6 студзеня 1924 года ў
Слоніме па вуліцы Студэнцкай № 6 адбыўся ўстаноўчы сход
этнаграфічна-археалагічнага таварыства (далей – СЭАТ).
Стаброўскі І.І. (1870-1968) |
Дадзеная падзея была
падрыхтавана руплівай дзейнасцю Стаброўскага Іосіфа Іосіфавіча (1870-1968). Дваранін
па паходжанні, палкоўнік царскай арміі, больш трыццаці гадоў на ваеннай службе,
удзельнік першай сусветнай і грамадзянскай войнаў, пасля савецка-польскай вайны
ў 1921 годзе вярнyўся ў сямейны маёнтак Орлавічы на Слонімшчыне і
цалкам прысвяціў вольны час любімай справе – даследаванню гісторыі роднага края.
Стаброўскі І.І. асабліва цікавіўся нумізматыкай, мінералогіяй і меў
археалагічную падрыхтоўку - у 1917 годзе скончыў Маскоўскі археалагічны
інстытут [1], а ў 1920-1921 з’яўляўся слухачом Вышэйшых Археалагічных курсаў
Таварыства археалогіі, гісторыі і этнаграфіі пры Самарскім дзяржаўным
універсітэце [2]. На Радзіме Стаброўскі заняўся даследаваннем гісторыі родных
яму мясцін, чым здолеў зацікавіць прадстаўнікоў слонімскай інтэлігенцыі і нават
свае ідэі прывіў афіцэрам размешчанага ў горадзе 79-га польскага пяхотнага
палка, якія перадавалі даследчыку знойдзеныя імі прадметы гістарычнага
характара [3, арк. 22].
Праз тры гады пасля
вяртання на радзіму Стаброўскі пры дапамозе невялікага гуртка, які складаўся з
моладзі, арганізаваў СЭАТ. Дзякуючы становішчу ў грамадстве і апантанасці
справай, яны заручыліся падтрымкай мясцовых улад. 5 кастрычніка 1923 года было
атрымана пісьмо слонімскага старасты за № 5314 “у справе арганізацыі Таварыства”,
дзе ішла гаворка аб тым, што аб’яднанне абавязваецца дакладваць у староства аб
прынятых на ім рашэннях [4, арк. 2]. За месяц да адкрыцця таварыства, прадстаўнікі
слонімскай інтэлігенцыі атрымалі запрашэнні на ўстаноўчае паседжанне.
Заснавальнікамі СЭАТ былі:
Карказовіч (стараста Слонімскага павета), Бараноўскі, Вацлаў Броніч, Сновік
Галінайціс, Вацлаў Керубовіч, Канстанцыя Ельская, Алена Курсноўская, Мечыслаў
Куткоўскі, Эдмунд Мікульскі, Вацлаў Пратасовіч, Пётр Пратасовіч, Стэфанія
Пальхоўская, Ян Стравінскі, Іосіф Стаброўскі, Ігнаць Валадковіч [4, арк. 2].Такім
чынам, на пачатку сваёй дзейнасці СЭАТ налічвала 15 чалавек. Не ўсе з іх
удзельнічалі ў навуковай працы Таварыства, але мецэнацкія функцыі многіх з
заснавальнікаў (напрыклад, старасты Карказовіча) толькі садзейнічалі навуковым
даследаванням. Сярод “заступнікаў” таварыства ў пратаколе паседжання згадваюцца
Уладзіслаў Еман, Нарыміч Міхальскі, Канстанцыя Ельская [4, арк. 2].
На першым арганізацыйным паседжанні
(6 студзеня 1924г.) было прынята рашэнне аб выбары кіраўніка, скарбніка і
сакратара праўлення СЭАТ. Кіраўніком абраны Стаброўскі І.І., скарбнікам стаў
Ігнаць Каркозаў, чалавек, які не згадваецца сярод ганаровых заснавальнікаў. На
гэтым жа паседжанні быў прыняты праект устава, падпісаны ў трох экзэмплярах і
пазней прадстаўлены слонімскаму староству для “легалізацыі”.
