Лакалізацыя гістарычнага цэнтра з’яўляецца
актуальным пытаннем для разумення пэўнага горада як з’явы – сукупнасці розначасовых элементаў-носьбітаў
інфармацыі пра чалавека, аб’яднаных агульнасцю прасторы.
Ужыванне катэгорыі часу ў якасці тоеснасці кошту
ва ўмовах павелічэння ролі інфармацыі робіць лагічным заўзяты пошук людзьмі
“сваіх каранёў”, а навукоўцамі – пачатку рознага кшталту з’яў. Але калі час –
катэгорыя досыць умоўная (у сэнсе ўспрымання яе межаў), то прастора
характэрызуецца акрэсленасцю (перш за ўсё – фізічнай). З гэтай нагоды зыходзіць
аўтар у дадзеным артыкуле, прысвечаным праблеме лакалізацыі гістарычнага цэнтра
Слоніма.
Пад лакалізацыяй (ад лац. localis мясцовы ад locus месца) разумеецца вызначэнне
мясцовасці, у якой знаходзіцца прадмет або адбываецца падзея; абмежаванне
якой-небудзь мясцовасцю; суаднясенне чаго б ні было з пэўным месцам. У якасці сіноніма
лакалізацыі ўжываецца слова месцазнаходжанне.
Гістарычны цэнтр горада разумеецца ў вузкім
значэнні як пачатак, месца нараджэння,
узнікнення.
Пытанне месцазнаходжання гістарычнага цэнтра Слоніма
характарызуецца наяўнасцю двух поглядаў на дадзеную праблему:
Стаброўскі І.І. |
1) І.І.
Стаброўскага, падтрыманага і перапрацаванага В.Р. Супруном, пра першапачатковае
размяшчэнне горада ў трохкутніку, утвораным правым берагам ракі Шчары і
ўпадзеннем у яе ракі Ісы – на тэрыторыі Замосця,
2) Г.І.
Пеха, дапоўненага Я.Г. Звяругаю, пра заснаванне Слоніма на падставе гарадзішча,
якое паўстала на так званым Замчышчы, размешчаным паміж сучаснымі вуліцамі
Опернай, Маякоўскага, Савецкай і Першамайскай (менавіта яна замацавалася ў
гістарычнай навуцы і была абгрунтавана вынікамі археалагічных даследаванняў
1959 і 1968 гг.).
Першым, хто зацікавіўся пошукам месца ўзнікнення Слоніма быў
І. Стаброўскі. Пасля заканчэння вайсковай службы і вяртання на Радзіму ён
актыўна займаўся гістарычнымі і археалагічнымі даследаваннямі края. Нападставе
шматгадовых росшукаў, зыходнай тэзай якіх з’явілася разуменне Слоніма як крэпасці, вакол якой паступова
ўзнікала паселішча, І. Стаброўскі прыйшоў да высновы, што горад
паўстаў на правым беразе Шчары. У 30-я гады ХХ ст. гэтая тэорыя шырока
замацавалася ў асяродку мясцовай інтэлігенцыі. Так, у выданні-аднаднёўцы
Слонімскага гуртка Аб’яднання вайсковай сям’і месцазнаходжаннем старажытнага
горада названа Замосце, “дзе між рэкамі Шчараю і Ісаю знаходзіліся першыя паселішчы
слонімцаў”[1].
“Слонімскі тыднёвік” у 1937 годзе пісаў: “Палажэнне старажытных могілак і
археалагічныя раскопкі сведчаць, што ўзніклы горад размяшчаўся на правым
забалочаным баку Шчары (сённяшняе Замосце)”[2]. Гэтая тэорыя была падтрымана
Б. Александровічам і Г. Гольдбергам. Яна грунтавалася на наступных фактах:
-
Шматлікасць знаходак прадметаў сярэднявечнага
вайсковага рыштунку, якія трапляліся на агародах жыхароў Замосця[3],
-
Наяўнасць старых габрэйскіх (згодна Гольдбергу, XV ст.) і хрысціянскіх
могілак (пры колішняй Віленскай вуліцы, сённяшняй Баграціёна), апошнія з якіх
былі выяўлены і знішчаны падчас правядзення чыгункі праз Слонім[4],
-
Старэйшы ў горадзе драўляны каталіцкі касцёл
Святога Андрэя, на месцы сённяшняга каменнага, уфундаваны на сродкі вялікага
князя Казіміра Ягелончыка ў 1490 г.,
-
Заснаванне ў 1380 г. па дазволу Вітаўта першай
габрэйскай калоніі з мэтаю развіцця гандлю і рамёстваў,
-
Радыяльная планіроўка вуліц, што разыходзіліся
ад плошчы Льва Сапегі[5].
