Слонімскае
княства паўстае з туману вякоў у 13-14 стагоддзі, калі сярод яго князёў
засвяціліся імёны Войшалка, Рамана, Васількі і Манвіда. Гэта не значыць, што
іншых не было, проста пакуль мутная вада гісторыі не дазваляе нам іх убачыць.
Ля
вытокаў Вялікага княства Літоўскага
У
сярэдзіне 13 стагоддзя страла гісторыі накіроўвае сваё вастрыё на ўскраіну
былой Кіеўскай Русі, Панёманне, дзе, быццам каралі раскінуліся гарады Чорнай
Русі – Гародня, Ваўкавыск, Слонім, Здзітаў і Наваградак, якім было наканавана
стаць ядром адной з магутнейшых еўрапейскіх дзяржаў. Рэгіён становіцца аб’ектам
актыўнага гандлю на пачатку 1240-х гадоў, калі сюды перамяшчаюцца гандлёвыя
шляхі з поўдня пасля спусташэння мангола-татарамі Паўднёвай Русі, Венгрыі і Польшчы.
Кантактная зона балтаў і славян з’яўлялася сферай уплыву Галіцка-Валынскага
княства, аднак у сувязі з немагчымасцю апошняга спыніць ардынскае нашэсце кіруючая
эліта гарадоў рэгіёна (баярства) паўстала перад праблемаю абароны падкантрольных
тэрыторый.
Правадніком
гэтай ідэі выступіў самы багаты горад Панёмання – Наваградак, баярства якога
для павелічэння ваеннай магутнасці края запрасіла на княскі пасаг Міндоўга,
аднаго з мацнейшых уладароў Літоўскай зямлі, размешчанай у сярэднім цячэнні
Віліі. Такога кшталту “прызванне” было характэрнай з’явай для Русі яшчэ з часоў
Рурыка. Толькі калі ў 9-10 стагоддзі баярства запрашала нарманаў, то ў 13
стагоддзі князёў запрашаюць з ліку балцкіх ваенных правадыроў (Таўцівіла ў
Полацк, Даўмонта ў Пскоў).
Ініцыятыву
Наваградка падтрымалі і іншыя гарады-дзяржавы Чорнай Русі, незацікаўленыя ў
перакачванні рэсурсаў са сваіх княстваў у распараджэнне Галіцка-Валынскага, князі
якога Даніл (1201-1264) і Васілька (1203-1269) Раманавічы не жадалі страты перспектыўных
тэрыторый і адчувалі небяспеку з боку маладога альянса, што мог пераўтварыцца ў
моцную дзяржаву, акумулюючы энергію балта-славянскіх кантактаў і
выкарыстоўваючы выгаднае геаграфічнае размяшчэнне. Сутыкненне выспявала і
вылілася ў шэраг спусташальных ваенных паходаў, у агні якіх замацаваўся саюз
Чорнай Русі з Літоўскай зямлёй і ўзнікла новая дзяржава – Вялікае княства, якое
апіралася на гарады-дзяржавы, цэнтры рэгіянальных княстваў, сярод якіх было і
Слонімскае.
Слонімскае княства |
Барацьба
з Галіцка-Валынскім княствам
Супраць
ВКЛ Раманавічы арганізавалі ваенную кааліцыю, у якую ўвайшлі польскія князі,
аднак тыя не прыслалі войска, падкупленыя “срэбрам і многімі дарамі” ятвягі і
палова жмудзі, а таксама Лівонскі ордэн – усе суседзі, акрамя Полацкага
княства. У 1249/1250 годзе адбываецца паход, пра які захаваўся наступны запіс у
Іпацьеўскім летапісе: “Данилъ же и Василько, братъ
его, розгадавъ со сыномъ, брата си посла на Волковыескь, а сына на Услонимъ, а
самъ иде ко Здитову. И поимаша грады многы и звратишася в домы”.
Галоўнай
мэтаю пахода было авалоданне Наваградкам. Але напачатку Раманавічы вырашылі
нанесці ўдар па яго саюзніках – гарадам-дзяржавам
Чорнай Русі, якія знаходзіліся паміж крайнімі кропкамі маладога альянса –
Гародняй і Наваградкам. Пасля нарады, войскі былі падзелены на тры часткі:
Даніл павінен быў захапіць Здзітаў, у той жа час яго сын – Раман – авалодаць
Слонімам, а брат Васілька – падпарадкаваць Ваўкавыск. Аднак планы былі разбітыя
аб мужнасць абаронцаў і ніводзін горад не быў захоплены. Таму летапісец і
пазначыў стандартны ў такіх выпадках туманны запіс, які павінен быў
закамуфляваць паразу: “И поимаша грады многы и
звратишася в домы”. Ваенныя дзеянні працягваліся ў 1250 годзе. Актыўны ўдзел у
іх прыняў Лівонскі ордэн, які пакінуў кааліцыю Раманавічаў пасля хрышчэння па
каталіцкаму абраду Міндоўга ў 1251 годзе (да гэтага Міндоўг, каб атрымаць
наваградскі пасаг прыняў праваслаўе) і стаў саюзнікам маладога альянса Чорнай
Русі з Літоўскай зямлёй. Саюз быў замацаваны каранацыяй Міндоўга ў 1253 годзе.
