Агонь заўжды выклікаў у чалавека страх
перад яго сілаю. Аднак менавіта дзякуючы прыручэнню агня чалавек здолеў
дасягнуць высокай ступені развіцця матэрыяльнай культуры, пабудаваў вялікія
гарады. У той жа час пры недастаткова пільнай увазе агонь вынішчаў створанае на
працягу дзесяцігоддзяў за лічаныя гадзіны. Так у 64 г. згарэў Рым, у 1666 г.
адбыўся Вялікі лонданскі пажар, які знішчыў 13000 дамоў і 87 цэркваў. А пажары лета 2010 г. на тэрыторыі Цэнтральнай Расіі ўражваюць нас чалавечай
бездапаможнасцю перад маштабам стыхіі.
Слонім. Пасля пажара. 1918 г. |
Часам вялікіх пажараў для Слоніма стала ХІХ
ст. На працягу аднаго стагоддзя жыхары горада пабачылі тры жудасныя па сваіх маштабах
і наступствах пажары (1848, 1875, 1881), некантралюемыя працэсы выгарання,
падчас якіх вялікія гарадскія плошчы пераўтвараліся ў пустэчу.
У выніку пажара 1848 г. Слонім амаль
цалкам выгарэў. Толькі ў 1857 г. былі пераадолены яго наступствы, а ў горадзе
налічвалася 746 драўляныя дамы (у 1843 было 698). Паступова заможныя слонімцы
пачалі ўжываць цэглу і камень у якасці матэрыяла для сваіх пабудоў. У 1857 г. у
горадзе было ўжо 67 каменныя дамы, што амаль у чатыры разы перавышала іх
колькасць у 1843 г.
Горад вельмі хутка рос. Па дадзеных М.
Міхайлоўскага, аўтара кнігі 1891
года «Описание города Слонима», у 1857 г. тут пражывала 9525 чалавек, а
ў 1880 іх налічвалася 13457. Рост насельніцтва выклікаў паскарэнне хаатычнай
забудовы горада драўлянымі дамкамі, прыціснутымі адзін да аднаго, абмежаваных
вузкімі вулачкамі. У такой сітуацыі актуальнай была праблема супрацьпажарнага
стану горада. Аднак гарадскія ўлады не лічылі яе важнай. Нават пажар 1875 г.,
падчас якога выгарэла ўся Берагавая вуліца з больш чым 100 пабудовамі не
выклікаў зменаў у адносінах кіраўніцтва і жыхароў горада да сваёй бяспекі. І
расплата не заставіла сябе доўга чакаць.
Самы вялікі ў гісторыі Слоніма пажар
адбыўся 25 мая 1881 г. Ён пачаўся ў 4 гадзіны раніцы ў драўляным амбары паблізу
хлебапякарні па Жыровіцкай вуліцы. Напачатку пажар не ўяўляў вялікай складанасці.
Аднак узмацніўся вецер, дзякуючы якому агонь перакінуўся ў розныя бакі. Цесна
размешчаныя дамы выгаралі за лічаныя хвіліны. У адным з іх зажыва згарэў
мужчына, а яшчэ адзін будынак заваліў трох жанчын.
Горад гарэў увесь дзень. Будынкі сямі
вуліц былі вынішчаны цалкам, а яшчэ чатырох часткова. Да вечара ад драўлянай
забудовы слонімскага цэнтра засталося адно папялішча. Гандлёвая плошча, вуліцы Школьны
двор, Гандлёвая, Спаская, Паліцэйская, Маставая, Рыбацкая і Татарская
патрабавалі суцэльнага аднаўлення, толькі па некалькі дамоў засталося на
Ружанскай, Жыровіцкай, Студэнцкай і Замкавай.
Усяго згарэла 576 жылых дамоў, больш
паловы ўсіх драўляных дамоў горада. Страты гараджан склалі 845658 руб. Аднак
новай адзнакай часу стала тое, што частка сродкаў была кампенсавана за кошт
страхавых таварыстваў. Яны выплацілі гараджанам 150495 руб. Прычым страхаванне
было найбольш распаўсюджана сярод габрэйскага насельніцтва горада. Адзначаючы
гэтую акалічнасць, М. Міхайлоўскі пісаў: «У поце твару, зарабляючы грош медны,
габрэй тым не меньш страхуе свой домік, сябе і для дзяцей капіталы на прыданае,
- страхуе на дробныя сумы, жыве ўпрогаладзь і ўсё ж не адстае ад страхоўкі».
