Першая спроба ўсталявання Савецкай улады ў Слоніме. 1919 год


“Берагчы людзей, бачна, зможам тады, калі сацыялізм пабудуем”
Астороўскі М.А., “Як закалялася сталь”

Савецкая ментальнасць беларуса не хоча змірыцца з новымі веяннямі часу, часу эканамічнага крызіса і разбурэннем веры ў сацыяльную кампаненту дзяржавы. Выжыванне ў новых умовах стаіць не толькі перад дзяржаваю, але і перад простым чалавекам. Перад гісторыкамі ж стаіць праблема знайсці той элемент, які замаруджвае ход наперад. Але гэта ўскладняецца нашай абыякавасцю да мінулага, на якое мы глядзім толькі як на “чорнае” або “белае”, што патрабуе па-новаму паглядзець на старыя праблемы.
Адна з іх – гэта ўсталяванне Савецкай улады ў Заходняй Беларусі. Слонім – адзіны горад Гродзенскай вобласці, дзе такіх спробаў было чатыры, першая з якіх зацягнулася на паўтары месяцы, а апошняя – на 47 гадоў. Але факт застаецца фактам, як з боку прыхільнікаў тых часоў, так і іх праціўнікаў, зараз мы жывем у новай гістарычнай сітуацыі. А праблемы застаюцца тыя ж.

Шлях да першага ўзняцця чырвонага сцяга над Слонімам пачаўся са з’яўлення першай гарадской падпольнай камуністычнай ячэйкі ў лістападзе 1918 года, якая існавала дзякуючы энтузіязму і надзеі на светлае будучае. Яна складалася з 5 чалавек: рабочы-сталяр Юлі Ізнайдзін-Герман, які быў адным са стваральнікаў партызанскага атрада, а пасля выгнання немцаў – членам павятовай надзвычайнай камісіі, кравец-падпольшчык Ю. Карліцкі, які ў 1920 годзе загінуў на фронце ў баях супраць войск Дзянікіна, Я. Куніца, К. Куніца-Альберцінскі і Кунда.
Ю. Ізнайдзін-Герман
Пашырэнню яе дзейнасці садзейнічаў той факт, што 13 лістапада 1918 года савецкі ўрад у сувязі з Германскай рэвалюцыяй і Камп’енскім пагадненнем ануліраваў Брэсцкі мір. Нямецкае камандаванне, баючыся канчатковага развала арміі, 16 лістапада выдала загад аб эвакуацыі з тэрыторыі былой Расійскай імперыі. Услед за імі ішла савецкая Заходняя армія, якая вымушала немцаў эвакуіравацца ў больш сціслы тэрмін, каб не даць магчымасць вывезці нарабаваную маёмасць.
6 снежня 1918 года ў адным з закінутых дамоў на ўскраіне Слоніма, у памяшканні былой казармы, быў праведзены сход рабочых, якія спачувалі бальшавікам. На з’ездзе былі прыняты ў партыю 35 чалавек. Партыйны камітэт устанавіў сувязь з ячэйкамі Ружан, Дзятлава, а затым звязаўся з Мінскам, заняўся скліканнем з’езда Саветаў, які пачаў сваю працу 9 снежня і праходзіў па адрасе вуліца В.Крайняга, № 18. На з’ездзе прысутнічала 36 дэлегатаў: 27 чалавек былі выбраны ад сельскай мясцовасці, чатыры дэлегаты – ад горада і пяць чалавек прадстаўлялі ініцыятыўную групу па скліканню з’езда.