Галіцка-Валынскае княства (паводле украінскіх гісторыкаў) |
Войшалк і Раман
У гэты час кіраўніком Слонімскага княства быў сын Міндоўга
Войшалк (1223-1267), які таксама валадарыў у Ваўкавыску, а пасля прыняцця
каталіцтва яго бацькам часова нават стаў кіраўніком Наваградка. Хутчэй за ўсё,
менавіта ён кіраваў абаронай ад Раманавічаў, паспяховыя дзеянні супраць якіх
дазволілі пасля пяці гадоў вайны заключыць у 1254 годзе мір, у выніку якога гаспадаром
Наваградскім, Слонімскім, Ваўкавыскім і “все города” стаў сын
галіцка-валынскага князя Данілы – Раман (каля 1230 – 1258). Галіцка-Валынскаму
княству не ўдалося ўключыць Чорную Русь у свой склад і прыйшлося прызнаць новую
дзяржаву за яе згоду на васальную залежнасць. Прычым асабіста Раман стаў
васалам Міндоўга, які захаваў за сабою Літоўскую зямлю.
Войшалк |
Войшалк жа адпраўляецца ў Палонінскі манастыр на Валыні,
дзе прымае манаскі сан. Пасля некалькіх год жыцця ў манастыры ён адпраўляецца ў
паломніцтва на Святую Гару (Афон), але “И не може доити Святое Горы и воротися
в Болгарѣхъ”. Каля 1257 года разам з 10-12 манахамі Войшалк заснаваў на Нёмане
манастыр, які пазней стануць называць Лаўрышаўскім.
Вайна з Бурундаем
і Раманавічамі
У 1258 годзе ў справы Галіцка-Валынскага княства ўмешваюцца
мангола-татары. Каб прадухіліць аднаўленне яго манутнасці, мангольскі
ваеначальнік Бурундай вырашыў ліквідаваць саюз з ВКЛ і таму ініцыяваў ваенны
паход на Панёманне. У гэты час Войшалк узначаліў абарону ад татараў і войск
Раманавічаў, якія прайшлі праз рэгіён і сталі рабаваць Літоўскую і Нальшанскую
зямлю. Даніл разумеў: каб замацаваць поспех неабходна захапіць Войшалка і яго
саюзніка Таўцівіла. Для гэтага ён авалодаў Ваўкавыскам і паланіў князя Глеба.
Войшалка ў горадзе не было, таму на яго пошукі адпраўляюцца ў розныя накірункі
атрады. Аднак у выніку “вялікага зману”, як адзначае Іпацьеўскі летапіс, у
палон да Войшалка патрапіў сын Данілы Раман.
Што ж у гэты перыяд адбывалася ў Слоніме? Ці пацярпеў горад
ад татараў і войск Раманавічаў? Летапіс аб гэтым напрамую нічога не гаворыць.
Аднак гэта таксама інфармацыя! Пасля таго як Даніл згадзіўся на ўдзел у паходзе
разам з мангола-татарамі, яго сын Раман страціў права на кіраванне
гарадамі-дзяржавамі Панёмання. Войшалк здымае манаскі строй і становіцца начале
Чорнай Русі. Раман патрапіў у палон і яго імя болей не згадваецца на старонках
летапісу. Даніл вырашыў вярнуць сына, але не ведаў, у якім накірунку яго і
Войшалка шукаць. Таму ён, што асабліва для нас важна, накіроўвае частку войска
ваяваць па Зэльве (хутчэй за ўсё ў летапісе так называецца рака Зэльвянка), а
сам збіраецца ў паход на Гародню. Які сэнс у гэтых дзеяннях з улікам таго, што захоплены
Ваўкавыск? Справа ў тым, што мангола-татары разам з Раманавічамі здзейснілі
своеасаблівы бліцкрыг – прайшлі праз Ваўкавыскае княства ў Літоўскую зямлю. Але
па абодва бакі знаходзіліся непадкантрольныя гарады – Гародня і Слонім. Данілу
так і не ўдалося іх падпарадкаваць, а мангола-татары накіраваліся ў Яцвяжскую
землю, затым у Польшчу. Пасля гэтага працягваць ваенныя дзеянні ў рэгіёне не
мела сэнсу. Да таго ж Раманавічам прыйшлося дорага заплаціць за выкананне волі
Бурундая, які спыненнем саюза Галіцка-Валынскага княства з ВКЛ не абмежаваўся.
