Ва
ўсе часы чалавек намагаўся растлумачыць з’явы, якія адбываліся вакол яго, каб
не толькі ўцяміць, чаму ж менавіта так дзеецца, але і паўплываць на іх, і нават
паспрабаваць прадбачыць тыя ў далейшым. Сёння мы маем для гэтага навуку, якая,
у адрозненні ад “навукі” нашых продкаў, не заўсёды можа ўсё патлумачыць простай
моваю і даць зразумелы адказ. Пад гэтаю “навукаю” я маю на ўвазе міфалагічныя
ўяўленні нашых продкаў, у якіх ўвасаблялася багацце бязмежнай фантазіі беларускага
народа, напоўненага думкамі, быццам неба зоркамі. Яна захоўвалася не толькі ў
паданнях і легендах, якія тлумачылі незвычайныя, выключныя з’явы, але адносілася
таксама да самых звычайных жыццёвых момантаў і замацоўвалася ў казках, прыказках,
прымаўках і нават загадках. Сёння цяжка адразу зразумець такую папулярную на
Слонімшчыне ў пазамінулым стагоддзі прыказку як “Біў бацька, будзе і пшаніца”
ці даць адказ на загадку “Стаяць дзяды над вадою і трасуць барадою” (Чарот).
Уяўленні
нашых продкаў былі напоўненыя дзівамі і цудамі як рака вадою. Калісьці тыя
панавалі на тэрыторыі ўсіх славян, але ўжо напрыканцы ХІХ стагоддзя амаль
паўсюль адышлі ў нябыт, за выключэннем Беларусі. Беларус ішоў па жыцці са
словамі “Сьледам за дзедам!” і захоўваў свае традыцыі, якія баранілі яго ад
спусташальных набегаў ворагаў і касмапалітызма. Гэтыя традыцыі ўяўлялі сабою
няпісаны кодэкс звычаяў і складаліся з тысяч формулаў, што ахоплівалі не толькі
сельскагаспадарчую працу, але і самыя дробныя праявы людзкіх паводзінаў і
ўчынкаў. Кожная старонка, кожны сказ у гэтай умоўнай кнізе быў напісаны знакамі
бяды, якія голадам, хваробамі, войнамі і пажарамі разносіліся па вёсках. Тлумачылася
ўсё моваю легенды, якая атрымоўвала асаблівае гучанне зімою, калі людзі мелі шмат
вольнага часу. Чалавек шукаў адказы і знаходзіў іх. Гэта было асаблівым
спосабам захавання ў памяці розных падзей, якія адбываліся з вяскоўцамі.
Вандравалі яны па вёсках усёй Беларусі з жабракамі і лірнікамі і злучалі паміж
сабою нават самыя аддаленыя куточкі нашага краю, і станавіліся агульнай
спадчынаю ўсяго беларускага народа.
Сёння
мы маем магчымасць дакрануцца толькі да парэшткаў гэтай некалі неабсяжнай спадчыны.
Але яшчэ ў ХІХ стагоддзі польскі даследчык Міхаіл Федароўскі (1853-1923) меў
магчымасць пазнаёміцца з усім багаццем вуснай творчасці жыхароў Заходняй
Беларусі. Ён вывучыў нашую мову і напрацягу 1877-1891 гадоў збіраў па
беларускіх вёсках этнаграфічны матэрыял. Прайшоў Пружаншчыну, Ваўкавышчыну,
Навагрудчыну, Лідчыну, ваколіцы Сакулкі і нашую Слонімшчыну. Шмат усяго
цікавага ён занатаваў з паданняў нашай Бацькаўшчыны. Праца гэтая тым
цікавейшая, што перадае багацце мясцовых беларускіх гаворак да часу з’яўлення
літаратурнай мовы, сярод якіх і простая мова нашых продкаў. І хоць намагаўся
М.Федароўскі даказаць сваімі даследаваннямі “польскую” сутнасць жыхароў края, у
чым было яго падабенства з даследчыкамі з усхода, якія мелі намер паказаць
“рускі” змест нашага народа, у выніку яго праца стала чарговым доказам самастойнага
існавання асаблівага беларускага народа, адрознага як ад палякаў, так і ад
рускіх.
М.Федароўскі (1853-1923) |
Не
мог М.Федароўскі зразумець многае з таго, што занатоўваў. Але паспрабуем
зрабіць гэта мы, сённяшнія жыхары Слонімшчыны, каб больш зразумець саміх сябе.
“Як
Русікавай мужык з таго свету паказаўся”
Яшчэ была маладая, як умёр мой першы мужык, а быў ён
надта добры. Я па ём, было, усё плакала, хоць мне суседзі перасцерагалі. Аднаго
разу, пашлі мы з Ляўкевічыхаю пад лес капаць картоплі і завялі гутарку аб
нябожчыку. Так мне, як здумала сваю нядолю, надта трудна на сэрцу стала і давай
лямантаваць. Асё ж, ад магілак ідзе нештась. Падыходзіць бліжэй. Калі гляну,
асё ж, гэта мой муж, нават у той самай адзежы, што яго пахавала. Я чыста
спалохалася! Асё ж, Ляўкевічыха ўпала на каленка і стала гаварыць “Анёл Панскі”
за яго, так і я пачала гаварыць. Так ён пастаяў крышачку, да і завярнуўся і
назад на магілкі пайшоў. Тае самае ночы прысніўся мне і кажа, каб яго ні
пацягаць плачам з магілы, а лепш гаспадаркі глядзець. І кажа мне: “Твая дзеўка
крадзе ў цябе тое і тое”. Я гэта прыпільнавала: асё ж, праўда!
No comments:
Post a Comment