Слонім, вул. В.Крайняга, № 18.
Адкрыццё з’езда адбывалася легальна, што Я.Куніца тлумачыў наступным чынам: “Партыйнай арганізацыі ўдалося падмануць нямецкія ўлады – атрымаць дазвол на скліканне нарады прадстаўнікоў горада і вёскі нібы для рашэння зямельных і іншых гаспадарчых спраў”. У гэты дзень адбыліся толькі ўрачыстыя мерапрыемствы, а сам з’езд пачаў працу на наступны дзень – 10 снежня.
З’езд паставіў задачы, якія было немагчыма вырашыць ва ўмовах нямецкай акупацыі - аб арганізацыі ўлады на месцах, раздзеле і выкарыстанні памешчыцкіх зямель. Быў выбраны выканаўчы камітэт у складзе дзевяці чалавек, з якіх шэсць былі бальшавікамі.
У сувязі з набліжэннем войск Чырвонай Арміі да ўсходніх абласцей Беларусі партыйная арганізацыя і выканкамам заняліся стварэннем Ваенна-Рэвалюцыйнага камітэта, які павінен быў арганізаваць ахову павета ад адступаючай нямецкай арміі. З гэтай мэтай у Слонім на нелегальную работу былі накіраваны ўраджэнцы горада: па заданню Я.М. Свярдлова І. Волах, які ў 1917 годзе вярнуўся з дзесяцігадовай ссылкі, член Усерасійскага Цэнтральнага Выканаўчага Камітэта, і Д. Штэйн, рабочы-кравец, актыўны ўдзельнік рэвалюцый 1905 і 1917 гадоў. Старшынёй ВРК быў абраны І. Волах.
ВРК заняўся нарыхтоўкай зброі, для чаго сродкі былі дастаўлены з Мінска, прыступіў да стварэння баявога атрада. За вельмі кароткі тэрмін тры пункты па захаванню зброі былі запоўнены вінтоўкамі, гранатамі, тэлефоннымі апаратамі. У дзесяцідзённы тэрмін быў арганізаваны баявы атрад, у які, па словах Я. Куніцы, увайшло больш 100 поўнасцю ўзброеных чалавек.
У сувязі з набліжэннем Чырвонай Арміі да Багданавіч баявы атрад быў пераведзены ў поўную баявую гатоўнасць. Нямецкія войскі, што знаходзіліся ў Слоніме, на пачатку 1919 года паспешна пачалі рыхтавацца да адступлення. У ноч з 13 на 14 студзеня яны пачалі пакідаць Слонім.
Перад баявым атрадам, узначальваемым ВРК, паўстала задача не дапусціць узрыву немцамі чыгуначных мастоў праз Шчару. Я.Куніца стаў сведкам яе выканання: “Было вядома, што немцы ўзарвуць масты пасля таго, як пройдзе апошні эшалон. Атрад трымаў сувязь з таварышамі, якія знаходзіліся на чыгуначнай станцыі. Як толькі са станцыі было атрымана паведамленне, што адтуль рушыў апошні эшалон, увесь атрад ушчыльную падышоў да чыгуначнага палатна і адкрыў ураганны агонь па рухаючамуся насустрач паравозу з саставам. Немцы не чакалі гэтага і былі засцігнуты знянацку. Яны ў паніцы пачалі адстрэльвацца з кулямётаў. Цяпер ім некалі было займацца ўзрывам мастоў, бо абстаноўка патрабавала хутчэй праскочыць праз ураганны агонь, які вёў атрад. Чыгуначныя масты засталіся цэлымі”.
Ранкам 14 студзеня ў Слонім увайшлі першыя чырвонаармейскія часці Гродзенскага палка. Над горадам узвіўся савецкі сцяг. У гонар вызвалення горада ад нямецкіх акупантаў днём адбылася вялікая дэманстрацыя.
Маніфестацыя, 14.01.1919 г.
З дапамогай войск Чырвонай Арміі ў горадзе і павеце з’явіліся органы савецкай улады:  надзвычайная камісія, якую ўзначаліў Д.Штэйн і міліцыя на чале з Ткачовым, які прыбыў з Мінска. Старшынёю Ваенна-Рэвалюцыйнага камітэта стаў Куніца-Альберцінскі, а сакратаром павятовага камітэта партыі – Я.Куніца. Для пацвярджэння легітымнасці новай улады ў горадзе ў сярэдзіне лютага 1919 года быў скліканы Другі павятовы з’езд Саветаў, у якім, па звестках Я.Куніцы, прынялі ўдзел больш 150 дэлегатаў з усяго павета.
Куніца Я.З.