Нягледзячы на гэтыя аргументы, праблема лакалізацыі
гістарычнага цэнтра Слоніма не была вырашана, паколькі рэльеф яго меркаванага
месцазнаходжання не захаваў слядоў былых умацаванняў. І.Стаброўскі неаднаразова
звяртаўся са сваімі разважаннямі на гэты конт да Г. Пеха, які ў той час
займаўся даследваннямі Ваўкавыска.
Пех Г.І. |
У 1946 годзе на месцы ў даваенны час шчыльна
забудаванага Замчышча пры аглядзе вырытай на яго тэрыторыі траншэі [6] на глыбіні каля двух метраў Г.Пех
знайшоў некалькі фрагментаў сярэднявечнай керамікі і кавалак шклянога
бранзалета жоўтага колеру[7]. У 1953
годзе ён правёў на Замчышчы шурфоўку (2х4,2 м), у выніку якой выявіў вялікую
колькасць керамікі, тыповай для гарадоў Панямоння: “пытанне пра тое, дзе шукаць
рэшткі Слоніма, які ўзгадваецца ў летапісах, было ў якойсці ступені вырашана”[8]. У
чэрвені-ліпені 1959 г. на Замчышчы пад кіраўніцтвам Г.Пеха і ўдзеле Слонімскага
краязнаўчага музея былі праведзены паўнавартасныя археалагічныя раскопкі на
плошчы 64 кв.м (раскоп у працэсе працы прыйшлося звузіць да 48 кв. м., паколькі
магутнасць культурнага пласта дасягала 5 м).
Археалагічныя раскопкі ў Слоніме (1959) |
Былі знойдзены шматлікія прадметы,
характэрныя для матэрыяльнай культуры гарадоў Панямоння ХІІ-ХІІІ стст., сярод
якіх вылучаліся вырабы, фрагменты зрубных пабудоў і маставых з дрэва, якія
мясцовая глеба выдатна захоўвае. Сярод імпартаваных прадметаў знойдзены былі
прасліцы, “больш 100 фрагментаў разнакаляровых шкляных бранзалетаў і караляў,
пяць цыліндрычных навясных замкоў”[9]. Я.Звяруга
адзначыў, што “пасля раскопак 1959 года сумненняў у тым, дзе размяшчаўся
летапісны Слонім быць не магло. Не магло быць таксама двусэнсоўнага адказу на
пытанне, дзе ў будучым працягваць археалагічныя працы”[10].
Звяруга Я.Г. |
У 1969 годзе працяг даследаванняў на Замчышчы
ініцыяваў Інстытут гісторыі БССР. Кіраваў раскопкамі Я. Звяруга. Былі
закладзены два раскопы агульнай плошчай 168 кв.м (120 кв.м і 48 кв.м). На падставе
даследванняў Я. Звяруга зрабіў выснову пра “вялізнае падабенства матэрыяльнай
культуры Слоніма з іншымі чарнарускімі гарадамі і перш за ўсё з размешчаным па
суседству Ваўкавыскам”[11].
Гарадзішча, лакалізаванае на Замчышчы, мела форму
чатырохвугольніка. Згодна Я. Звярузе, які звярнуўся да плана горада 1825 года, гарадзішча
было абмежавана з поўдня і ўсхода стромкімі схіламі, а з поўначы і захада –
ровам. Мост, які злучаў Замчышча з астатняй гарадской тэрыторыяй, размяшчаўся з
паўночнага боку: “нажаль, у выніку шматлікіх перабудоў больш позняга часу
ўмацаванні горада на паверхні не захаваліся”[12]. Была
зроблена выснова, што паселішча на Замчышчы ўзнікла ў ХІ ст. і менавіта яно
з’яўляецца пачаткам Слоніма. Праводзячы аналогіі з Навагрудкам, Гродна і
Ваўкавыскам, Звяруга адзначаў магчымасць існавання ў Слоніме дзвюх ліній
абароны – унутранай (дзядзінец) і знешняй (вакольны горад). Адкрыты пасад
даследчык лакалізаваў “паміж Замчышчам і выпрастаным рукавом р. Шчары”[13].