Акрамя жылых дамоў агонь знішчыў шэраг
грамадскіх пабудоў. Сярод іх – акцызнае ўпраўленне, упраўленне воінскага
загадчыка, казначэйства, габрэйская сінагога і 8 малітоўных дамоў, татарская
мячэць, быў моцна пашкоджаны адзін з каталіцкіх жаночых кляштараў. Нягледзячы
на тое, што пабудовы паабапал Гандлёвай вуліцы згарэлі, гандлёвыя рады са 142
каменнымі крытымі лаўкамі, якія размяшчаліся ў цэнтры вуліцы засталіся
некранутымі. У далейшым гэта стала адным з фактараў хуткага аднаўлення горада.
У агні загінуў архіў гарадской управы, кнігі запісаў, ухвал і дакумнетаў
габрэйскай гміны за 400 гадоў.
Разбурэнні маглі быць значна большыя,
аднак дапамогу гораду аказала альбярцінская
супрацьпажарная каманда. Яна дзейнічала пры суконнай фабрыцы памешчыка
Пуслоўскага ў Альбярціне і мела спецыяльныя прыстасаванні для барацьбы з агнём.
Пажар 1881 года знішчыў 2/3 пабудоў цэнтра
Слоніма і выклікаў кардынальную яго перабудову ў адпаведнасці з новым планам. Пачалося
інтэнсіўнае будаўніцтва каменных дамоў. Калі ў 1878 г. іх налічвалася толькі
102, то ў 1891 г. ужо 324. Гэтаму садзейнічала з’яўленне ў горадзе трох
цагляных заводаў Тэмпы будаўніцтва драўляных дамоў зменьшыліся. У 1878 г. у
Слоніме было 1105 драўляных дамоў. Аднак нават праз дзесяць год пасля пажару
гэта лічба не была дасягнута і ў Слоніме іх налічвалася ўсяго 976, прычым у
асноўным яны размяшчаліся на ўскраінах горада і на правабярэжжы Шчары.
Дрэнны стан супрацьпажарнай бяспекі
выклікаў неабходнасць распрацоўкі шэрагу мерапрыемстваў у дадзеным накірунку.
Гарадская дума прыняла абавязковую да выканання пастанову, згодна з якой усе слонімскія
рамізнікі і вознікі павінны былі дастаўляць ваду на пажар, за што атрымоўвалі з
гарадскіх сродкаў па 20 капеек за бочку вады (у той час сярэдняя заработная
плата наёмнага працоўнага на суконнай фабрыцы Пуслоўскага складала 20-60 капеек
за дзень).
Слонімская супрацьпажарная каманда |
З мэтаю далучэння шырокіх колаў грамадства да барацьбы супраць
пажараў была зроблена спроба заснавання ў Слоніме Вольнага пажарнага
таварыства. Аднак прыняты гарадскою думаю ўстаў не быў зацверджаны з-за боязі
мясцовых прадстаўнікоў царскай улады элементаў грамадзянскай супольнасці. Выгарэлыя
вуліцы былі пашыраны ў сярэднім да 12,8-15,6 м (6-12 сажняў). Сярод іх
вылучаліся сваім прасторам Маставая (42,7 м або 20 сажняў) і Гандлёвая (64 м
або 30 сажняў) вуліцы ,а таксама Гандлёвая плошча шырынёю ў 106,7 м (50 сажняў).
Святкаванне дзесяцігоддзя супрацьпажарнай каманды. Слонім. 1907 г. |
Прынятыя меры прывялі да змяншэння
наступстваў узнікаючых пажараў і садзейнічалі іх лакалізацыі ў самым пачатку. А
ў 1897 г. у Слоніме была арганізавана добраахвотная пажарная служба,
дзесяцігоддзе дзейнасці якой урачыста адзначылі ў 1907 г.
Слонім у агні. 1915 г. |
Пажары змянялі не толькі выгляд слонімскіх
вуліц, але і адлюстроўваліся ў свядомасці гараджан, якія сталі больш увагі
надзяляць бяспецы і ахайна адносіцца да ўласнага жылля. Дзякуючы такім зменам у
псіхалогіі жыхара Слоніма ўдалося захаваць цэнтр горада нават падчас першай
сусветнай вайны, аднак дадзеная асаблівасць не датычыць Замосця, амаль суцэльна
драўлянага, знішчанага ў вераснёўскім пажары 1915 г. і пажары 22 мая 1918 г.
Слонімскі пажар. 22.05.1918 г |
No comments:
Post a Comment