Праз год па яго загаду Раманавічы вымушаны былі разбурыць умацаванні гарадоў
сваёй дзяржавы і змірыцца са стратаю тэрыторый на поўначы.
Ядро новай
дзяржавы
Да самай смерці Міндоўга восенню 1263 года Панёманне
заставалася ў адносным спакоі, у той жа час дружыны маладой дзяржавы адстойвалі
свае інтарэсы ў змаганні з крыжакамі, польскімі князямі і Галіцка-Валынскім княствам.
Прымалі ў гэтай барацьбе ўдзел і воіны са Слонімскага княства.
Забойства Міндоўга вымусіла Войшалка, які пасля падзей 1258
года вярнуўся ў манастыр, чарговы раз зняць манаскі строй і адпомсціць за
смерць бацькі. Яго падтрымалі гарады-дзяржавы Чорнай Русі і Пінск, войскі якіх
у хуткім часе вярнулі кантроль над Літоўскай зямлёй. Войшалк разумеў, што магутнасць
новай дзяржавы залежыць не толькі ад багацця і моцы яе вояў, але важкім
элементам павінны быць добрыя адносіны з суседзямі. Таму ён аднаўляе саюз з
Галіцка-Валынскім княствам – заключае дамову з Васількам і нават прымае на
княжанне ў Літву сына памерлага Данілы – Шварна, які быў жанаты на яго сястры.
Да 1267 года Войшалк разам са Шварнам амаль няспынна вядзе барацьбу за
аднаўленне ВКЛ, а пасля надыходу спакою ў дзяржаве зноў адпраўляецца ў манастыр,
адказаўшы на ўгаворы Шварна застацца: «Согрѣшилъ
есмь много перед Богомъ и человѣкы. Ты княжи, а земля ть опасена». Аднак
знайсці зямны спакой князю-манаху не было наканавана – Войшалка з зайздрасці ўласнаручна
забіў Леў Данілавіч (каля 1228 – каля 1301), які на некаторы час
авалодаў Панёманнем пасля смерці свайго брата Шварна і дзядзькі Васількі ў 1269
годзе.
Слонімскае княства зноў патрапіла ў сферу ўплыву
Галіцка-Валынскага княства. Здавалася, ВКЛ як палітычнае ўтварэнне на гэты раз
адышло ў нябыт, рассыпаўшыся на тэрытарыяльныя шматкі пад уладаю
гарадоў-дзяржаў. Але Княства ўжо стала вобразам адзінства славян і балтаў,
хрысціян і язычнікаў, сімвалам адстойвання сваіх інтарэсаў для жыхароў
Панёмання, у межах якога было выхавана пакаленне, якое ўспрымала яго як родную
дзяржаву, гатовае змагацца за яго са сброяй у руках. Чорная Русь чарговы раз аб’ядноўваецца,
на гэты раз начале князя Трайдзеня, нялітасцівага да сваіх ворагаў, ад якіх ён
атрымаў мянушку Драпежны. Трайдзень адыходзіць ад саюза з Галіцка-Валынскім
княствам, якое ўжо не магло пазбавіцца залежнасці ад мангола-татар.
Прусы на
Слонімшчыне
Татарская конніца неаднаразова на працягу наступных
дзесяцігоддзяў пустошыла Панёманне, у тым ліку і тэрыторыю Слонімскага княства,
у абароне якога ўдзельнічалі і прусы. Лічыцца, што гэты балцкі саюз плямёнаў
амаль цалкам быў вынішчаны рыцарамі-крыжаносцамі. Насамрэч вялікую колькасць
прусаў, вымушаных пакінуць свае землі, прыняў Трайдзень у 1276 годзе і “посади часть и в Гроднѣ, а часть ихъ посади во
Въслонимѣ”. У ваколіцах
Гародні і Слоніма яны знайшлі другую Радзіму. Але нават за кошт гэтых
падмацаванняў Трайдзеню не ўдалося спыніць наступ галіцка-валынскага князя
Уладзіміра (каля 1249-1288), яго дваюраднага брата Льва Данілавіча і
мангола-татар на Слонім.
Васілька
Васлонімскі
Аслабленае барацьбою з крыжакамі, якія пасля захопу
тэрыторыі прусаў пачынаюць актыўна ўмешвацца ў справы маладой дзяржавы, Княства
не здолела абараніць Слонім. Горад быў захоплены, а начале яго стаў Васілька,
названы ў Іпацьеўскім летапісе “князем Вослонимьским». Магчыма, ён паходзіў з
мясцовай княскай дынастыі, якая мела даўнія сувязі з Галіцка-Валынскім
княствам.
