Прыватная
настаўніцкая жаночая семінарыя імя Маткі Марцэліны Дароўскай у Слоніме пачала
сваю дзейнасць у 1919/1920 годзе і спыніла існаванне пасля 1935/1936 навучальнага
года ў сувязі з ліквідацыяй у Другой Рэчы Паспалітай вучэбных устаноў кляштарнага
тыпу.
Марцэліна Дароўская |
Семінарыя знаходзілася
ў кляштары ордэна сясцёр Бязгрэшнага зачацця. Лёс семінарыі быў цесна звязаны з
гэтым будынкам. Першапачаткова ў ім размяшчаліся бернардынкі, для якіх за
сродкі вількамірскай падкаморыны Катарыны Камароўскай у 1645 годзе быў
выкуплены вялікі драўляны дом, перароблены на кляштар. У хуткім часе побач быў
пабудаваны касцёл Бязгрэшнага зачацця Найсвяцейшай Паны Марыі. Але ў 1670 годзе
пажар знішчыў драўляныя касцёл і кляштар, замест якіх у 1696 годзе ў Слоніме
былі пабудаваны каменныя, дзе знайшлі сабе месца 20 законніц. Кляштар
бернардзінак знаходзіўся ў Слоніме да падзей паўстання 1863-1864 гг., пасля
якога па загаду расійскага ўрада ён быў зачынены, як і многія іншыя, але пры ім
працягвалі жыць бернардынкі. У пачатку ХХ ст. у горадзе жылі толькі некалькі
сясцёр ордэна бернардынак, што паставіла пад пагрозу само існаванне гэтай
ячэйкі каталіцызму. Таму кляштарны ксёндз Рычард Клам у лютым 1906 года
звярнуўся да Маткі Марцэліны Дароўскай з просьбай накіраваць у Слонім некалькі
законніц, што і было зроблена ў студзені 1907 года, калі ў горад прыбылі дзве
першыя непакалянкі – сястра Ваўжына Шашкевіч, якая пазней стала старэйшай
сястрой згуртавання, і сястра Людвіка Дабраньска (у манастве – Тэрэзія), да
якіх далучылася сястра Марыя Касцюшка (у манастве – Фадзея), пазней старэйшая
сястра Слонімскага кляштара.
Скарыстаўшыся
загадам імператара Мікалая ІІ ад 1905 года, сёстры звярнуліся з просьбай да
Віленскага губернатара аб дазволе на “будаўніцтва” [2, л.2] кляштару ў Слоніме,
які і атрымалі. Адным з першых пачынанняў непакалянак стала арганізацыя школы,
у якой некалькі дзяўчынак навучаліся агародніцтву, пранню, гатаванню і
сыраварэнню, крою і шыццю. Нягледзячы на адсутнасць дазволу з боку афіцыйных
улад, патаемна адбываліся лекцыі па рэлігіі, польскай мове і гісторыіі. Але ў
1914 годзе гэтая дзейнасць была спынена.
У час вайны
кляштар прытуліў у сваіх сценах вялікую колькасць бежанцаў, якіх рускія войскі прымушалі
пакідаць свае родныя мясціны і адпраўляцца ў глыб Расіі. У кляштары хаваліся
каля 40 дзяцей, якія пазней, у 1918 годзе, былі перавезены ў Альбертын і
Жыровіцы. У кляштары пад час вайны знаходзіўся шпіталь, у якім разам з
персаналам працавалі сёстры-непакалянкі.
Падчас акупацыі
Слоніма немцамі, якія хацелі паказаць сябе ў пэўнай ступені больш талерантнымі,
чым рускія, ксёндз Клам, як слонімскі бурмістр, дабіўся ад іх дазволу на
адкрыццё першай “польскай школы” [2, ,л.2]. Яна пачала працу з мая 1916 года на
падставе праграмы сярэдняй школы імя Сташыца ў Варшаве. У першай палове дня яе наведвалі
65 хлопчыкаў, а ў другой - 82 дзяўчынкі. Дырэктарам школы быў ксёндз Клам, але
ўжо ў лістападзе 1917 года ён перадаў жаночую школу пад апякунства сясцёр-непакалянак,
пакінуўшы сабе толькі кіраўніцтва мужчынскай школай. Дзве гэтыя школы
знаходзіліся ў кляштарным будынку.
У сакавіку 1918
года памёр ксёндз Клам. Яго замяніў ксёндз Станіслаў Смялоўскі, які ўвёў у
школе праграму гімназіі. Працу ў дадзеным накірунку спыніла вайна з
бальшавікамі. Але ў пасляваенны час, дзякуючы ініцыятывам сясцёр-непакалянак, у
горадзе меліся кадры і магчымасці для адкрыцця пры кляштары Бязгрэшнага зачацця
жаночай семінарыі.
Жаночая
семінарыя ў Слоніме пачала сваю дзейнасць у кастрычніку 1919 года, на месяц
пазней запланаванага, у сувязі з рамонтам кляштару і дэзынфекцыяй былых памяшканняў
шпіталя. Навучанне пачалося на трох курсах семінарыі, а ў 1922/1923 навучальным
годзе з’явіліся яшчэ два. Такім чынам, тэрмін навучання ў семінарыі складаў пяць
гадоў. Пры семінарыі дзейнічала агульная пяцікласная школа, якая пазней стала
дзяржаўнай. Навучанне адбывалася па праграмах Міністэрства Рэлігійных
Веравызнанняў.
