Спробы абагульняльнага адлюстравання
развіцця айчыннага краязнаўства бяруць свой пачатак з кнігі Г.А. Каханоўскага.
Нягледзячы на пэўныя дасягненні, да сённяшняга часу няма канцэптуальных прац па
айчыннаму краязнаўству, як няма і спецыяльных работ, прысвечаных краязнаўчаму
руху ў Слонімскім павеце ў міжваенны час. Аднак некаторыя факты развіцця яго
асноўных накірункаў былі асветлены ў працах шэрагу айчынных даследчыкаў, сярод
якіх вылучаюцца Аляксееў Л.В, Ёрш С., Несцярчук Л.М., Супрун В.Р., Цітовіч
І.У., Чыгрын С.М.
Слонім |
Краязнаўству і археалогіі на Беларусі ў
XVI – 30-я гг. ХХ стст. прысвечана праца Л.В. Аляксеева. Аднак у яго кнізе не
знайшлося месца адлюстраванню развіцця рэгіянальных даследаванняў на тэрыторыі
Заходняй Беларусі ў міжваенны час. У рабоце Аляксеева згадваецца асоба
Стаброўскага І.І. і яго першы археалагічны артыкул, але датаю заснавання
Слонімскага музея называецца 1924 г. [4, с. 159], што не адпавядае рэчаіснасці.
![]() |
І.І. Стаброўскі |
Развіццё краязнаўчага руху ў Заходняй
Беларусі аналізуе І.У. Цітовіч [74], які адзначыў уплыў на яго развіццё
палітыкі ўлад Другой Рэчы Паспалітай. Вызначальным фактарам станаўлення руху,
на думку І.У. Цітовіча, была барацьба двух ідэалогій – рэгіаналізма
(прадстаўнікі польскага грамадства) і краёвасці (прадстаўнікі інтэлігенцыі беларускага
паходжання). Рэгіяналізм, на думку аўтара, быў прынесены палякамі з мэтай
асіміляцыі, у адрозненне ад краёвасці, якая была сфарміравана мясцовай
інтэлігенцыяй у ХІХ ст. З’яўленне польскіх краязнаўчых ўстаноў у першую чаргу
было выклікана імкненнем “замяніць сепаратыстычную краёвасць лагодным польскім
рэгіяналізмам” [74, с. 267]. Менавіта з пашырэннем краёвасці на землі былога
ВКЛ Цітовіч І.У. звязвае распаўсюджванне ў Заходняй Беларусі філій ПКТ як
асноўных прадстаўнікоў рэгіяналізму. У артыкуле “Краязнаўчы рух на тэрыторыі
Лунінецкага павета (1921-1939 г) [75] Цітовіч называе рух “польскім па сваім
ідэалагічным змесце”. Найбольш каштоўнай інфармацыяй у артыкуле з’яўляюцца
дадзеныя пра ТРУЗ.
Ахове матэрыяльнай і духоўнай спадчыны
Беларусі прысвечана кніга Несцярчука Л.М. [44], адзін з яе раздзелаў
характарызуе сітуацыю ў Заходняй Беларусі ў 1921-1939 гг., у якім аўтар робіць
выснову пра тое, што дзякуючы шэрагу арганізацыйных, навуковых і фінансавых
мер, вялікая колькасць помнікаў гісторыі, культуры і архітэктуры былі ўратаваны
ад разбурэння і знішчэння [44, с. 92].

Краязнаўчы рух ў міжваенны час на
тэрыторыі Слонімскага павета знайшоў сваё месца ў перыядычным друку.
Даследаваннем гісторыі перыядычнага руху на Слонімшчыне займаўся краязнавец С.
Ёрш, у артыкуле якога згадваюцца і пэўныя публікацыі і імёны мясцовых
краязнаўцаў міжваеннага перыяду [19].
Важнейшым дзеячом краязнаўчага руху ў
Слонімскім павеце з’яўляецца І.І. Стаброўскі. Без адлюстравння дзейнасці гэтага
чалавека будзе незразумелым развіццё краязнаўчага руху ў павеце як суцэльнай,
пэўнай з’явы. Таму вялікая ўвага ў магістэрскай дысертацыі надаецца менавіта
асобе І.І. Стаброўскага. Першы артыкул, прысвечаны яму, выйшаў у 1968 г. і
належыць С. Новік-Пяюну [46]. У ім распавядаецца пра праведзеную ў 1924 г.