Так 6.01.1924 г. у Слоніме пачало сваю працу этнаграфічна-археалагічнае
таварыства. Наконт рэгулярнасці яго паседжанняў не маецца дакладных звестак, але яно сапраўды працавала, пацверджаннем чаму з’яўляюцца асабістыя запісы Стаброўскага аб адным з іх: “Праграма этнаграфічнага
з’яднання беларускай люднасці ў Слонімскім павеце і суседніх паветах” [4, арк. 4] і план магчымага
выступлення Стаброўскага [4, арк. 3]. План па пунктам апісвае
асноўныя накірункі жыцця і дзейнасці беларуса, закранае не толькі асаблівасці знешняга выгляду ці хатняга
жыцця (радкі
пад назвай “уборы”, “сядзіба”,
“кухонны посуд”, “сталовы посуд”, “пасцель”, “сталы і крэслы”, “млыны і ступы”,
“прадукты”), але павярхоўна адлюстроўвае і духоўнае жыццё нашага народа (“помнікі
паганства”, “варажба”, “прароцтвы”, “сакрэты чараўнікоў”, “звычаі: спосаб
вітання, прыняцце госця”, ”Велькі пост”, ”Вялікдзень”). Стаброўскі выдзяляе
асабліва значныя “абрады”: ”Нарадзіны і хрысціны”,”Залёты і заручыны”,
”Вяселле”, “Пахаванне”. У плане змешчаны пункты, якія закранаюць гаспадарчае
жыццё беларускай вёскі: “Паляванне”, “Рыбалоўства”, “Гандаль”, “Гаспадарства”,“Пакорм”,
“Патравы”. Асабняком ад вышэй акрэсленых галін жыцця простага беларуса ў плане
размешчана “Медыцына простага люду”. У гэтым раздзеле Стаброўскі І.І. вылучае
лекі “для люду” і “для жывёлы” [4, арк. 3]. Гэты дакумент сведчыць аб шырокай,
змястоўнай інфармаванасці Стаброўскага аб жыцці роднага народа і навуковых
даследаваннях у вобласці этнаграфічнай спадчыны беларусаў.
Для разумення
накіраванасці працы этнографа-археалагічнага Таварыства трэба засяродзіць увагу
на праграме паседжання, для якога Стаброўскі склаў свой план: 1. Статыстычныя
дадзеныя аб колькасці беларусінаў і пасяленняў; 2. Геаграфічны і кліматычны
агляд краю; 3. Тыпы фізічнай уласнасці; 4. Харчаванне; 5. Адзенне; 7. Жыллё; 8.
Камунікацыі; 10. Шлюб, гадаванне дзяцей; 11. Маральнасць; 12. Грамадскія
сабранні;13. Эканамічны і сацыяльны строй;14. Рэлігійныя абрады, забабоны; 15.
Святы, забавы, пахаванне; 16. Паданні, песні; 17. Хваробы і іх лячэнне і
знахарства; 18. Беларусінская мова [4, арк. 4].
Пасля
заснавання СЭАТ Стаброўскі І.І. распачаў археалагічнае вывучэнне тэрыторыі
вакол уласнага маёнтка “Орлавічы”. Тут ён сутыкнуўся з праблемай разбурэння
курганнага могільніка на вясковых могілках. Таму 27 красавіка 1927 года Стаброўскі
накіраваў у Навагрудскае ваяводскае кансерватарскае ўпраўленне пісьмо з
прапановай прыняць пад ахову тэрыторыю курганнага могільніка ў Орлавічах і
пераноса сучасных могілак на вылучаны Стаброўскім участак. Да пісьма быў
прыкладзены сітуацыйны план (накід) у маштабе 1:8400. На заклік Стаброўскага
адгукнуўся кіраўнік Польскага Цэнтральнага археалагічнага музея ў Варшаве Раман
Якімовіч. У Орлавічах было выяўлена каля 50 курганаў, размешчаных на паверхні
каля аднаго гектара. Тры з іх 27-28 мая 1927 года былі даследаваны [5, с. 154]. Пры актыўным удзеле Стаброўскага І.І., дзякуючы выдзеленаму ім
пад новыя могілкі кавалку зямлі, у Орлавічах у 1930 годзе з’явіўся археалагічны
парк [5, с. 153].
