, калі сказаць, што кожны, хто хоча ўбачыць самыя ідэальныя ўмовы для вяслярства, павінен пазнаёміцца са Слонімам і яго каналам Агінскага і ціхім, шырокім рэчышчам Шчары, хто жадае пабачыць усю прыгажосць польскай прыроды і пазнаць яе ў сінтэтычным выглядзе, няхай здзейсніць падарожжа на байдарцы ад Пінска да Аўгустоўскіх азёр.
Вяслярскі рух у самім Слоніме паспяхова развіваецца і знайшоў прымальныя арганізацыйныя формы толькі нядаўна. Вясной 1932 г. была перабудавана і прыстасавана да патрэб весляроў прыстань Марской і каланіяльнай лігі, узнік клуб весляроў пад кіраўніцтвам Аліны Міхальскай, жонкі бурмістра горада і старшыні Марской і каланіяльнай лігі інжынера Казіміра Міхальскага. Нарэшце пабудавалі дзве іншыя прыстані, а менавіта 79-га і 80-га палкоў пяхоты.


На слонімскіх прыстанях знаходзяцца каля 200 байдарак, што не складае нават і паловы той агульнай колькасці, якой валодаюць сланімчане.
Адначасова з развіццём у Слоніме вяслярства горад інтэнсіўна выкарыстоўваецца як адзін з важнейшых пунктаў веслярамі-краязнаўцамі. У 1932 годзе за перыяд з 10.VI да 17.VIII зарэгістраваліся на прыстані Лігі больш 30 экскурсій; колькі ўсяго прайшло, не зарыгістраваўшыся, цяжка падлічыць.
Выдатны ў сваёй разнастайнасці, незвычайнага зачаравання, поўны нязвыклага абаяння шлях ад Піны да Аўгустоўскага канала слушна ўлічваецца амаль усімі турыстамі. Такім чынам, Слонім пачынае, у змененым выглядзе і ў значна меншай ступені, ажыццяўляць ідэю гетмана Агінскага, які прызначаў свайму гораду ролю важнага пункту на вялікім водным шляху.
З цікавых вяслярскіх экскурсій, якія прайшлі праз Слонім, неабходна выдзеліць некалькі паездак са Львова. Сярод іх – абітурыентак гімназіі сясцёр базыльянак (5 дзяўчат і дырэктар гімназіі) і экскурсія сяброў секцыі воднага турызма Габрэйскага кола аматараў краязнаўства. Падарожжа двух сяброў нямецкага Клуба краязнаўцаў ў Катавіцах, быдгашчан - ад Бярозы Картузскай да мора, экскурсія кракаўскай Акадэмічнай спартыўнай асацыяцыі (з Кракава і да Кракава) і шэраг іншых.
Аднак найцікавешай, але і даўжэйшай, таму што ўключае ў сябе 4200 км, з’яўляецца тур двух жыхароў Познані (Х.Матысяк і Е.Сено), якія на байдарках прайшлі амаль усю Польшчу, адправіўшыся з Кракава і заканчваючы Познанню. Вось іх шлях: з Кракава - Віслаю, Санам, Вярэшыцаю, Днестрам, Серэтам, Стырам, Прыпяццю, Струменем, Пінаю, Ясельдаю, каналам Агінскага, Шчараю, Нёманам, Аўгустоўскім каналам, Бебжу, Нарваю, Віслаю (да Варшавы), адтуль Віслаю да Гдыні, зноў па Вісле да Быдгашча, Быдгарскім каналам, Нотэццю, Гоплам, Каналам і Вартаю да Познані.
Гэты маршрут паказвае вялікія магчымасці, якія мае кожны аматар нашага краю, што хацеў бы пазнаёміцца з ім, выкарыстоўваючы водныя шляхі. І адначасова тое самае падарожжа паказвае немагчымасць ажыццяўлення доўгай воднай экскурсіі на паўночна-ўсходніх тэрыторыях Польшчы, абмінуўшы Слонім.
Роля Слоніма, як вельмі важнага цэнтра ваднага турызма, як вельмі цікавага для краязнаўцаў пункта, праступае вельмі выразна.
Таму можна спадзявацца, што ўсе аматары краязнаўства і воднага турызма звярнуць вялікую ўвагу на Слонім. Тым больш, што ў 1933 г. Слонім будзе адзначаць дзве знамянальныя для яго гадавіны, якія сведчаць пра яго развіццё і значэнне: 300-годдзе з дня смерці вялікага канцлера і слонімскага старасты Льва Сапегі, а таксама 150-годдзе з дня адкрыцця канала Агінскага.
Валяр’ян Харкевіч, 1934

No comments:

Post a Comment