выставу старадрукаў у Слоніме. У 1969 г. з’явіўся артыкул М. Рылко [58], у якім
распавядаецца пра лёс Слонімскага музея ў гады Вялікай Айчыннай вайны, калі
Стаброўскі спрабаваў захаваць ад знішчэння калекцыі музея.
![]() |
С.М. Чыгрын |
Даследаваннем жыцця І.І. Стаброўскага
займаўся слонімскі журналіст і
краязнавец С. Чыгрын. Яго першы артыкул пра Стаброўскага быў надрукаваны ў 1990
г. [79]. У наступным артыкуле, які выйшаў у 1994 г. С. Чыгрын распавёў чытачам
“Газеты Слонімскай” аб жыцці Іосіфа Іосіфавіча пасля 1948 г., выкрыў адносіны
НКУС да слонімца, апублікаваў пісьмо Стаброўскага да урада з просьбаю
“востановіть в незаконно отнятых правах” [80]. Далей аўтар апісвае музей пад
час нямецкай акупацыі, калі зала, прысвечаная ўсталяванню савецкай улады,
змянілася экспазіцыяй “незалежнай Бацькаўшчыны” з партрэтамі дзеячоў БНР і
граматай аб абвяшчэнні незалежнасці БНР. Але дадзеныя артыкулы, нягледзячы на
прадстаўлены багаты архіўны матэрыял, амаль не закранаюць “польскі перыяд”
жыцця Стаброўскага, падрыхтоўку, стварэнне і пачатак дзейнасці Слонімскага
рэгіянальнага музея, створанага пры падтрымцы ПКТ.
![]() |
С.М. Новік-Пяюн |
Шэраг артыкулаў, прысвечаных жыццю і
дзейнасці Стаброўскага, надрукаваў у перыядычным друку журналіст Іосіф Калюта
[32-35]. Іх асновай сталі справаздача навуковай супрацоўніцы Слонімскага музея
Н. Гайдук і ўспаміны паэта С. Новік-Пяюна, які быў сябрам І. Стаброўскага. І.
Калюта напаўняе свае артыкулы сентыментальнасцю, адкрывае перад чытачом
унутраны свет музея, раскрывае глыбінныя пачуцці наведвальніка: “Бо музей ёсць
не што іншае, як Сабор душаў нашых” [32].
Адным з важнейшых дасягененняў
краязнаўчага руху ў Слонімскім павеце стаў рэгіянальны музей. Вывады аб
з’яўленні, развіцці і дзейнасці слонімскага музея зроблены пры апоры на
метадалагічныя падыходы, выкладзеныя Т.Ю. Юрэневай [92].
Развіццё краязнаўчага руху ў Слонімскім
павеце адбывалася на фоне агульнадзяржаўных працэсаў у ІІ Рэчы Паспалітай, якія
характарызаваліся пэўнымі асаблівасцямі на тэрыторыі Заходняй Беларусі,
звязанымі з правядзеннем палітыкі рэпаланізацыі і пераўтварэннем тэрыторыі
рэгіёна ў сыравінны прыдатак. Для характарыстыкі эканамічнай,
сацыяльна-канфесіянальнай і нацыянальнай дынамікі на тэрыторыі Слонімскага
павета былі выкарыстаны працы В.Р. Супруна, польскіх даследчыкаў Дыцыкоўскага
А. і Сасінскага А.
![]() |
В.Р. Супрун |
У кнізе Супруна В.Р. “Дзеі над Шчарай”
[67] з пазіцый нацыянальнай гісторыі разгледжаны падзеі міжваеннага часу,
асноўным зместам якой стала палітыка паланізацыі і адказ на яе ў форме развіцця
нацыянальна-вызваленчага руху. В.Р. Супрун разглядае і сацыяльна-эканамічнае
развіццё павета, характарызуючы яго як пераўтварэнне ў крыніцу сыравіны для
прамысловасці ІІ Рэчы Паспалітай.
Змены ў інфраструктуры Слоніма і павета
акрэслены ў працах польскіх даследчыкаў Дыцыкоўскага А. [97] і Сасінскага А. [117]. Яны напоўнены
вялікай колькасцю факталагічнага матэрыялу, аднак яны горад Слонім называюць
“польскім” [117, s. 106], перастаўшым такім быць пасля 1944 г. На жаль, кніга
“Памяць”, прысвечаная Слонімскаму павету амаль не змяшчае матэрыялаў
прысвечаных міжваеннаму перыяду гісторыі павета, акрамя інфармацыі пра
нацыянальна-вызваленчы рух і дзейнасць КПЗБ і шэрагу іншы палітычных
арганізацый.