Акрамя
курганаў каля Орлавіч, знаходзячыся на пасадзе кіраўніка СЭАТ, Стаброўскі
выявіў два курганы на могільніку вёскі Рахавічы. У адным кіламетры на поўдзень
ад вёскі Багданавічы, ва ўрочышчы Самілава, каля могільніка, пры капанні пяску
Стаброўскі знойшоў спаленне дыяметрам 2,5 м і глыбінёю 1,5 м . На адлегласці ў 0,5 км ад Багданавіч, ва
ўрочышчы “Жукаўшчызна”, летам 1927 года пад час узворвання быў знойдзены
жэрнавы камень з грубазярністага граніту [6, с. 175-176]. Актыўную дапамогу ў
арганізацыі археалагічных даследаванняў Стаброўскаму аказвалі сябры СЭАТ.
СЭАТ пад кіраўніцтвам
Стаброўскага І.І. вяло даследаванні гісторыі роднага края, займалася зборам
прадметаў гістарычнага характару, арганізавала ў 1924 годзе выставу сабраных
старадрукаў, сярод якіх выдзяляўся Статут Вялікага княства Літоўскага,
выдадзены ў сярэдзіне XVII ст. на польскай мове, збірала сходы, на якіх прадстаўляліся даследаванні па
культуры беларускага народа. Нажаль, па даследаваных дакументах нельга адказаць
на пытанне, калі дакладна таварыства спыніла сваю дзейнасць. Хутчэй за ўсё,
гэта адбылося ў 1928 годзе, калі ў Слоніме з’явілася аддзяленне Польскага
краязнаўчага таварыства, да якога далучыліся прадстаўнікі СЭАТ, у тым ліку і
Стаброўскі І.І. Дзейнасць СЭАТ садзейнічала пашырэнню краязнаўчага руху,
папулярызацыі вывучэння спадчыны роднага края і падрыхтавала ўмовы для
з’яўлення на Слонімшчыне рэгіянальнага музея. Менавіта за час існавання
Таварыства Стаброўскі І.І. сабраў вялікую колькасць гістарычных каштоўнасцей,
стварыў свае археалагічную і нумізматычную калекцыі. У гэтай працы Стаброўскаму
дапамагалі сябры СЭАТ.
Спіс літаратуры:
1. Дыплом аб сканчэнні Стаброўскім І. І. Маскоўскага
археалагічнага інстытута // Слонімскі краязнаўчы музей. – Вопіс калекцыі
дакументаў Стаброўскага. - КП 7236 / Д 801.
2. Копия удостоверения № 19 Высших Археологических
Курсов Самарского университета на имя Стабровского И. И. // Слонімскі
краязнаўчы музей. – Вопіс калекцыі дакументаў Стаброўскага. - КП 8313/Д 2041.
3. Инвентарная книга учета экспонатов и материалов Слонимского областного
краеведческого музея за 1940-1941 гг. // Государственный архив Гродненской области. – Фонд 2744. – Оп. 1 – Д. 6. –
Л. 1-46.
4.
Переписка, протоколы собраний,
отчёты о работе Слонимского краеведческого общества и его организаций.
Обращение в связи с открытием музея 20.09.29 г. и приездом в г.Слоним
президента Польши // Государственный
архив Гродненской области. – Фонд 551. – Оп.1 – Д.42. – Л.1-41.
5. Zabytki z okresu wpływów rzymskich, Średniowiecza i
czasów nowożytnych z Białorusi w zbiórach Państwowego Muzeum Archeologicznego w Warszawie / pod redakcją Andrzeja
Piotrowskiego. -Warszawa 2005, - S. 154.
6. Stabrowski Jozef, Notatki
archeologiczne z powiatu Słonimskego / Stabrowski Jozef // Wedomosci
archeologiczne, t. XIII. – Warszawa, 1935. – S. 175 – 177.
No comments:
Post a Comment