Слонімскае Замчышча на карце часоў Літоўскай губерні (1796-1801) |
Замчышча на карце Слоніма 1828 г. |
Размяшчэнне слонімскага пасада (згодна Звярузе Я.Г.) |
Рэканструкцыя Услоніма (згодна В.Супруну) |
В.Супрун |
-
Назва
Замкавай плошчы (сённяшняй Льва Сапегі) і Замкавай вуліцы, якая ад яе
адыходзіла на захад (у далейшым частка яе была названа Мастовай, сённяшнія
вуліцы Янкі Купалы і Камсамольская),
-
Існаванне ў
горадзе двух замкаў – Верхняга (на месцы Замчышча), і Ніжняга (на месцы плошчы
Льва Сапегі),
-
План горада
1795 г., на якім добра прыкметныя абрысы колішняга ўзвышша на месцы плошчы Льва
Сапегі і радыяльная планіроўка вуліц, характэрная для старажытных гарадскіх
цэнтраў.
Замосце на плане Слоніма 1795 г. |
У 1980-х гг. у Слоніме праводзіліся разведкавыя раскопкі
(кіраўнікі экспедыцый Н.Здановіч, А.Краўцэвіч – 1983 г., І.Ганецкая, Н.Здановіч
– 1988 г.), якія маглі б адказаць на мэтазгоднасць існавання тэорыі, выдвінутай
І. Стаброўскім і ўдасканаленай В. Супруном, або пацвердзіць высновы Г. Пеха і
Я. Звяругі. Задачаю гэтых даследаванняў было прасачыць наяўнасць культурнага
слою ў розных месцах старога горада і вызначыць яго магутнасць, храналогію,
насычанасць знаходкамі, даследаваць воблік матэрыяльнай культуры[17]. Усяго
было ўскрыта 154 кв.м. На іх падставе А.Краўцэвіч заўважыў, што “ўсё ж на
існуючы момант мы маем больш доказаў для высновы аб знаходжанні дзядзінца на
левым беразе Шчары” [18]. Аргументацыі І.
Стаброўскага і В. Супруна А. Краўцэвіч супрацьпаставіў наступнае:
-
Вынікі археалагічных раскопак, згодна якім
акрамя наслаенняў ХІ-ХІІІ стст. на Замчышчы, такія ж ёсць і на пасадах,
-
Правядзенне аналогіі з іншымі беларускімі
гарадамі сведчаць, што замкі XIV-XVII
стст. размяшчаліся на месцы дзядзінцаў,
-
Наяўнасць могільнікаў на правым беразе Шчары
сведчыць не аб цэнтры горада, а, наадварот, паказвае на яго ўскраіну,
-
Першы касцёл у горадзе не абавязкова будаваўся ў
цэнтры.
Нягледзячы на свае заўвагі, А.Краўцэвіч пакідаў
магчымасць ранейшага засялення правабярэжжа Шчары і адзначаў, што “гэта павінны
высветліць далейшыя раскопкі”[19].
На сённяшні момант найбольш навукова абгрунтаваным
месцаразмяшчэннем гістарычнага цэнтра Слоніма з’яўляецца так званае Замчышча. Але
нельга пакінуць па-за ўвагай тэорыю І. Стаброўскага, развітую В. Супруном.
Варта адзначыць шэраг момантаў, якія звяртаюць на
сябе ўвагу:
1)
Месцаразмяшчэнне пасада “паміж Замчышчам і
выпрастаным рукавом р. Шчары”[20]. І.
Ганецкая, са спасылкаю на А. Краўцэвіча, адзначыла, што “шурфы пацвердзілі
наяўнасць пасаду ХІІ-ХІІІ стст. Уздоўж левага берагу Шчары на адлегласці
прыкладна ў 200 і 500 м уверх па плыні ракі”[21]. Аднак
рабіць такія высновы на падставе шурфоўкі і некалькіх знаходак керамікі XII-XIII стст. на мацерыку
без дэталёвага даследавання большай тэрыторыі заўчасна. Тым больш, згодна
Гольдбергу, да часу будаўніцтва малога канала Агінскага: “Уся прастора паміж дамбаю
і Шчараю была забалочанай тэрыторыяй на якой жыхары горада выкідвалі напрацягу
некалькіх вякоў смецце і адыходы, хочучы такім чынам яго асушыць”[22]. Ён жа
зазначае, што менавіта правядзенне канала прывяло да засялення гэтай тэрыторыі:
“Адток часткі вод ад Шчары да каналу прычыніўся вельмі да дрэнажу і асушэння
большай тэрыторыі, што зрабіла магчымым правядзенне і забудаванне вуліц
Жабінкі, Абалоні і часткі Мастовай, што знаходзіцца паміж каналам і Шчараю”.
Гэта пацвярджаюць і планы горада часоў Расійскай губерніі, на якіх паказана
паступовая забудова дадзенага раёна.