Творы, якія людзі ствараюць у працэсе
мэтанакіраванай творчай дзейнасці, наўмысна надзяляюцца імі рэалізаванай,
рэчыўнай матэрыяльнай формай, у якой гэтыя творы могуць свабодна функцыянаваць
у тым ці іншым сацыя-культурным асяроддзі. Гэтыя творы (ці захаваныя іх
фрагменты) цалкам могуць фіксаваць закладзеную ў іх інфармацыю аб людзях, што
стваралі гэтыя творы і таксама (у пэўнай ступені незалежна ад намеру аўтараў),
аб тым гістарычным часе і месцы (хранатопе), у якім узнікненне гэтых твораў і
іх далейшае функцыянаванне аказаліся магчымымі. На гэтым фундаментальным
уяўленні аб крыніцах як з’явах культуры, як рэалізаваным прадукце чалавечай
дзейнасці і заснавана сістэма метадаў крыніцазнаўства, яго метадалогія [28,
с.30-31]. Гістарычная крыніца — матэрыяльны аб’ект, які мае сацыяльную прыроду
паходжання, адлюстроўвае гістарычнае мінулае грамадства, уцягнуты ў сферу
гістарычнага даследавання і служыць сродкам гістарычнага пазнання.
Пры напісанні магістэрскай дысертацыі
былі выкарыстаны архіўныя матэрыялы ДАГВ. У фондзе “Навагрудскае ваяводства”
маюцца дакументы аб складзе “Саюза турыстычнай прапаганды зямлі Навагрудскай”
[9], дзейнасці СЭАТ [10, л. 1-4], Слонімскага аддзела ПКТ і гурткоў краязнаўчай
моладзі [10, л. 17, л. 23-24, л. 27-28], рэгіянальнага музея [10, л. 10-11, л.
18, л. 25, л. 39, л. 41], аб правядзенні на базе музея навуковай дзейнасці [10,
л. 26, л. 38]. У фондзе “Слонимский краеведческий музей” маецца “Інвентарная
кніга” [13], складзеная І.І. Стаброўскім, дзе змяшчаецца інфармацыя аб найбольш
значных экспанатах музея, выдзеленых па шэрагу катэгорый: назва, колькасць,
памеры, месца паходжання, спосаб набыцця, заўвагі. Асаблівую цікавасць дадзены
дакумент выклікае не толькі тым, што дае сістэмную структуру экспазіцый (падзел
на раздзелы), але і ў сувязі з тым, што змяшчае інфармацыю пра рэчы,
перададзеныя ў Літаратурны музей СССР і Музей мастацтва ў Баранавічах. Фонд
“Слонімская дзяржаўная жаночая настаўніцкая семінарыя імя Марцэліны Дароўскай”
прысвечаны дзейнасці ў Слоніме сярэняй навучальнай установы на базе ордэна
бернардынак, у асяродку якой дзейнічаў гурток краязнаўчай моладзі.
![]() |
Слонімскі гісторыка-краязнаўчы музей |
Важнае значэнне пры напісанні
дадзенай работы мелі дакументы, што
захоўваюцца ў Слонімскім гісторыка-краязнаўчым музеі, сабраныя І.І.
Стаброўскім, якія дзеляцца на дзве часткі:
1. “Вопіс
калекцыі дакументаў Стаброўскага”, які ўключае ўлічаныя і ўнесеныя ў каталог
музея дакументы рода Стаброўскіх і самога І. І. Стаброўскіх. Яны датуюцца
1832-1945 гг.
2. “Асабісты
архіў Стаброўскага І.І.” – частка дакументаў міжваеннага, але ў асноўным
пасляваеннага часу (1945-1970), неўлічаныя і не адзначаныя ўласнымі
інвентарнымі нумарамі, сярод якіх змяшчаецца шматгадовая перапіска з уладамі
БССР і СССР, у якіх маюцца каштоўная інфармацыя пра стварэнне і дзейнасць
музея. Тут жа знаходзіцца перапіска з Новікам-Пяюном падчас зняволення апошняга
і да моманту яго рэабілітацыі ў 1958 г.; перапіска з Н. Гайдук, былой супрацоўніцай
музея, якая пасля вайны займала пасаду ў ЦК КП(б) Б.
![]() |
І. Стаброўскі, "Война 1914 года". Першы ліст |
У музеі захоўваюцца рукапісы
Стаброўскага, сярод якіх маюцца тэксты экскурсій і арганізацыі экспазіцый. С.