Васілька ўпамінаецца ў Іпацьеўскім летапісе пад 1281 годам
як адзін з кіраўнікоў пахода на Мазовію, згаданым у хроніцы Длугаша пад 1286
годам, які праўдападобней адбыўся ў 1287 годзе. Галіцка-Валынскі князь
Уладзімір вырашыў падтрымаць свайго саюзніка, мазавецкага князя Конрада ў
барацьбе з яго братам Баляславам і накіраваў за Віслу войска начале чатырох
ваявод, галоўным сярод якіх быў Васілька. Гэтыя войскі захапілі горад Гасціны (сённяшні
Гастынін), размяшчаны ў 110 км на захад ад Варшавы. Затым “Василько князь поиде к Берестью со множествомъ полона,
и посла предъ собою вѣсть к осподину своему князю Володимирови”. У наступным
годзе адбыўся яшчэ адзін паход на валоданні польскага князя Баляслава, у
кіраванні якога прыняў удзел Васілька. “И тако поидоша на Болеслава, и начаша
воевати около Вышегорода, и поимаша чѣляди бещисленое множьство, и скота и
коний”.
Становішча Васількі ў агульнай
іерархіі Галіцка-Валынскага княства падкрэслівае і значнасць узначальваемага ім
Слонімскага княства. З моманту ўзнікнення Слоніма, тут выхоўваліся воіны, якія
праславілі сябе і сваю Бацькаўшчыну ў вялікай колькасці паходаў супраць ворагаў
і ў падтрымку сваіх саюзнікаў.
Аб далейшым лёсе слонімскага
князя Васількі мы нічога не ведаем. Яго імя не сустракаецца сярод удзельнікаў
пахода на Польшчу, арганізаванага кіраўніком Залатой Арды напрыканцы 1280-х
гадоў. Па меры ж таго, як расла залежнасць Галіцка-Валынскага княства ад
мангола-татар, павялічвалася незадаволенасць сярод яго жыхароў на перыферыі.
Магчыма, яшчэ пры жыцці Васількі Слонімскае княства вярнулася ў склад ВКЛ.
Карта Вялікага княства Літоўскага |
Манвід – сын Гедыміна
У часы Віценя (вялікі князь у
1295-1316) Слонімшчына чарговы раз становіцца адным з апорных цэнтраў Княства.
Пра тыя часы мы мала, што ведаем. Але гэта былі гады канчатковага аслаблення
Галіцка-Валынскага княства і барацьбы з крыжакамі, якія здзяйсняюць напады на
Гародню, Наваградак, і, магчыма, Слонім. Княства ўсё больш і больш мацнее. На
змену Віценю прыходзіць Гедымін, пасля смерці якога ў 1342 годзе Слонімскае
княства ў якасці ўдзела дастаецца яго сыну Манвіду.
У беларуска-літоўскіх
летапісах Манвід (каля 1300 – 1348) называецца старэйшым сынам Гедыміна, ад
якога ён атрымаў Слонім і Кернаў. Бацька не выбраў яго сваім нашчадкам у якасці
гаспадара ВКЛ. Вялікім князем стаў малодшы брат – Яўнут, уладу ў якога адабралі
два іншыя браты – Альгерд і Кейстут. Бачна, Манвід не удзельнічаў у братэрскіх
сварках, стаяў асабняком ад вялікай палітыкі, аддаючы перавагу рыцарскай
годнасці, кіраванню сваімі ўладаннямі і змаганню супраць ворагаў ВКЛ. Прымаў ён
удзел у барацьбе з крыжакамі і загінуў 2 лютага 1348 года ў бітве на рацэ
Стрэве, недалёка ад Коўна (сённяшні Каўнас).
Што далей стала са Слонімскім
княствам? Па меры цэнтралізацыі ВКЛ неабходнасць у рэгіянальных адзінках у
форме княстваў адпадала. І найперш гэты лёс напаткаў тэрытарыяльнае ядро
маладой дзяржавы – Гарадзенскае, Ваўкавыскае, Наваградскае і Слонімскае
княствы. Князі замяняліся намеснікамі, а княствы станавіліся часткамі
ваяводстваў – Слонімскае намесніцтва ў часы Вітаўта ўвайшло ў склад Трокскага
ваяводства.
Так у агульных рысах
развівалася Слонімскае княства, якое стаяла ля вытокаў Вялікага княства
Літоўскага, а яго князі праславіліся сваёю мужнасцю ў змаганні за сваю Радзіму.
No comments:
Post a Comment