2)
Даступнасць Замчышча да ракі, якая наблізілася
да яго ў выніку правядзення малога канала Агінскага. На плане 1832 г. рэчышча
Шчары называецца “Старая рака” і працякае побач з Замосцем. Гэта патрабуе больш дасканалага вывучэння, паколькі ставіць пад пытанне тэзу аб
працяканні ракі Шчары побач з Замчышчам, адпаведным чынам пазначанай на
рэканструкцыі горада Слоніма канца XVII ст., выкананай А.Д. Квітніцкай.
3)
Патрэба ў большым аб’ёме даследаванняў Замосця,
перш за ўсё побач з плошчаю Льва Сапегі. Закладзеныя тры шурфы і дзве траншэі
каля касцёла св. Андрэя выявілі культурны слой з “матэрыяламі XVI-XIX стст.”[23]. Аднак
яны не закранулі тэрыторыю меркаванага, згодна В. Супруну, месцаразмяшчэння
гістарычнага цэнтра Слоніма, адзначанага на плане горада 1795 года ўзвышшам,
частка абрысаў якога пазначана на плане горада часоў Літоўскай губерніі
(1796-1801). Гэтае ўзвышша было спачатку часткова забудавана ткацкай фабрыкай
Навасільцава ў 1820 годзе. Тэрыторыя побач з ім была забалочана пасля
будаўніцтва млыноў Кушаля Куніцы паміж сажалкай (сённяшняе Лабазоўскае возера)
і ракою, якія садзейнічалі забалочванню рэчышча Шчары ў бок Ісы[24]. У
выніку будаўніцтва Баранавіцка-Беластоцкай лініі чыгункі праз Слонім у
1885-1886 гг. гэтае ўзвышша было зрэзана.
Такім
чынам, прынятая ў навуцы лакалізацыя гістарычнага цэнтра Слоніма на
месцы так званага Замчышча пакідае пытанні, якія не могуць дазволіць канчаткова
вырашыць гэтую праблему. Яна патрабуе дадатковых, у першую чаргу, археалагічных
даследаванняў на плошчы Льва Сапегі і Замчышчы, на якім пакуль так і не былі
выяўлены абарончыя ўмацаванні ці іх рэшткі. Таму нельга з усёй упэўненасцю
гаварыць пра немэтазгоднасць тэорыі І. Стаброўскага аб размяшчэнні гістарычнага
цэнтра горада на правым беразе Шчары, або адрынуць сфармуляваны на гэтай
падставе погляд В. Супруна пра адначасовае развіццё Слоніма паабапал ракі. Тым
больш, што згодна акадэміку Б.А. Рыбакову, прагістарычныя грады і прыселкі
размяшчаліся звычайна не па аднаму, а па-некалькі, групамі і гнёздамі[25].
[1] Mitta Hoppe. Słonimskie wymianki kronikarskie // Stowarzyszenie Rodzina
Wojskowa Koło Słonim: jednodniówka. – Słonim. – 1937. – 3 lut. – 4-5 s, s.
4.
[3] Супрун В.Р. Дзеі над Шчарай: (З гісторыі зямлі
Слонім.) / В.Р. Супрун. – Слонім: Слонім. Друк., 2000. – 168 с., с. 36.
[7] Зверуго Я.Г. Археологические раскопки в Слониме // Беларускія старажытнасці. – Мн., 1972. – с. 248-289,
с. 248.
[11] Тамсама, с. 275.
[12] Зверуго Я.Г. Верхнее Понеманье в ХІ – ХІІІ вв. / Под ред. П.Ф. Лысенко. – Мн., 1989. – 208 с., с.73.
[13] Тамсама.
[14] Супрун В.Р. Позірк у мінулае / В.Р. Супрун // Золак
над Шчарай; рэд. С.А. Прасняк. – Слонім, 1994. – С. 100-115, c. 100.
[15] Супрун В. Дзеі над Шчарай, с.35.
[16] Тамсама.
[17] Ганецкая І., Здановіч Н. Раскопкі старажытнага
Слоніма // Гістарычна-археалагічны зборнік. - № 10. – Мн., 1996. – с.112-128.,
с. 112.
[18] Краўцэвіч А.К. Гарады і замкі Беларускага Панямоння XIV-XVIII стст.: Планіроўска, культурны слой. – Мн., 1991. –
171 с., с. 98.
[19] Тамсама, с. 99.
[21] Ганецкая І., Здановіч Н. Раскопкі старажытнага
Слоніма, с. 112.
[23] Краўцэвіч А., с. 47.
No comments:
Post a Comment