Новік-Пяюн, знаходзячыся на пасадзе дырэктара музея, звяртаўся да Наркамата
Асветы з просьбай аб дазволе данесці іх да шырокага кола музейных супрацоўнікаў
рэспублікі. Дадзеныя працы, перш за ўсё, уяўляюць сабой кампіляцыйныя творы,
але у той жа час раскрываюць уласныя погляды Стаброўскага па шырокаму колу
пытанняў: ад з’яўлення першых людзей на тэрыторыі Слонімскага павета да тэорыі
адноснасці Эйнштэйна. Адзін з яго твораў называецца “Моя энциклопедия”, у якой
маецца вялікая колькасць асабістых выпісак на рускай і польскай мове з розных
твораў тлумачальнага характару. Захаваліся наступныя рукапісныя працы І.І.
Стаброўскага: “Православие, католичество и уния. Взаимные их отношения в
Слонимщине” [66], “Каменный век (неолит) в Слонимщине и соседних районах” [65],
“Хронология Слонимщины и соседних районов”, “Симметрия и красота в Природе”, “Война
1914” [64]. Сярод рукапісаў захоўваецца аўтабіяграфія Стаброўскага, якую ён
склаў у 1960 г. і дзе ў канспектатыўным выглядзе адлюстраваў сваё жыццё з
падрабязным пералікам дасягненняў, асабліва падрабязна спыніўшыся на гадах
вайсковай службы, распісаўшы ўдзел у камісіях, камандзіроўках, прачытаных
дакладах, удзеле ў арганізацыі краязнаўчага руху і г.д. [2]. Захаваліся яго
паслужныя спісы [52, 53] і ўспаміны пра першую сусветную вайну [64], якія разам
з аўтабіяграфіяй дазваляюць аднавіць жыццёвы лёс пад час яго вайсковай службы.
Публікацыі слонімскіх краязнаўцаў
знайшлі сваё месца ў перыядычным друку, як агульнадзяржаўным (Ziemia), так і
рэгіянальным (Gazeta Słonimska, Slonimer Wort, Tygodnik Słonimski).
У часопісе ПКТ “Ziemia” знайшлі месца
артыкулы М. Дрэўко пра слонімскі музей [98], В. Харкевіча пра станаўленне
вяслярства і пра дзейнасць Марской і каланіяльнай лігі (далей – МіКЛ) [96]. У
часопісе адлюстраваны краязнаўчы рух у межах ІІ Рэчы Паспалітай, асноўныя яго
накірункі і тэндэнцыі, якія праявіліся ў яго арыентацыі на мяжы 20-30-х гг. на
развіццё сувязей з турызмам.
У рэгіянальным друку знайшлі месца
даследаванні мясцовых краязнаўцаў, сярод якіх вылучаецца Karta z przeszłości Słonima” [100], дзе
выкладзены асноўныя падзеі гісторыі Слонімскага павета.
Навуковыя дадзеныя пра археалагічныя
даследаванні Слонімскага павета выкладзены ў часопісе “Wiadomości
archeologiczne” [123], а ўяўленні пра Слонімскі павет ў кнізе Б. Александровіча
[93]. У якасці крыніцы і навуковай літаратуры ў магістэрскай дысертацыі
выкарыстаны спадарожнікі.
Пры даследаванні дзейнасці слонімскага
аддзела ПКТ выкарыстоўваліся статуты, штогоднікі і справаздачы з яго дзейнасці.
Вялікая колькасць крыніц,
характарызуючых развіццё краязнаўчага руху ў Слонімскім павеце ў міжваенны час
змяшчаецца ў Велькапольскай лічбавай бібліятэцы
(http://www.wbc.poznan.pl/dlibra) і агульнаеўрапейскай лічбавай бібліятэцы
(http://www.europeana.eu).
Такім чынам, пры напісанні магістэрскай
дысертацыі аўтар імкнуўся выкарыстаць найбольш поўнае кола крыніц розных тыпаў,
якія прысвечаны краязнаўчаму руху ў Слонімскім павеце ў міжваенны час. Рознае
паходжанне крыніц, разнастайнасць іх тыпаў стварала магчымасць праводзіць іх
карэляцыю, дазваляла крытычна аналізаваць падазеныя ў іх звесткі і суадносіць
іх з фактамі, які узгадваюцца ў гістарыяграфічнай літаратуры. Гэта павінна было
стаць асновай аб'ектыўнага падыхода да ацэнкі асаблівасцяў краязнаўчага руху на
Слонімшчыне.
No comments:
Post a Comment