Набор першага
года існавання семінарыі склаў 9 вучаніц: 1-ы курс – 6, 2-і – 2, 3-і – 1. У сувязі
з савецка-польскай вайной, навучанне прыпынілася. Працу семінарыя аднавіла
пасля вяртання сясцёр-непакалянак з Памор’я 3 студзеня 1921 года і абрання
першай дырэктаркі – Хелены Саподзька (у манастве – Моніка). Да чэрвеня 1921
года вучаніцы заставаліся на тых самых курсах, на якіх іх сустрэла вайна. У
1922/1923 годзе семінарыю з дадатным вынікам скончылі тры першыя абітурыенткі.
Семінарыя афіцыйна атрымала назву “Прыватная настаўніцкая жаночая семінарыя імя
Маткі Марцэліны Дароўскай” і магчымасць дзейнічаць на правах дзяржаўнай
семінарыі на наступны год.
Ужо ў 1923/1924
навучальным годзе колькасць вучаніц на пяці курсах дасягнула лічбы 103: 1-ы –
28, 2-і – 21, 3-і – 31, 4-ы – 16, 5-ы – 7. Гэтаму садзейнічала адкрыццё пры
семінарыі інтэрната пад кіраўніцтвам Рэўкоўскай Ядзігі (у манастве – Натанаэла),
дзе жылі 40 вучаніц. У далейшым колькасць вучаніц павялічвалася і ў 1925/1926
навучальным годзе дасягнула колькасці ў 225 семінарыстак. Больш 20-ці дзяўчын
штогод скончвалі семінарыю, многія з іх з адзнакай “дадатна” па ўсіх прадметах.
У сувязі з павелічэннем колькасці семінарыстак на курсах было вырашана
падзяліць іх на групы.
У першы год
дзейнасці семінарыі вучаніцы мелі магчымасць пазнаёміцца з прадметамі, якія
выкладаліся адзінаццаццю сёстрамі-непакалянкамі, па рэлігіі, нямецкай і
французскай мовах, маляванню і спевам, працоўнаму навучанню, прыродзе і
геаграфіі. У 1923/1924 навучальным годзе новая дырэктарка семінарыі Ёзэфа
Чарноўская стала выкладаць фізіку, хімію і касмаграфію, Марыя Касцюшка – рэлігію
і методыку педагагічнай падрыхтоўкі, Рэўкоўская Ядзвіга – біялогію і спеў,
Дабжаньская Аляксандра (у манастве – Ада) – геаграфію, Фалтыноўская (у манастве
– Эдварда) – працоўнае навучанне, Домброўская Ёзэфа пасля заканчэння
матэматычна-фізічнага факультэта ў Варшаўскім універсітэце выкладала
матэматыку, Яніна Ельская – гігіену. Своеасаблівая ўвага надавалася польскай
мове і польскай гісторыі, якія выкладаліся на ўсіх курсах некалькімі
сёстрамі-настаўніцамі.
Паступова стаў
змяняцца настаўніцкі склад семінарыі: на змену сёстрам з сярэдняй адукацыяй
прыходзілі сёстры з вышэйшай адукацыяй. Гэта адбывалася не толькі за кошт
замены асабовага складу настаўніц семінарыі, але і па прычыне павышэння ўзроўню
адукацыі сёстрамі. Так, Саподзька Хелена пасля сярэдняй школы закончыла
вышэйшыя курсы імя Бараніцкага ў Кракаве, а ў 1926 годзе атрымала дыплом
паланістыкі.
Семінарысткі
мелі актыўную грамадзянскую пазіцыю, а кіраўніцтва семінарыі садзейнічала іх
працы на глебе даследаванняў гісторыі роднага краю. Так, па ініцыятыве
Слонімскага аддзела ПТК пры семінарыі
пачаў працу краязнаўчы гурток з 12 асоб. У 1932 годзе яго сяброўкі арганізавалі
4 экскурсіі: у Варшаву на злёт (30 красавіка, 18 асоб), у Вільню (30 верасня,
22 асобы), у Жыровічы (15 кастрычніка, 50 асоб), у Грыбава (1 лістапада, 40
асоб). Сяброўкі гуртка раздавалі жыхарам горада матэрыялы краязнаўчага
характару, удзельнічалі ў ахове помнікаў культуры і прыроды, збіралі і
выконвалі беларускія народныя песні. Зацікаўленасцю гуртка стала вывучэнне
народнага адзення, на падставе варыяцыяў якога яны зрабілі калекцыю лялек [1,
л. 19]. Прадстаўніцы гуртка аказвалі вялікую дапамогу Слонімскаму музею. У
пісьме ад 13 сакавіка 1933 года да Ады Дабжынскай, апякункі семінарыі, кіраўніцтва Слонімскага аддзелу ПКТ “сардэчна
дзякуе за бескарыслівую працу” членак кола — Ірыну Славенскую, Пялагію
Бяднашчыкаву і Зянобію Анджэяўскую [1, л. 23].
Апошнім
навучальным годам для слонімскай жаночай семінарыі стаў 1935/1936 навучальны
год. Нягледзячы на спыненне сваёй дзейнасці дасягненні сясцёр-непакалянак на
глебе адукацыі сталі важкім укладам у пашырэнні адукацыйнай прасторы на
тэрыторыі Заходняй Беларусі.
Кыніцы:
1.
Переписка, протоколы собраний, отчёты о
работе Слонимского краеведческого общества и его организаций. Обращение в связи
с открытием музея 20.09.29 г. и приездом в г. Слоним президента Польши //
Государственный архив Гродненской области. – Фонд 551. – Оп.1 – Д.42. – Л.1-41.
2.
Справка по истории возникновения семинарии //
Государственный архив Гродненской области. – Фонд 566.
– Оп.1 – Д.1.
– Л.1-15.
No comments:
Post a Comment