У 1937 ў Слоніме выдавалася газета “Слонімскі тыднёвік” (Tygodnik Słonimski). Яна друкавалася польскай моваю і ўсебакова праводзіла ў жыццё думку пра тое, што лепшыя часы Слонім перажыў менавіта пад уладай Польшчы. Гэта ідэя знаходзіла адлюстраванне ў тэкстах гістарычнага характару. Для прыкладу, прыводжу газетны артыкул "Karta z przeszłości Słonima", які, нягледзячы на невялічкі памер, паказвае пэўны ўзровень успрымання гістарычнага мінулага Слонішчыны з яго памылкамі, недакладнасцямі і палітызаванасцю.
Свята-Троіцкі сабор з былым кляштарам бернардынцаў (Фота захоўваецца ў Слонімскім раённым гісторыка-краязнаўчым музеі) |
Слонім, адзін са старажытнейшых гарадоў на ўсходзе
Рэчы Паспалітай – быў у сваёй далёкай мінуўшчыне тэрыторыяй несупынных бітваў
рускіх і літоўскіх князёў.
Толькі Гедымін, які перадаў свайму сыну Манвіду
княжэнне ў Карачаве і Слоніме звязаў лёс горада з лёсам Вялікага княства
Літоўскага. Першыя кароткія гістарычныя звесткі пра Слонім паходзяць з 1040 г.
(Хроніка Длугаша).
Падобна іншым гарадам памежжа, Слонім быў напачатку
крэпасцю, вакол якой з цягам часу паўстала паселішча.
Становішча старых могілак і археалагічныя раскопкі
сведчаць пра тое, што крэпасць знаходзілася на правым забалочаным беразе ракі
Шчары (сённяшняе Замосце). На выбар месца, напэўна, паўплывалі ўмовы лёгкай
абароны града, які знаходзіўся ў сумежку рэк, а таксама быў абкружаны балотамі.
Аб ролі Слоніма ў тыя часы сведчыць той факт, што
менавіта тут адбываліся з’езды, якія папярэднічалі векапомнай Люблінскай уніі.
З моманту аб’яднання Літвы і Польшчы і ў сувязі з прыняццем хрышчэння ў Слонім
пранікаюць звычаі і культурныя норавы вышэйшага народу.
Галоўную ролю ў гэтым кірунку адыгрывала духавенства,
што наведвала тутэйшыя мясціны ў місійных мэтах. Пабудаваны ў Жыровічах паблізу
горада кляштар з цудадзейным абразом Божай Маці, прыцягваў на Слонімшчыну чародкі
пілігрымаў, сярод якіх знаходзім не толькі магнатаў, але і польскіх каралёў.
Новая эра эканамічнага развіцця Слоніма звязана з наданнем гораду магдэбурскага
права ў 1532 г. Гэтае права вызваляла гараджан не толькі ад цяжару ўтрымання
старасты, але надавала ім ўласнае самакіраване. Польскія каралі надаюць гораду
ўласную пячатку. Кароль Жыгімонт Аўгуст дараваў Слоніму асабістыя землі разам з
вялікім лесам, які па сённяшні дзень з’яўляецца ўласнасцю гміны г. Слоніма.
Асаблівая роля ў развіцці горада належыць слонімскаму старасту Льву Сапезе. Для
ўвекавечвання яго заслуг Жыгімонт ІІІ Стары надаў Слоніму ўласны герб з ільвом,
трымаючым падвойны крыж.
Сваю душу ў справу культурнага ўзвышэння гораду ўклаў
гетман Агінскі. Ён заснаваў у Слоніме оперу (адна з першых у Польшчы), заклаў
друкарню і пабудаваў цэлы шэраг будынкаў.
Векапомнаю справаю Агінскага з’яўляецца канал, які
злучае Шчару з Ясельдаю. Гэты канал стварыў умовы для развіцця мясцовага гандлю
і тым самым садзейнічаў павелічэнню дабрабыту горада.
Далейшае развіццё Слоніма было спынена нешчаслівымі
падзеямі 1795 года.
Пасля другога падзелу Польшчы Слонім быў далучаны да
Расійскай імперыі.
No comments:
Post a Comment