Задачаю савецкіх органаў улады ў павеце было забеспячэнне харчаваннем войск Чырвонай Арміі, што цяжарам лягло на вёску. Але пасля сарака месяцаў нямецкай акупацыі зрабіць гэта было немагчыма. Не выратоўвалі сітуацыю і некалькі абозаў, якія былі дастаўлены для арміі з Ружан і Дзятлава. Дадзеная сітуацыя вяла да пашырэння эпідэмій. Перад уладай стаяла праблема голаду, але яе вырашэнне адкладвалася. Галоўным прыярытэтам лічылася “сусветная рэвалюцыя”.
У такіх абставінах да Слоніма падыходзілі польскія войскі, значную дапамогу якім аказвалі краіны Антанты. Гісторык М.С. Сташкевіч зазначае, што ў першай палове 1919 года Польшча толькі ад ЗША атрымала на 60 млн дол зброі і на 51,6 млн дол харчавання. Гэта дало магчымасць давесці колькасць польскай арміі да 545 тысяч чалавек, што і прадвырашыла яе поспехі ў 1919 годзе. Ужо да лютага 1919 года палякі толькі ў Беларусі мелі каля 80 тысяч чалавек, што было больш, чым дастаткова для захопу яе Заходняй часткі, адкуль найбольш баяздольныя савецкія падраздзяленні былі перакінуты на іншыя накірункі, дзе становішча Саветаў было найбольш цяжкім.
У раёне Слоніма пачаліся сутычкі з наступаючымі палякамі, якія 13 лютага авалодалі Зэльвай. У Слонімскім гісторыка-краязнаўчым музеі захоўваецца план гэтых баёў, складзены генерал-лейтэнантам інжынерных войск Я. Леашэняю 2 верасня 1968 года. На падставе яго можна сказаць, што авалоданне палякамі Слонімам з’яўлялася перадумовай захопу Баранавіч, важнейшага чыгуначнага вузла ў Заходняй Беларусі, і дазваляла не дапусціць канцэнтрацыі савецкіх войск па лініі Ліда-Баранавічы-Лунінец. На Слонім наступала Літоўска-Беларуская дывізія генерала Вацлава Івашкевіча-Рудашанскага. З поўначы і поўдня яе падтрымліваў атрад Дамброўскага. У Слоніме супрацьстаяць ім мог толькі чацвёрты Варшаўскі чырвонаармейскі полк. У такіх абставінах слонімскія бальшавікі стварылі атрад з 25 чалавек пад кіраўніцтвам Кунды.
Баі за Слонім. 19.02-1.03.1919 г.
28 лютага падраздзяленні генерала Івашкевіча атакавалі савецкія часткі па рацэ Шчара і ў ноч з 1 на 2 сакавіка 1919 года акружылі Слонім. Бальшавік Я.Куніца ўспамінаў: “Рашылі прарвацца праз кальцо акружэння ў напрамку да Баранавіч. Атрад рушыў да шасэйнага маста – адзінага месца, дзе была яшчэ надзея на пераправу. Да гэтага часу ўздоўж шасэ ў паўвярсты ад лесу размясціўся чацвёрты Варшаўскі полк. На ўзлеску стаяў атрад варожай артылерыі. Загарадзіўшы дарогу, коннікі чакалі, калі полк рушыць на прарыў, маючы мэту знішчыць яго… З правага фланга Варшаўскі полк і атрад комуністаў сталі абыходзіць пяхотныя часці. Камандаванне  Варшаўскага палка, разгубіўшыся, адмовілася даць распараджэнне чырвонаармейцам ісці ўперад на прарыў. Тады ў бой пайшоў атрад камуністаў… па зусім адкрытым месцы па лёдзе Шчары рушылі кідком да ўзлеску. З крыкам “ура”, прабегшы паўвярсты, прабраўся да ўзлеску. Кавалерысты не чакалі такога контрудара, адступілі ўглыб сасновага бору. Начальнік павятовай міліцыі т. Ткачоў, будучы параненым, не выйшаў са строю, а, наадварот, сваёй стойкасцю натхняў наступаючых. Атрад камуністаў вырваўся на шасэ Слонім-Баранавічы. Пайшоў уперад і чацвёрты Варшаўскі полк, пакінуўшы за сабою ззаду заслону для адходу выйшаўшых з акружэння людзей. Камандзір атрада камуністаў т. Кунда за мужнасць і гераізм у барацьбе з белапалякамі быў затым узнагароджан ордэнам баявога Чырвонага Сцягу”.
Так закончылася першая спроба ўсталявання савецкай улады ў Слоніме. А наперадзе былі галодныя вясна і лета 1919 года і спробы наладзіць новае жыццё ва ўмовах новай, ужо польскай, улады.

No comments:

Post a Comment